У Краснаполлі рыбку з’есці, у Шклове райаграпрамсэрвіс наладзіць

У Шклове, куды Лукашэнка прыязджаў 13 ліпеня правяраць рэканструяваны райаграпрамсэрвіс, ён сфармуляваў эканамічную задачу, якая звычайна выклікае ў эканамістаў усмешку, а ў гаспадарнікаў – неўроз.

Даслоўна: «Цэны павінны быць пад кантролем старшыні аблвыканкама. Як мінімум старшыні райвыканкама. Цэны павінны быць не стратныя, павінен быць кантроль за выдаткамі, сабекоштам паслуг».

У адным абзацы састарэлы наватар запатрабаваў адразу дзве ўзаемавыключальныя рэчы: цэны пад адміністрацыйным кантролем зверху і адначасова бясстратнасць самога прадпрыемства.

Як гэта выглядае на паперы

Паводле плана, у краіне павінна быць 115-120 апорных райаграпрамсэрвісаў. Іх абавязак – абслугоўваць беларускую сельскагаспадарчую тэхніку, прычым не як «пасынкаў», а як «родных дзяцей»: з запчасткамі, гарантыяй, прыстойным сэрвісам. Адначасова – трымаць «прымальныя цэны», за якімі асабіста сочыць старшыня райвыканкама.

Калі скласці ўсё разам, атрымліваецца непрыемная схема:

  • старшыня райвыканкама вырашае, колькі можа каштаваць паслуга;
  • прадпрыемства абавязана ўкласціся ў гэты кошт так, каб не працаваць у страту;
  • заводы-вытворцы абавязаны пастаўляць запчасткі на ўмовах, якія таксама зручныя канчатковаму спажыўцу.

Хто ў выніку плаціць

Варыянт першы. Прадпрыемства працуе «без страт» на паперы – за кошт таго, што частка рэальных выдаткаў размазваецца па бюджэце раёна, вобласці або завода-вытворцы. Фармальна сэрвіс бясстратны, фактычна страта схаваная ў іншым радку. Гэта і ёсць базавая схема беларускай адміністрацыйнай эканомікі апошніх трыццаці гадоў.

Варыянт другі. Райаграпрамсэрвіс эканоміць на якасці. Запчасткі – таннейшыя, тэхнічнае абслугоўванне – хутчэйшае, дыягностыка – па рэшткавым прынцыпе. Цана пад кантролем, справаздачнасць прыгожая, камбайн праз паўгода зноў у майстэрні. Класічны сцэнар савецкага раённага сэрвісу.

Варыянт трэці. Заводы-вытворцы, прызначаныя «бацькамі» райаграпрамсэрвісам, адгружаюць запчасткі са скідкай, якую самі ж і аплачваюць. Страта перасоўваецца на ўзровень МТЗ або МАЗ. Дзяржава пры гэтым працягвае патрабаваць ад іх прыбытку, экспарту і мадэрнізацыі.

Усё астатняе – матэматыка

Рэканструкцыяй займалася ўпраўленне справамі Лукашэнкі, будаўніцтва пачалося ў красавіку 2025 года і да сярэдзіны ліпеня 2026-га «практычна завершана». Гэта значыць, узорам ужо пара служыць – а будаўніцтва яшчэ працягваецца. 

Кошт праекта, паводле прызнання кіраўніка спраў Юрыя Назарава, «як адзін малочна-таварны комплекс». Адзін комплекс – на адзін райсэрвіс у адным раёне. Памножыць на 115-120 запланаваных апорных пунктаў – і атрымаецца сума, якую страшна вымавіць уголас.

Цяжка даводзіцца нашаму дзядулі: і рыбку ў Краснаполлі хочацца з’есці, і сэрвіс у Шклове зрабіць узорным.

Фота БелТА.