Пашана для статыстыкі: чаму званне ганаровага грамадзяніна Магілёва стала банальнасцю

У Магілёве званне “Ганаровы грамадзянін” усё яшчэ ўручаюць. Вось і нядаўна, са звыклай урачыстасцю, медалём і словамі “дзякуй за ўсё”, яго атрымаў ветэран вайны Міхаіл Цітоў. Хаця, калі прыглядзецца, гэты тытул сёння каштуе прыкладна столькі ж, колькі запрашэнне на суботнік або камплект праўладных буклетаў у паштовай скрыні.

Мяне, як чалавека, што вырас пад магілёўскімі таполямі, заўсёды цікавіла, хто ж тыя абраныя, каго горад уганароўвае. Дзіцячая фантазія малявала іх як герояў з падручнікаў: мастакоў, вучоных, людзей, што адкрылі для Беларусі Марс. Але вось сяджу на кухні, п’ю чай і чытаю навіну: “Ганаровае званне — ветэрану вайны”. І ў галаве раптам уключаецца іранічнае радыё: “А колькі такіх было? А ў чым менавіта гонар, калі ўзнагароджваюць за тое, што для цэлага пакалення было абавязкам, а не подзвігам?”

Усё жыццё мяне вучылі: “Ганаровы грамадзянін — гэта чалавек-легенда, прыклад для ўсіх”. Але, гледзячы на спіс уладальнікаў гэтага звання, узнікае пытанне — дзе сканчаецца сапраўдны гонар, а дзе пачынаецца руціннае раздаванне грамат?

Я, напэўна, не адзіны, хто адчувае, што словы “ганаровы” і “грамадзянін” у афіцыйных дакументах і на вуліцах горада ўжо не сустракаюцца ў прыродзе разам. І вось тут — самая дзіўная частка. Чаму ж нашы ўлады так упарта трымаюцца за фармат узнагарод, які, здаецца, страціў свой сэнс?

Памятаю, як у дзяцінстве мяне вучылі: “Гонару вартыя толькі тыя, хто робіць нешта неверагоднае”. Але што, калі тваё “неверагоднае” — гэта проста выжыць? Міхаіл Цітоў, ветэран вайны, атрымаў званне ў 2025 годзе. Сапраўды, ён змагаўся, выжыў, вярнуўся — як і сотні тысяч ягоных аднагодкаў. І тут не іронія, а смутак: яго асабісты лёс уладкавалі ў статыстыку, яго досвед ператварылі ў нагоду для пратакольнай фотасесіі.

У гэтым уся наша сённяшняя палітычная “ганаровая эканоміка”: статус даюць не за выключнае, а “па плану”. Дзяржава ўжо даўно працуе як банкаўская сістэма сацпакетаў: “Тут ветэрану медаль, тут дырэктару ўніверсітэта грамату, тут — спартсмену кватэру, усім — крыху гонару, каб у справаздачы выглядала душэўна”.

Я не супраць ушанавання ветэранаў. Наадварот, у нашай сям’і таксама ёсць сваякі, што прайшлі вайну, і для мяне іх подзвіг — асабісты боль і гонар. Але чаму ўлады выбіраюць адных і абмінаюць іншых? Хто і як вядзе гэты спіс “пачэсных”, калі ў горадзе яшчэ жывыя дзясяткі такіх жа, але менш медыйных старых, якія не патрапілі ў аб’ектыў чыноўніка?

Здаецца, “ганаровае” перастала быць знакам выключнасці, а ператварылася ў такі сабе “ліст чакання”. Як раздача талонаў у паліклініцы: сёння атрымаў ты, заўтра — сусед, а там і да “чаргі на ўзнагароды” недалёка. Можа, яшчэ крыху — і будзе электронная чарга ў “Мой горад”, дзе можна адсачыць свой статус “патэнцыйнага ганаровага”.

Магчыма, прычына ў тым, што ўлады засталіся без герояў. Сёння цяжка вынаходзіць новых легенд, калі сапраўдны герой — гэта часта чалавек без сувязей, без фота ў газеце, без патрэбных “праектных заслуг”. А для афіцыйнай сістэмы ўсе павінны быць або зручнымі, або “правільна падрыхтаванымі”.

Таму і атрымліваецца, што ўручаюць званне “ганаровага” тым, хто ўжо не можа адмовіцца, не спрачаецца, не задае лішніх пытанняў. Маўклівая цырымонія, некалькі ўзнёслых слоў, фота для справаздачы, дзе горад выглядае добразычлівым і ўдзячным. І ўсё — ідэальна па пратаколе.

А што засталося тым, хто сапраўды жыў з годнасцю, але не быў заўважаны? Хто не паспеў атрымаць медаль, бо жыве ціха і без афіцыйных запрашэнняў? Ды яны і не чакаюць нічога — апроч павагі і памяці. Але тут дзяржава не спяшаецца: гонар цяпер вымяраецца не ў дзеяннях, а ў “спісе ўзнагароджаных”.

Калісьці званне “ганаровы грамадзянін” было амаль як рарытэтны тытул. А цяпер яно ператварлася ў латарэю, дзе шанцы ўзрастаюць з кожным з’ездам ветэранаў і кожнай круглай датай.

Часам мне здаецца, што сапраўдная пашана — як старая магілёўская брукаванка: толькі той, хто ведае, адрозніць камень, пакладзены з любоўю, ад таго, што паклалі “для птушачкі”. Бо сапраўдная павага не патрабуе пратакольных цырымоній. А калі ўсё жыццё ператвараецца ў пагоню за ўзнагародамі, застаецца толькі адно пытанне: ці не пераблыталі мы сапраўдных герояў з тымі, каму проста пашанцавала апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы?

Можа, калісьці званне “ганаровы” зноў стане рэдкасцю, а не штампам для справаздачы? Ці, можа, мы ўжо навучыліся цаніць сапраўдную пашану — ціха, без медалёў, але з павагай адзін да аднаго?

Якуб Ясінскі

Фота: “Веснік Магілёва”

200 гусараў супраць Масквы

27 чэрвеня 1581 года менш за 200 гусараў з роты Марціна Казаноўскага на працягу сямі гадзін абаранялі Магілёў ад 30-тысячнага расійскага войска. Іх барацьба адбывалася не за гарадскімі мурамі, а ў адкрытым полі! Калі на дапамогу прыйшлі яшчэ каля 300 коннікаў лёгкай кавалерыі, вораг быў прагнаны з-пад горада.

Папярэдні ўдар

1581 год адзначыўся трэцім паходам войскаў Стэфана Баторыя супраць Маскоўскай дзяржавы. Два папярэднія завяршыліся перамогай: былі вызвалены Полацк і захоплены Веліж. Трэці паход быў накіраваны на Пскоў. Аднак яшчэ да падыходу войскаў Рэчы Паспалітай пад горад (у канцы жніўня), у чэрвені варожыя сілы ўварваліся на тэрыторыю ВКЛ.

Колькасць войска ацэньвалася розна: ад 40–45 тысяч да 30 тысяч (лічба, пададзеная Маркоўскім — паручнікам гусарскай роты Казаноўскага, які змагаўся пад Магілёвам).

Армія захопнікаў складалася пераважна з татарскай, казацкай і маскоўскай кавалерыі. Як адзначаў ксёндз Ян Пятроўскі: «люд нікчэмны, благі». Гэтыя сілы былі прыдатныя для рабавання слабых вёсак і мястэчак, але не для працяглых аблог умацаваных гарадоў. Яны спадзяваліся на заспеці знянацку, разлічваючы на слабую мараль абаронцаў.

У рэгіёне ад Дуброўна праз Оршу, Копысь, Шклоў да Магілёва і Мсціслава польска-літоўскія сілы былі нешматлікія — каля 1000 коннікаў, прычым яны былі рассеяны.

Склад маскоўскага войска

З ліста Стравінскага да караля вядома, што ў склад войска ўваходзілі старэйшыя ваяводы:

«…Міхайла Пятровіч Кайцераў, Андрэй Іванавіч Хварастэнін, Ізмаілаў, Раман Дзмітравіч Бутурлін, князь Міхайла Васілевіч Наздроваты, князь Іван Міхайлавіч Волхаўскі, князь Маркулей Шчарбаты, Іван Міхайлавіч Батуркін, Фёдар Фустаў, Міхайла Глебаў Салтыкоў, князь Іван Барацінскі… і іншыя, уключаючы татар і казакоў.»

