Нашла каса на камень – мсціслаўскае райпо закрывае краму ў крычаўскім раёне, крычаўскія чыноўнікі супраць

Мсціслаўскае спажывецкае таварыства хоча зачыніць сваю краму ў вёсцы Ермакоўка Крычаўскага раёна, мясцовыя жыхары і крычаўскае чынавенства ад такога рашэння не ў захапленні.

Вёска Ермакоўка на Крычаўшчыне налічвае паўсотні жыхароў. Тут пакуль працуе стацыянарная крама.  Нягледзячы на тое, што графік працы гандлёвай кропкі ўсяго тры гадзіны на дзень, яе наведваюць не толькі жыхары самой Ермакоўкі, але і сяляне з бліжэйшых населенных пунктаў. 

Тым не менш, прадстаўнікі Мсціслаўскага спажывецкага таварыства, якому належыць магазін, прынялі рашэнне аб яго закрыцці. З гэтым не пагадзілася стараста вёскі Ермакоўка Надзея Ракоўская, якая паведаміла пра неадназначную сітуацыю свайму кіраўніцтву, а таксама стала збіраць подпісы мясцовых жыхароў супраць закрыцця вясковай крамы.

Канфліктная сітуацыя прывяла да сустрэчы насельніцтва вёскі з кіраўніцтвам Крычаўскага раёна і прадстаўнікамі Мсціслаўскага спажывецкага таварыства. Прадстаўнік дэпутацкага корпуса Крычаўкага раёна Ірына Пруднікава на сустрэчы дакладна абазначыла пазіцыю: ні райвыканкам, ні раённы Савет дэпутатаў згоду на ліквідацыю гандлёвай кропкі не дадуць. У сваю чаргу, прадстаўнікі Мсціслаўскага райспажыўтаварыства патлумачылі, што давядуць пазіцыю да свайго кіраўніцтва.

Па меркаванні раённага кіраўніцтва вясковы гандаль не проста можа развівацца ў далейшым, але і павялічваць тавараабарот, бо сама крама размешчана на трасе, а гэта значыць, што шмат хто заязджае сюды.  Па словах старшыні раённага Савета дэпутатаў Пруднікавай, хоць Ермакоўка аддаленая і ад раённага цэнтра, і ад аграгарадка Маляцічы, пазбавіць мясцовых жыхароў якаснага гандлёвага абслугоўвання  недапушчальна.

Тым не менш, пытанне з будучыняй сельскай гандлёвай кропкі застаецца незразумелым і цьмяным, а далейшы яе лёс будзе вызначацца ў бліжэйшы час.  Адзначым, што ў Ермакоўцы налічваецца 11 дзяцей. Больш за тое, у вёсцы жывуць дзве шматдзетныя сям’і, для якіх закрыццё вясковай крамы будзе досыць адчувальным.

Наш каментар.

Сітуацыя, пры якой раённая сетка крамаў Крычаўскага раёна перастала быць у ведамстве мясцовых уладаў склалася ў 2014 годзе. Менавіта тады, пры тагачасным старшыні Крычаўскага райвыканкама Васілі Сысоеве, было ліквідавана Крычаўскае раённае спажывецкае таварыства, а ўсе дзяржаўныя крамы перайшлі ў ведамства Мсціслаўскага раёна.  Што цікава, то менавіта ў гэтым годзе мясцовая чыноўніца Ірына Пруднікава стала старшынёй Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў. Яшчэ больш паказальна тое, што да высокай пасады раённага маштабу Пруднікава ўзначальвала сектар гандлю і паслуг аддзела эканомікі і мае непасрэднае дачыненне да ліквідацыі Крычаўскага РАЙПО. 

Фота ілюстрацыйнае 

Паглядзіце, якога труса – сімвала года вырабілі ў Мсціславе, фота

Мсціславец Аляксандр Папоў працуе ў будаўнічым каледжы і разам з навучэнцамі ўжо традыцыйна вырабляе з метала сімвалы наступаючага года.

Творы, якія вырабляе майстар, заўсёды займаюць прызавыя месцы на рэспубліканскіх і абласных этапах конкурсу “ТэхнаЁлка” – піша mstlife.by.

Раней ужо былі створаны певень, сабака, кабан, мыш, бык і тыгр. У гэтым годзе да іх дадаўся і трус, а за аснову быў узяты персанаж мультфільма «Захавальнікі сноў».

Сімвал года ўсталявалі на тэрыторыі мсціслаўскага філіяла «Бабулінай крынкі», а папярэднія працы захоўваюцца ў музеі будаўнічага каледжа.

Фота:  mstlife.by.

