Сталі вядомыя падрабязнасці ДТЗ у Магілёве, калі машына наехала на светлафор

За стырном аўтамабіля Audi знаходзілася 40-гадовая жыхарка абласнога цэнтра. Сама яна не пацярпела, а здарэнне адбылося з-за няўважлівасці жанчыны. 24 кастрычніка ў 22:50 яна рухалася па вуліцы Якубоўскага і здзяйсняла паварот на праспект Міра, але не справілася з кіраваннем – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. 

 

Выйшла чарговая відэалекцыя “Магілёўшчына гістарычная” ад вядомага гісторыка

Як маскоўскі шпіён “прамышляў” у Магілёве, здабываючы аптэкарскую расліну. Дзе знаходзіцца будынак самай старажытнай медыцынскай ўстановы Магілёва, што захаваўся да нашых дзён. Новая лекцыя Аляксея Бацюкова прысвечана развіццю медыцыны ў 16-18 стагоддзях на Беларусі.

Цыкл лекцый “Магілёўшчына гістарычная” вядзецца магілёўскім гісторыкам Аляксеем Бацюковым каля палутара гадоў. Першапачаткова відэалекцыі выходзілі на Youtube-каналах некаторых абласных інтэрнэт-рэсурсаў, а апошнія месяцы ўсе новыя ролікі выкладае на сваім канале.

 

З лекцыі можна даведацца, што беларускія лекары XVI – XVIII стагоддзяў карысталіся цалкам рацыянальнымі метадамі і прыёмамі лячэння, аналагічнымі тым, якімі карысталіся ў краінах Заходняй Еўропы, а іх кваліфікацыя і прафесійнасць цалкам адпавядалі ўзроўню развіцця медыцына свайго часу.

У якасці ілюстацыі ў відэалецыі прыводзіцца прыклад з гісторыі лячэння шляхціца І. Лапацінскага мсціслаўскімі цырульнікамі, якія выратавалі параненую нагу Лапацінскага ад гангрэны. Складаная хірургічная аперацыя прайшла ў 1718 годзе ў Шылаве. магчыма, на Магілёўшчыне. Мясцовая жыхарка Еўдакія Машчыха вылекавала украінскага пеўчага І. Турчыноўскага, якому галаву прабілі да мозга ў двух месцах.

Чым адрозніваліся цырульнікі ад аптэкараў, якія “лекі ад усіх хваробаў” і антыдот ад усіх атрутаў карысталася насельніцтва ВКЛ ад магнатаў Радзівілаў і да самых бедных жыхароў. Глядзіце ў новай лекцыі “Магілёўшчыны гістарычнай”.

Агароджа нямецкіх могілак у Магілёве руйнуецца вандаламі, а мясцовыя ўлады не звяртаюць на гэта ўвагі

Пахаванне нямецкіх ваеннапалонных, якія адбудавалі раён аўтамабільнага завода імя Кірава пасля Вялікай Айчыннай вайны, было добраўпарадкавана ў канцы 1990-х гадоў. Цяпер яно паступова знішчаецца, верагодна, збіральнікамі чорных і каляровых металаў. 

Ахова любога некрапаля – справа гонару цывілізаванай дзяржавы. Канфесійныя і нацыянальныя пахаванні маюць яшчэ і міжнароднае значэнне. Таму дзейнасць варвараў, якія нішчаць могілкі, злачынна не толькі ў маральным і матэрыяльным аспектах, але і ў міжнародным.

У пошуку залатых зубоў

Могілкі ўтварыліся ў 1945 – 1948 гг. Нямецкія салдаты з’яўляліся ваеннапалоннымі і паміралі ў шпіталі пасёлка Халмы, а таксама падчас аднаўленчых прац у горадзе. Тут на ўскрайку горада, у пачатку Любужскага лесапарку пахавана па афіцыйных дадзеных больш за 200 нямецкіх салдат, а па неафіцыйных – каля 1000. 

У савецкія часы могілкі былі закінуты і не ахоўваліся. Мясцовы люд праводзіў самадзейныя раскопкі пахаванняў у пошуку залатых зубоў. Пра неабходнасць гуманных адносін да магіл былых акупантаў ніхто асабліва не задумваўся. 

Упарадкаваў рэктар нямецкага ўніверсітэта за свой кошт

З атрыманнем незалежнасці Беларусі часы сталі больш гуманнымі. Упарадкаванне памерлых пасля вайны нямецкіх ваеннапалонных адбылося на сродкі рэктара Хільдэбургскага ўніверсітэта Тэа Вольфа ў 1996 г. На месцы пахавання ўзведзена Капліца з чырвонай цэглы, а каля яе пастаўлены памятны знак. Адміністрацыя Кастрычніцкага раёна абнесла частку могілак агароджай, усталявала крыж і гранітную пліту з надпісамі на нямецкай і беларускай мовах.

І вось праз чвэрць стагоддзя пачалося знішчэнне агароджы некропаля. Паступова знікаюць адна за другой металічныя секцыі. Найбольш верагоднымі злодзеямі з’яўляюцца так званыя чорныя металісты – асобы, якія часцяком жабруюць, вядуць асацыяльны вобраз жыцця ці не маюць сталага месца жыхарства.

Памяць пра працу нямецкіх ваеннапалонных захоўваюць дамкі ў мікрараёне Кірава непадалёк ад могілак. 

Прыпыніць дзікунства і знайсці злодзеяў адносна не цяжка. У пунктах прыёму другаснай сыравіны ведаюць сваіх сталых кліентаў. Але падобна на тое, што мясцовай уладзе няма справы да гэтай праблемы. 

Лістапад – зіме родны брат. Папярэдні прагноз надвор’я

 У адпаведнасці з рознымі мадэлямі прагнозаў сіноптыкаў еўрапейскіх краін да 22 лістапада на тэрыторыі Магілёўскай вобласці дзённыя тэмпературы будуць у асноўным да +2°С, на пачатку месяца да +6-8°С, месцамі і да +10°С. 

Уначы тэмпературы на пачатку месяца будуць дасягаць максімальна да +4°+6°С, потым да 22 лістапада крыху вышэй за °0С.

У трэцяй дэкадзе пачнуць зніжацца тэмпературы, сярэднясутачныя складуць меней за 0°, у асобных раёнах можа сфарміравацца снежнае покрыва вышынёй не болей за 2-5 сантыметраў.

Па вельмі аптымістычнаму прагнозу gismeteo.by, першая декада лістапада – а з ёй супадаюць восеньскія вакацыі беларускіх шкаляроў – можа быць у асноўным малавоблачнай, месцамі з праясненнямі, месцамі з выпадзеннем ападкаў. 

Прыкладна з 10 лістапада пачнуцца працяглыя  дажджы, дажджы са снегам.

У вобласці ўвогуле 80-82% лістападаўскіх дзён пахмурныя. Сярэдняя тэмпература лістапада ў Магілёўскай вобласці блізкая да 0°С.  

Самы цёплы лістапад быў у 1996 годзе з сярэдняй тэмпературай 4,7°С, а халодны – у 1993 калі у сярэднім было 7,6°С ніжэй за 0°.

Абсалютныя максімумы фіксаваліся ў 1967 годзе, калі ў Магілёве на тэрмометрах было +14,0°С, а ў Касцюковічах +15,7°С.

Абсалютныя мінімумы зарэгістраваны ў 1959 годзе, калі ў Горках было -32,1°С, у Магілёве -33,4°С, а у 1961 годзе ў Бабруйску -30,6°С.

Пры такіх тэмпературах “лістапад без сякеры масты будуе”.

У сярэднім у лістападзе выпадае 50 мм ападкаў. У 1910 годзе выпала рэкордныя  131 мм, а ў 1902 годзе толькі 10 мм.

 

Вэрхал адмяняецца, сквер каля 15 сярэдняй школы Магілёва не знішчаюць. Праводзіцца санітарная рубка

Ранішныя панічныя паведамленні ў дваравых чатах мікрараёнаў “Саломенка” і “8-й цагляны” пра вырубку сквера каля 15-й школы аказаліся праўдзівымі. Дрэвы сапраўды ссякаюць. Але, па словах работнікаў Магілеўзелянбуда, высякаюцца толькі ссохлыя дрэвы. Праводзіцца так званая санітарная рубка. 

Можна выдыхнуць спакойна. Акцыю супраціву, да якой заклікалі некаторыя гарачыя головы, праводзіць не варта. 

Сонечнае зацьменне 25 кастрычніка будзе найбольш моцным у Хоцімску і блізкіх да яго раёнах, а сярод абласных гарадоў краіны – ў Магілёве

Пасля сонечнага зацмення чакаюцца перамены. Нагадаем, што ў 1917 годзе ў гэты дзень адбыўся бальшавіцкі пераварот у Расіі. 

25 кастрычніка 2022 года жыхары Беларусі змогуць убачыць частковыя фазы сонечнага зацьмення, паведамляе рэсурс astrobel.ru.

У гэтым годзе цень Месяца пройдзе па сонечным дыску ўжо другі раз – упершыню гэта здарылася 30 красавіка і зацьменне таксама было частковым. 

У Хоцімску месяц схавае сонца на 65%

Частковае зацьменне Сонца змогуць назіраць жыхары большай часткі Еўропы, Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу і заходняй часткі Азіі. Яно пачнецца з усходам сонца на тэрыторыі Ісландыі, а завершыцца з заходам сонца ў раёне Аравійскага мора. Найбольшая фаза сонечнага зацьмення складзе 0,863 і будзе назірацца ў Расійскай Федэрацыі ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе – Югра. Тут Месяц схавае Сонца больш, чым на 86%.

Пры ўмове добрага надвор’я і яснага неба беларусы змогуць мілавацца зацьменнем таксама. Па разліках астраномаў, у Беларусі Сонца схаваецца за ценем Месяца прыкладна на 60%.

На тэрыторыі Беларусі найбліжэйшым горадам з бачнасцю максімальнай фазы стане горад Хоцімск. Тут Месяц схавае Сонца больш, чым на 65%.

Солнечнае зацьменне 25 кастрычніка па мінскім часе пачнецца ў 12 гадзін 17 хвілін. Яго пік, паводле разлікаў, павінен прыйсціся на 13 гадзін 29 хвілін. Сонца закрыецца па вобласці ў сярэднім на 60%, што будзе з’яўляцца максімальнай фазай. А завершыцца праходжанне ценю Месяца па сонечным дыску ў 14 гадзін 41 хвіліну. Час зацьмення ў сярэднем складзе 2 гадзіны 24 хвіліны.

Сонца з’яўляецца небяспечна яркай крыніцай святла.

Трэба памятаць, што нават часткова закрытае соца небяспечна. Таму назіраць зацьменне катэгарычна нельга праз біноклі ці тэлескопы, а таксама сонцаахоўныя акуляры, палярызацыйныя святлафільтры ці фотастужку. Дактары перасцерагаюць ад выкарыстання і народнага метаду назіранняў праз закуранае шкло. Усе гэтыя прадметы прапускаюць ультрафіялетавыя і інфрачырвоныя прамяні, якія шкодныя для вачэй самі па сабе.

Можна назіраць сонечнае зацьменне праз:

  • спецыяльныя сонечныя фільтры для тэлескопаў і бінокляў, якія можна набыць у профільнай краме;
  • маскі для зваркі з ахоўным адценнем не менш за 14;
  • спецыяльныя акуляры для назірання сонечнага зацьмення, іх можна вырабіць самастойна з плёнкі AstroSolar – яе выкарыстоўваюць у сонечных фільтрах.

Чаго нельга рабіць

З сонечнымі зацьменнямі таксама звязаны шэраг забарон, бо людзі здаўна надавалі такім з’явам вялікае значэнне. У прыватнасці, у гэты час не раяць:

  • пачынаць вялікія справы ў любых сфэрах;
  • прымаць важныя рашэнні;
  • перагружаць сябе фізічна ці эмацыйна;
  • падвяргаць сваё жыццё і здароўе рызыцы;
  • купляць новыя рэчы;
  • падпісваць дакументы;
  • сварыцца.

Дзень зацьмення раяць прысвяціць заспакаенню і рэлаксу – прыняць ванну, памедытаваць, прагуляцца на свежым паветры. 

Астролагі абяцаюць, што з гэтага зацьмення ў краінах, дзе яно будзе бачным, пачнуцца вялікія перамены. Таму перад імі варта набрацца сіл.

Чалавек разбіўся пры падзенні з 17-павярховага дома ў Магілёве

Пра здарэнне паведамляе канал “Могилев live” са словаў свайго падпісчыка. Гаворыцца, што чалавек “вылецеў з балкона” 17-павярховага дома па адрасе Першамайская, 16.

Афіцыйных каментарыяў пакуль няма.

Восеньскі настрой у ваколіцах магілёўскага касцёла святога Станіслава – відэазамалёўка

Сабор Унебаўзяцця Дзевы Марыі, Сабор Унебаўзяцця Дзевы Марыі і Святога Станіслава – помнік архітэктуры ў стылі барока, пабудаваны ў 1738 – 1752 гадах.

 

Чын асвячэння адноўленага храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы прайшоў у Магілёве – фота

Раніцой 23 кастрычніка адбылася важная для праваслаўных прыхаджан Магілёва – асвячэнне адроджанай святыні, якая была знішчана ў часы камунізму. Даследчыя і будаўнічыя работы працягваліся 5 гадоў. 

Пакроўская царква была пабудавана ў 1687 г. і сфармавала вакол сябе Пакроўскі пасад. Яна з’яўлялася ўзорам Магілёўскай школы дойлідства. Яе адлюстравалі на сваіх карцінах мастакі Напалеон Орда і Дзмітрый Струкаў. Храм з’яўляўся апошнім месцам служэння свяшчэннамучаніка Паўліна, арцыбіскупа Магілёўскага. Царква знаходзіцца за 400 метраў ад Свята-Мікольскага жаночага манастыра у Падміколлі.

Недалёка ад месца, дзе першапачаткова знаходзіўся храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы быў усталяваны драўляны паклонны крыж з мемарыяльнай дошкай: «Тут знаходзілася Пакроўская царква XVII стагоддзя пабудовы, у якой служыў святамучанік Паўлін (Крошачкін). Разбурана багаборцамі ў 1948 годзе. Паклонны крыж усталяваны ў красавіку 2017 года». Крыж пастаўлены не на месцы былога храма, а хутчэй на месцы іншай знішчанай святыні – каталіцкага манастыра бернардынаў. Лагічна, што цяпер крыж павінен быць ліквідаваны. 

 

Паколькі месца страчанай царквы нічым не было забудавана, то гэта дало магчымасць адрадзіць святыню. Вяліся жаркія спрэчкі, ў якім выглядзе адбудоўваць храм: барочным, у якім ён будаваўся ў 17 стагоддзі, ці класічным, якім храм стаў пасля перабудовы 19 стагоддзя. Архітэктары і царкоўныя актывісты спыніліся на дакладна вядомым па малюнках і фотаздымках класічным экстэр’еры, хаця і з элементамі барока. 

20 лютага 2017 г. у Магілёве адбылося асвячэнне месца пад будаўніцтва храма ў гонар Пакрова Божай Маці. Чын асвячэння здзейсніў біскуп Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній.

І вось работы скончаны. У прысутнасці вышэйшых іерархаў і магілёўскіх прыхаджан чын асвячэння і Боскую літургію ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін.

Дождж не толькі не сапсаваў настрой прысутным, але стаў добрай прыкметай шчаслівай будычыні храма.