Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Надзея Полькіна, Вольга Скрашчук, Іна Можчанка, Сяргей Самуль, Аляксей Мацявін, Георгій Герыловіч і Сяргей Цыгіб.

Праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі, а іх справы палітычна матываванымі.

Цяпер у Беларусі больш за 1300 палітвязняў.

Ніна Багінская

75-гадовай легендарнай удзельніцы пратэстаў, на якіх яна заўжды трымае бел-чырвона-белы сцяг, суд наклаў абмежаванні.

Паводле праваабаронцаў, у красавіку яе аштрафавалі на 1600 рублёў за тое, што выйшла са сцягам у цэнтр Мінска на Дзень Волі. 

Штраф Багінская аплочваць не стала і 19 жніўня суд наклаў абмежаванні, таму ёй забаронена паляваць, кіраваць машынай і маламернымі судамі, а аператарам сувязі забаронена прадстаўляць ёй паслугі інтэрнэту, мабільнай сувязі і тэлебачання.

Сяргей Кірыковіч

Асуджаны на 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, 35-гадовага жыхара Зэльвеншчыны прызналі вінаватым у “публічнай абразе і пагрозе ўжывання гвалту ў адносінах да Лукашэнкі, распальванні варожасці і варажнечы”.

Праваабаронцы пішуць, што нагодай для крымінальнага пераследу Кірыковіча сталі допісы ў сацыяльных сетках.

Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Бубенчык.

Аляксандр Комар, Андрэй Андрэеў

Мінскі гарадскі суд разглядае распачатую на іх крымінальную справу за «гвалт альбо пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім».

Паводле праваабаронцаў, нагодай для пераследу стаў эпізод, зафіксаваны на відэа з антываеннай акцыі 27 лютага 2022 года. Мужчыны ішлі на ваеннага, у той час як ён адступаў ад іх. Відэа разляцелася па інтэрнэт-пляцоўках.

Крымінальную справу разглядае суддзя Дзіна Кучук.

Дзяніс Раманчук

Паводле праваабаронцаў яго затрымалі за тое, што запусціў сёлета салют на 9 жніўня.

Пра зняволенне жыхара сталіцы паведамілі праўладныя медыя. 

На «пакаяльным» відэа ён кажа, што 9 жніўня ў 23.34 запусціў салют на вуліцы Шугаева ў Мінску.

Праваабаронцы дазналіся імя схопленага. Яны таксама даведаліся, што разам з ім забралі і жонку.

 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Ігар Казлоў, Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Наталля Кеда і Надзея Полькіна

Іх вінавацяць у так званай «тэрарыстычнай дзейнасці». Закрыты працэс праходзіць у Бабруйску. Ім інкрымінуюць

– Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй;

– Акт тэрарызму;

– пагроза здзяйснення акту тэрарызму;

– абраза Лукашэнкі;

Паводле паведамленняў у тэлеграм-каналах нагодай для крымінальнага пераследу стала падпальванне роставых фігураў, падобных на аднаго з палітыкаў.

Казлова, Мінкевіча и Ермоловіча яшчэ абвінавачваюць у падпале стралковага ціру і мінаванні чыгункі.


Уладзімер Мацкевіч

Пераведзены ў магілёўскую турму №4, дзе будзе чакаць паставы па апеляцыйнай скарзе.

 З ёю звярнуўся адвакат, а сам асуджаны адмовіўся абскарджваць вырак, бо, паводле яго, такім чынам пагодзіцца з абвінавачваннем.

Філозаф, мэтадалог і грамадскі дзеяч прызнаны праваабарончай супольнасцю палітвязнем.

23 чэрвеня ў Мінскім абласным судзе суддзя, Сяргей Епіхаў, прыгаварыў яго да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Справа разгядалася на закрытым працэсе.

Прызнаны вінаватым у:

– Арганізацыі і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх

– Абразе Лукашэнкі

– Стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім


Мікола Аўтуховіч

Ваўкавыскі прадпрымальнік, якога вінавацяць у падпале машыны і дому сілавікоў, дзясяты дзень не есць і не п’е.

Паводле крыіцаў аднаго з медыйных выданняў ён усё больш слабее, але трымаецца досыць бадзёра і не скардзіцца на свой стан. На працэсе ён пры неабходнасці ўстае і гаворыць, але ціха. У турме вязня рэгулярна наведваюць лекары.

Зняволены такім чынам пратэстуе супраць абмежавання яго ў ліставанні. Яму перасталі даходзіць лісты нават ад прэстарэлай маці.

Аўтуховіча вінавацяць ва ўчыненьні «Акт тэрарызму». Нібыта за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродна стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Па «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек.