“Заўжды ЦІКАVА” – у Магілёве пачаўся рэбрэндынг Беларуснафты

У цэнтры горада на Касцерні пасля рамонта адкрылася аўтазапраўка, якую зачынялі ў канцы лета. Скандальная запраўка каля плошчы Арджанікідзэ прайшла рамонт і рэбрэндынг. Цырымонія адкрыцця прайшла без помпы, але крыху ўрачыста, з выкарыстаннем беларускай мовы, удзяржаўных і нацыянальных колерах.

Па амаль што бел-чырвона-белай дарожцы, хоць і ў акружэнні чырвона-зялёных шарыкаў, першыя пакупнікі прайшлі ў кавярню і гандлёвы маркет, зрабілі набыткі і атрымалі падарункавыя сертыфікаты.

“Заўжды ЦІКАVА” – новы вобраз Беларуснафты. У чэрвені 2018 года кампанія зарэгістравала свой новы брэнд пад назвай “ЦIKAVA”. Ён быў спецыяльна распрацаваны для кавярняў і крам, якія ўваходзяць у АЗС кампаніі.

Раней на запраўках Беларуснафты вадзіцелі і пасажыры маглі толькі перакусіць, выпіць каву і з’есці ў асноўным хот-догі. Цяпер на АЗС маюцца кафэ – крамы з больш шырокім спектрам фаст-фуду, а на некаторых з іх маюцца стравы ад шэфповара.

Маркетолагі вырашылі спалучыць англійскае і беларускае гучанне асноўных напояў вадзіцеляў аўтамашын. У выніку чай (гарбата) і кава сталі асновай новага брэнда. Семантыка слова “ЦІКАVА”, як тлумачаць маркетолагі, ідзе ад “tea” (па англійскі гучыць як “ці”), а кава дадае нацыянальнага каларыту. Гэты інтэрнацыянальны брэнд быў задуманы як запамінальны і яркі вобраз, які выконвае камунікатыўную функцыю і з’яўляецца неад’емнай часткай сучаснай, пазнавальнай АЗС.

Злучэнне вымаўлення назвы брэнда з беларускай мовай утварае цёплае і хатняе стаўленне да брэнда большасці наведвальнікаў нашых аўтазаправачных станцый, якое заснавана на любові да роднай зямлі. Для замежных гасцей стаўленне да брэнда ЦІКАVА асацыюецца, як дачыненне да прадукту беларускага рынку. І гэта, у сваю чаргу, павышае канкурэнтаздольнасць і прывабнасць брэнда – лічаць супрацоўнікі кампаніі.

Раней каля Магілёва рамонт і рэбрэндынг быў зроблены на тэрыторыі Магілёўскага раёна на 7-й аўтазапраўцы па Чавускай шашы, і вось цяпер першай у Магілёве рэканструявана 99-я запраўка. Знаходзіцца сучасная электра- і паліўная запраўка ў гістарычным цэнтры горада – на знакамітай Касцерні – скрыжаванні завулка Пажарны, вуліц Карла Маркса і Боткіна.

У новай кавярні маецца некалькі копій гістарычных краявідаў Магілёва. Гэта невыпадкова. Мяркуецца, што, зазірнуўшы ў “ЦІКАVА”, наведвальнік не толькі адпачне, але і атрымае інфармацыю пра цікавыя і прыгожыя месцы ў Беларусі, за кубкам напою распрацуе свой турыстычны маршрут па краіне.

Першым наведвальнікам, здаецца, усё спадабалася, але яны адзначылі пэўны дысананс. Справа ў тым, што за выключэннем беларускамоўнага брэнда ўсё астатняе – указальнікі, назвы страў, чэкі рускамоўныя.

Фота: mogilev.media

На Касцерні ў Магілёве плануюць адкрыць АЗС з кафэ-маркетам у пачатку 2023 года

Рэканструкцыя будынка аўтазаправачнай станцыі пачалася летам бягучага года і працягваецца нават ў выходныя дні. Будаўнікі сцвярджаюць, што аб’ект павінны здаць у канцы гэтага года, а адкрыццё адбудзецца напачатку наступнага. Пра чуткі вакол лёсу на Касцерні пісалі Магілёў.media

Лакацыя АЗС – культавая, гістарычная. Гэтая мясціна вядомая як Касцерня альбо Касцярня. У 1661 годзе прыблізна тут былі пахаваныя сотні маскоўскіх стральцоў, якіх забілі магілёўцы падчас знакамітага паўстання. Непадалёку знаходзяцца медыцынскі і сацыяльна-педагагічны коледжы, студэнцкі інтэрнат МДУ імя А. Куляшова, помнік Георгію Каніскаму, глядзельная пляцоўка, лесвіца ў Падмікольскі парк, плошча Арджанікідзэ.

У 2003 годзе гараджан абурыла ўзвядзенне гэтай АЗС у цэнтры Магілёва, паблізу ад бальніцы хуткай дапамогі. Звароты з пратэстамі яны пісалі ў гарвыканкам на імя граданачальніка Віктара Шорыкава. Старшыня гарвыканкама тады вымушаны быў прызнаць факт будаўніцтва небяспечнага аб’екту і намагаўся супакоіць незадаволенасць землякоў, сцвярджаючы, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць істотна зменшыць уплыў АЗС на навакольнае асяроддзе. 

Летам 2022 чуткі аб «закрыцці» АЗС узрадавалі многіх гараджан, але ненадоўга. Высветлілася, што запраўку не ліквідуюць, а зробяць рэканструкцыю з дадаткам да яе кафэ-маркета “Цікава”.