Трэнд уборачнай кампаніі – паліва сельгастэхнікі фарбуюць, а потым ловяць са скрадзеным

Практыка афарбоўкі паліва для сельгастэхнікі не новая. Яе выкарыстоўвалі ў гаспадарках з сярэдзіны 2000-х, але сёлета рэйды па пошуку скрадзенага паліва праходзяць надзвычай часта.

За мінулыя выхадныя на Магілёўшчыне міліцыя сумарна канфіскавала 340 літраў фарбаванага паліва.

Найвялікшы аб’ём крадзенага паліва быў выяўлены ў кіроўцы грузавога аўтамабіля «МАЗ» з Круглага – 160 літраў. Жыхар райцэнтру прызнаўся, што набыў яго ў неўстаноўленай асобы і заліў у бак аўтамашыны, паведамляе  абласная міліцыя.

100 літраў фарбаванага дызпаліва было знойдзена на падворку ў жыхара Чавускага раёну, што працуе кіроўцам аднаго з сельгаспрадпрыемстваў.

У вёсцы Акунёўка Шклоўскага раёну ў 26-гадовага мясцовага жыхара праваахоўнікі канфіскавалі 80 літраў фарбаванай саляркі.

Ва ўсіх выяўленых выпадках грамадзян, у якіх было знойдзена падобнае дызельнае паліва, чакае штраф да 1600 рублёў (50 базавых велічынь).

З дапамогаю афарбоўкі паліва змагаюцца з махінацыямі не толькі ў Беларусі.

У Бельгіі, напрыклад, паліва, прызначанае для фермерскіх гаспадарак, каштуе ў чатыры разы танней, чым звычайнае на запраўках. Такое паліва фарбуецца ў чырвоны колер (у нас – у зялёны), а для праверкі выкарыстоўваюцца адмысловыя рэактывы, якія паліцыя падносіць да выхлапной трубы. Штраф за выкарыстанне чырвонага паліва чакае нават самаго фермера, калі ён заправіць такой саляркай свой асабісты аўтамабіль.

Трох чалавек выратавалі на пажарах, адзін памёр ад апёкаў, яшчэ адзін патануў – здарэнні за выходныя

24 ліпеня ў Асіповіцкім раёне  ратавальнікам давялося даставаць нагу шасцігадовага хлопчыка з рашоткі на гульнявой пляцоўцы. Дзіця хадзіла па прутках прыстасавання для выбівання дываноў. Нага, саслізнуўшы, засела паміж элементамі канструкцыі. Па выратаванні медыцынская дапамога яму не спатрэбілася.

24 ліпеня ў Быхаўскім і Магілёўскім раёнах ратавальнікі двойчы выязджаць на тушэнне пажараў. У выніку два чалавекі былі выратаваныя пры тушэнні прыватнага дому ў Быхаўскім раёне.

У вёсцы Гарадок Магілёўскага раёну пажарныя знайшлі мужчыну ў непрытомным стане на падлозе яго кватэры, ахопленай агнём. Мужчына 1970 года нараджэння быў шпіталізаваны з атручэннем угарнымі газамі і з апёкамі.

23 ліпеня стала вядома пра смерць жыхара вёскі Заеліца Глускага раёну. 32-гадовы мужчына пацярпеў у пажары яшчэ 20 ліпеня, і сканаў ад атрыманых апёкаў у шпіталі.

23 ліпеня ратавальнікамі Мсціслаўскага раёну ў рацэ Сож недалёка ад аграгарадка Падлужжа было знойдзена цела 61-гадовага мужчыны, які патануў.

У Магілёве 24 ліпеня рэйсавы аўтобус збіў раварыста на вуліцы Алтайскай. 23-гадовы кіроўца аўтобуса дапусціў наезд на 60-гадовага мужчыну, які на веласіпедзе перасякаў дарогу ў недазволеным для гэтага месцы.


Публікацыя падрыхтаваная паводле звестак абласнога ўпраўлення Надзвычайных сітуацыяў і магілёўскай міліцыі.


 

Два жыхары Горацкага раёна злавілі злодзея – ён паспеў абнесці вясковую краму

Аляксандр Міхайлоўскі і Аляксандр Ляўтко праходзілі міма сельскага магазіна ў роднай вёсцы Копцеўка, калі заўважылі, што адно з вокан узламанае. Пашкоджанымі былі рашотка і шклопакет. 

Неўзабаве, побач з крамай два Аляксандры пабачылі незнаёмага нецвярозага мужчыну. Пры сабе ў яго былі і скрадзеныя ў краме тавары – паведамляе  Магілёўскае абласное Упраўленне ўнутраных спраў. 

Жыхары Копцеўкі на месцы затрымалі падазроную асобу і выклікалі міліцыю. Віна затрыманага была ўстаноўленая ў ходзе далейшых следчых мерапрыемстваў, а пільныя сяльчане атрымалі падзякі і каштоўныя падарункі.

У Магілёве лютая пробка на “фацінскім” мосце – фота

У выніку авары амаль цалкамі заблакаванымі аказаліся абедзве паласы, што вядуць з боку вуліцы Каралёва ў бок вуліцы Дзімітрава. Пробка заблакавала праезд для соцень аўтамашын, іх сярэдняя хуткасць складае 10-20 км/г.

Аварыя адбылася з удзелам аўтамашын “Audi” і “Opel”, прычым першую ад сутыкнення цалкам развярнула ў паласе.

Фота: тэлеграм каналы і магілёўскія паблікі 

На Магілёўшчыне за дзень двое чалавек загінулі на пажары

Трагедыі здарыліся 13 ліпеня ў Быхаве і Магілёўскім раёне.

У Быхаве гаспадар сядзібы 1953 году нараджэння атрымаў апёкі і памёр у больніцы. Прычыны пажару высвятляюцца, паведамляе прэс-служба Міністэрства надзвычайных сітуацыяў.

У вёсцы Таўпечыцы Магілёўскага раёну на пажарышчы знойдзены загінулы мужчына 1964 года нараджэння. Таксама прычыны пажары высвятляюцца.

 

У Магілёве аварыя на Пушкінскім праспекце. Будзьце пільнымі, магчымыя вялікія пробкі – фотафакт

Інфармацыя пра аварыю паявілася на магілёўскіх пабліках. Як відаць на фота, сутыкненне аўтамашын адбылося пасярод ажыўленай праезжай часткі недалёка ад магазіна “Перекресток”, што па праспекце імя Пушкіна, 35Б. 

Парада аўтааматарам – шукайце альтэрнатыўныя маршруты праезду.

У Магілёве на легкавік абрынулася дрэва

Ля найвялікшага ў горадзе Віленскага рынку навальніцай паваліла дрэва на праезную частку ў той момант калі прыязджала машына.

Як паведамляюць сведкі здарэння легкавік пашкоджаны. Акрамя яго механічныя пашкоджанні атрымала яшчэ адна машына. З людзей ніхто не пацярпеў.

Прыехалі супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі і ратавальнікі з пажарнай службы. Месца здарэнне ачэпленае.

Дайджэст апошніх падзеяў – крымінальныя хронікі

Смяротнае ДТЗ у Магілёве і затрыманні злодзеяў – узгадаем асноўныя падзеі за мінулыя суткі. 

36-гадовая жанчына стала ахвярай наезду аўтамабіля на пешаходным пераходзе ў абласным цэнтры. Як паведамляе прэс-служба магілёўскага УУС, 11 ліпеня ў 15.45 гадзін на скрыжаванні вуліц Крупскай і Бялінскага, пры непрацуючым – з-за пашкоджання кабеля – светлафоры жанчына пераходзіла праезжую частку. 

Для таго, каб яе прапусціць, у крайняй левай паласе спыніўся мікрааўтобус Renault. Па суседняй справа паласе, не зніжаючы хуткасць, ехаў аўтамабіль Renault Laguna. Каб звярнуць увагу кіроўцы легкавіка на пешахода, вадзіцель мікрааўтобуса пачаў сігналіць, аднак гэта не прадухіліла трагедыі. Ад атрыманых траўм жанчына сканала на месцы аварыі.

Як стала вядома з паведамлення УУС Магілёўскага аблвыканкама, 11 ліпеня быў затрыманы магілёвец, падазраваны ў крадзяжы бензарэза ў свах былых калегаў. 58-мі гадовы мужчына знаходзіўся на тэрыторыі будаўнічай арганізацыі, у якой раней працаваў. Калі супрацоўнікі ўстановы адышлі на перакур, ён сцягнуў будаўнічы інструмент, коштам каля 2 000 рублёў, і знік. Інструмент затым быў перапрададзены, але праваахоўнікам удалося ўстанавіць асобу і затрымаць злодзея.

 

11 ліпеня стала вядома пра затрыманне ў Магілёве кампаніі з чатырох чалавек – раней асуджаных мужчыны і трох жанчын. Напярэдадні яны залезлі на падворак у прыватную гаспадарку на вуліцы Урыцкага і скралі металічныя прадметы коштам у 300 рублёў. Пацярпелай аказалася 70-гадовая жыхарка Магілёва. Узбуджана крымінальная справа.

 

Легкавік падрэзаў веласіпедыста. На месцы здарэння міліцыя і хуткая дапамога

Паводле відавочцаў роварыст ехаў па веладарожцы ўздоўж вуліцы Крупскай і, перасякаючы праезную частку завулка Гогаля, яго зачапіў легкавік.

Веласіпедыст паваліўся. Выклікана хуткая дапамога і ДАІ. Супрацоўнікі аўтаінспэкцыі высвятляюць дэталі дарожнага здарэння.

Роваст мае цялесныя пашкоджанні – драпіны і ўшыбы.

У Бабруйску патануў 14-гадовы падлетак. Купаўся на кар’еры

Цела тапельца выратавальнікі адшукалі на глыбіні трох метраў за пяць мэтраў ад берагу. Кар’ер не быў прыдатны для купання.

Купацца ў ім пайшлі чацвёра дзяцей – родныя браты і сястра. Падлетак адышоўшы на пяць мэтраў ад берагу, нырнуў і на паверхні больш не з’яўляўся. Дзеці самі спрабавалі адшукаць пад вадой хлопца, але бясплённа.

На іхны лямант адгукнулася жанчына, якая і выклікала выратавальнікаў.

З пачатку чэрвеня ў рэгіёне патанула 18 чалавек. З іх трое дзяцей.