У Крычаўскім раёне заатэхнік папалася на фіктыўным сямейным падрадзе

Заатэхніка-брыгадзіра асудзілі на тры гады зняволення з адтэрміноўкай за фіктыўнае працаўладкаванне яе мужа і брата.

Цягам 2024 і 2025 гадоў жанчына фіктыўна складала і падпісывала ад імя сваіх брата і мужа фіктыўныя дагаворы падраду аб выкананні работ на жывёлагадоўчым аб’екце прадпрыемства АПК. Мужчыны ў той час знаходзіліся за межамі Беларусі.

Аднак гэта не перашкодзіла ў далейшым заатэхніку складаць і падпісваць акты выкананых работ, якія ў рэчаіснасці не выконваліся. Налічаныя грошы жанчына асабіста атрымлівала ў касе прадпрыемства, здымала з аформленых на імя яе сваякоў банкаўскіх пластыкавых карт, а затым распараджалася грашыма па ўласным меркаванні. Такім спосабам яна выкрала ў прадпрыемстваў звыш 10 тыс. рублёў. 

У судзе жанчына сваю віну ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовым становішчам у буйным памеры прызнала часткова. Нанесены ўрон кампенсавала. 

Суд асудзіў заатэхніка на тры гады зняволення з адтэрміноўкай на два гады. Таксама жанчына мусіць сплаціць 4,5 тыс.рублёў штрафу і ёй забаронена цягам пяці гадоў займаць кіруючыя пасады. Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магілёвец папаўся на фіктыўным працаўладкаванні 12 выпускнікоў каледжа

Год “хатняй хіміі” і вялікі штраф прысудзілі дырэктару прыватнай арганізацыі за фіктыўнае працаўладкаванне ў цырульні 12 выпускнікоў каледжа.

У Беларусі дэкларуецца, што прымусовая праца забаронена. Аднак насамрэч гэта не так. Выпускнікі навучальных устаноў, якія вучацца за кошт дзяржаўнага бюджэту, які ў сваю чаргу фармуцца з падаткаў іх і іх бацькоў, мусяць адпрацаваць па так званым размеркаванні. 

Таму, хто не хоча прымусова працаваць, прыходзіцца дзейнічаць не зусім законнымі, з пункту гледжання дзяржавы, якая сама парушае закон, спосабамі. Так, у Магілёве 12 выпускнікоў каледжа і дырэктар прыватнай фірмы, якая аказвае цырульніцкія паслугі, дамовіліся, што яны будуць штомесяц пералічваць яму ад 160 да 200 рублёў. За гэта ён афармляліе фіктыўныя дакументы аб іх працаўладкаванні: загады аб прыёме, працоўныя дагаворы, пацвярджэнні аб прыбыцці да месца працы. Таксама мужчына  забяспечыў накіраванне недакладных звестак аб працаўладкаванні выпускнікоў у ФСАН, падатковыя органы і Белдзяржстрах. Усе гэта адбывалася з 2022 па 2025 год. 

Разгледзеўшы справу, суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў дырэктара вінаватым у службовым падлогу і пасобніцтве ў прычыненні маёмаснага ўрону без прызнакаў крадзяжу. Вырак суда – адзін год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію адкрытага тыпу, штраф у памеры 18 тысяч рублёў і забарона займаць кіруючыя пасады на пяць гадоў. Таксама з падсуднага спагнаны даход, які быў здабыты “злачынным шляхам”, у памеры 39 737,19 рубля. Мужчына сваю віну цалкам прызнаў, але прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц