У Клімавічах тля атакавала ліпы. Дрэвы «заплакалі»

Тлю актывізавала спякотнае надвор’е. Ледзь заўважная жамяра харчуецца лістотай дрэва, перакусваючы капіляры. Паратунак для дрэваў – пахаладанне.

«Звярніце ўвагу на лісце ліпаў у нашым горадзе. Яны ўсцяж у тлі, якая бязлітасна грызе лісцейка, разбураючы капіляры. Вось і пакутуюць нябогі дрэвы, і плачуць», – б’е трывогу мясцовая раёнка «Родная ніва».

stroy-podskazka.ru

Як сцвярджаюць спецыялісты, спякотнае надвор’е стварае спрыяльныя ўмовы для масавага размнажэння шкоднікаў. Да ліпкай вадкасці, якае капае з дрэва, часта дадаюцца павуцінкі, утвораныя ў выніку лінькі тлі.

Ліпкія выдзяленні жыццядзейнасці жамяры для ліпы бяспечныя. Аднак, тля сілкуецца клеткавым сокам лісця, што адмоўна адбіваецца на стане дрэва. Яно слабне і можа загінуць.

Ліпа – неабходнае дрэва для гарадскога асяроддзя. Яно добра расце, выдатна адаптуецца да забруджвання атмасферы аўтатранспартам і прамысловымі прадпрыемствамі. Ліпа назапашвае ў лістоце вялікую колькасць цяжкіх металаў, што істотна аптымізуе стан навакольнага асяроддзя.

Пра важнасць ліпы для гораду і яе адметнасць у свеце раслін пісаў Магілёў.media ў адной са сваіх публікацыяў. 

Ліпа – найулюблёнае дрэва беларуса. Яе высаджваюць пры гарадскіх магістралях, у дварах жылой забудовы, у асяродках адпачынку. У канцы чэрвеня і пачатку ліпеня водар ад гэтага дрэва насычае паветра.

Ліпа – сімвал кахання, урадлівасці, дабрабыту, вернасці, дружбы, міру, справядлівасці, альтруізму, удачы. Яшчэ яна – сімвал сужэнскай любові, гасціннасці і сціпласці.

У Магілёве эксперыментуюць з міліцыяй. Патрульныя працуюць у тэставым рэжыме

Кіраўніцтва разлічвае аб’яднаць роты патрульна-паставой службы міліцыі грамадскай бяспекі ў асобны батальён.

Цяпер структура працуе ў тэставым рэжыме і ёй удзяляецца пільная ўвага абласнога і рэспубліканскага кіраўніцтва.

На ўзроўні міністэрства пастаўлена задача па далейшым павышэнні статусу патрульна-паставой службы, яе эфектыўнасці ў забеспячэнні грамадскага парадку з улікам сучасных патрабаванняў, піша «Веснік Магілёва».

«Адзінае кіраванне дазваляе пры неабходнасці манеўраваць сіламі і сродкамі, надаваць належную ўвагу прафесійнай падрыхтоўцы супрацоўнікаў, падабраць згуртаваны калектыў», – тлумачыць першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка.

Паводле яго наяўнасць афіцэрскіх пасад будзе стымуляваць асабовы склад і спрыяць прэстыжу патрульна-паставой службы.

Юрый Назаранка кажа, што ў краіне «толькі два падраздзяленні працуюць у эксперыментальным варыянце – у Магілёўскай і Віцебскай абласцях».

Па яго словах, падобны фармат ужо існаваў некалькі гадоў таму і «калі тэставы рэжым апраўдае сябе, то аналагічныя змены могуць быць рэалізаваныя па ўсёй краіне».

фота: minsk.gov.by

У Шклове адкрылі рэканструяваны помнік ахвярам Галакосту

Некропаль ахвяр нацысцкага генацыду адкрылі на мясцовых яўрэйскіх могілках 26 жніўня. Побач з мемарыялам старажытны чысцец, муры якога закансервавалі, каб уратаваць ад разбурэння.

Помнік рэканструяваны, дзякуючы намаганням выхадца са Шклова расійскага прадпрымальніка Ільі Клябанава. Ён прапанаваў праект аднаўлення ўнікальнай мясціны.

На жалобным мітынгу выступілі прадстаўнікі раённай улады, аўтар мастацкага рашэння скульптар Георгій Франгулян, былы міністр культуры Расіі Міхаіл Швыдкой, прадстаўнікі яўрэйскай грамады і сам Ілля Клябанаў.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да помніка і ўшанавалі памяць 3 200 забітых нацыстамі у 1941 годзе яўрэяў Шклоўшчыны.

Анонс суботніх забаваў на Магілёўшчыне. Кірмаш народных рамёстваў, фестываль сямейнай творчасці і Дзень гурка

Апошнія фэсты лета правядуць у Глуску, Асіповічах і Шклове.

Імі завяршаецца абласная праграма фестываляў і святаў клубных арганізацыяў рэгіёну «Яскравае свята лета».


У Асіповічах чакаюць на фестываль-кірмаш народных рамёстваў «Асіпоўшчына рамесная».

Пройдзе на пляцоўцы ля Раённага цэнтру культуры.

У праграме: выстава і продаж работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Канцэрт духавога аркестру.

Арганізатары запрашаюць на майстар-класы па ткацтву паясоў, вырабу керамічных гаршкоў і кашоў з лазы.


У Глуску запрашаюць на рэгіянальны фестываль сямейнай творчасці «Сузор’е талентаў».

Адкрыюць ля Дому рамёстваў.

Тут пройдзе музычна-песенны фестываль, конкурс на лепшую прэзентацыю «атрыбута побыту беларускай сям’і».

У гарадскім парку плануюць правесці конкурс «Тата, мама і я – спартыўная сям’я», а таксама спаборніцтвы па шахматах і футболу.

Увечары абяцаюць канцэрт і салют.


У Шклове ў 16 раз правядуць Свята летняга ўраджаю «Дзень агурка».

Арганізатары запэўніваюць: цікава будзе і малых, і старым.

«Дзень агурка» адзначаць на пляцоўцы вакол комплексу будынкаў гарадской ратушы, у якой месціцца гімназія.

У праграме парад страваў, тэматычная тэатралізацыя, конкурсы, квэсты, інтэрактыў для дзяцей, фестываль фарбаў.

Ля ратушы створаць спартыўна-гульнявую пляцоўку. Тут жа адбудзецца агурочны гастрафест. Не абыдзецца свята без гораду майстроў, фотаасяродка.

Завершыцца «Дзень агурка» канцэртам і дыскатэкай.

 

У Беларусі вырасла загрузка складскімі запасамі. Лідар – сталічны рэгіён

На Магілёўшчыне заляжалай прадукцыі ў параўнанні з мінулых годам паболела на 13,5 працэнтаў. Кошт не прададзенага сягае 622,4 мільёнаў рублёў.

Рэсурс Banki24.by піша, што ва ўсіх рэгіёнах павялічыўся ўзровень запасаў гатовай прадукцыі ў параўнанні з мінулым годам. Асноўны аб’ём не прададзенага генеруе дзяржаўны сектар.

«На 1 жніўня 2022 года запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў склалі 8,024 млрд. BYN у эквіваленце. У грашовым выражэнні прыбаўка ў складскіх запасах за 12 месяцаў (слізгальны год) склала 53,3%», – паведамляе выданне.

Паводле яго, цэны вытворцаў прамысловай прадукцыі ў ліпені ў параўнанні з ліпенем мінулага году выраслі на 15,8 працэнтаў і на столькі ж узняліся за 7 месяцаў у параўнанні з 7 месяцамі 2021-га. Таму, рост складскіх запасаў за слізгальны год адбыўся і ў рэальным выражэнні – больш чым на 32%.


За студзень-ліпень прамысловая вытворчасць у Беларусі скарацілася на 6,2 працэнты да ўзроўню 2021 году. Выраб прадукцыі за 7 месяцаў знізіўся ва ўсіх абласцях і ў Мінску – у Брэсцкай на 3,4 працэнты, у Віцебскай на 5,8 працэнтаў, у Гомельскай на 4,1 працэнт, у Гродзенскай на 4,7 працэнты, у Мінскай на 14,7 працэнты, у Магілёўскай на 4,4 працэнты, у Менску на 1,8 працэнтаў.


Паводле Banki24.by лідарства па грашовым эквіваленце запасаў захапіла Мінская вобласць з 1,630 мільярдаў рублёў. Узровень не прададзенага да сярэднямесячнага вырабу прадукцыі ў рэгіёне склаў 80,1 працэнт (76,4 працэнта годам раней).

Найвышэйшыя суадносны запасаў прадукцыі паказала Гродзенская вобласць – 91,7% ад сярэднямесячнага вырабу (61% годам раней). У грошах на складах рэгіёну ляжыць не прададзенага тавару на 1 мільярд 188 мільёнаў рублёў.

У астатніх абласцях паказчыкі былі наступнымі:

– Брэсцкая – 919,7 млн ​​BYN (75,3% супраць 57,7%);

– Віцебская – 1,262 млрд BYN (88,9% супраць 44,4%);

– Гомельская – 1,049 млрд BYN (42 % супраць 22,5%);

– Магілёўская – 622,4 млн BYN (66,3% супраць 52,8%).

Фота мае ілюстрацыйны характар

У Магілёве паядналі «містычную» графіку са станковай скульптурай і выйшла незвычайная выстава ў прыватнай галерэі. Пераканайцеся самі, паглядзеўшы фота

У галерэі Андрэя Вераб’ёва разгорнутая выстава з творамі малавядомых шырокай публіцы мастакоў – Віктора Дэ Буга і Генадзя Кутовіча. Сваю супольную экспазіцыю яны назвалі «Успаміны пра будучыню». Яе адкрыццё адбылося 25 жніўня.


Галерэя Андрэя Вераб’ёва створаная ў 2017 годзе для папулярызацыі сучаснага мастацтва, адкрыцця новых імёнаў маладых мастакоў, правядзення творчых сустрэч, персанальных і калектыўных мастацкіх выставаў. У ёй ладзяцца прэзентацыіі літаратурных і музычных твораў, а таксама праектаў.


Мастак-графік Віктор Дэ Буг

Віктор Дэ Буг прадставіў вялікую калекцыю сваёй «містычнай» графікі. Мастак нарадзіўся ў Магілёве, вучыўся ва Ўніверсітэце мастацтваў і мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Машэрава.

Віктор Дэ Буг не толькі графік, але і аўтар артыкулаў і кніг пра Марка Шагала і Казіміра Малевіча, гісторыка-культурнай канцэпцыі шляху «З варагаў у грэкі». Ён дапамог аформіць экспазіцыі ў 18 музеях.

Графіка мастака, прадстаўленая ў галерэі, сведчыла, што ён прыхільнік «шматвектарнага сінтэзу мастацтваў у глабальным інфармацыйным асяроддзі».

У сваім выступе Віктор Дэ Буг падкрэсліў: мы жывем на зломе двух тысячагоддзяў і таму, важна пранікнуцца графікай часу, бо лінейная графіка – гэта «Світкі часу», якія закранаюць вечныя тэмы розных эпох.

Мастак-дэкаратар Генадзь Кутовіч

Наведнікаў зацікавілі станковыя скульптуры Генадзя Кутовіча. Ён таксама выпускнік мастацка-графічнага факультэту Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Машэрава.

Працы Кутковіча ўдала ўпісаліся ў інтэр’ер, вонкава, нібыта, адцяняючы аднастайнасць графікі свайго калегі. 

Работы мастака-дэкаратара магілёўскага драматычнага тэатру – адкрыццё гэтага года. У скульптуры ён адназначна новае імя для Магілёва. Ягоныя працы выклікалі фурор на тэатральным дывертысменце, пра які пісаў   Магілёў.media.

Завяршылася адкрыццё выставы выступленнем рок-групы «Барон Мюнхаўзен». Паслухаць музыкаў прыйшлі не толькі аматары, але і старыя магілёўскія рокмэны.

Уваход на выставу цягам бліжэйшага месяца свабодны і бясплатны. Галерэя Верабʼёва месціцца на Дубравенцы, побач з спартовай базай лучнікаў.

«Дняпро ў тумане». Прыгожае фота ранішняга Магілёва

Туман над ракою не пакідалі без увагі многія беларускія літаратары. Яны пазнаходзілі плойму эпітэтаў гэтай прыроднай з’яве: туман-блакіт, туман-імжа, туман-малачай, туман-тугадум.

Гараджане, занятыя клопатам аб будзённасці, зрэдку зважаюць на яе, але дарма.

Фотаздымак з відам на пойму Дняпра ў ранішнюю пару даслала Магілёў.media чытачка.

«Раніцай ужо так… Лета заканчваецца…», пракаментавала яна свой твор.

