У Клічаве шматкватэрныя дамы пазбаўляюць гарачага водазабеспячэння. Людзі пратэстуюць

Ад уладальнікаў кватэр патрабуюць дэмантаваць газавыя калонкі, якія яны ставілі за свой кошт, каб у іх была гарачая вада. Пазбаўляцца адной з даброт цывілізацыі людзі не хочуць і атакуюць райвыканкам калектыўнымі скаргамі. 

Чыноўнікі кажуць, што шукаюць варыянты развязання праблемы. Пакуль выйсце не знойдзенае. Патрабаваньні тлумачацца мерамі бяспекі

Прапрацоўваецца аптымальны варыянт вырашэння праблемы

Пра праблему райцэнтру стала вядома са звестак абласнога сэмінару-нарады, прысвечанага зваротам грамадзян у органы ўлады. На ім было адзначана, што ў Клічаве зафіксаваны істотны іх рост.

«Гэта выклікана калектыўнымі зваротамі жыхароў шматкватэрных дамоў. Праблемная тэма – адключэнне газавых воданагравальнікаў і забяспечанасць гарачым водазабеспячэннем. На гэты момант прапрацоўваецца аптымальны варыянт вырашэння праблемы», – піша газета «Прысожскі край», спасылаючыся на начальніцу ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян аблвыканкаму Іну Філіпаву.

Жыхарам шматкватэрных дамоў прапануюць замест дэмантаваных падагравальных газавых калонак ставіць электрычныя. Людзі патрабуюць, каб тое рабілася за дзяржаўныя грошы, бо газавыя воданагравальнікі яны ставілі за свае.


З гісторыі праблемы. У Круглым супрацоўнікі газавай службы хадзілі па кватэрах з міліцыяй.


Клічаў не першы горад на Магілёўшчыне, які сутыкаецца з падобнай праблемай. Раней такая ж сітуацыя паўстала перада жыхарамі Круглага.

На іхныя скаргі чыноўнікі адпісвалі, што на закуп такога абсталявання ў бюджэце няма грошай, і абяцалі вырашыць праблему з гарачай вадой на працягу дзесяці гадоў.

Цэнтралізаванай сістэмы гарачага водазабеспячэння ў Круглым няма, хаця дамы, як паінфармавала жыхароў Міністэрства энергетыкі, праектаваліся з гарачай вадой. Трубаправод дэмантавалі. Каб мець у кватэрах гарачую ваду, гаспадары і пачалі ставіць газавыя калонкі.

Супрацоўнікі газавай службы разам з міліцыяй абыходзілі кватэры і «зразалі» абсталяванне. Гаспадары зачыняліся ў сваіх хатах і адмаўляліся пускаць візіцёраў.

Мясцовая ўлада тлумачыла дэмантаж газавых калонак мерамі бяспекі. Для адводу прадуктаў гарэння людзі выкарыстоўвалі вентыляцыйныя шахты, што стварала небяспеку ўзгарання ў нутры яе і нават выбуху.

Каб узаконіць наяўнасць газавай воданагравальнай калонкі неабходна зрабіць знешні адвод прадуктаў гарэння, а тое вымагае немалых сродкаў. Спачатку трэба замовіць праект на такую працу.