Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Міністэрства ўнутраных спраў папоўніла «спісе экстрэмістаў».

У ім чацвёра, прызнаных праваабарончай супольнасцю, палітвязняў.

Яўген Люльковіч – палітвязень;

Аляксандр Курганскі – палітвязень;

Журналіст Андрэй Кузнечык – палітвязень;

Дзяніс Граханаў – палітвязень;

Аляксей Маеўскі

Паводле праваабаронцаў, цяпер у «экстрэмісцкім спісе» міліцэйскага ведамства 479 асобаў.

Юрый Чубанаў

Асуджаны да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, нагодаю для крымінальнага пераследу сталі каментары і «упадабайкі» у сацыяльных сетках.

Абвінавачаны ў «незаконных дзеяннях з персанальнымі дадзенымі», «абразе прадстаўніка ўлады», «абразе Лукашэнкі», «здзек з дзяржаўных сімвалаў» і «паклёпе на Лукашэнку».

Справу разглядаў суддзя з Гродна Генадзій Мазайла.

Аляксандр Мялешка

3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – «хатняя хімія».

Загадчыка лабараторыі дзіцячай анкалогіі абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах 2020 году. Шэсць дзён ён утрымліваўся ў няволі і быў адпушчаны на парукі калегаў.

Справу на медыка разглядаў суддзя Максім Трусевіч.

Андрэй Вашчук

Каталіцкага святара аштрафавалі на 320 рублёў.

Як перадаюць медыі, адміністрацыйную справу разглядалі без Вашчука, бо ён «пехатою сышоў у Літву 15 жніўня». Пратакол на святара склалі, калі яго ўтрымлівалі пад арыштам.

Нагодаю для пераследу стала апублікаванне ім у сацыяльных сетках « карыкатурнай выявы са свастыкай». 

Суддзя Андрэй Андрушэнка з Першамайскага раённага суду Віцебску ўгледзеў у ёй «прапаганду або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі».

Раней, святар няволіўся пад адміністрацыйным арыштам 30 дзён. Па вызваленні пакінуў Беларусь.

Алег Гайдук

Затрыманы.

Паводле праваабаронцаў, якія спасылаюцца на праўладныя тэлеграм-каналы, былога міліцыянта схапілі, бо ён «зліваў звесткі былых калег у экстрэмісцкія тэлеграм-каналы і пакідаў у такіх каналах абразлівыя каментары аб вышэйшых службовых асобах Рэспублікі Беларусь, зарэгістраваўся ў плане «Перамога» і збіраўся выехаць ваяваць на баку Украіны».

 

Дзень у гісторыі: 2 верасня. Скончылася Другая сусветная вайна. Нарадзіўся гісторык Яўген Мірановіч. Памерлі: пісьменнік, журналіст Мікола Гайдук і кампазітар, драматург Мацей Радзівіл. Суд над Маціясам Рустам, які прызямліў самалёт у цэнтры Масквы

1800 год. Памёр Мацей Радзівіл.

Дзяржаўны дзеяч, кампазітар, драматург.

Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794 года. Дараваў волю сваім сялянам, якія прымалі ўдзел у паўстанні.

Аўтар вершаў, паланэзаў, санат. Упершыню ўвасобіў тэму палявання ў жанры паланэзу.

Яго опера «Агатка, або Прыезд пана», у якой апаэтызаваныя людзі з народу, ставілася ў Нясвіжы, Варшаве, Любліне, Вільні, Львове.

1945 год. Скончылася Другая сусветная вайна.

Акт аб капітуляцыі Японія падпісала на борце лінкора ВМФ ЗША «Місуры».

Злучаныя Штаты Амерыкі ўступілі ў Другую сусветную вайну 7 снежня 1941 года па нападзе Японіі на ваенна-марскую базу Пёрл-Харбар.

Тэатр ваенных дзеянняў ЗША і Японіі ахопліваў Ціхі акіян, Індакітай і Паўднёва-Усходнюю Азію. Амерыканскія войскі былі задзейнічаныя і ў Еўропе. Узялі на сябе найбольшы цяжар у адкрыцці Другога фронту – высадцы дэсанту ў Нармандыі.

ЗША страцілі забітымі ў Другой сусветнай вайне 418 000 чалавек і 671 278 былі параненыя. Таксама 130.201 амерыканец лічыўся ваеннапалонным, з іх 116.129 чалавек вярнуліся на радзіму па вайне.

Японская імперыя ўступіла ў Другую сусветную вайну 27 верасня 1940 года, падпісаўшы Берлінскі пакт з Германіяй і Італіяй ды напаўшы на Індакітай.

Многія японскія палітыкі і ваенныя дзеячы былі асуджаныя за ваенныя злачынствы Такійскім трыбуналам і іншымі трыбуналамі саюзнікаў.

Колькасць людзей, якія загінулі ў Заходняй Азіі ў выніку бактэрыялагічнай вайны Японіі і эксперыментаў на людзях, ацэньваецца прыкладна ў 580 000 чалавек.

За час вайны Японія страціла 2,5 мільёны чалавек. Шмат японцаў загінула ў выніку ядзернага бамбавання амерыканцамі Хірасімы і Нагасакі. Атака гэтых гарадоў новым відам зброі прыспешыла капітуляцыю Японіі.

1955 год. Нарадзіўся Яўген Мірановіч.

Беларускі і польскі гісторык, грамадскі і культурны дзеяч.

Доктар гістарычных навук. Загадчык кафедры беларускай культуры Беластоцкага ўніверсітэту.

Даследуе беларуска-польскія стасункі, беларускі нацыянальны рух у Польшчы, найноўшую гісторыю Польшчы і Беларусі.

Галоўны рэдактар тыднёвіка «Ніва», рэдактар часопісу «Białoruskie Zeszyty Historyczne».

1987 год. Суд над Маціясам Рустам.

18-гадовы нямецкі спартсмен-пілот на ўласным самалёце праляцеў еўрапейскую частку Савецкага Саюзу і прызямліў самалёт у цэнтры Масквы, а потым раздаваў аўтографы.

Руста абвінавацілі ў хуліганстве, парушэнні авіяцыйнага заканадаўства, незаконным перасячэнні савецкай мяжы і прысудзілі чатыры гады пазбаўлення волі.

3 жніўня 1988 году ён вярнуўся ў ФРГ па амністыі. Руст правёў у зняволенні 432 дні.

1998 год. Памёр Мікола Гайдук.

Пісьменнік, журналіст, краязнавец, настаўнік.

Выкладчык і дырэктар беларускага ліцэю імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляскім, працаваў у газеце «Ніва» (Беласток).

Аўтар зборніка вершаў на беларускай мове, апавяданняў, аповесцяў і гістарычных эсэ, казак.

Апублікаваў каля 600 уласных запісаў беларускіх песень з нотамі, краязнаўчы слоўнік.

Сабраў у наваколлі Белавежы і апрацаваў зборнік беларускіх народных казак, легенд і паданняў «Аб чым шуміць Белавежская пушча».

Суаўтар падручнікаў па беларускай мове для 3–8 класаў.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў