Будзе нязначнае пацяпленне і праясненне: прагноз надвор’я

З суботы, 24 верасня чакаецца паляпшэнне надвор’я. Але можам застацца без “бабіна лета”.

Тэмпературы на працягу бліжэйшых 10 дзён, паводле дадзеных з розных метэакрыніц, падрастуць да +14 – +16°С, месцамі да +17 – +20°С. 

Гэта звязана з пераменай напрамкаў вятроў на паўднёвыя. 

Чакаецца пераменнавоблачнае, у некаторых месцах воблачнае з праясненнямі надвор’е з невялікімі дажджамі, слабымі па хуткасці вятрамі да 6 м/с, але ў асобныя дні хуткасць ветру можа павялічыцца да 15-17 м/с.

Восень – на дзень пагод восем.

Вялікая верагоднасць, што у нядзелю 25 верасня будзе яснае надвор’е, такое ж надвор’е прагназуецца і на 3 кастрычніка.

Верагодна, 2022 год стане незвычайным з прычыны адсутнасці класічнага “бабінага лета”.

Феналагічная – гэта значыць прыродная, а не каляндарная – восень у Магілёўскай вобласці звычайна пачынаецца з 23 верасня, калі сярэднясутачная тэмпература апускаецца ніжэй за 10°С, і працягваецца да 14 лістапада. 

Восень у нашым рэгіёне даўжэйшая за вясну, але у 2,5 разы карацейшая за лета і зіму, якія цягнуцца па 52-54 дні.

Восень на Магілёўшчыне ў мінулым

Увосень 1832 года надвор’е было неспрыяльнае для азімых. Рана наступіла сцюжа, заўчасна выпалі снягі.

У 1889 г. на Магілёўшчыне восень была даволі дажджлівая, прыйшла ранняя і халодная зіма. Прапаў ураджай збожжавых і людзі змушаныя былі шукаць пражыткі ў суседніх губернях.

Халодныя лета і восень 1891 года выклікалі голад у губерніі.

Самы халодны верасень за увесь час назіранняў быў у 1894 годзе. У Горках зафіксавалі сярэднюю тэмпературу +7,5°С

У восень 1897 г. наступіла бяскорміца, “і ва ўспамінах устае грозны прывід галоднага 1891 г., і паніка авалодвае насельніцтвам” – пісалі на Магілёўшчыне.

Сёлетні верасень такі ж халодны, як у 1993, 1996, 1997, 2000 гадах.

Рух па пуцеправодзе на Чалюскінцаў у Магілёве адкрыюць з 1 кастрычніка

Рамонт маста пачаўся яшчэ ў маі, а завяршыць усе працы плануецца да канца года.

Рух па пуцеправодзе праз чыгунку па вуліцы Чалюскінцаў будзе поўнасцю запушчаны з 1 кастрычніка, паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па будаўніцтве Упраўлення камунальных прадпрыемстваў Сяргей Зяцькоў.

Капітальны рамонт гэтага пуцеправода на адной з галоўных і інтэнсіўных дарожных артэрый горада доўжыўся з 10 мая бягучага года і суправаджаўся частковым перакрыццём руху транспарту. 

Рамонт псаваў настрой, нервы, уносіў карэктывы ў жыццёвыя планы шматлікім гараджанам і гасцям горада, скарэкціраваў час руху грамадскага транспарту і адбіўся на зменах маршрутаў.

Па інфармацыі С. Зяцькова, агульная гатоўнасць аб’екта складае 80%. На пуцеправодзе ўжо завяршылася серыя самых складаных і працаёмкіх работ. “Аб’ект будзе поўнасцю ўведзены ў эксплуатацыю да канца бягучага года. Тут таксама з’явяцца новыя тратуары і агароджы, будзе добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя”, – дадаў ён.

Пад Магілёвам рэалізуецца першы ў Беларусі праект у племянным казаводстве

На паліцах магілёўскіх крамаў хутка з’явіцца пажыўнае і гіпаалергеннае малако.

Першая дзяржаўная казіная ферма створана ў Магілёўскім раёне – паведамляе афіцыйны сайт аблвыканкама.

Казінае малако па карысці пераўзыходзіць каровіна і з’яўляецца крыніцай комплексу незаменных біялагічна актыўных рэчываў, якія выдатна ўплываюць на імунітэт і агульны стан здароўя чалавека, павялічваюць пажыўнасць штодзённага рацыёну.  Але на сёння казінае малако – дэфіцытны тавар.

Першая дзяржаўная казіная ферма створана на базе Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства у вёсцы Чаромушкі ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Аграрны бізнес” на 2021-2025 гады. Ужо зараз закуплены 150 жывёл альпійскай і зааненскай парод, падрыхтаваны жывёлагадоўчыя памяшканні, домікі для маладніка, даільная зала на 24 месцы. Завяршаюцца работы па ўладкаванні радзільнай залы.

Акрамя таго, што створаная ферма будзе даваць племянную жывёлу і насенны матэрыял высокай генетычнай каштоўнасці, тут будуць вырабляць высокаякаснае малако. Яно будзе перапрацоўвацца на Шклоўскім масларобным заводзе.

У планах племпрадпрыемства – будаўніцтва рэпрадуктара штучнага абнасеньвання коз, павялічэнне маткавага пагалоўя да 500 коз. 

– Гэта дазволіць закрыць поўную патрэбнасць у краіне ў племянным маладняку. – адзначыў гендырэктар РУСВП «Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства» Мікалай Арлянок – Племянны статак ужо завезены, пачата работа па развядзенні жывёл. Літаральна за некалькі месяцаў на магілёўскай зямлі ўжо з’явіліся 35 казлянят”.

Коз кормяць якаснымі кармамі,якія нарыхтоўваюцца на ўласных палях прадпрыемства.

Ужо на сёння кожная каза першага года жыцця з 36 галоў статку дае каля 2,5 літраў малака ў дзень. У перспектыве надой можа скласці болей васьмі літраў. Верагодна, што праз 2-3 месяцы першая прадукцыя магілёўскага казаводства ўжо з’явіцца на паліцах крамаў. Гэта будзе пажыўнае і гіпаалергеннае малако, расфасаванае ў ПЭТ-бутэлькі па 0,9 літры.

фота: Белта

Дубравенка ў раннюю восень – новае лірычнае відэа ад Магілёў.media

Шпацыр па ўтульнай набярэжнай удалечыні ад гарадскога тлуму – улюбёны адпачынак для многіх магілёўцаў. Калісьці паўнаводная, Дубравенка сфарміравала унікальны гарадскі ландшафт горада на Дняпры. Яна адсякае цэнтральную частку Магілёва з захаду, ствараючы велічны і непрыступны мыс, на якім паўстаў гістарычны цэнтр.

 

На Дубравенцы паўстала самае старажытнае гарадзішча ў абласным цэнтры – Змяёўка. Часы яго існавання гісторыкі звязваюць з ранняй гісторыяй славянства. 

Ад чыгуначнага насыпу каля праспекта Міра і да Быхаўскага рынку тэрыторыя набярэжнай упарадкаваная і прыцягвае шматлікіх мінакоў на спакойны, прыемны адпачынак.

На Магілёўшчыне стартуюць восеньскія кірмашы

На цэнтральных рынках гарадоў вобласці па суботах і нядзелях пачынаючы з 24 верасня будуць арганізаваныя сельскагаспадарчыя кірмашы. У Магілёве першае такое мерапрыемства пройдзе на вуліцы Альтайскай, каля школы №13 – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”. 

Кірмашы будуць працягвацца да 12 лістапада. Святочная частка мерапрыемства, з выступамі народных калектываў і ансамбляў мастацкіх школ запланаваная ў Магілёве з 10 да 16 гадзін.

У Магілёве стартаваў ацяпляльны сезон

Падключана абаграванне аб’ектаў сацыяльнай сферы, астатнія чакаюць да кастрычніка.

Сярэднесутачная тэмпература трымалася ніжэй за +10 градусаў на працягу пяці дзён. Пагэтаму ў медыцынскіх, лячэбна-прафілактычных установах, школах, дзіцячых садках, музеях, бібліятэках, дзяржаўных архівах і арганізацыях, якія аказваюць сацыяльныя паслугі, ацяпленне ў Магілёве пачалі ўключаць 20 верасня.

Калі сярэднесутачная тэмпература павысіцца больш чым да +10 градусаў, гэтыя ўстановы будуць пераведзеныя ў рэжым прапальвання. Наконт падключэння ацяплення на аб’ектах жылога фонда, прадпрыемствах і іншых установах, першы намеснік міністра ЖКГ Генадзь Трубіла у сваім інтэрв’ю БелТА паведаміў: – Не будзем загадваць. Але я спадзяюся, традыцыйна недзе пасля 1 кастрычніка. Спадзяюся яшчэ на цёплую восень.


Дрэва ўпала на машыны ў Магілёве з-за непагадзі

Пашкоджаны два аўтамабілі Volkswagen, адзін з іх значна.

Моцны вецер абрынуў старую вярбу на тры аўтамашыны, прыпаркаваныя ў двары дома нумар 48 па вуліцы Астроўскага. 

Пра здарэнне паведамілі ў папулярным магілёўскім Тэлеграм -канале

Дрэва моцна пашкодзіла Volkswagen Polo, выбіўшы яму задняе шкло. Таксама яно нязначна закранула яшчэ адзін Volkswagen – Passat b3. На ім засталася толькі памятаць на правым пярэднім крыле. 

Ужо раніцай вярба была прыбраная камунальнікамі.

Надвор’е. У Магілёве цягам дня дождж і дужыя парывы ветру

Тэмпература паветра да +12°C.

Паводле Белгідрамету, у Магілёве цягам дня хмарна. Дождж, часам дужы (верагоднасць ападкаў больш за 90%). Вецер заходні, 7-12 м/с з парывамі да 17-22 м/с.

Белгідрамет папярэджвае «аб неспрыяльных гідраметэаралагічных з’явах! (аранжавы ўзровень небяспекі)».

19 верасня на большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с, у асобных раёнах па ўсходзе 21-24 м/с, па паўночным усходзе – моцныя дажджы.

У Мінску, прагназуюць сіноптыкі, узмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с.

Прыгожае відэа з краявідамі Магілёва. Падзівімся на мясцовых львоў

Скульптураў са львамі ў Магілёве становіцца ўсё больш. Іх вобразы часам здзіўляюць. Гараджане пра мясцовых львоў гавораць рознае: нехта захапляецца, нехта ганіць. Разам з тым, яны ўжо неад’емная частка магілёўскіх краявідаў. Урэшце, калі сканчаюцца аргументы наконт справядлівасці «прысабечвання» Магілёвам львоў ёсць твор Янкі Купалы – «Магіла льва».

 

Невялікі ролік ад Магілёў.media дазваляе разглядзець скульптуры чатырох львоў на дняпроўскім мосце. Вядома ж, разам з імі пабачым і гарадское наваколле.

Магілёў.media працягвае прагулкі па вядомых мясцінах гораду. Мы стараемся паказаць у сваіх відэазамалёўках хараство магілёўскіх краявідаў. Яны дапамагаюць адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.

Свята прыдумалі, але не давялі, што за яно. Як выглядае Магілёў на Дзень народнага адзінства

Чытачы Магілёў.media дасылаюць фотаздымкі з тым, як адзначаюць у Магілёве Дзень народнага адзінства. Найперш яны звяртаюць увагу на тое, што прадаецца ў разгорнутых паветках. На думку чытачоў, выбар тавараў ілюструе, што адзінай канцэпцыі адзначэння «прыдуманага свята» не існуе.

Чытачы пішуць, што найбольш іх уразіла падрыхтаваная да Дня народнага адзінства прадукцыя мясцовага прадпрыемства «Дамачай». Да 17 верасня хлебапёкі нагатавалі пернікаў з беларускай і расійскай атрыбутыкай.

«Як увязваюцца расійскія сімвалы з беларускім народным адзінствам, незразумела», – дзівіцца аўтары допісаў.

Яны дапускаюць, што рамеснікам улады загадалі прадаваць вырабы ў цэнтры гораду. Апоўдні на месцах імпрэзаў людзей было вобмаль. Горад, нібы, вымер, а рамеснікі са сваім таварам сумавалі, пішуць у Магілёў.media чытачы.

«Людзі заканчваюць працы на дачах, надвор’е добрае. Так ужо павялося, што свята ўспрымаецца ў нас святам, калі выхадны», – адзначана ў адным з допісаў.

Дзень народнага адзінства ідэолагі рэжыму Лукашэнкі прыдумалі ў адказ на масавыя пратэсты 2020 году. Упершыню яго адзначылі ў 2021 годзе. Яго святкаванне складалася з імпрэзаў дзяржаўных структураў і праўладных грамадскіх арганізацыяў. Сярод іншага яно ўключыла ў сябе правядзенне флэшмобаў з дзяржаўнай сімволікай. Сёлетнія імпрэзы больш маштабныя.

У Магілёве ў 2021 годзе пляцоўку, дзе збіраліся годам раней пратэстоўцы, гарвыканкам назваў Плошчай адзінства. На ёй улады праводзяць дзяржаўныя мерапрыемствы.

Дзень народнага адзінства ўвязаны з уварваннем Савецкага Саюзу ў Польшчу ў 1939 годзе. Польшча тады з 1 верасня баранілася ад гітлераўскай Нямеччыны, якая атакавала яе з Захаду. Савецкі Саюз ударыў праз 17 дзён з Усходу.

Савецкі Саюз і гітлераўская Германія былі хаўруснікамі. 23 жніўня 1939 гэтыя дзве краіны падпісалі пагадненне, якое падзяліла сферы ўплыву ў сумежных краінах. Усё, што знаходзілася паміж Рэйхам і СССР, было падзелена. Гэты пакт развязаў Другую сусветную вайну.

Дзве часткі Беларусі ў выніку захопу ўсходніх земляў Польшчы аб’яднаналіся. Іх падзел быў узаконены Рыжскай дамоваю 1921 году. Да Польшчы адышла тады заходняя Беларусь, а Ўсходняй яе часткаю завалодала Савецкая Расія.

У 1939-ым услед за Чырвонай арміяй на новыя тэрыторыі прыйшлі падраздзяленні савецкіх карных органаў, якія распачалі тэрор супраць насельніцтва.