Вясковыя могілкі пад Горкамі – без кантэйнера, агароджы, з вадой па калена

Могілкі ў вёсцы Коцелева Горацкага раёна трапілі ў поле зроку выдання horki.info. Чытачы рэсурса падзяліліся сумнымі назіраннямі – на могілках наогул адсутнічае кантэйнер для смецця. Няма таксама пяску, які бывае патрэбны сваякам для папраўкі магіл родных, і які абавязкова павінен прысутнічаць на могілках. Таксама няма агароджы, затое ёсць куча наваленых дрэў – на фота. Пры гэтым падыйсці да могілак можна толькі праз нізіну, у якой пастаянна стаіць вады па калена.

Фота: horki.info

У горадзе Горкі пройдзе яшчэ адно грамадскае абмеркаванне бярозы

Mogilev.media паведамлялі, што цэлае грамадскае абмеркаванне было прызначана горацкім райвыканкамам на 3 красавіка па поваду бярозы, што расла на вуліцы Якубоўскага. Вопыт масштабнай падзеі быў, відаць, прызнаны станоўчым, пагэтаму на 26 красавіка ў Горках прызначылі грамадскае абмеркаванне яшчэ адной бярозы – што расце на вуліцы Пагодзінскай. Адзначаецца, што дрэва “перашкаджае эксплуатацыі будынкаў, збудаванняў і іншых аб’ектаў, бо расце на адлегласці менш за 5 м. да восі аб’екта”.

Фота ілюстрацыйнае.

Няшчасны мост у Горках нарэшце пачалі рамантаваць

Усю зіму мост на вуліцы Савецкай у Горках быў праблемай для аўтамабілістаў. З-за велічэзных ямін на ім гнуліся дыскі на колах – пісалі mogilev.media, а мясцовае начальства толькі разводзіла рукамі. Чыноўнікі канстатавалі, што ўжо некалькі разоў за зіму ладзілі ямачны рамонт на мосце, але яго хапала кожны раз не больш чым на некалькі дзён.

Цяпер жа ў Горках з’явілася спецыяльная тэхніка, якая дазваляе зрабіць якасны рамонт і доўгачаканыя працы нарэшце пачаліся – пішуць horki.info.

Фота: horki.info

Жыхар Горак спампоўваў порнаролікі, а потым прадаваў іх у сваім Тэлеграм-канале як прыватныя

22-гадовы жыхар Горак быў затрыманы за распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў. Як высветлілася, ён наладзіў бізнэс-схему на порна – спампоўваў ролікі з інтэрнэта, а потым выдаваў іх за прыватны кантэнт, які прадаваў на сваім Тэлеграм-канале. У залежнасці ад відэа, доступ да аднаго роліка каштаваў ад 15 да 60 рублёў. Узбуджана крымінальная справа – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС

Два школьніка ў Горацкім раёне гуляліся з запальнічкай – здагадайцеся, чым гэта скончылася

Дзіцячае свавольства стала прычынай пажару ў аграгарадку Паршына Горацкага раёна.

Як пішуць “Магілёўскія ведамасці” пасля школы два хлопчыка адправіліся на гарышча пуні, размешчанай на тэрыторыі домаўладання, у якім жыве сям’я аднаго з іх. У пуні школьнікі пачалі гуляць са знойдзенай запальнічкай: паліць і тушыць салому. Дарослых у гэты момант з імі, натуральна, не было.

Калі “эксперыментатары” пакінулі сваё сховішча то, як аказалася, не да канца патушылі салому. Пагэтаму праз пэўны час, мясцовыя жыхары выявілі як агонь пачынае паглынаць дах пуні і выклікалі ратавальнікаў.

У выніку пажару знішчаны дах пуні, пашкоджаны перакрыцці. Пацярпелых няма.

Фота ілюстрацыйнае

У Горках прайшла “Катавасія-2023” – выстава фанатаў коцікаў

У раённым музеі ў Горках прайшла па-сапраўднаму народная выстава і конкурс твораў. 

“Выстава-конкурс «Катавасія-2023» – гэта прастора для ўсіх, хто неабыякавы да загадкавых, бязмежна абаяльных стварэнняў з асаблівым магнетызмам – да котак. – распавялі пра мерапрыемства арганізатары – Гульня фарбаў, фантазіі і майстэрства ўдзельнікаў выставы-конкурсу выклікалі захапленне ў шматлікіх наведвальнікаў нашага горада і раёна.”

Малюнкі і работы ў жанры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадставілі майстры ад 5-гадовага да 62-гадовага ўзростаў.

Дзясяткі малюнкаў і падзелак – натхняльная выстава аматараў котак стала яркай падзеяй у раённым цэнтры.

Больш фота і вынікі конкурса – вось тут.

Фота: Gorki News

“Укралі са склада” – двое работнікаў шчыра прызналіся свайму кіраўніку, адкуль вязуць зерне

Двух работнікаў сельскагаспадарчага прадпрыемства ў Горацкім раёне позна вечарам на дарозе сустрэў кіраўнік гэтай арганізацыі. Ён пабачыў, што мужчыны вязуць на падводзе два мяшкі зерня. Як потым высветлілася, на 820 кілаграмаў. На пытанне кіраўніка, адкуль узялі мяшкі, работнікі шчыра прызналіся, што скралі іх са склада арганізацыі. Начальнік выклікаў міліцыю і дзежураваў каля злодзеяў да прыезда праваахоўнікаў.

Камітэт судовых экспертыз пацвердзіў – пранікнуць на склад прасцей простага, а на ўваходзе быў выяўлены адбітак абутку аднаго з работнікаў, затрыманых дырэктарам – паведамляе прэс-служба Камітэта.

Фота: Прэс-служба Камітэта судовых экспертыз

“Кіраўніка” ліпавага прадпрыемства асудзілі ў Горках

Махляр з Магілёва стварыў на паперы арганізацыю па вырабу мэблі і прадаваў людзям паветра.

Як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, у Горках вынеслі абвінавачванне ў дачыненні да 39-гадовага магілёўца. Яму інкрымінуюць махлярства ў буйным памеры. 

Было ўстаноўлена, што абвінавачаны з 3 студзеня 2019 года па 22 лютага 2022 года завалодаў грашыма 30 грамадзян у суме звыш 30 тысяч рублёў. Ён прадстаўляўся кіраўніком прадпрыемства, якое вырабляе мэблю, і абяцаў выканаць дамовы і вырабіць заказчыкам прадметы мэблі.

Але высветлілася, што  ў штаце “прадпрыемства” лічыўся толькі ён адзін. Больш за тое, арганізацыя не мела маёмасці, у ёй адсутнічалі вытворчыя памяшканні, інструменты і абсталяванне для вырабу мэблі. Акрамя таго, яна не вяла бухгалтарскі ўлік і не складала справаздачнасці.

“Кіраўнік” ліпавай арганізацыі з самага пачатку і не збіраўся выконваць свае абавязкі.

На цяперашні момант абвінавачаны кампенсаваў частку  нанесенай шкоды на 18 тысяч рублёў. Суд Горацкага раёна прызначыў яму 3  гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 150 базавых (5,5 тысячы рублёў).

Фота ілюстрацыйнае

У Горках толькі адрамантавалі і тут жа паламалі мост

Мост паміж вуліцамі Маркса і Кузняцова ў Горках быў адрамантаваны 16 сакавіка, а ўжо зараз на ім паламаныя парэнчы – пішуць horki.info. Яшчэ два тыдні таму ён выглядаў вось так.

А цяпер вось так.

Фота: horki.info.

У горадзе Горкі пройдзе грамадскае абмеркаванне бярозы

Так-так, райвыканкам Горак прыняў рашэнне пра грамадскае абмеркаванне аднаго дрэва.

Грамадскае абмеркаванне адбудзецца 3 красавіка (у наступны панядзелак) каля будынка Горацкага райвыканкама па адрасе: горад Горкі, вуліца Якубоўскага, 9. Пачатак а 10:00. 

На сайце райвыканкама сказана, што бяроза “перашкаджае эксплуатацыі будынкаў, збудаванняў і іншых аб’ектаў, бо расце на адлегласці менш за 5 метраў да восі аб’екта”.

Верагодна, гэтая бяроза засталася апошняй ад бярозавага гаю, што рос каля райвыканкама і што быў спілаваны, бо мясцовым чыноўнікам птушкі гадзілі на вопратку – пісалі mogilev.media.

Фота ілюстрацыйнае.