Дзень у гісторыі: 3 жніўня. Пачатак «Рэйкавай вайны». Нарадзіліся медык, дзеяч беларускай эміграцыі Баляслаў Грабінскі і біятланістка Дар’я Домрачава. Памёр Янка Маўр, аўтар «Палескіх рабінзонаў» і «У краіне райскай птушкі»

1615 год. Памёр Крыштаф Дарагастайскі.

Дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, доктар медыцыны.

Падарожнік па Еўропе. Ганаровы грамадзянін Венецыі. Герой Інфлянцкай вайны. 

Непахісны абаронца свабодаў пратэстантаў. Аўтар кніг энцыклапедычнага зместу пра коней, па конегадоўлі, коннай яздзе, ветэрынарыі – «Гіпіка».

1943 год. Пачалася партызанская аперацыі «Рэйкавая вайна».

Умоўная назва дзеянняў партызан па адначасовым масавым разбурэнні чыгуначных камунікацый.

Аперацыя праводзілася на тэрыторыі ў 1000 км па фронту і 750 км углыб. За першую ноч аперацыі ў Беларусі, Латвіі, Літве, Украіне, Арлоўскай, Бранскай, Смаленскай, Калінінскай, Ленінградскай абласцях Расіі 67 партызанскімі атрадамі ўзарвана 42 тысяч рэек.

1899 год. Нарадзіўся Баляслаў Грабінскі.

Медык, дзеяч беларускай эміграцыі.

Старшыня партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя і Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні. Сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, Беларуска-амерыканскага згуртавання.

Першым заўважыў пад час падарожжа ў Італію «Партрэт Скарыны ў Падуі», зроблены ў 1942 годзе італьянскім мастаком Джакома Форна ў «Зале Сарака» славутага Падуанскага ўніверсітэту.

1968 год. Памёр ураджэнец беларускага мястэчка Целяханы Канстанцін Ракасоўскі.

Савецкі ваеначальнік.

У жніўні 1937 года Ракасоўскі быў арыштаваны па абвінавачванні ў сувязях з польскай і японскай разведкамі, стаўшы ахвярай ілжывых паказанняў. 

Два з паловай гады правёў пад следствам. Яго ўтрымлівалі ва Унутранай турме Упраўлення дзяржбяспекі, жорстка катавалі і білі.

У 1940 годзе Ракасоўскі быў вызвалены, у сувязі са спыненнем справы і рэабілітаваны.

Палкаводчы аўтарытэт Ракасоўскі набыў у бітве пад Масквой. Паспяховым быў яго ўдзел у бітве за Сталінград і на Курскай дузе. Ягоны талент раскрыўся падчас аперацыі «Багратыён», у выніку якой ад нацыстаў вызвалілі Беларусь.

1971 год. Памёр Янка Маўр.

Пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, заснавальнік прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў у беларускай літаратуры, стваральнік першай беларускай навукова-фантастычнай аповесці.

Аўтар славутых «Палескіх рабінзонаў» і «У краіне райскай птушкі». Яго ўклад у беларускую дзіцячую літаратуру каштоўны тым, што ён як першаадкрывальнік і першапраходца вызначыў далейшыя яе кірунак і развіццё. Яму ўдалося пашырыць часавыя і прасторавыя межы беларускай дзіцячай літаратуры.

Творы Янкі Маўра перакладзены на шматлікія мовы і выдаваліся ў розных краінах, у тым ліку ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Кітаі.

У гонар пісьменніка носяць вуліцы ў Мінску, Пінску, мінская абласная бібліятэка, школа ў Барысаўскім раёне.

1986 год. Нарадзілася Дарʼя Домрачава.

Беларуская біятланістка, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, двухразовая чэмпіёнка свету. Уладальніца некалькіх малых Крыштальных глобусаў, пераможца Кубка свету па біятлоне. Самая тытулаваная спартсменка Беларусі ў гісторыі зімовых Алімпійскіх гульняў. Герой Беларусі.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.


 

Дзень у гісторыі. Гадавіна бітвы пры Грунвальдзе. Нарадзіўся паэт Ўладзімір Дубоўка, стваральнік літараў «дж» і «дз». Адноўлены Беларускі камітэт у Варшаве

15 ліпеня 1410 года адбылася бітва пры Грунвальдзе.

Войскі Польскага Каралеўства і ВКЛ перамаглі войска Дзяржавы Тэўтонскага ордэна.

Палітычнае значэнне бітвы: спынена нямецкая экспансія на балтыйскія і ўсходнеславянскія землі.

Вялікае Княства Літоўскае атрымала выхад на балтыйскія гандлёвыя шляхі і ў Еўропу.

У гонар бітвы названы вуліцы ў Брэсце, Гарадку, Гродне, Полацку, Магілёве.

У гонар гадавіны бітвы ў Дудутках 23-24 ліпеня 2022 года пройдзе маштабны беларускі фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд».


15 ліпеня 1901 года нарадзіўся Уладзімір Дубоўка.

Паэт, празаік, перакладчык, крытык.

Паэт незалежніцкай арыентацыі, член кіраўніцтва літаратурнае аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша». Ініцыятар стварэння адмысловых літар для перадачы на пісьме ўнікальных гукаў беларускай мовы: «дж», «дз».

У 1926 годзе напісаў палітычны верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету…», які быў надрукаваны ананімна ў часопісе «Беларуская культура». Савецкія спецслужбы выявілі аўтара верш і ён быў выкарыстаны для абвінавачвання паэта ва ўдзеле ў неіснуючым «Саюзе вызвалення Беларусі».

Быў арыштаваны ў 1930 года. Тройчы яго судзілі з абвінаваўчым прысудам. Па рэабілітацыі з 1958 году жыў у Маскве.


15 ліпеня 1925 года адноўленая дзейнасць Беларускага камітэту ў Варшаве.

Грамадска-палітычная арганізацыя, створаная ў верасні 1919 года пад старшынствам ураджэнца Мсціслаўшчыны Лявона Дубейкаўскага для «культурна-асветнай працы і дабрачыннасці на карысць беларусаў, якія жылі ў Польшчы.

Адноўлены камітэт узначалілі Лявон Більдзюкевіч і Янка Пачопка.


15 ліпеня 1938 года ў Гомелі адкрыўся Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі.

У 1950 годзе пераехаў у Мінск.

Заслужаны калектыў Беларусь. Тэатр вядомы па гастролях гледачам у Балгарыі, Бельгіі, Германіі, Латвіі, Літве, Нідэрландах, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славеніі, Францыі, Харватыі, Чарнагорыі, Эстоніі.

 


15 ліпеня 1949 года нарадзіўся Леанід Лісоўскі.

Географ, краязнавец, байкапісец.

Выхаванец геаграфічнага факультэту Магілёўскага педагагічнага інстытуту. Дацэнт Мазырскага педагагічнага ўніверсітэту. Даследчык прыроды Палесся, яго экалагічных праблем. Аўтар больш за 250 навуковых прац. Аўтар баек для часопісу «Вожык».


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыі» і іншых адкрытых у інтэрнэце звестак


 

200 гадоў барацьбы за незалежнасць. У Магілёве знаёмяць з каракамі – змагарамі з расійскім каланіялізмам

З культурай і мастацтвам каракаў – аднаго з самых свабодалюбных народаў Сібіры знаёміць выстава «Амто (вітанні), Каракія», якая разгорнутая ў абласным краязнаўчым музеі. Яна нагадвае пра сумны лёс народаў, якія апынуліся ў складзе расійскай дзяржавы, пра іх барацьбу за сваю свабоду.

Для большасці беларусаў народы зваяванай Расіяй Сібіры – гэта вобраз дурнаватых чукчаў з анекдотаў. У расійскіх жа падручніках асваенне Сібіры падаецца як цывілізацыйная місія расіян, але гэта была звычайная каланіяльная экспансія.


Каракі – карэнны этнас поўначы Камчаткі і суседніх раёнаў Магаданскай вобласці і Чукоткі. Са старажытнейшых часоў асноўным заняткам каракаў былі рыбалоўства і паляванне. У XI–XVI стагоддзяў частка насельніцтва перайшла да аленегадоўлі.


Барацьба за незалежнасці і трагічны лёс народу

Каракі жылі ў гармоніі з прыродай і еднасцю з наваколлем. У іх уяўленні кожная жывёліна мае душу і здабыўшы яе тутэйшы люд дагэтуль просіць у яе прабачэння. На духоўных стасунках з наваколлем асяроддзем трымаецца іхная культура.

Няшмат беларусаў ведаюць, што каракі 200 гадоў ваявалі за незалежнасць, не жадаючы падпарадкоўвацца каланізатарам. Уздымалі паўстанні. З лукамі і стрэламі яны супрацьстаялі ружжам і гарматам. Часцяком перамагалі.

Каракі – прыроджаныя паляўнічыя былі выдатнымі воінамі. Яны дзесяцігоддзямі нападалі на рускія астрогі і караваны, перакрывалі шлях на Камчатку. Самі цярпелі паразы і разню. Толькі пагалоўнае бязлітаснае знішчэнне большасці карацкіх астрогаў і алкаголь – спайванне каракаў дазволіла расійскім каланізатарам падпарадкаваць сабе край.

Лёс народу незайздросны. Нямала каракаў памерлі ад хвароб, якія прынеслі каланізатары, або былі знішчаны, ці асіміляваны, стаўшы сталі камчадаламі – этнічнай групай расіян, якая захоўвае многія элементы каракскай культуры.

Савецкая ўлада ў 1930 годзе дала каракам фармальную аўтаномію ў выглядзе Каракскай аўтаномнай акругі. У 2007 годзе ліквідавала цяперашняя расійская ўлада. Каракаў ацалела толькі 8 тыс. чалавек на вялізнай тундравай плошчы памерамі з Беларусь.

Экспанаты выставы кажуць пра «мёртвую культуру»

Выставу «Амто (вітанні), Каракія» прывезла ў Магілёў прыватная калекцыянерка з Расіі Людміла Каюрава. У яе калекцыі больш за 300 карцін і 400 прадметаў, часткі з іх прадстаўленая ў краязнаўчым музеі.

Агляд экспанатаў пакідае мірнае ўражанне да таго часу, пакуль не пачынаеш разумець, што перад табою па сутнасці ўжо «мёртвая» культура. Пра ўнікальную культуру каракаў сведчаць музейныя экспанаты, якія зберагаюць такія захопленыя людзі як Людміла Каюрава.

Яна нарадзілася і вырасла ў адным з пасёлкаў Каракскай нацыянальнай акругі Камчацкай вобласці. Разам з мужам яна збірае і захоўвае артэфакты гісторыі роднага краю больш за 30 гадоў.

Экспазіцыя знаёміць з культурай каракаў, чукчаў, ітэльменаў, эвенаў, якія пражываюць на Камчатцы.

Сярод унікальных прадметаў – кухлянкі – доўгія футравыя курткі, шапкі-малахаі, чыжы – футравыя шкарпэткі, боты-торбасы. У гэтым нацыянальным адзенні Людміла Каюрава і Аляксандр Сувораў аб’язджалі сёлы тутэйшага народу. У ёй можна спаць на снезе ў лютую сцюжу.

Паколькі рыбалова і аленяводства вызначылі матэрыяльную культуру карэнных народаў, то на выставе прадстаўленыя этнаграфічныя прадметы з меха паўночнага аленя, скуры нерпы, маржа, маржовых іклаў і косткі.

Абсалютна нетыповае для еўрапейцаў жытло і адзенне прыцягвае ўвагу і зацікавіць любога наведніка.

Мастацкія вырабы майстроў разьбы па костцы, унікальныя торбачкі з лапак дзікіх качак, лебедзяў, гусей.

Каракі сёння пераважна праваслаўныя хрысціяне, якія, як і беларусы, маюць моцныя паганскія традыцыі і язычніцкія культы. Рытуальныя прадметы культу шаманаў загадкавыя самі па сабе, а ў звязку з фотаздымкамі і рытуальнай дзідай прымушаюць задумацца пра злых і добрых духаў, пра нябачны духоўны свет.

Выставу прадметаў цудоўна аздабляюць і дапаўняюць мастацкія карціны і фотаздымкі.

 

У Магілёве ставяць помнік святару Каніскаму. Раней гараджане не дазволілі назваць плошчу яго імем

Помнік размесцяць на глядзельнай пляцоўцы побач з лесвіцай, якая вядзе ў Падмікольскі парк. Працы ўжо пачаліся. Яго збіраюцца адкрыць разам з праваслаўнай Свята-Пакроўскай царквой. Побач з глядзельнай пляцоўкай плошча, якую гараджане не дазволілі назваць імем Каніскага.


 Магілёўскай епархіяй Каніскі кіраваў на зломе эпохаў у другой палове 18 стагоддзя.


Праваслаўны святар Георгій Каніскі не мае адназначнай пазітыўнай рэпутацыі ў беларускай гісторыі. Стаўленне да яго асобы дыяметральна супрацьлеглае – ад «расейскім калабаранта» да «абаронца праваслаўных».

У 2016 годзе яго імем хацелі назваць адно з плошчаў у абласным цэнтры. Абвясцілі грамадскае абмеркаванне, якое разгарнула палеміку ў беларускім інтэрнэце. Яно і выявіла неадназначнае стаўленне да святара.

На епіскапскае служэнне ў Беларусь Каніскага запрасілі з Украіны ў 1755 годзе. Магілёўскай епархіяй ён кіраваў на зломе эпохаў у другой палове 18 стагоддзя. Падзеі таго часу прывялі да знікнення з палітычнай карты Еўропы Рэч Паспалітую.

 

Падтрымліваў прымусовае  навяртанне ў праваслаўе ўніятаў, каталікоў ды пратэстантаў

Паводле гісторыкаў, па ўмацаванні на беларускіх землях расійскай улады, з ініцыятывы Каніскага прымусова пасалі навяртаць у праваслаўе ўніятаў, каталікоў ды пратэстантаў. Методыку, апрабаваную на Магілёўшчыне і Мсціслаўшчыне, пазней пашырылі на ўсю Беларусь.

Паводле ўкраінскага гісторыка Яраслава Фошчана, Георгій Каніскага, трапіўшы ў Беларусь, аказаўся закладнікам часу і ўмоваў, у якіх яму давялося дзеіць. Ён прасіўся, каб яго адправілі з архіепіскапскага служэння ў Рэчы Паспалітай ва ўкраінскі манастыр. Навуковец прызнае, што цяпер у гісторыяграфіі стаўленне да дзейнасці Каніскага палярныя.

Канчатковае рашэнне аб помніку Каніскаму было прынята пасля пратэстаў 2020 году

Цяперашняя ўлада Ў Беларусі Каніскага ставіць у адзін шэраг з Еўфрасінняй Полацкай і іншымі прызнанымі беларускімі дзеячамі і асветнікамі.

6 жніўня 1993 году архіяпіскап Георгій Каніскі быў далучаны да ліку мясцовых святых. Ягоны вобраз намаляваны на некалькіх праваслаўных святынях Магілёва. На Архірэйскім вале стаіць крыж у яго памяць, а на будынку былога архірэйскага палацу ўсталяваная шыльда са звесткамі пра яго жыццё.

У 1992 годзе пераназванне ў горадзе валу «Красной звезды» у архірэйскі вал Каніскага не выклікала ў грамадстве напружання. Такі крок расцэньваўся як аднаўленне гістарычнай праўды.

Цяпер Беларусь успрымаецца, як саўдзельніца вайны, распачатай Расіяй супраць Украіны. Адбылося гвалтоўнае здушэнне грамадскага пратэсту 2020 году. А, канчатковае рашэнне аб помніку Каніскаму было прынята 2021-ым. Грамадскага абмеркавання, як у выпадку пераназваннем плошчы, не абвяшчалася. Летась на месцы, дзе ставяць помнік,  паклалі капсулу з пасланнем нашчадкам.

 

Быў час, калі пацалункі мужчыны і жанчыны лічыліся грахоўнымі, а мужчыны і мужчыны не – “дзень пацалунка” адзначылі ў Магілёве музейнай лекцыяй

Кожны чалавек за жыццё цалуецца каля двух тыдняў, а ў больш чым 60 краінах, пераважна ў Еўропе і Амерыцы, адзначаецца дзень пацалунка.

Дзень пацалунка з’явіўся ў Вялікабрытаніі больш за сто гадоў таму з ініцыятывы стаматолагаў. Адзначаюць яго 6 ліпеня.

У гэты дзень праводзяцца імпрэзы, звязаныя з філаматалогіяй – так называецца навука пра дакрананне вуснамі да кагосьці дзеля дэманстравання любові, альбо шанавання.

У Магілёве падобных дзействаў на вуліцах не назіралася. Не было бачна, каб маладыя людзі цалаваліся на публіцы, падкрэсьліваючы, што гэтым адзначаюць Дзень пацалунка. Выратавалі «пацалункавае свята» музейныя работнікі.

У музеі Бялыніцкага-Бірулі на прыкладзе жывапісных работ навуковая супрацоўніца музэю Святлана Сідарава разважала і паказвала самыя распаўсюджаныя жэсты любові, кахання, павагі. З веданнем справы яна распавяла пра «Пацалунак у выяўленчым мастацтве». Яе лекцыя называлася “ART гісторыі пацалункаў”.

З лекцыі стала вядома, што людзі не заўжды ведалі пра пацалункі. Але ўжо ў старажытнай Грэцыі на амфарах можна было пабачыць пацалункі мужчын, а публічныя пацалункі мужчыны і жанчыны лічыліся тады грахоўнымі.

Дзякуючы лекцыі магілёўцы цяпер адрозняць пацалунак кахання Мэры Касат ад рэлігійна-маральных пацалункаў Джота (“Пацалунак Юды”) або мукі творчасці ў Сезана “Пацалунак музы”, ад мацярынскага ці братэрскага пацалунка.

 

«Фотаальбом Магілёў.media». Зацвіла ліпа – сімвал беларускага эратызму і сужэнскай вернасці

Ліпа – адно з найулюблёных дрэваў беларуса. Звестак пра колькасць высаджаных у Магілёве ліпавых дрэў адшукаць не ўдалося, але з упэўненасцю можна казаць, што іх нямала. Яны растуць пры гарадскіх магістралях, у дварах жылой забудовы, у асяродках адпачынку. У канцы чэрвеня і пачатку ліпеня іхны водар насычае паветра. З сімвалам беларускага эратызму мы не расстаемся ніколі.

Чытачы не забылі пра Фотаальбом Магілёў.media і даслалі ў яго серыю фотаздымкаў з квітучай ліпай.


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Так павялося, што іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы [email protected].


У сваіх каментарах аўтары пішуць, што цвіценне ліпы з’ява незабыўная. Згадваюць ліпавы водар, гарбату, запараную на ліпавым цвеце, мёд і раі пчол.

«У дварах, дзе высаджана шмат ліпы стаіць такі п’янкі водар, што ўдыхала б ды ўдыхала. Ліпа – гэта наша маладосць з вячоркамі, скокамі, прыставаннем хлопцаў і начнымі прагулкамі з імі», – так напісала пра ліпавае дрэва і жыццё адна з чытачак.

А што мы ведаем пра Ліпу?

Ліпа расце ў лясных зонах Еўропы, Каўказу, у Заходняй Сібіры.

Яна жыве 300-400 гадоў. Расце марудна. Мінуюць гады, пакуль выцягнецца да двух метраў. За свой жыццёвы век вырастае да 30 метраў. Дыяметр камля сягае 1 метра.

Ліпа ўстойлівая да забруджанага паветра. Апалае лісце паляпшае глебу і павялічвае яе ўрадлівасць.

Ліпавая драўніна каштоўная ў сталярстве. З яе вырабляюць кухоннае начынне. На кірмашах рамеснікі прапануюць набыць з ліпы шмат чаго карыснага для дому.

Для медыцыны бяруць пераважна цвет ліпы. У ім утрымліваецца эфірны алей, дубільныя рэчывы, воск, цукар, аскарбінавая кіслата.

У народным знахарстве прыдаецца ўсё ліпавае: цвет, лісце, каткі, плады і нават кара. Настой з цвету – патагонны сродак. Ім палошчуць паражніны рота пры захворваннях горла, кашлю. Ліпавую гарбату спажываюць, як баліць галава, даймае рэўматызм, ці іншая немач, апанаваўшая суставы.

Ліпа карысная для здароўя жанчын. У даведніках адзначаецца, што дапамагае аднаўляць гарманальнай дысбаланс і шмат чаго іншага, пра што мужчынам ведаць не асабліва важна.

Ліпа – сімвал кахання, урадлівасці, дабрабыту, вернасці, дружбы, міру, справядлівасці, альтруізму, удачы.

Яшчэ яна – сімвал сужэнскай любові, гасціннасці і сціпласці.

У беларусаў шмат звязанага з ліпай. Многія выразы маюць эратычны падтэкст. Напрыклад, «я хаваўся ў ліпы«. Хто так кажа, намякае, што чакаў, ці чакае сваё каханне, ці адведваў мясціну, звязаную з незабыўным пачуццём.

 

Дзень у гісторыі. Камуністычная ўлада Савецкага Саюзу асудзіла культ Сталіна. Нарадзіўся ліцвін польскай культуры Чэслаў Мілаш. У Віцебску пачаў курсаваць першы ў Беларусі трамвай

30 чэрвеня – Міжнародны дзень астэроіда.

Адзначаецца ад 2016 году з ініцыятывы Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Нагодаю для абвяшчэння гэтага Дня стала гадавіна сутыкнення астэроіду з зямлёю, якое адбылося 30 чэрвеня 1908 году. Тады выбуховай хваляй у радыусе 40 км быў павалены лес, узніклі пажары. Узрыў быў чутны за 1000 км. Выбуховую хвалю рэгістравалі па ўсім свеце.

Гэта ўнікальная прыродная зʼява вядомая як «Тунгускі метэарыт».

Дзень астэроіда закліканы павысіць узровень дасведчанасці людзей аб небяспецы сутыкнення зямлі з астэроідамі, якое нясе разбуральныя наступствы для чалавецтва, а таксама інфармаваць насельніцтва аб мерах па падтрыманні сувязі ў крытычнай сітуацыі.

img-fotki.yandex.ru


30 чэрвеня 1881 года нарадзіўся Павел Растаргуеў.

Беларускі мовазнаўца.

Правадзейны член Інстытуту беларускай культуры, доктар філалагічных навук.

У 1918 годзе чытаў курс лекцыяў беларускай мовы ў Беларускім народным універсітэце ў Маскве. Вывучаў беларускія гаворкі, гаворкі расійска-беларуска-ўкраінскага памежжа, займаўся вырашэннем праблемаў беларускай літаратурнай мовы.

wikimedia.org

30 чэрвеня 1898 года запушчаны трамвай у Віцебску. Горад стаў першым у Беларусі, дзе зʼявіўся такі транспарт.

У Віцебску працуе музей трамвая.

У Мінску трамвай пусцілі ў 1928 годзе. У Беларусі такі транспарт ёсьць у Наваполацку і Мазыры.

wikimedia.org


30 чэрвеня 1911 года нарадзіўся Чэслаў Мілаш.

Польскі паэт, празаік, эсэіст, лаўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

Працаваў на Польскім Радыё ў Вільні, але быў звольнены па абвінавачаннях у падтрымцы інтарэсаў літоўцаў і беларусаў.

Па Другой сусветнай вайне Мілаш працаваў у Міністэрстве замежных спраў Польскай Народнай Рэспублікі. 

У 1951 адмовіўся вярнуцца ў Польшчу і папрасіў у французскага ўраду палітычнага прытулку. Супрацоўнічаў з польскімі выданнямі.

У ПНР яго афіцыйна лічылі здраднікам і рэнегатам. Да 1980 цэнзура забаряняла не толькі публікаванне яго твораў, але і згадваць яго прозвішча.

Брат, Чэслава Андрэй Мілаш казаў: «Мілашы – гэта такія самыя ліцвіны, як Міцкевіч, Гамбровіч, Голубеў, Ясеніца, Ваньковіч, Віткацы ці нават Пілсудзкі«. 

А сам Чэслаў Мілаш гаварыў пра сябе: «Я ліцвін польскай культуры»

Ліцьвіны – гістарычнае найменне і саманазва ўраджэнцаў беларускіх земляў у Вялікім Княстве Літоўскім, якая выкарыстоўвалася поруч з русінамі.


30 чэрвеня 1956 года Савецкае кіраўніцтва ўзняло праблему культу асобы Сталіна.

ЦК КПСС прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яе наступстваў», у якой узнята праблема барацьбы з культам асобы Іосіфа Сталіна. Было заяўлена, што такая зʼява супярэчыць прыродзе сацыялістычнага ладу і замаруджвае прасоўванне савецкага грамадства да камунізму.

Узведзеныя помнікі Сталіну сталі зносіць, здымаць шматлікія партрэты. У 1961 годзе ЦК КПСС прызнаў «немэтазгодным далейшае захаванне ў Маўзалеі саркафага з труной І. Сталіна», прапанаваўшы перапахаваць яго каля Крамлёўскай сцяны.

wikimedia.org

30 чэрвеня 1965 года нарадзіўся Лявон Юрэвіч.

Беларускі літаратуразнавец, крытык, бібліёграф, грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі.

Скончыўшы школу працаваў у гарадской дзіцячай бібліятэцы. Удзельнічаў у маладзёжным грамадскім абʼяднанні «Беларуская Майстроўня» (1979–1984).

Скончыў філалагічны факультэт Мінскага педінстытуту імя Максіма Горкага. Выкладаў беларускую мову ў Мінскім педінстытуце замежных моў. 

У 1990 годзе паступіў у аспірантуру Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. 

У 1993 годзе выехаў у ЗША. Працуе архівістам у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы. Мае дзве навуковыя ступені: у філалогіі і бібліятэказнаўстве. 

Чалец Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, які дзеіць у Нью-Ёрку, уваходзіць у рэдкалегію альманаха «Запісы БІНіМ».

Аўтар шматлікіх даследаванняў розных гістарычных перыядаў існавання беларускай нацыі: «Беларуская мемуарная літаратура на эміграцыі», «Культура беларускага замежжа», «Роля беларускай дыяспары ў захаванні і развіцці беларускай культуры».

knihi.by


30 чэрвеня 1969 года памёр Міхайла Грамыка.

Беларускі географ, геолаг, пісьменнік, вязень ГУЛАГу.

Даследчык радовішчаў нафты. Выхаванец Магілёўскай гімназіі. Распрацоўшчык беларускай тэрміналогіі па геаграфіі, геалогіі, хіміі, падручнікаў «Пачатковая геаграфія», «Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе». Удзельнічаў у пошуку нафты на Палессі.

Аўтар кніг паэзіі, п’ес, якія ставіліся ў тэатрах. Аўтар успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, А. Грыневіча.


30 чэрвеня 2014 года памёр Сяргей Краўчанка.

Заслужаны артыст Беларусі, актор Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы.

Сярод ягоных роляў: Данілка («Раскіданае гняздо» Я. Купалы), Драгун («Парог» А. Дударава), Гайдук («Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча), Захар («Апошні шанц» В. Быкава), Дамаш («Князь Вітаўт» А. Дударава).

wikimedia.org


У публікацыі выкарыстаная інфармацыя з рэсурсу “Вікіпедыя” і іншых адкрытых крыніцаў у інтэрнэце


 

Дзень у гісторыі. Таямнічая смерць Янкі Купалы. Гітлераўцамі акупаваны Мінск. Вызваленне Магілёва з-пад нямецка–фашысцкай акупацыі. Утвораная Ліга нацыяў, правобраз ААН

28 чэрвеня 1660 года войскі Рэчы Паспалітай перамаглі акупацыйныя аддзелы Масковіі.

Бітва адбылася ля мястэчка Палонка, што на Навагрудчыне.

Палонкаўская бітва – першая буйная перамога Рэчы Паспалітай на канцавым этапе трынаццацігадовай вайны (1654-1667). Ёю была спыненая аблога Ляхавіцкага замку і зь яе пачалося вызваленне земляў Вялікага Княства Літоўскага.

Трынаццацігадовая вайна прынесла велічэзныя страты беларускім землям. Насельніцтва Беларусі скарацілася на 1,5 млн. чалавек, 70% хат у вёсках стаялі пустымі, большасць беларускіх гарадоў былі спалены. Для таго, каб узнавіць гаспадарку спатрэбілася каля 25 гадоў.

У 1994 годзе на месцы Палонкаўскай бітвы быў усталяваны памятны знак. У 2010 годзе адбыўся фестываль з удзелам прадстаўнікоў рыцарскіх клубаў.

wikimedia.org


28 чэрвеня 1914 года забіты Аўстра-венгерскі эрцгерцаг Франц Фердынанд.

Тэраакт у Сараеве ўчыніў сербскі студэнт Гаўрыл Прынцып. 

Забойства манаршай асобы стала нагодай для развязання Першай Сусветнай вайны. Яна пачалася 1 жніўня 1914 году. Скончылася з 1918-ым. У расійскае войска былі прызваны 900 тысяч беларусаў, з якіх загнула каля 70 тысяч.

Пад акупацыяй Кайзераўскай Германіі апынулася палова Беларусі, яшчэ палова была прыфрантавой зонай.

У 1915-1918 гадах колькасць бежанцаў склала ад 1,5 да 2,2 млн. чалавек.

У Магілёве знаходзілася Стаўка галоўнакамандуючага расійскім войскам – цара Мікалая-ІІ.

s16.stc.yc.kpcdn.net


28 чэрвеня 1919 года ўтворана Ліга Нацый.

Міжнародная арганізацыя, заснаваная ў выніку падпісання Версальскага пагаднення ў 1919–1920 гадах.

У перыяд з 28 верасня 1934 па 23 лютага 1935 гадоў у Лігу Нацый уваходзіла максімальная колькасць дзяржаў – 58.

Мэты Лігі Нацый уключалі ў сябе: раззбраенне, перадухіленне ваенных дзеянняў, забеспячэнне калектыўнай бяспекі, урэгуляванне спрэчак паміж краінамі шляхам дыпламатычных перамоў, а таксама паляпшэнне якасці жыцця на планеце. Спыніла існаванне арганізацыя ў 1946 годзе.

Лічыцца, што Ліга нацыяў заклала падмурак і была правобразам для Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, якая паўстала па сканчэнні Другой сусветнай вайны.

 

28 чэрвеня 1923 год нарадзіўся Уладзімір Чантурыя.

Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, доктар архітэктуры, прафесар.

Аўтар фундаментальных зборнікаў «Гісторыі архітэктуры Беларусі да 1917 году», «Атлас помнікаў архітэктуры і мемарыяльных комплексаў Беларусі».

wikimedia.org


28 чэрвеня 1941 года танкі і мотапяхота гітлераўскай Германіі ўвайшлі ў Мінск. 

Тры гады беларуская сталіца знаходзілася пад нацысцкай акупацыяй.

За гэты час на Міншчыне было знішчана больш за 300 тысяч чалавек. З іх 100 тысяч – ваеннапалонныя. Амаль 30 тысяч вывезеныя ў Нямеччыну.

Дакладная колькасць людскіх ахвяраў у Беларусі за час нацысцкай акупацыі вызначыць цяжка. Праз 20 гадоў па сканчэнні Другой сусветнай вайны лічылася, што загінула 2 млн. 200 тыс. жыхароў краю.

1prof.by


28 чэрвеня 1942 года загінуў народны паэт Беларусі Янка Купала.

Абставіны яго смерці застаюцца не высветленымі дагэтуль. Ён упаў у лесвічны пралёт з 10 паверху гасцініцы «Масква». У савецкай сталіцы ён знаходзіўся ў эвакуацыі.

Існуе тры версіі – няшчасны выпадак, самагубства, забойства.

Быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве, а ў 1962 годзе перапахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.

Янка Купала неаднаразова з 1921 году падвяргаўся рэпрэсіям і ганенням з боку савецкіх улад. Выклікаўся на допыты ў справе контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі», якой у рэальнасці не існавала. 

20 лістапада 1930 году, не вытрымаўшы здзекаў, Купала зрабіў спробу самагубства, але застаецца жывы.

wikimedia.org


28 чэрвеня 1944 года савецкімі войскамі вызвалены з-пад акупацыі фашысцкай Германіі Магілёў.

У вынікі аперацыі «Баграціён» былі вызвалілі таксама Быхаў, Асіповічы, Клічаў, Круглае, Крупкі, Лепель, Старыя Дарогі.

28 чэрвеня ў Магілёве адзначаецца – Дзень гораду.

lh3.googleusercontent.com


28 чэрвеня 1991 года спыніў існаванне Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ).

Міжнародная эканамічная арганізацыя створаная згодна з рашэннем эканамічнай нарады прадстаўнікоў Албаніі, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, СССР, Чэхаславаччыны. Штаб кватэра месцілася ў Маскве.

У склад арганізацыі ўвайшлі краіны, якія вызваліў Савецкі Саюз з-пад нацысцкай акупацыі. СЭУ лічыцца адказам Савецкага Саюзу на амерыканскі «план Маршала», які прадугледжваў адбудову пасляваеннай Еўропы. Мэта СЭУ была амаль ідэнтычная «Плану Маршала».

Прыярытэтным напрамкам дзейнасці СЭУ было эканамічнае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва краін – членаў Саюзу, якая ўключала развіццё ўзаемнага гандлю, арганізацыю абмену гаспадарчым вопытам, аказанне ўзаемнай дапамогі сыравінай, прадуктамі харчавання, абсталяваннем, машынамі і іншымі таварамі. Распрацоўваліся адзіныя стандарты і нормы для краін-удзельніц.

Арганізацыя спыніла існаванне на 46 сесіі ў Будапешце.

upload.wikimedia.org


У публікацыі выкарыстаная інфармацыя з рэсурсу “Вікіпедыя”


 

Дзень у гісторыі. Канец савецкага перыяду беларусізацыі. Заснаванне Таварыства беларускай мовы. Адкрыццё помніка Альгерду

27 чэрвеня – Сусветны дзень рыбалоўства.

Заснаваны ў ліпені 1984 года ў Рыме на Міжнароднай канферэнцыі па рэгуляванні і развіцці рыбалоўства. Яго мэты – павысіць прэстыж прафесіі і звярнуць увагу на водныя рэсурсы, якія патрабуюць беражлівага стаўлення. Тады ж былі складзеныя рэкамендацыі па ахове навакольнага асяроддзя для прадпрыемстваў, якія займаюцца здабычай рыбы ў розных краінах.

Упершыню сусветны дзень рыбалоўства адзначылі ў 1985 годзе.

Рыбалка – адно з самых масавых захапленняў, актыўны від адпачынку, які спрыяе ўмацаванню фізічных сіл, здароўя і псіхалагічнага стану.

Яшчэ ў старажытных людзей з’явіліся гарпуны і гаплікі. Першую вуду змайстравалі 16 тысяч гадоў таму з тычка і прымацаванай да яе ліяны. У Старажытным Егіпце вынайшлі сеткі і сачкі.

belarus-economy.by


27 чэрвеня 1697 года каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем ВКЛ быў абраны Аўгуст II Моцны.

Імкнуўся да абсалютнай улады і да пераўтварэння Вялікага Княства Літоўскага ў незалежную дзяржаву, але больш клапаціўся пра развіццё Саксоніі (быў курфюрстам саксонскім). Лічыўся саюзнікам маскоўскага самадзержца Пятра I. За Аўгустам II Моцным пачалося актыўнае ўмяшанне Расіі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Ён скараціў войска ў Рэчы Паспалітай з 80 да 18 тысяч чалавек, у ВКЛ да 6 тысяч.

wikimedia.org


27 чэрвеня 1863 года Зігмунт Серакоўскі быў павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага.

Серакоўскі вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, але за ўдзел у падпольных гуртках быў высланы салдатам у Арэнбургскі корпус, дзе пасябраваў з Тарасам Шаўчэнкам.

Вярнуўшыся па амністыі ў сталіцу імперыі, скончыў Акадэмію Генеральнага штабу. Зблізіўся з рускімі рэвалюцыянерамі Дабралюбавым, Чарнышэўскім.

У 1857 г. стварыў у Санкт-Пецярбургу рэвалюцыйную суполку афіцэраў, чальцамі якой былі і браты Каліноўскія. Падчас замежных падарожжаў сустракаўся з Герцэнам,  Агаровым, Гарыбальдзі.

З пачаткам паўстання пакінуў службу ў царскай арміі і разгарнуў ваенныя дзеянні інсургентаў на Ковеншчыне. У канцы красавіка 1863 году паўстанцы Серакоўскага былі разбітыя пад мястэчкам Біржы, сам ён быў паранены і захоплены ў палон.

Месца пахавання да 2017 году было невядомым. Пасля апоўзня на гары Гедыміна ў Вільні была знойдзена магіла мужчыны са звязанымі ззаду рукамі і з залатым пярсцёнкам на пальцы з выгравіраваным на ім надпісам па-польску «Zygmónt Apolonija», які дазволіў ідэнтыфікаваць яго як Серакоўскага (Апалонія – імя ягонай жонкі).

wikimedia.org

27 чэрвеня 1925 года нарадзілася Лідзія Арабей.

Беларускі празаік, крытык, літаратуразнавец, пісьменніца.

Даследчыца творчасці Алаізы Пашкевіч (псеўданім Цётка). Абараніла кандыдацкую дысертацыю па творчасці Пашкевіч.

У 1985 годзе выйшлі выбраныя творы Лідзіі Арабей ў 2-х тамах

wikimedia.org


27 чэрвеня 1929 года камісія ЦК ВКП(б) па вывучэнні практыкі правядзення новай нацыянальнай палітыкі ў БССР раскрытыкавала дзейнасць беларускай творчай інтэлігенцыі і кіраўніцтва рэспублікі.

Канец перыяду савецкай беларусізацыі, якая трывала на той момант больш за 5 гадоў.

Пасля чаго пачалася барацьба з нацыянал-дэмакратызмам, была сфабрыкавана справа так званага «Саюза вызвалення Беларусі». Пачаліся арышты дзеячаў навукі і культуры. Стала ўкараняцца палітыка абмежавання беларускай мовы. У 1933 годзе была праведзеная рэформа правапісу, якая штучна наблізіла беларускую мову да рускай.

kamunikat.org


27 чэрвеня 1941 года НКУС распачаў масавыя расстрэлы палітзняволеных у Віцебску.

За 3 дні было забіта каля 2 тысяч чалавек. Месца пахавання ахвяр дакладна не вядома. У 1937-1940 гады расстрэлы праводзіліся каля вёскі Хайсы пад Віцебскам.

hajsy.org


27 чэрвеня 1989 года на Устаноўчым з’ездзе заснавана Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ).

Адно з найвядомейшых і найстарэйшых аб’яднанняў Беларусі. У 1990 годзе таварыства распрацавала Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь, які зацвердзіў Вярхоўны Савет 12 склікання. Адзінаю дзяржаўнай мовай краіны прызнавалася беларуская. Гэтае палажэнне ў 1994-м замацаваў артыкул 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У 2019 годзе ТБМ заклікала выправіць сітуацыю няроўнага двухмоўя ў краіне, ініцыяваўшы прыняцце Законапраекту аб дзяржаўным падтрыманні беларускай мовы.

За гады сваёй дзейнасці ТБМ прыкладала намаганні ў пашырэнні беларускай мовы ў беларускім грамадстве. Было ініцыятаркай шматлікіх імпрэзаў.

8 лістапада 2021 г. Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі. Фармальнай падставай сталі, нібыта, юрыдычныя парушэнні.

wikimedia.org


27 чэрвеня 2014 года ў Віцебску адкрылі конную скульптуру Вялікага князя літоўскага Альгерда.

Урачыстасць адбылася падчас святкавання 1040-годдзя Віцебска. Помнік адзіны ў Беларусі, які ўслаўляе кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага. Стаіць на Рыначнай плошчы насупраць Свята-Васкрасенскай царквы.

У 1318 годзе Альгерд ажаніўся з дачкой віцебскага князя Марыяй. Дзейнасць князя Альгерда была накіравана на ўмацаванне і развіццё гораду. За перыяд яго княжання Віцебск ператварыўся ў важны фарпост Вялікага Княства Літоўскага на ўсходніх рубяжах. Князем і княгіняй Марыяй Яраслаўнай была ўзведзена царква Святога Духа ў Заручаўі, а таксама адрамантавана Дабравешчанская царква XII стагоддзя.


У публікацыі выкарыстаныя дадзеныя з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”


 

Дзень у гісторыі. Створана кіроўная структура паўстання Каліноўскага, спробы вызваліць Беларусі з-пад расійскага панавання. Нарадзіўся Антон Адамовіч – адзін з буйнейшых прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху 20-га стагоддзя. Беларусь падпісала статут ААН

26 чэрвеня. Міжнародны дзень барацьбы са злоўжываннем наркатычнымі сродкамі і іх незаконным абарачэннем.

Адзначаецца з 1987 года з ініцыятывы Генеральнай Асамблеі ААН.

Гэтай датай міжнародная арганізацыя засведчыла сваю рашучую дзейнасць супраць распаўсюджвання і злоўжывання наркатычнымі сродкамі, а таксама імкненне да стварэння сусветнага грамадства свабоднага ад наркаманіі. 

Падставай для заснавання Дня сталі рэкамендацыі Міжнароднай канферэнцыі па барацьбе са злоўжываннем наркатычнымі сродкамі і іх незаконным абарачэннем.

