На Магілёўшчыне бесперапынна скарачаецца насельніцтва

Штогод у Магілёўскай вобласці страта насельніцтва складае больш за 1000 чалавек.

Як сведчаць даныя Белстата, за 2025 года колькасць людзей у вобласці скарацілася на 1687 чалавек. Годам раней скарачэнне было большае – 2 838. Некалькі гадоў да 2024 года Белстат не публікаваў звесткі, датычныя змянення колькасці насельніцтва. Але варта меркаваць, што менавіта ў тыя гады убыль была яшчэ большая, бо акурат на 2020-2023 гады прыпалі такія падзеі як пандэмія каранавіруса і ад’езд людзей у эміграцыю, звязаны з палітычнымі рэпрэсіямі.

Аднак і ў папярэднія гады насельніцтва Магілёўшчыны таксама толькі змяншалася. Так, у 2019 страта склала 1011 чалавек, у 2018 – 1583, у 2017 – 2405.

Адной з прычын такога палажэння з’яўляецца штогадовае змяншэнне колькасці наванароджаных. Летась іх нарадзілася 6131, у 2024 годзе – 6659. Ад 2023 да 2020 года статыстыка засакрэчана. А ў 2019 колькасць наванароджаных на Магілёўшчыне склала 9 625 дзяцей, у 2018 – 10 392, у 2017 – 11 136.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Рымска-каталіцкіх прыходаў стала напалову менш на Магілёўшчыне

У Магілёўскай вобласці зменшылася ўдвая колькасць рымска-каталіцкіх парафій. Адзінай грэка-каталіцкай удалося захавацца.

Масавая перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый у Беларусі прывяла да рэзкага змяншэння колькасці супольнасцяў з юрыдычным статусам. Асабліва адчувальнымі наступствы гэтай працэдуры сталі для каталіцкага касцёла на Магілёўшчыне, дзе фактычна знікла палова раней існых рыма-каталіцкіх парафій.

Публічных заяваў пра маштаб скарачэння ўлады не рабілі. Аднак высновы можна зрабіць, супаставіўшы афіцыйную статыстыку за розныя перыяды, піша Кatolik.life.  Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт нядаўна абнавіў інфармацыю пра канфесійны склад рэгіёна і колькасць зарэгістраваных рэлігійных супольнасцяў. Згодна з гэтымі звесткамі, на 1 лютага 2026 года ў вобласці засталося 12 дзейных рымска-каталіцкіх супольнасцяў.

Да старту перарэгістрацыі, паводле дадзеных Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, у Магілёўскай вобласці налічвалася 24 такія парафіі. Такім чынам, іх колькасць скарацілася роўна ўдвая.

Грэка-каталіцкая супольнасць, якая раней была адзінай у рэгіёне, здолела захаваць рэгістрацыю і працягвае дзейнасць. Пры гэтым афіцыйныя рэсурсы Каталіцкага Касцёла не ўтрымліваюць інфармацыі пра тое, якія менавіта рымска-каталіцкія парафіі страцілі юрыдычны статус у выніку перарэгістрацыі.

Фотаздымак: Кatolik.life

Магілёў – адзіны абласны цэнтр, дзе летась паменела людзей

Магілёў стаў адзіным абласным цэнтрам ў 2024 годзе, дзе зафіксавана зніжэнне колькасці насельніцтва.

Па выніках 2024 года агульнае насельніцтва Беларусі афіцыйна зменшылася з 9 156,0 тыс. да 9 109,3 тыс.чалавек. Такія даныя месцяцца ў “Статыстычным даведніку”, выданым Белстатам. Акрамя скарачэння насельніцтва на вёсцы, ідзе яго змяншэнне таксама ў гарадах. За год колькасць гарадскога насельніцтва скарацілася з 7 198, 3 млн да 7 182,7 млн чалавек.

З 13 найбуйнейшых гарадоў краіны, жыхароў стала менш у васьмі. У іх ліку адзін абласны цэнтр. Гэта – Магілёў.

Топ-13 найбуйнейшых гарадоў Беларусі па насельніцтву (па стане на 1 студзеня 2025г.)

1.Мінск 1 996,7 тыс. (на 1 студзеня 2025г.)     1 992,9 тыс. (на 1 студзеня 2024г.)

2.Гомель 501,2                                                   501,1

3.Гродна 363,7                                                   361,1

4.Віцебск 358,9                                                  358,4

5.Магілёў 352,9                                                 353,1

6.Брэст 346,1                                                     344,5

7.Бабруйск 205,5                                               207,4

8.Баранавічы 170,8                                           171,4

9.Барысаў 134,7                                                135,7

10.Пінск 124,0                                                    124,3

11.Мазыр 104,5                                                  105,2

12.Ліда 103,3                                                      103,9

13.Орша 101,7                                                    102,8

У 2017 годзе лукашэнкаўскія чыноўнікі планавалі, што ў 2025 годзе ў Магілёве будуць жыць 402 тыс. чалавек. Нават такія лічбы заклалі ў Генеральны план развіцця горада. Восем гадоў таму магіёўцаў налічвалася каля 375 тыс. чалавек.

Фота з адкрытых крыніц

Магілёўшчына на першым месцы ў скарачэнні пагалоўя буйной рагатай жывёлы

Скарачэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы адзначаецца па ўсёй Беларусі, але найбольшае яно – ў Магілёўскай вобласці.

Паводле праведзенага выданнем “Позірк” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, пагалоўе буйной рагатай жывёлы у Беларусі зменшылася за год на 2,1%.

Так, па выніках студзеня-сакавіка 2025 года гэтае пагалоўе склала 4 млн 12 тыс. 241. За аналагічны перыяд 2024 года было 4 млн 97 тыс. 254. Падзенне зафіксавана ва ўсіх рэгіёнах. Горшая дынаміка ў Магілёўскай вобласці – 480.971 (508.760; -5,5%).

Далей ідуць: Гарадзенская – 677.304 (694.281; -2,4%), Гомельская – 590.124 (603.494; -2,2%), Мінская – 910.672 (924.468; -1,5%), Берасцейская – 859.337 (869.901; -1,2%), Віцебская – 493.833 (496.350; -0,5%).

Паводле даных Белстата, пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў Беларусі ўпэўнена скарачаецца штогод. Напрыклад, у 2020 годзе яно налічвала 4 млн 290 тыс.,800 галоў.

Фота: pexels.com