Пад Мсціславам правядуць асушэнне зямель на 210 гектарах

Самыя масштабныя меліяратыўныя працы ў 2023 годзе на Магілёўшчыне пройдуць у Мсціслаўскім раёне – паведамляе раённая газета “Святло Кастрычніка”.

Будзе асушана 210 гектараў высокапладародных земляў каля вёскі Шумянічы, якія належаць прадпрыемству “Сож-Агра”.

– Працы тут пачаліся ў 2022 годзе. Асноўная іх частка прыпадае на гэты год. – расказаў выданню намеснік начальніка ПМК-94 Віталь Лушчакоў – Зараз ідзе абсталяванне адкрытай сеткі, карчоўка хмызняку і пнёў, валка і распілоўка драўніны. Працуюць чатыры экскаватары, два бульдозеры. Маецца пакласці 119 км дрэнажу. Гэты аб’ект плануем здаць у эксплуатацыю восенню бягучага года.

Дзякуючы комплексу меліярацыйных мерапрыемстваў паляпшаецца ралля, павышаецца ўраджайнасць – лічаць прадстаўнікі ПМК. На такіх землях добра растуць кармавыя культуры, што адаб’ецца на павелічэнні вытворчасці малака.

Фота: “Святло Кастрычніка”