Горы снега на дарогах Магілёўшчыны – а прайшло амаль два тыдні пасля снегападу

Жыхары раённых цэнтраў Магілёўскай вобласці скардзяцца на кашу на дарогах, непрыбраныя гурбы.

– Дарогі ад снега ачышчаны сапраўды дрэнна: ад таго, што праезная частка стала занадта вузкай машыны не могуць раз’ехацца. – скардзіцца на камунальшчыкаў Чэрыкава не хто-небудзь, а начальнік ДАІ Чэрыкаўскага РАУС Андрэй Шчамялёў на старонках cherikownews.by – “Горы” снега, а калі правільна сказаць снежныя валы, якія ўтварыліся каля прыпыначных павільёнаў, пешаходных пераходаў, ужо павінны былі быць вывезены, калі абапірацца на нарматывы ўтрымання вулічна-дарожнай сеткі.

Усе гэтыя ўчасткі дарогі хаваюць у сабе не патэнцыйную, а цалкам рэальную небяспеку для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху, сцвярджае начальнік ДАІ – асабліва ў цёмны час сутак, калі з-за сумётаў не бачна пешаходаў на пераходах. Дарослы яшчэ можа быць заўважаны, а вось дзіця, якое выскоквае на пераход з-за снежнага вала, убачыць складана.

Фота: cherikownews.by

У Мсціславе даволі няпростыя вуліцы – вузкія, пятляючыя, якія вядуць у гару. Людзі, якія жывуць на ўзвышшах, заўсёды адчуваюць нязручнасці ў сувязі з гэтым. Снежная зіма сёлета ў прамым сэнсе падкінула праблем такім гараджанам. Снег фактычна няма куды скідаць. І не заўсёды якасна праводзяць уборку на вузкіх і ўзгорыстых вулачках. Адліга ператварае снег у кашу, па якой ні прайсці ні праехаць – пішуць журналісты выдання mstlife.by.

Фота: mstlife.by

На фота – тыповая карціна на скрыжаванні вуліцы Камунарнай і завулка Камунарнага. Участак паміж імі, завалены снегам што прыводзіць да таго, што там рэгулярна захрасаюць машыны. Іх колы зацягвае снежная каша, з якой складана выбрацца без дапамогі. Ды і месца становіцца даволі небяспечным, асабліва ў вячэрні час.

У Мсціслаўскім раёне затапіла мост і адну з дарог на Хіславічы

З-за пад’ёму ўзроўню вады ў рацэ Сож у Мсціслаўскім раёне падтапіла нізкаводны аўтамабільны мост на дарозе Парадзіна—Засожжа каля вёскі Засожжа.

Аб гэтым паведамляе прэс-служба МНС.

Працягласць падтопленага ўчастка 100 м, максімальны ўзровень вады 40 см. Праезд аўтатранспарту да нежылой в. Засожжа магчымы толькі грузавым транспартам. Адзначым, што вёска Засожжа знаходзіцца на самай мяжы з Расійскай Федэрацыяй, а затопленая дарога – адна з двух, што напрасткі вядзе да расійскіх Хіславічаў.

Гэты мост 1972 года пабудовы пры разліве ракі падтапляе штогод, але звычайна ўвесну. Найчасцей гэта доўжыцца да 20 дзён.

Фота з адкрытых крыніц і адлюстроўвае вясновую павадку на гэтым участку дарогі.

Мсціслаўскія школьнікі святкавалі Дзень талерантнасці

Міжнародны дзень талерантнасці правялі з вучнямі сярэдняй школы №2 Мсціслава. Дзеткі наведалі тэматычную выставу ў бібліятэцы, удзельнічалі ў конкурсе “Які цудоўны гэты свет” і майстар-класе “Дрэва дружбы”, глядзелі відэаролік “Асаблівыя людзі”.

– Наша краіна – мультыкультурная – распавяла настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы Алеся Краўцова выданню mstlife.by – На тэрыторыі Беларусі пражываюць прадстаўнікі больш за 140 нацыянальнасцяў і народнасцяў. Да ўсіх іх мы добрыя і міласэрныя. І менавіта таму, за намі трывала замацавалася званне талерантнага народа.

Кульмінацыяй Дня талерантнасці стаў флэшмоб “Разам весела крочыць”, у якім прынялі ўдзел вучні класаў інтэграванага навучання і выхавання з нарматыпічнымі аднагодкамі. 

Фота: mstlife.by

Наркакур’ер з сінтэтыкамі быў затрыманы ў Мсціслаўскім раёне

У перавозчыка былі знойдзены тры кілаграмы мефедрона і альфа-PvP, якія прызначаліся для онлайн-маркетаў – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы МУС Беларусі. Наркотыкі з Расіі вёз жыхар Гомеля, а затрыманне ладзілася сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў віцебскага і магілёўскага наркакантролю.

