Рымска-каталіцкіх прыходаў стала напалову менш на Магілёўшчыне

У Магілёўскай вобласці зменшылася ўдвая колькасць рымска-каталіцкіх парафій. Адзінай грэка-каталіцкай удалося захавацца.

Масавая перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый у Беларусі прывяла да рэзкага змяншэння колькасці супольнасцяў з юрыдычным статусам. Асабліва адчувальнымі наступствы гэтай працэдуры сталі для каталіцкага касцёла на Магілёўшчыне, дзе фактычна знікла палова раней існых рыма-каталіцкіх парафій.

Публічных заяваў пра маштаб скарачэння ўлады не рабілі. Аднак высновы можна зрабіць, супаставіўшы афіцыйную статыстыку за розныя перыяды, піша Кatolik.life.  Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт нядаўна абнавіў інфармацыю пра канфесійны склад рэгіёна і колькасць зарэгістраваных рэлігійных супольнасцяў. Згодна з гэтымі звесткамі, на 1 лютага 2026 года ў вобласці засталося 12 дзейных рымска-каталіцкіх супольнасцяў.

Да старту перарэгістрацыі, паводле дадзеных Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, у Магілёўскай вобласці налічвалася 24 такія парафіі. Такім чынам, іх колькасць скарацілася роўна ўдвая.

Грэка-каталіцкая супольнасць, якая раней была адзінай у рэгіёне, здолела захаваць рэгістрацыю і працягвае дзейнасць. Пры гэтым афіцыйныя рэсурсы Каталіцкага Касцёла не ўтрымліваюць інфармацыі пра тое, якія менавіта рымска-каталіцкія парафіі страцілі юрыдычны статус у выніку перарэгістрацыі.

Фотаздымак: Кatolik.life