Праверка будаўнічай фірмы ў Горках паказала, што арганізацыя пазбягала выплаты часткі падаткаў, аформіўшы арэндныя затраты на карыстанне офіснай тэхнікай. Як высветлілася, тэхніка належыла самой фірме, а не індывідуальнаму прадпрымальніку, як указвалася ў арэнднай дамове. Гэтая махінацыя дазваляла ўстанове закладаць выдаткі на аргтэхніку ў страты і не плаціць з гэтых сум падаткі. У выніку будаўнічая арганізацыя будзе вымушаная выплаціць у дзяржаўны бюджэт дадаткова каля 140 000 рублёў схаваных такім чынам падаткаў– піша БелТА.
Маніторынг выявіў у Горках і раёне дзясяткі кілаграмаў пратэрмінаванай і проста гнілой прадукцыі што ў прыватных, што ў дзяржаўных крамах.
Маніторынг праводзіўся Горацкім раённым упраўленнем эканомікі сумесна з спецыялістамі мясцовага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі – паведамляе “Горацкі веснік”.
Хлеб у краме райспажыўкааперацыі №3 ў Горках выявіўся цвёрдым, заплесневелым (на загалоўным фота справа). Тут жа спецыялісты маніторынгавай групы знайшлі пратэрмінаваныя спецыі. У магазіне “Ясень” па вуліцы Кузняцова пратэрмінаваных прадуктаў выявілі ўжо проста горы. Замарожаныя паўфабрыкаты, кураціна, цеста, селядзец, марынаваныя агуркі, чыпсы, кукурузныя палачкі, зефір, спецыі і нават кава. Але найбольш уразіла каўбаса – паглядзіце.
Яшчэ горш абстаноўка аказалася на сяле. Сок, тэрмін прыдатнасці якога скончыўся ў верасні 2022 года. Заплесневелы хлеб, гнілая капуста былі выяўлены ў краме райпо ў вёсцы Курганне.
Зацвілыя здоба і хлеб, пратэрмінаваныя каўбасныя і макаронныя вырабы, кукурузныя палачкі, гнілыя гародніна і садавіна, усё гэта разам з брудам і смеццем, не кажучы ўжо пра пах – так сустрэў кантралёраў магазін райпо ў вёсцы Вялікія Шарыпы.
Найбольшая колькасць пратэрміноўкі і гнілля была выяўленая ў крамах сеткі “Родны кут” – піша выданне. Разам з тым, маніторынгавую групу прыемна здзівіла тройка іншых сельскіх крам – райпа ў вёсках Сенькава, Шышова, у Ракце-1 – усё ў парадку з тэрмінам прыдатнасці на ўсіх таварах, чыста і прыгожа ў гандлёвых залах.
Мужчына 1984 года нараджэння сам здолеў пагасіць агонь у сваёй хаце ў Горках – паведамляе прэс-служба МНС. З апёкамі і з атручэннем прадуктамі гарэння ён шпіталізаваны. Пажар адбыўся раніцай 15 люттага.
У той жа дзень у Крычаве загарэлася кватэра на другім паверсе трохпавярховага дома ў мікрараёне Сож. Жанчыну 1957 года выцягнулі з полымя ратавальнікі. Яна шпіталізаваная. Паводле папярэдняй версіі, прычынай пажару стала неасцярожнасць пры курэнні.
Пераможца атрымае 100 рублёў, а ўсіх прысутных пачастуюць гарачай кашай і чаем з булачкамі.
Традыцыйнае першынство па трактарным біятлоне адбудзецца на палігоне сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках 22 лютага. Спаборніцтвы будуць праходзіць з 10.30 да 14.30 і ўключаць у сябе конкурсы – “Завядзі трактарам нітку ў іголку” і “Пападзі грузам у мішэнь”. Падчас мерапрыемства дэкан факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі В. Гусараў будзе праводзіць мастар-клас па прыгатаванню ухі. Таксама ўсіх прысутных будуць частаваць булачкамі з чаем, і грэчневай кашай – пішуць horki.info.
