Магілёўскі “Барысфен” атрымаў дзявятую перамогу з дзевяці і лідзіруе ў чэмпіянаце

Баскетбольны клуб “Барысфен” абыграў каманду “Мінск рэзерв” з разгромным лікам 94:68 у дзявятым туры групы А чэмпіянату Беларусі па баскетболе. Гэта дзявятая перамога запар у магілёўскай каманды. “Барысфен” займае першы радок у турнірнай табліцы групы А, маючы 18 ачкоў. На другім радку ў групе – “Гродна 93” з 14 баламі. У групе “Б” лідзіруе “Гродна 93 ГрГУ” з 12 ачкамі, але ў гэтай групе прайшло толькі шэсць гульняў.

Наступную гульню “Барысфен” правядзе на выездзе супраць “Гродна 93” 14 лістапада.

Фота: bcborisfen.by

Пачалася рэканструкцыя галоўнай бальніцы Бабруйска, знакамітую мазаіку на ёй – знішчаць

З будынка бабруйскай бальніцы імя У. Марзона ўжо выселілі ўсіх пацыентаў, будынак рыхтуюць да зносу – паведамляе bobr.by. На месцы старога чатырохпавярховага корпуса бальніцы плануецца пабудаваць новы, шасціпавярховы.  Разам са старым корпусам “марзонаўкі” знікне і самы пазнавальны бабруйскі арт-аб’ект – першая ў горадзе мазаіка, створаная мясцовым мастаком Сямёнам Абрамавым у 1968 годзе.

Галоўны герой на мазаічным пано – чалавек у медыцынскай масцы, які стаіць на варце грамадскага здароўя. Як толькі стала вядома аб зносе будынка, аўтар мазаікі выказаўся за захаванне свайго твора і нават прапанаваў варыянты. Але, відаць, да яго не прыслухаліся. Мазаіку разбяруць разам са сцяной, якую яна ўпрыгожвае.

Пра пагрозу знішчэння знакавага для Бабруйска арт-аб’екта mogilev.media пісалі яшчэ ў лютым гэтага года.

Вось як каментуюць чытачы рэсурса bobr.by навіну пра страту пано:

– Шкада, што знікне мазаічнае пано. Памятаю яго яшчэ з дзяцінства. І хоць гэты доктар у масцы з сэрцам у руках мне здаваўся далёка не самым добрым, усё ж аб’ект вядомы. У кожнага мастака сваё бачанне… Маглі б знайсці варыянты для захавання. Шкада, што горад губляе сваю самабытнасць і ўсё паступова зліваецца няхай і ў сучасна-адрамантаваную, але шэрую масу…

Фота: bobr.by

У Бабруйску затрымалі бутлегера з 500 літрамі алкаголю

Моцны алкаголь без акцызных марак мужчына прадаваў у інтэрнэце – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Супрацоўнікі АБЭЗ УУС Бабруйскага гарвыканкама выявілі 32-гадовага дырэктара фірмы з Мінска, які прадаваў у інтэрнэце моцны алкаголь без беларускіх акцызных марак. У яго канфіскавана амаль 500 літраў тавару на агульную суму больш за 21 тысячу рублёў. Цяпер яму пагражае штраф на 3 700 рублёў.

Фота: УУС, скрыншот

У Магілёве на будаўніцтве школы загінуў рабочы

Вечарам 5 лістапада на будаўнічай пляцоўцы новай школы ў Магілёве загінуў рабочы, мужчына 50 гадовага ўзросту – паведамляе Следчы камітэт. Падчас работ па ўладкаванні маналітных участкаў ён ўпаў з рыгеля першага паверха на жалезабетонную паверхню. Следчыя высветлілі, што ў парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі працоўны знаходзіўся на рыгелі без страховачнага рамяня і ў незашпіленай касцы.

Фота: Следчы камітэт

У Беларусі бачылі паўночнае ззянне – фота

Паўночнае ззянне змаглі назіраць на Гомельшчыне, Магілёўшчыне і Віцебшчыне.

Выключна моцная магнітная бура, адна з найболей магутных за апошнія некалькі гадоў, пачалася на Зямлі прыкладна ў 10 UTC. Падзея выклікана плазменным воблакам, выкінутым з Сонца ў бок Зямлі яшчэ каля двух дзён таму, 3 лістапада.

Фота з сацсетак

У Краснапольскім раёне перакуліўся аўтамабіль, вадзіцель загінуў

5 лістапада каля 12:20 на 119 км аўтадарогі Буда-Кашалёва – Чачэрск – Краснаполле 62-гадовы жыхар Гомеля, праязджаючы на аўтамабілі Opel небяспечны паварот, не справіўся з кіраваннем і перакуліўся.

Вадзіцель ад атрыманых траўм памёр у бальніцы. 61-гадовай пасажырцы аказана медыцынская дапамога – паведамляе ДАІ.

Фота: ДАІ

Маці і сын выжылі, атруціўшыся ўгарным газам пад Магілёвам

30-гадовая жанчына і яе дзесяцігадовы сын былі шпіталізаваныя са свайго дома ў вёсцы Боўшава Магілёўскага раёна пасля атручэння ўгарным газам – піша афіцыйны сайт Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Атручэнне адбылося з-за таго, што занадта рана была зачынена пячная задзвіжка.

Фота ілюстрацыйнае

Бутэльку з ртуццю знайшлі ў гаражах на аблбальніцы ў Магілёве

Прыбіраючыся ў сваім гаражы на вуліцы Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, мужчына 1975 года нараджэння знайшоў пластыкавую бутэльку ў 0,3 літры, запоўненую ртуццю. Усяго ў ёй аказалася рэчыва на 2,73 кілаграмы – паведамляе прэс-служба МНС. Ратавальнікі правялі ў гаражы мерапрыемствы па дэмеркурызацыі памяшкання, ртуць была канфіскаваная для ўтылізацыі.

Фота ілюстрацыйнае

На 97-гадовай жыхарцы Краснапольскага раёна загарэлася вопратка. У шпіталь яе адправіла ўнучка

30 кастрычніка жыхарка Краснапольскага раёна з вёскі Глыбаў распальвала печку і на ёй успырхнула вопратка – паведамляе прэс-служба МНС. Жанчына 1926 года нараджэння самастойна загасіла агонь і працягвала спакойнае сельскае жыццё. Трэцяга лістапада да яе прыехала ўнучка і заўважыла ў пенсіянеркі апёк на сцягне на 10% агульнай плошчы цела. Далей быў званок у медыцынскую службу, і 97-гадовую жанчыну шпіталізавалі ў раённую лякарню.

Фота: МНС

Геймер стварыў копію Магілёва ў Minecraft – паглядзіце на плошчу Леніна без Леніна

Магілёўскі геймер Уладзіслаў Агееў за паўгады стварыў дакладную копію цэнтральных вуліц і знакавых аб’ектаў абласнога цэнтра ў папулярнай сярод падлеткаў гульні Minecraft. Ролік з прагулкай па віртуальным Магілёве выклаў у сваім ТікТок карыстальнік з нікам bogdanchio. Відэа ўжо сабрала больш за 37 000 лайкаў.

Цікава, што на плошчы Леніна перад аблвыканкамам у віртуальным Магілёве Уладзіслава Агеева (нік у гульні – Vladlukser) адсутнічае помнік самому Леніну. Эстэтычны выгляд плошчы пры гэтым практычна нічога не губляе.