Паводле таго ж ліста, агульная колькасць сіл — каля 45 000 чалавек, уключаючы 1000 стральцоў на конях.

25 чэрвеня яны перайшлі Дняпро, а 27 чэрвеня апынуліся пад Магілёвам.

Бітва

27 чэрвеня (аўторак) расійскае войска напала на прадмесці Магілёва, спаліўшы іх. Але, як пісаў Стравінскі:

«…яны хацелі ўвайсці ў горад і спаліць яго, але дзякуючы Божай дапамозе, агню з замка і з акопаў, стральцы і людзі з ружжамі стрымалі іх, не пусціўшы бліжэй… Спалілі некалькі соцень дамоў, але людзей не захапілі, толькі двух паранілі. А самі панеслі вялікія страты.»

Калі б не гусары з роты Казаноўскага (200 чалавек) і праз 7 гадзін — ротай лёгкай кавалерыі (петыгорская рота Темрука Шымковіча — 164 коні, і казацкая рота Хрыштафа Радзівіла — 150 коней), горад бы не ўстояў.

Ход бітвы

Згодна з паведамленнем шляхціца з-пад спаленага Галоўчына, 30 чэрвеня 1581 года:

«Магілёў і яго прадмесці спалілі, ледзь не ўварваліся ў горад і замак. Але з дапамогай Божай і рот Казаноўскага, Тэмрука і Радзівіла адбілі напад і змагаліся з імі.»

Ксёндз Ян Пятроўскі, пад датай 11 ліпеня 1581, занатаваў:

«Рота Казаноўскага (200 чалавек) адна без ротмістра прыйшла першай, пачула пра нападнікаў і 7 гадзін трымала абарону, не пусціўшы іх да горада. Пасля прыйшла рота Тэмрука. Масквіты, бачачы супраціў, уцяклі да Дняпра, пераправіліся, але нашы і там іх гналі. Некалькіх паланілі і прывезлі да караля.»

Ахвяры і вынікі

Сярод гусараў з роты Казаноўскага не загінуў ніводзін, але ў казацкай роце Радзівіла былі страты:

«…іншых забілі, трох таварышаў узялі жывымі: Гульскага, Жбікоўскага і Куроеда.»

Пасля бітвы

Магілёў быў уратаваны. Расійскае войска адступіла да Оршы, падпальваючы некаторыя сядзібы. Хаця ліцвіны і паведамлялі пра 2000 спаленых вёсак, рэальныя страты былі менш значныя.

Ксёндз Пятроўскі, са слоў паручніка Маркоўскага, пісаў:

«Шкод ва ўладаннях вакол Магілёва амаль няма. Літва ўсё перабольшвае. Дуброўна было толькі напалохана, нешта спалілі ў Мінскага і ў Галоўчынскага, які пісаў скаргу да караля.»

У выніку, пасля таго як 30-тысячнае войска Масквы адступіла, больш за 200-тысячнае войска Рэчы Паспалітай увайшло ў Маскоўскую дзяржаву і рушыла на Пскоў!

Д-р Радаслаў Сікора

kresy.pl  Пераклад з польскай

У Магілёве для першакласнікаў, чые бацькі члены «Белай Русі», арганізавалі свята. На ім раздавалі марозіва

На ўсцяж рускамоўнае свята прыйшло некалькі сот чалавек. Шмат дзяцей.



Хто на свяце найбольш чаканы, гаварылася ў яго анонсах.

«У скверы 40-годдзя Перамогі адбудзецца гарадское свята «Здравствуй школа!» для першакласнікаў, чые бацькі з’яўляюцца членамі РГА «Белая Русь», паведамляў «Веснік Магілёва.

Адзначалася, што ў скверы «40-годдзя Перамогі» будзе арганізавана дэгустацыя прадукцыі мясцовых прадпрыемстваў. Сярод іх згадваліся «Фабрыка марожанага» і «Бабушкіна крынка», якія вырабляюць шмат смачнага для дзяцей. 

Свята абвясцілі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Соберем портфель вместе”, накіраванай на дапамогу ў набыцці школьных прылад.

Некаторыя з удзельнікаў былі здзіўленыя адсутнасцю беларускамоўных выступленняў, але, па іх словах, дзятва не сумавала. Кожны знаходзіў сабе занятак.