У магілёўскіх лясах абвешчаны пажаранебяспечны перыяд

Магілёўскі лясгас афіцыйна абвясціў пра пачатак пажаранебяспечнага перыяда ў лясах Магілёўшчыны. Такі перыяд устанаўліваецца пасля поўнага сыходу снежнага покрыва і цягнецца да восеньскіх дажджоў. У асабліва засушлівыя адрэзкі часу могуць уводзіцца абмежаванні на наведванне лясоў.

У час пажаранебяспечнага перыяду забараняецца выпальваць сухую траву, пакідаць без нагляду разведзеныя ў лесе кастры.

Фота ілюстрацыйнае.

У Магілёве пройдзе “Танцавальная карусель”

8 красавіка ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці пройдзе Другі міжнародны харэаграфічны конкурс “Танцавальная карусель”.

У спаборніцтвах прымуць удзел больш за 50 канкурсантаў з Магілёўскай і Віцебскай абласцей, а таксама з Санкт-Пецярбурга, Смаленска і Калужскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Яны прадэманструюць сваё майстэрства ў 5 намінацыях: народна-сцэнічны танец, народна-стылізаваны танец, эстрадны танец, сучасная харэаграфія, класічны танец – піша БелТА.

Фота: БелТА

Абураны магілёвец – “Колькі можна любіць Магілёў толькі па-руску?”

Ліст у рэдакцыю – “Абаронцаў мовы, культуры, традыцый ужо амаль няма. Іх прыціскнулі, выціснулі, знішчылі”. Mogilev.media дзеліцца разважаннямі аднаго з чытачоў рэсурса.

“Беларускія  культурная самабытнасць, нацыянальная ідэнтычнасць атрымліваюць удар за ўдарам ад прыхільнікаў рускага свету пры абыякавасці большасці насельніцтва, іх маўчання.  – дзеліцца сваімі роспачнымі разважаннямі чытач mogilev.media – Выцясненне беларушчыны на Беларусі – адзін з сучасных горкіх трэндаў. Змагароў, абаронцаў мовы, культуры, традыцый ужо амаль няма. Іх прыціскнулі, выціснулі, знішчылі. А калі нехта і застаўся, то перавёў сваю дзейнасць у плоскасць фальклору і этнаграфіі.

Цяпер беларускія аб’екты засталіся без напісання традыцыйнай беларускай лацінкай. Бяда. Яшчэ большая бяда ў тым, што значна паменела беларускіх інфармацыйных шыльдаў, указальнікаў.

У Магілёве пры замене старых інфармацыйных шыльдаў на прыпынках грамадскага транспарту на новыя, прайшло і выцясненне з іх беларускай мовы. Цяпер усе яны – толькі рускамоўныя. Паўсюдна па горадзе надпісы “Могилев – мой город”. Рускамоўныя прыватызавалі беларускі Магілёў. Нешта не заўважана і славутае беларускае двумоўе, якое гарантуецца Канстытуцыяй.”

Інфармацыйныя шыльды, якія былі на гарадскіх прыпынках

Новыя інфармацыйныя шыльды.

Чытач абураецца – дзе ў Магілёве знайсці белараскамоўныя асяродкі? Ці засталіся яны? 

Фота mogilev.media

Днём да +15°С, воблачна – прагноз надвор’я на уікенд

На выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць павышэнне сярэднесутачных тэмператур – ноччу +5 +8°С, днём – ад +11°С да +15°С. Будзе пераважаць пахмурнае, месцами з праясненнямі і з ападкамі ў некаторых месцах надвор’е. 

З пятніцы па нядзелю працягласць дня вырасце на 9 хвілін з 13 гадзін і 25 хвілін 7 красавіка, на Дабравешчанне, да 13 гадзін 34 хвілін на каталіцкі Вялікдзень 9 красавіка. У нядзелю сонца ўзыйдзе а 6:31, зойдзе а 19:37.

Сінаптычны прагноз надвор’я на Дабравешчанне і каталіцкі Вялікдзень, праваслаўную Вербную Нядзелю наступны. 7 красавіка, пятніца, раніцай да +6 +8°С, удзень да +12  +14 °С, увечары да +7°С. Цэлы дзень воблачна, месцамі з праясненнямі. Вецер на працягу сутак усходні, хуткасцю да 3-6 м/с. Поўня на небе.

Суботняе, 8 красавіка, надвор’е абяцае быць пахмурным, з магчымымі праясненнямі. Раніцой тэмпература можа дасягнуць паказчыкаў +7 +11°С, днём вырасце да +12   +15°С, у ноч на нядзелю +6 +9°С. 

У нядзелю, на каталіцкі Вялікдзень, 9 красавіка, раніцай тэрмометры пакажуць +6  +8°С, удзень +11 +14°С. На працягу сутак вызначаць надвор’е будуць паўднёвыя вятры хуткасцю да 2-3 м/с. Пахмурна, дажджы.

Ранак панядзелка 10 красавіка пачнецца з воблачнага надвор’я, месцамі з дажджамі, з усходнімі вятрамі хуткасцю да 5 м/с, тэмпературай да +5°С. Днём тэмпература да +13°С.

Фота: mogilev.media

Два лабавых сутыкнення на Магілёўшчыне, але ўсе выжылі

Адразу дзве аварыі з лабавымі сутыкненнямі аўтамабіляў адбыліся 5 красавіка на Магілёўшчыне. 

