Прыгожае відэа з магілёўскай пагулянкай. 4 частка – музыкі

У магілёўскай пешаходніцы ёсць свой голас. Яго ствараюць не толькі прахожыя сваёй гаманою, але і вулічныя музыцы. Гэта, пераважна, маладыя людзі, якія свой горад стараюцца зрабіць напраўду сваім. Невялікае відэа з пагулянкі, прысвечанае тутэйшым музыкам і іх рамяству рабіць жыццё вуліцы весялейшым.

 

Пешаходную вуліцу ведае кожны магілёвец. Гэта ўлюбёнае месца шпацыру гараджанаў. Яны прыязджаюць з аддаленых куткоў Магілёва, каб прайсціся ёю. Адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.

Працягласць нашай пешаходніцы 1490 метраў. Іх мы пройдзем з відэакамерай і пакажам тое, што, можа, не разгледзелі землякі заклапочаныя сваімі справамі, ці захопленыя прыяцельскімі гутаркамі.

Такім чынам, у дарогу. На відэа сённяшняга дня – чацвёрты адцінак падарожжа.

Выхадныя скончыліся – падарункі не. Прыгожае відэа з магілёўскай пагулянкай. 3 частка

Працягваем вандроўку пешаходнай вуліцай Магілёва. Паблукайма ля звяздара і палічым мінакоў.

Гэтую мясцінку ў цэнтры гораду ведае кожны магілёвец. Пешаходніца – улюбёная вуліца шпацыру гараджанаў. Яны прыяжджаюць з аддаленых куткоў Магілёва, каб прайсціся ёю. Адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.

 

Працягласць нашай пешаходніцы 1490 метраў. Іх мы пройдзем з відэакамерай і пакажам тое, што, можа, не разгледзелі землякі заклапочаныя сваімі справамі, ці захопленыя прыяцельскімі гутаркамі.

Такім чынам, у дарогу. На відэа сённяшняга дня – трэці адцінак падарожжа.

У Клічаве шматкватэрныя дамы пазбаўляюць гарачага водазабеспячэння. Людзі пратэстуюць

Ад уладальнікаў кватэр патрабуюць дэмантаваць газавыя калонкі, якія яны ставілі за свой кошт, каб у іх была гарачая вада. Пазбаўляцца адной з даброт цывілізацыі людзі не хочуць і атакуюць райвыканкам калектыўнымі скаргамі. 

Чыноўнікі кажуць, што шукаюць варыянты развязання праблемы. Пакуль выйсце не знойдзенае. Патрабаваньні тлумачацца мерамі бяспекі

Прапрацоўваецца аптымальны варыянт вырашэння праблемы

Пра праблему райцэнтру стала вядома са звестак абласнога сэмінару-нарады, прысвечанага зваротам грамадзян у органы ўлады. На ім было адзначана, што ў Клічаве зафіксаваны істотны іх рост.

«Гэта выклікана калектыўнымі зваротамі жыхароў шматкватэрных дамоў. Праблемная тэма – адключэнне газавых воданагравальнікаў і забяспечанасць гарачым водазабеспячэннем. На гэты момант прапрацоўваецца аптымальны варыянт вырашэння праблемы», – піша газета «Прысожскі край», спасылаючыся на начальніцу ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян аблвыканкаму Іну Філіпаву.

Жыхарам шматкватэрных дамоў прапануюць замест дэмантаваных падагравальных газавых калонак ставіць электрычныя. Людзі патрабуюць, каб тое рабілася за дзяржаўныя грошы, бо газавыя воданагравальнікі яны ставілі за свае.


З гісторыі праблемы. У Круглым супрацоўнікі газавай службы хадзілі па кватэрах з міліцыяй.


Клічаў не першы горад на Магілёўшчыне, які сутыкаецца з падобнай праблемай. Раней такая ж сітуацыя паўстала перада жыхарамі Круглага.

На іхныя скаргі чыноўнікі адпісвалі, што на закуп такога абсталявання ў бюджэце няма грошай, і абяцалі вырашыць праблему з гарачай вадой на працягу дзесяці гадоў.

Цэнтралізаванай сістэмы гарачага водазабеспячэння ў Круглым няма, хаця дамы, як паінфармавала жыхароў Міністэрства энергетыкі, праектаваліся з гарачай вадой. Трубаправод дэмантавалі. Каб мець у кватэрах гарачую ваду, гаспадары і пачалі ставіць газавыя калонкі.

Супрацоўнікі газавай службы разам з міліцыяй абыходзілі кватэры і «зразалі» абсталяванне. Гаспадары зачыняліся ў сваіх хатах і адмаўляліся пускаць візіцёраў.

Мясцовая ўлада тлумачыла дэмантаж газавых калонак мерамі бяспекі. Для адводу прадуктаў гарэння людзі выкарыстоўвалі вентыляцыйныя шахты, што стварала небяспеку ўзгарання ў нутры яе і нават выбуху.

Каб узаконіць наяўнасць газавай воданагравальнай калонкі неабходна зрабіць знешні адвод прадуктаў гарэння, а тое вымагае немалых сродкаў. Спачатку трэба замовіць праект на такую працу.

 

Траіх заблуканых у лесе грамадзян міліцыя не можа адшукаць. Бывае, што знаходзяць парэшткі зніклых людзей

У Беларусі за пяць апошніх гадоў 84 чалавекі міліцыя не змагла адшукаць. Супрацоўнікі кажуць, што бываюць выпадкі калі знаходзяць праз некалькі гадоў парэшткі людзей.

За апошнія два дні сёлетняга ліпеня ў органы ўнутраных справаў было пяць зваротаў аб зніклых у лесе людзях у Па двух усё яшчэ вядзецца актыўны пошук.

Паводле начальніка аддзелу арганізацыі вышуковай працы крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў Дзмітрыя Крукава штогод паступае ад 150 да 400 заяў аб згубах людзей, піша інфармацыйнае агенцтва “Белта”.

«Як правіла, сезон пачынаецца ў ліпені, – апавядае міліцыянт. – У першым паўгоддзі 2022-га нам паступіла 14 заяў. На жаль, трох грамадзян мы так і не знайшлі. Калі браць ліпень гэтага года, то толькі за апошнія два дні было пяць такіх зваротаў у органы ўнутраных справаў. Па двух з іх усё яшчэ вядуцца актыўныя пошукавыя мерапрыемствы».

Па ягоных словах з 2017 года было разгледжана каля 2 тысячы такіх заяў аб знікненні людзей.

«На сённяшні дзень 84 чалавекі застаюцца зніклымі без вестак,  — адзначае ён. — Бывае, мы знаходзім парэшткі людзей праз некалькі гадоў, але ўвесь гэты час сваякі зніклых не ведаюць аб лёсе сваіх блізкіх».

фота з адкрытых крыніц

Экскаватарная археалогія ў Магілёве – у ахоўнай зоне выкапалі катлаван без неабходнага нагляду

На Падміколлі, каля адноўленай Пакроўскай царквы чытачы Магілёў.media

заўважылі агромністую, нядаўна выкапаную экскаватарамі яму. 

Уся гэтая тэрыторыя ўваходзіць у ахоўную зону – адзначылі ў прыватнай гутарцы спецыялісты па ахове спадчыны – і любыя земляныя работы тут, на глыбіні большай за 60 сантыметраў, павінны суправаджацца археалагічным наглядам. Як можна пабачыць на фотаздымках, катлаван мае глыбіню каля 1,5-2 метраў.

Прысутнасць археолагаў на мясцовасці заўважаная не была, затое на паверхні гары з выкінутым у ходзе работ культурным слоем нашы чытачы заўважылі нямала артэфактаў канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. 

Асаблівую цікавасць выклікала плітка з крыжападобнай выявай, якая магла выкарыстоўвацца для пакрыцця падлогі ў памяшканнях арыгінальнай Пакроўскай царквы.

 

 

Папараць-кветка, зёлкі, аголеныя дзявочыя ногі. Купалле у глыбінцы Магілёўшчыны

Мінулай ноччу беларусы шукалі таямнічую папараць-кветку са спадзевам, што яна прынясе ім шчасце.

Купальскі Мсціслаў

На Магілёўшчыне купалле, якое мае быць напоўненае эратызмам і таямнічасцю, адзначалі ў райцэнтрах. Ва ўмовах татальнага падпарадкавання ўладнай вертыкалі і праграме купальскага фэсту пад Шкловам, рэліктавымі і тым больш каштоўнымі выглядаюць спробы захаваць традыцыю народных гулянняў менавіта ў глыбінцы.

mstlife.by

Таму, Магілёў.media зазірнуў на купалле ў Мсціслаў. На фотаздымках, на сайце мясцовай раёнкі «Святло Кастрычніка», свята падавалася цнатлівым: традыцыйныя сцэны з выступленнямі самадзейных артыстаў, забавы для дзяцей і дарослых.

Усё выглядала б будзённа, каб не група дзяўчат, якія агаліўшы ногі, увайшлі ў раку, каб кінуць у яе купальскі вянок. Купальскага качання ў расе аголеных маладзіц камера не выхапіла. Па-за ўвагай засталася вандроўка ўдзельнікаў у лес па папараць-кветкі.

 

Асаблівасці святкавання купалля беларусамі

Першапачаткова паганскае свята трывала ўвайшло ў народны каляндар. У ноч з 6 на 7 ліпеня купалу славяць Хрысціяне праваслаўнай традыцыі.

У архаічныя часы яно святкавалася ў дзень летняга сонцастаяння, якое прыпадае на 23 чэрвеня. У гэты ж дзень цяпер адзначаюць Купалле ў заходніх рэгіёнах краіны, дзе больш распаўсюджанай застаецца каталіцкая святочная традыцыя.

Праваслаўнае насельніцтва  перанесла святкаванне на ліпень у сувязі з выкарыстаннем юліянскага календара.

На купалу палявыя зёлкі напаўняцца цудадзейнымі ўласцівасцямі.

Лічыцца, што на купалу ўсе жыццятворныя сілы зямлі набываюць найбольшую моц. Палявыя зёлкі напаўняцца цудадзейнымі ўласцівасцямі. Таму, ад раніцы, калі яшчэ не спала раса, дзяўчаты і жанчыны збіралі купальскае разнаквецце – купальскія зёлкі.

Яны захоўваліся ў доме на працягу ўсяго года як надзейны лекавы сродак і абярэг ад рознай злыбяды. Звітыя з кветак вянкі былі абрадавым галаўным уборам і сімвалізавалі дзявоцкую чысціню. На іх таксама варажылі пра будучую шлюбную долю.

фота: mstlife.by

 

На Магілёўшчыне ласі ігнаруюць правілы дарожнага руху – церпяць людзі

Дарожныя здарэнні, справакаваныя дзікімі жывёламі адбыліся ў Мсціслаўскім і Бабруйскім раёнах.

Пацярпелі чацвёра чалавек, сярод іх дзіця. Усе яны трапілі ў шпіталь.

Інфармацыйная агенцтва «Белта» не піша, ці выжылі жывёлы.

ДАІ нагадвае кіроўцам, каб яны былі максімальна ўважлівыя на дарогах, асабліва ў вечаровы і начны час.

фота: minsknews.by

У Берліне аўтамабіль уехаў у натоўп людзей. Адзін чалавек загінуў, шмат параненых

Прычыны здарэння невядомыя. Па розных звестках, пацярпелі ад 8 да 30 чалавек, некаторыя атрымалі цяжкія траўмы.

Як паведамляе выданне Bild кіроўца хацеў збегчы, але яго затрымалі людзі. Ён арыштаваны.

bilder.bild.de

Інцыдэнт адбыўся на ажыўленай вуліцы Ранкештрасэ ў раёне Шарлётэнбург на захадзе Берліна, аўтамабіль заехаў у вітрыну крамы. 

Паводле прэс-сакратара паліцыі Тыля Кабліц «блізу 10.30 мужчына ўехаў на сваім аўтамабілі ў групу».

Паліцыя не можа сказаць пэўна, ці  было гэта наўмыснае дарожна-транспартнае здарэнне, або выкліканае абставінамі звязанымі са здароўем кіроўцы.

bilder.bild.de

Прадстаўнік паліцыі сказаў, што сам кіроўца ДТЗ быў «відавочна пад уражаннем ад таго, што адбылося».

У выратаванні пацярпелых задзейнічаны гелікоптар. Працуе 60 пажарных. Тэрыторыя ачэпленая.

Паводле інфармацыі BILD, інцыдэнт здарыўся на тым месцы, дзе ў снежні 2016 года адбыўся тэракт. Тады грузавік уехаў у натоўп на калядным кірмашы. Ахвярамі сталі мінімум 12 чалавек, яшчэ каля 50 атрымалі раненні.

 

Жыццё ў вёсцы. Не рамантаваныя вуліцы, кепская вада, зачыненая крама і фэльчарска-акушэрскі пункт

У Горацкім раёне на сустрэчу з чыноўнікам жыхары аграгарадка Леніна прынеслі ваду, каб паказаць якой яна якасці.

Скардзіліся вяскоўцы на нястачу ў мясцовых крамах неабходных тавараў харчовай групы і канцтавараў для школьнікаў. 

Яшчэ іх абурае якасць рамонту шматкватэрнага дому і стаянка аўтамабіляў у зялёнай зоне ды клумбе. Яны хацелі б, каб закрылі праезд аўтатранспарту па цэнтральнай плошчы пасёлку, піша газета райвыканкаму «Горацкі веснік».


У аграгарадку Леніна жыве паўтары тысячы чалавек. Тут месціцца педагагічны каледж. Ёсць Дом культуры, гасцініца. Паселішча за дзясятак кіламетраў ад беларуска-расійскай мяжы. Многія жыхары выязджалі ў суседнюю краіну на заробкі. Да райцэнтру Горкі 16 кіламетраў.

Паселішча вядомае музеем «савецка-польскай баявой садружнасці». У Другую сусветную вайну толькі сфармаваную польскую дывізію Касцюшкі кінулі на прарыў абароны гітлераўцаў. Загінула блізу 3 тысяч вайскоўцаў.


Наведаліся чыноўнікі, як піша раёнка, і ў суседняе Стараселле. Да яго ад Леніна тры з паловай кіламетры. Паводле вяскоўцаў тут наагул зачынілі краму. Харчы прывозіць аўталаўкай. 

Жыхары цвердзяць, што ёй бракуе запатрабаваных тавараў, а якасць тых, што ёсць іх не задавальняе. 

Зачынены тут і фэльчарска-акушэрскі пункт. Жыхарам даводзіцца звяртацца па медычную дапамогу альбо ў Леніна, або ездзіць у Горкі.

 


У Стараселлі месціцца Лагер працоўнай прафілактыкі. У ім утрымліваюць жанчын, якія злоўжываюць алкаголем. Яны шыюць спэцадзежу пад заказ для розных арганізацыяў, а таксама матрацы, падушкі, коўдры.

Пасля чарнобыльскай аварыі ў Стараселлі ўзвялі дамы для перасяленцаў. Нямала іх цяпер пустуе.


фота: gorki news