Ураджэнка вёскі пад Мсціславам за свае грошы аднавіла агароджу на мясцовых могілках

Былая жыхарка Пячкавіч Ходасаўскага сельсавета Лізавета Смаргунова за свае сродкі набыла матэрыялы для новай агароджы на вясковых могілках. Сельскі выканкам арганізаваў аднаўленчыя работы і за некалькі дзён працы агароджа была адноўленая сіламі камунальнікаў. 

– Вёска Пячкавічы, як і кожны малы населены пункт у раёне, паступова пусцее. – падзяліўся сваімі разважаннямі пра праблему прадстаўнік сельскага выканкама Анатоль Пруднікаў, паведамляе mstlife.by – Добра, што ёсьць такія людзі, якія імкнуцца нешта зрабіць для сваёй малой радзімы. Мы можам шмат казаць пра сваю любоў да краіны, гораду, вёскі, але сапраўдныя пачуцці бачныя толькі па ўчынках.

На браме Кармеліцкага касцёла ў Мсціславе з’явілася таблічка з QR-кодам

Першая таблічка з QR-кодам з’явілася на ўваходнай браме Кармеліцкага касцёла ў Мсціславе. На ёй размешчаны назва касцёла на рускай і англійскіх мовах, а таксама код, з дапамогай якога можна прачытаць інфармацыю пра каталіцкую святыню старадаўняга ўсходнебеларускага горада.

Спасылка QR-кода вядзе на сайт Мсціслаў.info, які пазіцыянуецца як пуцевадзіцель па горадзе. Тут пададзена кароткая інфрамацыя пра касцёл з дзясяткам фотавыяў вонкавага і ўнутранага аблічча святыні. Утым ліку тут ёсць здымкі знакамітых фрэсак, што адлюстроўваюць разню мірнага насельніцтва Мсціслава маскоўскімі войскамі ў 1654 годзе. Гэта сумная падзея ўвайшла ў беларускую гісторыю пад назвай  “Трубяцкая разня”, атрымаўшы сваю назву ад прозвішча маскоўскага ваяводы Аляксея Трубяцкога. 

Верагодна, варта чакаць паяўлення таблічак з QR-кодамі і на іншых памятных месцах горада, што значна палепшыць турыстычную прывабнасць аднаго з найцікавейшых гарадоў Магілёўшчыны.

Аграгарадок Падсолтава на Мсціслаўшчыне адзначыў 575-годдзе

Дзень вёскі правялі ў мясцовым сельскім клубе. 

Падсолтава – даволі буйны населены пункт для сельскай мясцовасці. Вёска налічвае больш за тры сотні жыхароў. Першая дакументальная ўзгадка пра Падсолтава адносіцца да 1447 года, гэта была адна з вёсак Мсціслаўскага княства. Знаходка гэтай архіўнай інфармацыі – плён працы знакамітага беларускага гісторыка і археолага Андрэя Мяцельскага, які спецыялізуецца на гісторыі Мсціслаўскага княства.

У гонар круглай даты ў сельскім клубе зладзілі тэматычную выставу, паведамляе мсціслаўская раённая газета. Павіншаваць вяскоўцаў прыехала старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Клеянкова.

– Дзень вёскі – гэта свята, якое аб’ядноўвае аднавяскоўцаў. – адзначыла яна – Жадаю, каб яго правядзенне стала добрай традыцыяй у будучыні ў вашым населеным пункце. Таксама гэта магчымасць адзначыць людзей, якія прыкладаюць намаганні для таго, каб дапамагчы ў добраўпарадкаванні мястэчка, адклікаюцца на просьбы аб дапамозе, неабыякавыя да жыцця вёскі. Ад душы жадаю ўсім жыхарам шчасця, здароўя і росквіту.

фота: mstlife.by

У Мсціславе закрываюць могілкі, а за лішнія метры на ўчастках для пахавання прыйдзецца плаціць

Зачыняюцца могілкі па вуліцах Энгельса, Леніна і Магілёўскай. Цяпер тут можна будзе пахаваць нябожчыка толькі да ужо існуючай магілы роднага чалавека. Адпаведную пастанову мсціслаўскага райвыканкама публікуе Нацыянальны прававы партал pravo.by. 

У выпадку, калі сямейны ўчастак для пахавання на гэтых могілках перавышае адведзеныя нарматывы, за кожны квадратны метр звыш гэтых нарматываў прыйдзецца даплочваць адну базавую велічыню.

Могілкі ў горадзе і наваколіцах, на якіх дазволеныя новыя пахаванні, знаходзяцца на вуліцы Лясной і ў вёсцы Шумянічы.