У Беларусі да 60% насельніцтва ва ўзросце да 21 года можа быць аднесена да групы рызыкі.

За апошнія 8 гадоў колькасць школьнікаў і студэнтаў, якія ўжываюць наркотыкі, узрасла амаль у 8 разоў.

Колькасць смяротных выпадкаў ад ужывання наркотыкаў за апошнія 10 гадоў павялічылася сярод насельніцтва ў Беларусі ў 12 разоў, а сярод дзяцей – у 42 разы.

Рост наркаманіі рэзка абвастрае праблему СНІДу. Колькасць зарэгістраваных у Беларусі ВІЧ-інфікаваных штогод падвойваецца. Сярод іх 80 працэнтаў – наркаманы. Колькасць асоб, які эпізадычна ўжываюць наркатычныя рэчывы – 8297 чалавек. Сярэдні ўзрост хворых 20-22 гады.

content.schools.by


26 чэрвеня – Міжнародны дзень у падтрымку ахвяр катаванняў.

У гэты дзень у 1987 года ўступіла ў сілу Канвенцыя супраць катаванняў і іншых відаў бесчалавечнага, зняважлівага для чалавечай годнасці абыходжання.

Нягледзячы на нормы міжнароднага і нацыянальнага права, прынцыпы чалавечнасці і роўнасці ў шмат якіх  краінах працягваюцца катаванні.

bureau.kz


26 чэрвеня 1863 года ў Вільні створаны Літоўскі правінцыйны камітэт (Чырвоны жонд).

Цэнтр кіраўніцтва паўстаннем 1863-1864 гадоў. Узначаліў яго Якуб Гейштар. Літоўскі правінцыйны камітэт рыхтаваў, а затым кіраваў паўстаннем, якое ў беларускай гістарыяграфіі падаецца, як паўстанне начале з Кастусём Каліноўскім.

Паролем для прыхільнікаў было пытанне з адказам: -«Каго любіш?» -«Люблю Беларусь» – «То, узаемна».

Паўстанне стала спробай вызвалення Беларусі з пад улады Расійскай імперыі. Яно выклікала вялікі грамадскі рэзананс, прыцягнула ўвагу да Беларусі, як да краю з гістарычнымі каранямі, адкрыла «беларускае пытанне» і зрабіла яго адной з найважнейшых тэмаў даследаванняў і публікацый у 1860–1870-я гады.

Пасля паразы ў 1863 паўстанцы ўзяліся за партызанскую барацьбу. У далейшым яна перайшла ў сферу грамадскага непадпарадкавання. Многіх удзельнікаў пакаралі смерцю. Сярод іх і Кастуся Каліноўскага. Нямала было саслана ўдзельнікаў у Сібір.

wikimedia.org


26 чэрвеня 1909 года нарадзіўся Антон Адамовіч.

Беларускі літаратуразнавец, пісьменнік, гісторык, публіцыст, доктар філалогіі. Сябра Рады БНР. Супрацоўнік радыёстанцыі «Свабода».

Даследчык творчасці беларускіх пісьменнікаў. Аўтар прац па гісторыі, эканоміцы, культуры Беларусі.

Антон Адамовіч – адзін з буйнейшых прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху 20-га стагоддзя. Ён належаў да тых актыўных дзеячаў беларускай паваеннай эміграцыі ў Амерыцы, якія сваёй самаадданай працаю стваралі інтэлектуальныя набыткі беларускага замежжа. Яго спадчына ўяўляе сабою вялікую навуковую, і не толькі навуковую, каштоўнасць.

Памёр у 12 чэрвеня 1998 годзе. Пахаваны на Беларускіх могілках у Іст-Брансуіку, штат Нью-Джэрсі, ЗША.

wikimedia.org


26 чэрвеня 1941 года расстраляны Зэлік Аксельрод.

Беларускі яўрэйскі паэт. Перакладчык беларускай паэзіі на ідыш.

Адказны сакратар яўрэйскага часопісу «Беластокер Штэрн» (Зорка), аўтар 4-х кніг вершаў на ідыш.

Выступаў за захаванне школ на мове ідыш. На сходзе яўрэйскіх пісьменнікаў 30 мая 1941 года рэзка пярэчыў кіраўніку Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхасю Лынькову.

Быў арыштаваны і 26 чэрвеня 1941 году, як і многіх палітычных вязняў турмы НКУС яго адвезлі ў лес і расстралялі.

wikimedia.org


26 чэрвеня 1945 года падпісаны Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Падзея адбылася на канферэнцыі ў Сан-Францыска. На ёй былі прадстаўнікі 50 дзяржаў-заснавальніц. У тым ліку і Беларусь.

Статут набыў моц 24 кастрычніка 1945 года і гэта дата адзначаецца як Дзень Арганізацыі Абʼяднаных Нацый.

minsknews.by


26 чэрвеня 1965 года нарадзіўся Юрый Несцярэнка.

Кампазітар, музыка, краязнавец, выдавец, педагог.

Стваральнік гуртоў «Рок-транс-аўта», «White Night Blues», удзельнік мінска-полацкай калабарацыі «Тутэйшыя», магілёўскіх гуртоў «Рынка», «Фэт Джон» і інш.

Аўтар артыкулаў у «Дзеяслове», кніг для дзяцей, па гісторыі і культуры Бялыніцкага раёна, выпусціў 7 дыскаў. Разам з расійскім музыкам Андрэем Макарэвічам запісаў беларускамоўныя каверы на  песні «Машыны часу».

Нарадзіўся ў вёсцы Прыбар Быхаўскага раёна.

i.ytimg.com


26 чэрвеня 2016 года памёр Сяргей Картэс (1935, Сан-Антоніа, Чылі-2016).

Беларускі кампазітар, Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР.

Працаваў у Беларускім тэатры імя Я.Купалы, на «Беларусьфільм», у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі.

З асобай Картэса звязана адкрыццё беларускага опернага мастацтва для еўрапейскай публікі.

wikimedia.org


У публікацыі выкарыстаныя дадзеныя з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”