Суддзя Магілёўскага аблсуда распавяла студэнтам аб карысці прымусовай працы

Аб абавязку працаваць прымусова распавяла на сустрэчы з навучэнцамі Сацыяльна-гуманітарнага каледжа суддзя Магілёўскага аблсуда Алена Манкевіч.

Сустрэча адбылася ў самім каледжы, і на ёй, калі паглядзець на апублікаваныя фотаздымкі, прысутнічалі адны дзяўчыны. Свой расповед суддзя пачала з таго, што па Канстутытуцыі Рэспубліка Беларусь гарантуе атрыманне адукацыі. Відаць, яна не ўдакладніла, што кажа пра спецыяльную адукацыю, а не сярэднюю ці базавую. 

Аднак тут жа Манкевіч заявіла, што выпускнікі за такую гарантыю таксама нешта павінны. А менавіта – гады прымусовай працы, бо дзяржава вызначыла такую меру, як адпрацоўку пасля заканчэння вну ці сярэдняй спецыяльнай установы.

“Суддзя адзначыла, што па завяршэнні навучання выпускнікі, якія атрымалі адукацыю за кошт бюджэтных сродкаў, абавязаны адпрацаваць абавязковы тэрмін пры накіраванні на працу. Калі ж абавязковы тэрмін не адпрацоўваецца без паважных прычын, у выпускніка ўзнікае абавязак пакрыць дзяржаве выдаткі, затрачаныя на яго падрыхтоўку. Суддзя прывяла прыклады з судовай практыкі, падкрэсліўшы, што такія справы разглядаюцца рэгулярна, што сведчыць аб актуальнасці тэмы” – распавядаецца ў тэлеграм-канале абласнога суда.

Такім чынам, аказваецца, даволі многа выпускнікоў сваімі дзеяннямі выказваюць нязгоду з тым, што на самой справе з’яўляецца парушэннем права на працу, бо права гэта не ёсць абавязак. І бюджэтныя грошы, за якія грамадзяне Беларусі атрымалі адукацыю, не з’яўляюцца грашамі беларускага ўрада ці Палаты прадстаўнікоў. “Няма ніякіх дзяржаўных грошай, ёсць толькі грошы падаткаплацельшчыкаў” – казала калісьці брытанскі прэм’ер-міністр Маргарэт Тэтчэр. І была яна абсалютна права ў адрозненні ад суддзі Манкевіч і тых, хто прымушае выпускнікоў да абавязковай працы. Грошы падаткаплацельшчыкаў – гэта грошы ў тым ліку і бацькоў тых дзяўчат, якіх сагналі ў актавую залу слухаць проціпраўныя адносна правоў чалавека аповяды прадстаўніцы Магілёўскага аблсуда.

Паколькі суддзі, нават магілёўскія, павінны быць больш-менш дасведчанымі ў праве, то яны выдатна ведаюць, што прызнакамі прымусовай працы з’яўляецца наяўнасць пакарання за адмову ад яе і адсутнасць добраахвотнасці. Якраз пра пакаранне за адмову проста з-за нежадання працаваць на непрывабнай працы і казала Манкевіч, спрабуючы паказаць справядлівасць прымусовай працы па ўказцы дзяржавы, якая існуе толькі за кошт падаткаплацельшчыкаў.

Мала таго, што міжнароднае права не дапускае абмежаванняў свабоды працы праз эканамічныя санкцыі, калі сама праца не з’яўляецца добраахвотнай, так і яшчэ артыкул 41 Канстытуцыі Беларусі сцвярджае, што кожны мае права на працу, выбар роду дзейнасці і прафесіі. Але дзе ж будзеш мець выбар роду дзейнасці, калі мусіш спачатку прымусова адпрацаваць некалькі год? Ці гаварыла пра гэты парадокс суддзя? Слаба верыцца.

Фотаздымак: ТГ Магілёўскага аблсуда

Былую навучэнку каледжа ў Бабруйску прымусілі аплаціць “бясплатнае” навучанне

У Бабруйску правялі паказны суд над былой навучэнкай каледжа імя Ларына за тое, што яна не адпрацавала “бясплатнае” навучанне. Дзяўчыну, насуперак Канстутуцыі і правам чалавека, прымусілі заплаціць за яго.

Як паведамляе суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска, дзяўчына навучалася ў Бабруйскім дзяржаўным каледжы імя Ларына і скончыла яго з атрыманнем прафесійна-тэхнічнай адукацыі па спецыяльнасці “Мастацка-афарміцельскія работы і дызайн інтэр’ераў. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.

“Атрымаўшы дыплом, адказчыца была размеркавана ў ААТ «Белмастацкераміка». Адпрацаваўшы паўтара месяца, была звольнена за прагулы без уважлівых прычын. Затрачаную дзяржавай суму на падрыхтоўку спецыяліста адказчыца ў добраахвотным парадку не пакрыла”, — гаворыцца ў паведамленні.

У выніку суд спагнаў з дзяўчыны 13 140 рублёў, а таксама пошліну ў памеры 657 рублёў.

Суд дзейнічаў па беларускіх законах, але вынесенае ім пакаранне ёсць парушэннем правоў чалавека і Канстытуцыі РБ. Справа ў тым, што студэнты ў Беларусі не падпісваюць асобны дагавор аб абавязковай адпрацоўцы бесплатна атрыманага навучання — яна навязваецца праз асобныя законы. Паколькі адсутнічае элемент добраахвотнасці, абавязковая адпрацоўка з’яўляецца прымусовай працай.

Згодна артыкулу 41 Канстытуцыі РБ, “прымусовая праца забараняецца, акрамя працы або службы на падставе судовага пастановы альбо ў адпаведнасці з законамі аб надзвычайным і ваенным становішчах”.

Фота:  суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска