Анлайн-каталог гісторыка-культурнай спадчыны Магілёва аднавіў працу пасля пераезду на новую пляцоўку. Цяпер інтэрактыўная карта даступная на сайце mahiliou.space. Пра гэта паведамілі стваральнікі рэсурса, Аляксей Бацюкоў і Сяргей Пехцераў у сваіх соцсетках.
Праект быў створаны яшчэ ў 2021 годзе, але пазней страціў ранейшы дамен kropki.by і хостынг – з прычын, пра якія сёння нескладана здагадацца. Цяпер базу перазапусцілі на новым адрасе.
На карце сабраныя 180 аб’ектаў Магілёва. Найбольш вядомыя культавыя, грамадскія і іншыя значныя будынкі атрымалі ўласныя іконкі. Пасля націскання на пазнаку карыстальнік можа прачытаць кароткую гістарычную даведку і паглядзець фотаздымкі аб’екта.
Асобнымі контурамі на карту нанесеныя межы гістарычнага цэнтра Магілёва і гарадскіх прадмесцяў. Прадугледжаны пошук па назве і адрасе, а таксама фільтры паводле канфесійнай прыналежнасці і сучаснага стану помнікаў.
Так, аб’екты можна падзяліць на захаваныя, страчаныя, адноўленыя і тыя, чый стан выклікае трывогу. Апошняя катэгорыя, на жаль, наўрад ці застанецца без папаўнення.
Крыніца ілюстрацыі: mahiliou.space.
