Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Надзея Полькіна, Вольга Скрашчук, Іна Можчанка, Сяргей Самуль, Аляксей Мацявін, Георгій Герыловіч і Сяргей Цыгіб.

Праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі, а іх справы палітычна матываванымі.

Цяпер у Беларусі больш за 1300 палітвязняў.

Ніна Багінская

75-гадовай легендарнай удзельніцы пратэстаў, на якіх яна заўжды трымае бел-чырвона-белы сцяг, суд наклаў абмежаванні.

Паводле праваабаронцаў, у красавіку яе аштрафавалі на 1600 рублёў за тое, што выйшла са сцягам у цэнтр Мінска на Дзень Волі. 

Штраф Багінская аплочваць не стала і 19 жніўня суд наклаў абмежаванні, таму ёй забаронена паляваць, кіраваць машынай і маламернымі судамі, а аператарам сувязі забаронена прадстаўляць ёй паслугі інтэрнэту, мабільнай сувязі і тэлебачання.

Сяргей Кірыковіч

Асуджаны на 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, 35-гадовага жыхара Зэльвеншчыны прызналі вінаватым у “публічнай абразе і пагрозе ўжывання гвалту ў адносінах да Лукашэнкі, распальванні варожасці і варажнечы”.

Праваабаронцы пішуць, што нагодай для крымінальнага пераследу Кірыковіча сталі допісы ў сацыяльных сетках.

Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Бубенчык.

Аляксандр Комар, Андрэй Андрэеў

Мінскі гарадскі суд разглядае распачатую на іх крымінальную справу за «гвалт альбо пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім».

Паводле праваабаронцаў, нагодай для пераследу стаў эпізод, зафіксаваны на відэа з антываеннай акцыі 27 лютага 2022 года. Мужчыны ішлі на ваеннага, у той час як ён адступаў ад іх. Відэа разляцелася па інтэрнэт-пляцоўках.

Крымінальную справу разглядае суддзя Дзіна Кучук.

Дзяніс Раманчук

Паводле праваабаронцаў яго затрымалі за тое, што запусціў сёлета салют на 9 жніўня.

Пра зняволенне жыхара сталіцы паведамілі праўладныя медыя. 

На «пакаяльным» відэа ён кажа, што 9 жніўня ў 23.34 запусціў салют на вуліцы Шугаева ў Мінску.

Праваабаронцы дазналіся імя схопленага. Яны таксама даведаліся, што разам з ім забралі і жонку.