Машыны больш не трэба пераносіць на руках у Глуску

Праезд па цэнтральнай вуліцы Глуска зноў адкрыты. 

Пашкоджаны асфальт стрыжнёвай глускай вуліцы, вакол якой і сфарміраваўся гарадскі пасёлак, часткова адрамантаваны ў зімніх умовах – паведамляе газета “Радзiма”. Улады абяцаюць у бліжэйшы час цалкам ліквідаваць ямы на дарозе. Рамонт цэнтральнай глускай вуліцы стаў магчымым толькі пасля крытычнай публікацыі ў мясцовай газеце.  

Гэта надзвычай добрая навіна для аўтамабілістаў, якія праязджаюць па вуліцы Кірава. Справа ў тым, што ўздоўж галоўнай вуліцы ў раёне дома № 46 асфальт быў так сапсаваны, мясцовая газета напісала ў адказ на звароты і абурэнне чытачоў матэрыял пад назвай: “Машыну ў гэтым месцы на руках перанесці хочацца”. 

Адказ выканкама на крытычны матэрыял віну за пашкоджанне дарогі па традыцыі ўсклаў на саміх глушчан і на надвор’е. З атрыманага адказу вынікае, што асфальт быў пашкоджаны з-за таго, што ў 2022 годзе гаспадар аднаго з домаўладанняў па вуліцы Кірава выконваў працы «па падключэнні да цэнтральнай каналізацыі і водаправода». Пасля работ на дарозе ўтварыліся яміны. 

Хаця з далейшага тэсту адказу вынікае, што грамадзянін для аднаўлення асфальтабетоннага пакрыцця праезнай часткі заключыў дагавор з ДРБУ № 213, аднак дарожнікам не ўдалося своечасова зрабіць рамонт дарогі “з-за неспрыяльнага надвор’я”. Бо летась халоднае надвор’е з маразамі і снегам, як заўжды нечакана, прыйшло ў Глуск у лістападзе. 

У цяперашні час работы па аднаўленню асфальтабетоннага пакрыцця праязной часткі вуліцы Кірава часткова выкананы. Завяршыць работы плануецца да 15 лютага 2023 г., – запэўніваюць дарожнікі. 

Дэмаграфічныя загадкі Глускага раёна за 2022 год: нараджаюць раней, чым выходзяць замуж

У Глуску жанчына першы раз нараджае ў 28 гадоў, а выходзіць замуж, як правіла, у 34. 

Раённая газета “Радзіма” пацікавілася дэмаграфіяй Глушчыны за 2022 год і між іншым апублікавала загадкавыя звесткі пра ўтварэнне сям’і і нараджэнне дзяцей у раёне.

Паводле звестак рэестра ў Глускім раёне ў 2022 годзе сярэдні ўзрост нявесты быў 34 гады, а жаніха – 39 гадоў. Самай малодшай нявесце было ўсяго 16 гадоў, а самаму маладому жаніху – 20. А вось самая ўзроставая нявеста выйшла замуж у 63 гады, а жаніх – у 65. 

У аддзеле зарэгістраваны два шлюбы з грамадзянамі Расіі і адзін з грамадзянінам Рэспублікі Мальта.  

Як распавяла кіраўнік аддзела ЗАГСа Ганна Марціновіч, з кожным годам урачыстая рэгістрацыя праходзіць з усё меншай колькасцю сваякоў, найчасцей у вельмі блізкім сямейным крузе.  Больш таго, усё больш маладых адмаўляюцца ад цырымоніі і проста прыходзяць падпісаць і атрымаць пасведчанне аб шлюбе.

А вось з нараджэннем немаўлятаў усё застаецца традыцыйна. Сярэдні ўзрост мамак у 2022 годзе быў 28 гадоў, а бацькоў 30 гадоў. У той жа час самай малодшай маці было 16 гадоў, а 19-гадовы хлопец стаў самым маладым бацькам. Самай узроставай маці споўнілася 40 гадоў, а найстарэйшым бацькам стаў мужчына ў 49 гадоў. 

Лідарства сярод імёнаў дзяўчынак у 2022 годзе было падзелена Вікторыяй і Евай. Акрамя таго, маленькіх дзяўчат называлі: Марыя, Міраслава, Ганна, Вера, Дарыя, Анастасія, Злата, Арына, Эвеліна, Эмілія. Самыя арыгінальныя і рэдкія імёны – гэта немаўляты: Бажэна, Мія, Каталія, Васіліса, Рамін. 

Лідарства сярод мужчынскіх імёнаў у 2022 годзе захапілі Дзмітрый і Матвей. Таксама часта хлопчыкам давалі імёны: Марат, Міхаіл, Марк, Растыслаў, Юрый, Дамір, Максім, Уладзімір, Цімур, Канстанцін, Мікалай. Самыя рэдкія імёны: Маркус, Эмір, Гордзі, Дэвід.

Выходзіць так, што дзяўчаты, сапраўды, у Глускім раёне ў сярэднім нараджаюць раней, чым іх завуць замуж? Адгадка заключаецца ў тым, што жанчыны цяпер па некалькі разоў выходзяць замуж. За кошт другіх і трэціх шлюбаў атрымоўваецца такая розніца ў сярэдніх лічбах паміж нараджэннем дзіця і выхадам замуж. 

“Вясельныя сезоны” – у Глуску адкрылася густоўная рэтра-выстава вясельнай сукенкі

Выставу збіралі ўсім мірам, на ёй можна пабачыць сукенкі ад 1950-х гадоў і да сучасных.

У Глускім краязнаўчым музеі з нагоды 105-годдзя ЗАГСа Рэспублікі Беларусь адкрылася незвычайная выстава “Вясельныя сезоны”.   

Як паведаміла раённая газета Радзіма, музейныя работнікі адразу вырашылі да юбілейнай даты зрабіць выставу пра вяселле. Чаму? Таму што першае, што прыходзіць у галаву, калі мы чуем слова ЗАГС – гэта вяселле. 

Але ў музеі не было экспанатаў. Зварот да глушчан дазволіў сабраць выбітную калекцыю вясельных убораў розных гадоў з 1950-х да 2010-х гадоў. Усяго ў музеі можна ўбачыць больш за 20 вясельных убораў. Практычна кожны з убораў, прадстаўленых на выставе, мае сваю цікавую гісторыю, якую экскурсаводы распавядаюць наведвальнікам. 

Самы старажытны вясельны ўбор – 1950-х гадоў. У 1972 годзе ў гэтай чароўнай сукенцы з гіпюру дзяўчына з Глуску выйшла замуж, а потым захоўвала яе паўстагоддзя. Убор нявесты выдатна захаваны. 

Нібыта і не так далёкія 1970-я гады. Але час ужо моцна змяніўся, і многіх менавіта яны найбольш уражваюць. Тут, напрыклад, серабрыстая парчовая сукенка з надзіманай таліяй – прыгажосць, не адвесці вачэй. Убор з рукавамі, вырабленымі з тонкай гібуры, які прывезлі з ГДР. А набыла яе свякроў для сваёй будучай нявесты за 70 рублёў (у той час гэтая сума была амаль роўнай зарплаце сярэдняга супрацоўніка). Маецца белая ў бліскучых срэбных кружочкаў сукенка 1977 года. Яны былі прышыты з тканіны, якую сваякі з Канады адправілі для нявесты. 

На выставе знаходзяцца не толькі сукенкі нявестаў, але і касцюмы жаніхоў. Аказваецца, мужчыны таксама захоўваюць вясельныя ўборы. Напрыклад, жаніх 1977 года прынёс свае гальштукі з першага і другога дня вяселля. 

Уборы нявест 1980-х гадоў зусім іншыя па стылі. Тут больш упрыгожанняў, валанчыкаў, бязважкіх тонкіх тканін. Напэўна, сукенка знакамітай брытанскай прынцэсы Дыяны аказала свой уплыў на савецкіх нявест. Яшчэ адна адметная асаблівасць моды 1980-х гадоў заключаецца ў тым, што замест вянка на галаве з’яўляецца вясельны капялюш. 

Акрамя таго, можна пабачыць, як выглядалі нявесты і жаніхі на вясельных фатаграфіях пачынаючы з 1949 года і да нашага часу. А таксама маюцца  дакументы аб нараджэнні, шлюбе, найстарэйшы з якіх быў складзены ў 1930-я гады.

Як сказала дырэктар раённага музею Наталля Акуліч, у той час, калі выстава была задумана, у музеі былі толькі чатыры прыдатныя для выставы экспанаты, але за вельмі кароткі час сабралася вялікая колькасць. Супрацоўнікі розных арганізацый прывозілі свае сукенкі, касцюмы, аксэсуары, дакументы, фатаграфіі, актыўна далучаліся арганізацыі ветэранаў. І глушчане ўсё яшчэ прывозяць экспанаты. 

Выстава “Вясельныя сезоны” у музеі будзе працаваць да канца сакавіка.