Свята прыдумалі, але не давялі, што за яно. Як выглядае Магілёў на Дзень народнага адзінства

Чытачы Магілёў.media дасылаюць фотаздымкі з тым, як адзначаюць у Магілёве Дзень народнага адзінства. Найперш яны звяртаюць увагу на тое, што прадаецца ў разгорнутых паветках. На думку чытачоў, выбар тавараў ілюструе, што адзінай канцэпцыі адзначэння «прыдуманага свята» не існуе.

Чытачы пішуць, што найбольш іх уразіла падрыхтаваная да Дня народнага адзінства прадукцыя мясцовага прадпрыемства «Дамачай». Да 17 верасня хлебапёкі нагатавалі пернікаў з беларускай і расійскай атрыбутыкай.

«Як увязваюцца расійскія сімвалы з беларускім народным адзінствам, незразумела», – дзівіцца аўтары допісаў.

Яны дапускаюць, што рамеснікам улады загадалі прадаваць вырабы ў цэнтры гораду. Апоўдні на месцах імпрэзаў людзей было вобмаль. Горад, нібы, вымер, а рамеснікі са сваім таварам сумавалі, пішуць у Магілёў.media чытачы.

«Людзі заканчваюць працы на дачах, надвор’е добрае. Так ужо павялося, што свята ўспрымаецца ў нас святам, калі выхадны», – адзначана ў адным з допісаў.

Дзень народнага адзінства ідэолагі рэжыму Лукашэнкі прыдумалі ў адказ на масавыя пратэсты 2020 году. Упершыню яго адзначылі ў 2021 годзе. Яго святкаванне складалася з імпрэзаў дзяржаўных структураў і праўладных грамадскіх арганізацыяў. Сярод іншага яно ўключыла ў сябе правядзенне флэшмобаў з дзяржаўнай сімволікай. Сёлетнія імпрэзы больш маштабныя.

У Магілёве ў 2021 годзе пляцоўку, дзе збіраліся годам раней пратэстоўцы, гарвыканкам назваў Плошчай адзінства. На ёй улады праводзяць дзяржаўныя мерапрыемствы.

Дзень народнага адзінства ўвязаны з уварваннем Савецкага Саюзу ў Польшчу ў 1939 годзе. Польшча тады з 1 верасня баранілася ад гітлераўскай Нямеччыны, якая атакавала яе з Захаду. Савецкі Саюз ударыў праз 17 дзён з Усходу.

Савецкі Саюз і гітлераўская Германія былі хаўруснікамі. 23 жніўня 1939 гэтыя дзве краіны падпісалі пагадненне, якое падзяліла сферы ўплыву ў сумежных краінах. Усё, што знаходзілася паміж Рэйхам і СССР, было падзелена. Гэты пакт развязаў Другую сусветную вайну.

Дзве часткі Беларусі ў выніку захопу ўсходніх земляў Польшчы аб’яднаналіся. Іх падзел быў узаконены Рыжскай дамоваю 1921 году. Да Польшчы адышла тады заходняя Беларусь, а Ўсходняй яе часткаю завалодала Савецкая Расія.

У 1939-ым услед за Чырвонай арміяй на новыя тэрыторыі прыйшлі падраздзяленні савецкіх карных органаў, якія распачалі тэрор супраць насельніцтва.