Глускія “лесавікі” вучылі калег з усёй краіны працаваць з Азіяй

Але ў саміх з-за санкцый праблемы з новым абсталяваннем.

У Глуску ведаюць як пераарыентавацца на новыя рынкі. Менавіта таму работнікі лясной гаспадаркі Беларусі тут на семінары вывучалі вопыт перапрацоўкі драўніны на перадавым заходнім абсталяванні і працы ва ўмовах санкцый і крызісу.   

Глускія “лесавікі”, падобна, становяцца лепшымі ў Беларусі. У гэтым годзе галоўны ляснічы Глускага лясгаса Мікалай Ляпко дзяліўся вопытам выкарыстання фінскага харвестара Usewood па догляду лясных культур. І вось цяпер рэспубліканскі семінар «Вытворчасць і рэалізацыя паганажных профільных вырабаў» прайшоў на базе Глускага лясгаса. 

Вытворчасць

Глусчане, як паведаміла газета “Радзіма”,  паказалі і расказалі калегам, як працуюць сучасныя лініі лесапілавання Wood-Mizer, Brodpol, Mebor, якія піламатэрыялы на іх вырабляюцца, як арганізаваны тэхнічны працэс сушкі прадукцыі ў сушыльных камерах Baschild (2010 г.) і Termolegno (2020 г.). У сталярным цэху гасцей азнаёмілі з вытворчасцю профільных дэталей і прадукцыі. Абсталяванне заходніх машынабудаўнікоў якаснае і мае добрую вытворчасць.


Даведка: Глускі лясгас размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы Магілёўскай вобласці на тэрыторыі 75 858 га, у тым ліку пакрытых лесам 68 648 га. Працягласць тэрыторыі лясгаса з поўначы на ​​поўдзень – 55 км. і з захаду на ўсход – 40 км. У ягоны склад уваходзяць 8 лясніцтваў. Па лесараслінным раянаванні тэрыторыя лясгаса адносіцца да Цэнтральна-Прадпалескага комплексу лясных масіваў, падзоны ялова-грабавых дуброў.


Рэалізацыя прадукцыі

Работнікі глускага лясгасу таксама падзяліліся вопытам працы гандлёвай пляцоўкі. Геаграфія паставак на экспарт прадукцыі дрэваперапрацоўкі ў іх раней налічвала больш за 30 краін. Але пастаўкі ў Літву, Латвію, Польшчу і іншыя заходнія краіны практычна прыпыніліся з-за санкцый і немагчымасці пераводу грошай. Цяпер самым важным стратэгічным напрамкам работы арганізацый галіны сталі пастаўкі прадукцыі на кітайскі рынак.

Як паказаў семінар, глускія “лесавікі” здолелі пераарыентавацца на іншыя рынкі збыту сваёй прадукцыі і захавалі калектыў. Але праблема ў тым, што новае абсталяванне, якое яны выкарыстоўваюць, з-за санкцый практычна немагчыма набыць, а заходнія рынкі амаль цалкам закрытыя. Застаецца працаваць з Азіяй і спадзявацца на змену знешнепалітычных умоў гаспадарання.

фота: glusk.by

Расійскія мабілізаваныя пачалі прыбываць у Беларусь, першыя групы размясціліся ў Брэсцкай і Віцебскай абласцях

Першы эшалон з вайскоўцамі Узброеных сілаў Расійскай Федэрацыі са складу рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі прыбыў на чыгуначную станцыю «Лосвіда» (Віцебскі раён) – паведамляюць беларускія СМІ. Там знаходзіцца палігон 103 паветрана-дэсантнай брыгады.

Таксама паведамляюць аб разгрузцы эшалона з расейскімі вайскоўцамі на чыгуначнай станцыі «Палонка» (Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць) і на чыгуначнай станцыі «Заслонава» (Лепельскі раён, Віцебская вобласць).

Кадры, апублікаваныя рэдакцыяй “Воен ТВ” беларускага Міністэрства абароны дэманструюць, што прыбылыя вайскоўцы – нядаўна мабілізаваныя ў расійскую армію. 

Найстаражытныя ў гісторыі сляды выкарыстання наркотыкаў выяўлены ў Ізраілі

Даследаванне, якое правялі ізраільскае Упраўленне старажытнасцей, Тэль-Авіўскі універсітэт і Інстытут Вейцмана, выявіла найстаражытны ў чалавечай гісторыі прыклад выкарыстання галюцынагенных наркотыкаў, у тым ліку опіума. 

Сляды наркатычнага рэчыва былі знойдзены ў керамічным посудзе, які адкапалі у Тэль-Йехудзе. Раскопкі праводзіліся яшчэ ў 2017 годзе перад будаўніцтвам новага жылога раёна і выявілі ханаанскія пахаванні перыяду позняй бронзы. Іх кераміка датуецца XIV стагоддзем да нашэй эры. 

Найноўшая тэхналогія дазволіла выявіць сляды наркотыку ў васьмі керамічных сасудах. Частка керамікі выраблена на месцы, іншыя сасуды – на Кіпры. 

“У Тэль-Егудзе знойдзены сотні магіл, датаваных XVIII-XIII стагоддзямі да н.э. У пахаванне клалі керамічныя посуд з ежай, неабходнай памерламу ў замагільным свеце. Прыносіліся ахвяры, а памінальная трапеза ладзілася прама на магіле – лічылася, што ў ёй удзельнічае і памерлы” – кажа доктар Рон Беэры.

Знаходка пацвярджае гіпотэзу, што опіум адыгрываў важную ролю ў гандлёвым абароце Заходняй Азіі. Гіпотэза ўзнікла яшчэ ў XIX стагоддзі, калі археолагам пачаў трапляцца посуд, які нагадвае зачыненую скрыначку маку. Была выказана здагадка, што гэта культавае начынне для захоўвання опіума.

Навукоўцы адзначаюць, што выкліканне духу памерлага было магічнай цырымоніяй, у якой маглі ўдзельнічаць і жрацы. Опіум відаць дапамагаў удзельнікам увайсці ў стан экстазу або дапамагаў духу памерлага дасягнуць замагільнага свету і сустрэцца з продкамі. На вялікі жаль, пісьмовых крыніц, якія расказваюць аб ролі наркотыку ў пахаванні, пакуль не знойдзена.

Доктар Лінарэс падкрэслівае: у перыяд позняй бронзы опіум быў адзіным наркотыкам, які выкарыстоўваўся ў Леванце. Яна нагадвае, што ў 2020 годзе падчас раскопак у Тэль-Арадзе на храмавым алтары былі выяўлены сляды марыхуаны. Аднак гэтая знаходка датавалася ўжо пазнейшым, жалезным векам.

 

Дзяцей у школу прапанавалі вазіць праз забруджаную зону – з-за рамонту маста пад Чэрыкавам наспявае крызіс

Усю зіму жыхары будуць без маста і без пантоннай пераправы, а судна на паветрранай падушцы можа перавезці максімум дзесяць чалавек.

Вёска Гронаў знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад Чэрыкава на левым беразе ракі Сож. Вёска не малая, апошнія перапісы паказвалі каля 300 жыхароў у населеным пункце. Рамонт чэрыкаўскага маста праз Сож, пра які пісалі Магілёў.media, стварыў цэлы шэраг праблем для вяскоўцаў. Днямі прайшоў сельскі сход грамадзян па гэтых праблемах – паведамляюць cherikovnews.by.

Найперш са складанасцямі сутыкнуліся бацькі, дзеці якіх выхоўваюцца альбо вучацца ў раённым цэнтры. На працягу ўсяго перыяду, калі праз раку не будзе функцыянаваць пераправа, яны не змогуць ездзіць у Чэрыкаў у дзіцячы садок альбо школу. Аб’езд праз Слаўгарад альбо Крычаў займае дзве гадзіны ў адзін бок. Адным са спосабаў вырашэння гэтай назручнасці вяскоўцам было прапанавана на час зімніх рамонтных работ перавесці дзетак на выхаванне і вучобу ў найбліжэйшую ўстанову – «Майскі КПК яслі-сад-базавая школа». Адлегласць ад Гронава да Майскага складае 25,5 кіламетра.

Дарога да Майскага, аднак, пралягае праз забруджаныя тэрыторыі з адселенымі вёскамі, на некаторых участках дарогі адсутнічае мабільная сувязь.

Іншай праблемай стала забеспячэнне Гронава работай экстрэнных служб. Не зразумела, як да вяскоўцаў будзе дабірацца хуткая дапамога альбо пажарная машына. З моманту, калі па мосце праз Сож спыніцца пешаходны рух, на пераправе будзе працаваць судна на паветранай падушцы. Аднак яго грузапад’ёмнасць абмяжоўваецца 8–10 чалавекамі. Пантонны мост жа мясцовыя ўлады абяцаюць узвесці толькі ўвесну.

Сход грамадзян завяршыўся нявызначанасцю для грамадзян – піша пра пасяджэнне раённая газета –  якія хацелі б пачуць больш дакладныя адказы на пытанне аб тым, як не адчуць сябе адрэзанымі ад жыцця пустэльнікамі на іншым беразе Сожа.

 

Паглядзіце на гэты пандус у Магілёве на праспекце Дзімітрава

Здымак з жахлівай лесвіцай прыслалі чытачы Магілёў.media. Мала таго, што на ёй развальваюцца прыступкі, якія не рамантаваліся, відаць, з часоў пабудовы спуска. Пандус не мае ніякіх парэнчаў, таму застаецца толькі маліцца за тых інвалідаў-вазочнікаў, якія рызыкнуць тут праехаць.

Разам з тым, у мікрараёне на іншых лесвіцах праводзіцца сякое-такое добраўпарадкаванне.

На абласным конкурсе выбіралі лепшых міліцыянтаў – расказваем, што на ім было, а чаго не хапала

Кастрычніцкі і чэрыкаўскі сталі лепшымі на Магілёўшчыне і паказалі, што павінен умець рабіць прафесіянал у міліцыі

З работай самых масавых катэгорый работнікаў міліцыі так ці інакш сутыкаецца кожны беларус. І мы ўсе разумеем, як важна, каб міліцыянеры з аднаго боку былі прафесіяналамі, а з іншага – памяталі, што служаць беларускаму народу, умелі падтрымліваць кантакт і вырашаць праблемы простых людзей. 

Сам жа конкурс цікавы яшчэ і тым, што ён паказаў, якія якасці міліцыянераў лічыць важнымі іх міліцэйскае начальства. 

Абласны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства прайшоў у Магілёве на званне “Лепшы ўчастковы інспектар міліцыі” і “Лепшы ўчастковы інспектар па справах непаўналетніх”. Конкурс паказаў, якія якасці патрэбны самым блізкім да народу шэраговым міліцыянерам для нясення службы і чаго ім не хапае. 

Што было

Як сведчыць сайт УУС вобласці спаборніцтвы пачаліся са страявога агляду і экзамену па страявой падрыхтоўцы. Тут усё зразумела. 

Надалей супрацоўнікі міліцыі стралялі з табельнай зброі і дэманстравалі баявыя прыёмы барацьбы. Трэба адзначыць без жартаў, што гэта вельмі актуальныя навыкі менавіта для ўчастковых. Многія думаюць, што толькі АМАП і іншыя спецыяльныя структуры здзяйсняюць захопы і абясшкоджванне злачынцаў. А насамрэч, “пад нож” часцей за ўсё ідуць менавіта работнікі нізавога звяна, а большасць злачынстваў маюць побытавы характар. 

Яшчэ інспектары здавалі іспыты па фізічнай, спецыяльнай і медыцынскай падрыхтоўцы. Без добрай фізічнай формы і спецыяльных навыкаў паспяхова працаваць немагчыма. А ўмець аказаць першую медычную дапамогу, нават прыняць роды, абавязан кожны міліцыянер.  

Завяршыўся дзень спаборніцтвам у аратарскім майстэрстве. Сайт не тлумачыць, у чым заключаўся гэты конкурс. Калі ва ўменні выступаць са сцэны, то гэта, як падаецца, не самае важнае. 

Чаго не было

Што здзівіла, так гэта адсутнасць рэальна важных конкурсаў па вырашэнню канфліктных сітуацый і прымірэнні жыхароў, на недапушчэнне канфліктаў. 

Што рабіць, калі п’яныя не кантралююць сябе, калі муж скардзіцца, на тое, што жонка скрала з іх халадзільніка ягоную каўбасу? Як паводзіць сябе, калі суседзі знізу “пасылаюць” радыяцыю на суседзяў зверху? 

Падобных нестандартных сітуацый у любога ўчастковага некалькі тузінаў. Вось у вырашэнні іх і крыецца прафесіяналізм міліцыянера, які павінен умець без прымянення сілы знайсці выйсце з самай складанай сітуацыі. Хочацца верыць, што падобныя заданні былі ў час экзамена па спецыяльнай падрыхтоўцы. 

Пераможцы

Лепшым участковым інспектарам міліцыі Магілёўскай вобласці стаў маёр міліцыі Яўген Дзянісенка з Кастрычніцкага РАУС г. Магілёва. Другое месца заняла лейтэнант міліцыі Юлія Дзяшук, якая прадстаўляе той жа райаддзел. На трэцім месцы апынуўся капітан міліцыі з Крычава Уладзіслаў Стручкоў.

Сярод участковых інспектараў па справах непаўналетніх лепшым стаў старшы лейтэнант міліцыі Дзяніс Вараб’ёў, які прадстаўляе Чэрыкаўскі РАУС. На другім месцы старшы лейтэнант Ангеліна Казлова з Краснаполля. Замыкае тройку лідараў капітан міліцыі Вікторыя Прымачак з Ленінскага РУУС г. Магілёва.

Радуе, што палова пераможцаў жанчыны. Сусветная практыка паказвае, што калі колькасць жанчын у паліцыі дасягае хаця б 40%, то скарг, карупцыі і канфліктаў у гэтай службе становіцца значна менш. 

Пераможцы будуць абараняць гонар Магілёўскай вобласці на рэспубліканскім этапе конкурсу прафесійнага майстэрства.

фота: mogilev.mvd.by

Пьяны бяспраўнік разбіўся ў Чавускім раёне, пасажыр загінуў

Каля вёскі Пуцькі Чавускага раёна жыхар раённага цэнтра на аўтамабілі Mazda з’ехаў з дарогі і ўрэзаўся ў дрэва. 44-гадовы пасажыр машыны не быў прышпілены і сканаў ад атрыманых траўмаў. Трагедыя адбылася 12 кастрычніка каля 16.30.

Экспертыза паказала 1,3 праміле алкаголю ў крыві кіроўцы. Ім быў 31-гадовы жыхар Чавус, які не меў і ніколі не атрымліваў правоў на ваджэнне – паведамляе Тэлеграм-канал абласнога УУС.

Магілёвец знайшоў у Любужскім лесе рэдкі для Беларусі грыб

Спарасіс кучаравы занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Часцей за ўсё ён сустракаецца ў сібірскіх рэгіёнах Расіі. Звычайна ён расце адзінкава на каранях, каля ствалоў дрэў, радзей на свежых пнях дрэваў іглічных парод.

Фотаздымкі з грыбам на сваёй старонцы ў сацсетках магілёўскі журналіст і фатограф Алесь Сабалеўскі.

Спарасіс – ядомы грыб. Ён ідзе галоўным чынам на падрыхтоўку супаў, для смажання і сушкі.

Апублікавана ў раздзеле: Навіны

Абласныя “Дажынкі” пройдуць у Слаўгарадзе 15 кастрычніка

Без Саладухі і Дарафеевай ніяк.

Аматары фестываляў пад адкрытым небам маюць магчымасць адпачыць у гэтыя выхадныя ў Слаўгарадзе на даўнім свяце “Дажынкі”.  Гасцей чакаюць цырымонія адкрыцця Слаўгарадскай цэнтральнай раённай бальніцы пасля рэканструкцыі, тэматычныя пляцоўкі, конкурсы, канцэртная праграма і феерверк.

На канцэртнай праграме будзе ўсё досыць традыцыйна. Выступяць не толькі Аляксандр Саладуха і Ірына Дарафеева (без іх ніяк), але і артысты і музыкі Магілёўскай абласной філармоніі: аркестр народных інструментаў імя Л.Іванова, ансамбль песні і танца “Медуніца”, вакальны ансамбль “Весялуха”.