Як паведамляе прэс-служба МНС, раніцай 5 красавіка адбылося сутыкненне аўтамабіляў “Iveco” і “МАЗ” на трасе Магілёў-Чавусы каля вёскі Мядведаўка (на фота). Кіроўца “Iveco” быў заціснуты ў машыне і змог выбрацца толькі з дапамогай ратавальнікаў.

Каля 17 гадзін 5 красавіка ў Крычаўскім раёне паблізу вёскі Сакольнікі жыхарка Касцюковіч на аўтамабілі “Volkswagen Boro” сутыкнулася з “Газэллю”. Яе пасажыр, 66-гадовы муж быў у выніку аварыі заціснуты на пасажырскім сядзенні. Яго дэблакавалі ратавальнікі пры дапамозе спецыяльных інструментаў. Мужчына шпіталізаваны.

Фота: МНС

Рамонты дарог другі год запар былі правалены па ўсёй Магілёўшчыне

Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці выявіў недапрацоўкі мясцовых уладаў у рамонце дарог.

Як паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА,  у рэгіёне не было выканана заданне па рамонце мясцовых дарог за 2022 год. Камітэтам дзяржкантролю было ўстаноўлена, што летась не выкананы паказчыкі адпаведнай рэгіянальнай праграмы па рамонце мясцовых дарог у Бялыніцкім, Бабруйскім, Быхаўскім, Глускім, Горацкім, Дрыбінскім, Кіраўскім, Клімавіцкім, Клічаўскім, Касцюковіцкім, Краснапольскім, Крычаўскім, Асіповіцкім, Слаўгарадскім, Чавускім, Чэрыкаўскім і Шклоўскім раёнах.

Адзначым, што паказчыкі не выконваюцца ўжо не першы год. Так, у 2021 годзе была таксама правалена работа па рамонце дарог на Магілёўшчыне. 

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве ўпершыню ў краіне пачнуць рыхтаваць спецыялістаў рэстараннага і гасцінічнага сервісу

Упершыню ў Беларусі пачнуць рыхтаваць кадры для рэстараннага і гасцінічнага сервісу у Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій у Магілёве – паведамляе sb.by.

Ужо ў наступным навучальным годзе ўніверсітэт набірае групу з 20 студэнтаў на спецыяльнасць «тэхналогія індустрыі гасціннасці». 

Гэта унікальны напрамак, зараз спецыялістаў такога профілю ў краіне не рыхтуюць, а запыт на іх ёсць. 

– Праз чатыры гады з нашых сцен выйдуць першыя спецыялісты, здольныя працаваць кіраўнікамі, менеджэрамі службы харчавання, эканамістамі ў дзяржаўным і прыватным сектары па ўсёй краіне. Часцей за ўсё гэта сціплыя па маштабах прадпрыемствы, дзе работнік павінен быць шматстаночнікам. Таму задумвалі спецыяльнасць, каб падрыхтаваць універсала, які спалучае ў сабе многія навыкі. – удакладняе прарэктар па выхаваўчай рабоце В. Мацікава.

У перспектыве – завочная форма і магістратура па спецыяльнасці. 

Фота з адкрытых крыніц, носіць ілюстрацыйны характар  

На 8 красавіка ў Магілёве абвясцілі суботнік

Магілёўскі гарвыканкам абвясціў пра правядзенне суботніка 8 красавіка. Удзел у ім можа прыняць кожна гараджанін, пры адсутнасці інвентара варта звярнуцца ў бліжэйшыя ўстановы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Мяркуецца, што суботнік будзе праводзіцца не толькі на цэнтральных вуліцах, але і ў спальных раёнах.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

У Магілёве на пажары выратавалі чалавека

Як паведамляе прэс-служба МНС, пажар здарыўся вечарам 4 красавіка ў кватэры на чацвёртым паверсе пяціпавярховага жылога дома па Пушкінскім праспекце. Работнікамі МНС выратаваны гаспадар 1979 года нараджэння, непрацуючы, які з атручэннем прадуктамі гарэння быў шпіталізаваны. Прычына пажару высвятляецца.

Фота ілюстрацыйнае

Новы магілёўскі тралейбусны маршрут з’явіцца ў маі

Новы тралейбусны маршрут адкрыюць у Магілёве ўжо ў маі, паведамляе SB.BY. 

У густанаселеныя раёны “Спадарожнік” і “Казіміраўка” будуць хадзіць новыя тралейбусы МАЗ з аўтаномным ходам. 

Такія тралейбусы пусцяць па новым маршруце ад завулка Ватуціна праз Першамайскую і праспект Міру на мікрараён Казіміраўка. 

Частка маршруту будзе праходзіць па існуючай кантактнай сетцы тралейбусаў ад прыпыначнага пункта “Завулак Ватуціна” да прыпынка “Праспект Міру”, рух аўтаномным ходам будзе ажыццяўляцца ад “Праспекта Міру” да “Вуліцы Чырвоназорнай” і назад.

Інтэрвал руху плануецца ў межах 8-10 хвілін.

На новым маршруце будуць працаваць пяць нядаўна набытых тралейбусаў з аўтаномным ходам. Чакаецца паступленне яшчэ аднаго такога тралейбуса.

Фота Тelegram-канала «Магілёўаблаўтатранс»