Па выніках спаборніцтва пераможцы атрымаюць дыпломы з каштоўнымі падарункамі, а галоўны прыз – 100 рублёў – прадстаўлены прадпрыемствам “ВасЛес”.
Паўтары кілаграмы паўвэнджанай грудзінкі жанчына купіла на адной з інтэрнэт-платформ. Папярэдне спытала пра дазвол ад санстанцыі – дазволу не было, але жыхарка Горак усё роўна набыла дэлікатэс, каб пакаштаваць. Як толькі родным стала дрэнна пасля пачастунку грудзінкай, паднялася тэмпература і пачаліся ваніты з боллю ў жываце, жанчына разрэзала прадукт і пабачыла ўнутры чарвякоў. Ёй прыйшлося звяртацца да медыкаў за дапамогай, а затым і ў санітарную службу, каб прыцягнуць да адказнасці прадаўца – піша “Горацкі веснік”.
Амаль паўмесячная эпапея на адной з цэнтральных вуліц у Горках – вуліцы Савецкай, альбо па-мясцоваму, “Мсціслаўцы” – пачала вырашацца. Як пісалі ўчора mogilev.media са спасылкай на horki.info, праезжая частка вуліцы пакрылася такімі выбоінамі, якія стала немагчыма аб’яжджаць. І амаль адразу паявілася навіна, што не ўвесь праблемны вучастак, не – а толькі дзве самыя вялікія яміны на ім заасфальтавалі.
У вёсцы Ходаравічы Горацкага раёна вечарам 6-га лютага ратавальнікі былі выкліканыя на пажар у прыватным доме. Гаспадар хаты. 57-гадовы пенсіянер быў шпіталізаваны з атручэннем прадуктамі гарэння. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнасць пры курэнні, паведамляе прэс-служба МНС
Адна з двух цэнтральных вуліц у Горках – вуліца Савецкая – ператварылася ў суцэльную яму, пішуць horki.info.
У сярэдзіне студзеня выданне ўжо звяртала ўвагу на тое, наколькі сапсавалася асфальтавае пакрыццё вуліцы. Але раней самыя вялікія з існуючых ямін можна было хаця б аб’ехаць. Зараз жа папсаванае ўсё дарожнае палатно.
Вуліца Савецкая (Мсціслаўка) – адна з двух цэнтральных у Горках. Праблемны ўчастак дарогі, які добра бачны на гэтых фатаграфіях, знаходзіцца не на ўскраіне, а ў цэнтры горада.
Адміністрацыя гарадскога стадыёна ў Горках пачысціла ад снегу адну бегавую дарожку і ўвяла плату за карыстанне ёй – 2.20 рублі за адну гадзіну, пішуць horki.info.
– Вельмі цікавая гісторыя. Цяпер, каб людзям схадзіць на стадыён, трэба заплаціць 2,20 за гадзіну. – абураюцца жыхары райцэнтра ў сацыяльных сетках – Гэта без інструктара і медработніка – проста пахадзіць па стадыёне. Там шмат людзей пенсійнага ўзросту і тых, хто аднаўляецца пасля інсульту. Ну, хоць інвалідам бясплатна.
Horki.info спраўдзілі інфармацыю пра новаўвядзенне ў адміністрацыі стадыёна. Аказалася, што сапраўды, гадзіна карыстання бегавой дарожкай каштуе 2 рублі 20 капеек з чалавека. Гэты фармат працы праходзіць у тэставым рэжыме. Расчышчана пакуль толькі адна дарожка па крузе. Адначасова карыстацца ёй могуць некалькі чалавек. Наведвальнікам дазволяць таксама скарыстацца распранальняй.
Двое жыхроў Горак былі затрыманыя на водасховішчы “Леніно” каля аднайменнай вёскі Горацкага раёна. Знаходзячыся ў 30 метрах ад берагавой лініі, яны лавілі рыбу на чатыры сеткі, агульнай даўжынёй у 222 метры – піша “Горацкі веснік”. Абодвум рыбакам выпісаны штраф у 5 базавых велічынь.