“Вясельныя сезоны” – у Глуску адкрылася густоўная рэтра-выстава вясельнай сукенкі

Выставу збіралі ўсім мірам, на ёй можна пабачыць сукенкі ад 1950-х гадоў і да сучасных.

У Глускім краязнаўчым музеі з нагоды 105-годдзя ЗАГСа Рэспублікі Беларусь адкрылася незвычайная выстава “Вясельныя сезоны”.   

Як паведаміла раённая газета Радзіма, музейныя работнікі адразу вырашылі да юбілейнай даты зрабіць выставу пра вяселле. Чаму? Таму што першае, што прыходзіць у галаву, калі мы чуем слова ЗАГС – гэта вяселле. 

Але ў музеі не было экспанатаў. Зварот да глушчан дазволіў сабраць выбітную калекцыю вясельных убораў розных гадоў з 1950-х да 2010-х гадоў. Усяго ў музеі можна ўбачыць больш за 20 вясельных убораў. Практычна кожны з убораў, прадстаўленых на выставе, мае сваю цікавую гісторыю, якую экскурсаводы распавядаюць наведвальнікам. 

Самы старажытны вясельны ўбор – 1950-х гадоў. У 1972 годзе ў гэтай чароўнай сукенцы з гіпюру дзяўчына з Глуску выйшла замуж, а потым захоўвала яе паўстагоддзя. Убор нявесты выдатна захаваны. 

Нібыта і не так далёкія 1970-я гады. Але час ужо моцна змяніўся, і многіх менавіта яны найбольш уражваюць. Тут, напрыклад, серабрыстая парчовая сукенка з надзіманай таліяй – прыгажосць, не адвесці вачэй. Убор з рукавамі, вырабленымі з тонкай гібуры, які прывезлі з ГДР. А набыла яе свякроў для сваёй будучай нявесты за 70 рублёў (у той час гэтая сума была амаль роўнай зарплаце сярэдняга супрацоўніка). Маецца белая ў бліскучых срэбных кружочкаў сукенка 1977 года. Яны былі прышыты з тканіны, якую сваякі з Канады адправілі для нявесты. 

На выставе знаходзяцца не толькі сукенкі нявестаў, але і касцюмы жаніхоў. Аказваецца, мужчыны таксама захоўваюць вясельныя ўборы. Напрыклад, жаніх 1977 года прынёс свае гальштукі з першага і другога дня вяселля. 

Уборы нявест 1980-х гадоў зусім іншыя па стылі. Тут больш упрыгожанняў, валанчыкаў, бязважкіх тонкіх тканін. Напэўна, сукенка знакамітай брытанскай прынцэсы Дыяны аказала свой уплыў на савецкіх нявест. Яшчэ адна адметная асаблівасць моды 1980-х гадоў заключаецца ў тым, што замест вянка на галаве з’яўляецца вясельны капялюш. 

Акрамя таго, можна пабачыць, як выглядалі нявесты і жаніхі на вясельных фатаграфіях пачынаючы з 1949 года і да нашага часу. А таксама маюцца  дакументы аб нараджэнні, шлюбе, найстарэйшы з якіх быў складзены ў 1930-я гады.

Як сказала дырэктар раённага музею Наталля Акуліч, у той час, калі выстава была задумана, у музеі былі толькі чатыры прыдатныя для выставы экспанаты, але за вельмі кароткі час сабралася вялікая колькасць. Супрацоўнікі розных арганізацый прывозілі свае сукенкі, касцюмы, аксэсуары, дакументы, фатаграфіі, актыўна далучаліся арганізацыі ветэранаў. І глушчане ўсё яшчэ прывозяць экспанаты. 

Выстава “Вясельныя сезоны” у музеі будзе працаваць да канца сакавіка.