Агароджа нямецкіх могілак у Магілёве руйнуецца вандаламі, а мясцовыя ўлады не звяртаюць на гэта ўвагі

Пахаванне нямецкіх ваеннапалонных, якія адбудавалі раён аўтамабільнага завода імя Кірава пасля Вялікай Айчыннай вайны, было добраўпарадкавана ў канцы 1990-х гадоў. Цяпер яно паступова знішчаецца, верагодна, збіральнікамі чорных і каляровых металаў. 

Ахова любога некрапаля – справа гонару цывілізаванай дзяржавы. Канфесійныя і нацыянальныя пахаванні маюць яшчэ і міжнароднае значэнне. Таму дзейнасць варвараў, якія нішчаць могілкі, злачынна не толькі ў маральным і матэрыяльным аспектах, але і ў міжнародным.

У пошуку залатых зубоў

Могілкі ўтварыліся ў 1945 – 1948 гг. Нямецкія салдаты з’яўляліся ваеннапалоннымі і паміралі ў шпіталі пасёлка Халмы, а таксама падчас аднаўленчых прац у горадзе. Тут на ўскрайку горада, у пачатку Любужскага лесапарку пахавана па афіцыйных дадзеных больш за 200 нямецкіх салдат, а па неафіцыйных – каля 1000. 

У савецкія часы могілкі былі закінуты і не ахоўваліся. Мясцовы люд праводзіў самадзейныя раскопкі пахаванняў у пошуку залатых зубоў. Пра неабходнасць гуманных адносін да магіл былых акупантаў ніхто асабліва не задумваўся. 

Упарадкаваў рэктар нямецкага ўніверсітэта за свой кошт

З атрыманнем незалежнасці Беларусі часы сталі больш гуманнымі. Упарадкаванне памерлых пасля вайны нямецкіх ваеннапалонных адбылося на сродкі рэктара Хільдэбургскага ўніверсітэта Тэа Вольфа ў 1996 г. На месцы пахавання ўзведзена Капліца з чырвонай цэглы, а каля яе пастаўлены памятны знак. Адміністрацыя Кастрычніцкага раёна абнесла частку могілак агароджай, усталявала крыж і гранітную пліту з надпісамі на нямецкай і беларускай мовах.

І вось праз чвэрць стагоддзя пачалося знішчэнне агароджы некропаля. Паступова знікаюць адна за другой металічныя секцыі. Найбольш верагоднымі злодзеямі з’яўляюцца так званыя чорныя металісты – асобы, якія часцяком жабруюць, вядуць асацыяльны вобраз жыцця ці не маюць сталага месца жыхарства.

Памяць пра працу нямецкіх ваеннапалонных захоўваюць дамкі ў мікрараёне Кірава непадалёк ад могілак. 

Прыпыніць дзікунства і знайсці злодзеяў адносна не цяжка. У пунктах прыёму другаснай сыравіны ведаюць сваіх сталых кліентаў. Але падобна на тое, што мясцовай уладзе няма справы да гэтай праблемы.