 

Да +33 з жоўтым узроўнем небяспекі. Надвор’е ў Магілёве

Спёка не пакідае край.

Белгідрамет папярэджвае аб неспрыяльнай гідраметэаралагічнай з’яве! Абвешчаны жоўты ўзровень небяспекі.

26 жніўня ў Магілёве сіноптыкі прагназуюць невялікую воблачнасць. Без ападкаў. Тэмпература паветра +31+33°C. Вецер няўстойлівы, 3-8 м/с.

У дзённы час у многіх мясцінах краіны максімальная тэмпература паветра дасягне +30+32°С, у паўднёвых раёнах +33+34°С, у Мінску максімальная тэмпература паветра дасягне +30+32°С.

Паводле інтэрнэт-рэсурсаў, якія падаюць звесткі аб гісторыі надвор’я, найніжэйшую тэмпературу жніўня фіксавалі ў Магілёве ў 2015 годзе – +10°С.

Годам раней 3 жніўня было найцяплей – +26°С

 

Дзень у гісторыі: 26 жніўня. Рэфармаванне беларускай мовы і з’яўлянне «наркамаўкі». Нарадзілася паэтка Таццяна Сапач. Памерлі: літаратар Алесь Разанаў, гісторык Мікалай Улашчык

1933 год. Рэфармавалі беларускую мову.

Канец перыяду савецкай беларусізацыі.

Урад савецкай Беларусі прыняў пастанову «Пра змены і спрашчэнне беларускага правапісу».

Рэформа беларускага правапісу 1933 году– штучнае, ненатуральнае і прымусовае набліжэнне беларускай моўнай нормы да расійскай ва ўмовах жорсткага тэрору савецкіх уладаў без грамадскага і навуковага абмеркавання.

Прымусовае рэфармаванне мовы прывяла да суіснавання двух правапісаў. 

«Наркамаўку» навязалі беларусам у БССР, а традыцыйны класічны правапіс «Тарашкевіцу» захавалі беларусы замежжа. 

«Тарашкевіца» вярнулася была ў незалежную Беларусь. На ёй выдавалі газеты і кнігі. Па прыходзе да ўлады Лукашэнкі беларусаў сталі пераследаваць да публічнае выкарыстанне «ненарматыўнага правапісу» з “мяккімі знакамі”.

1962 год. Нарадзілася Таццяна Сапач (у замужжы – Дубавец).

Журналістка, паэтэса.

Удзельніца нацыянальна-культурніцкага і дэмакратычнага руху.

На радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» стварыла праграму «Альбаросіка», якая хутка адгукалася на тагачасныя змены ў грамадстве і імкнулася паскараць іх.

20 гадоў рыхтавала беларускую тэлепраграму «Віленскі сшытак» у Літве, супрацоўнічала з Радыё Свабода і радыёстанцыяй «Балтыйскія хвалі».

Займалася арганізацыяй беларускіх набажэнстваў у віленскай царкве Святога Мікалая.

1994 год. Памёр Сяргей Новік-Пяюн.

Паэт, празаік.

Удзельнік нацыянальна-культурнага руху ў Заходняй Беларусі. Тройчы арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у турме.

Працаваў дырэктарам Слонімскага краязнаўчага музею.

Пад час Другой сусветнай вайны за сувязь з партызанамі адпраўлены ў лагер смерці Калдычэва.

У 1944 годзе арыштаваны чэкістамі і апраўлены на 10 гадоў на Калыму.

Пісаў на беларускай, рускай, польскай мовах і на эсперанта.

Аўтар двух вершаваных зборнікаў. Некаторыя песні на яго творы лічацца народнымі, найбольш вядомыя з іх «Зорачкі» і «Над Шчарай» («Слонімскі вальс»).

1994 год. Памёр Мікалай Улашчык.

Гісторык, археограф, этнограф, краязнавец, літаратар.

Працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытуту гісторыі АН СССР.

Аўтар навуковых прац па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, па праблемах летапісання, крыніцазнаўства і археаграфіі.

Рэдагаваў два тамы беларуска-літоўскіх летапісаў.

Адшукаў і апісаў “Ленінградскі” і “Краснаярскі” спісы «Хронікі літоўскай і жамойцкай».

Арыштоўваўся савецкімі органамі ў 1930, 1932, 1941, 1950 гадах. Адпраўлены быў у сібірскія лагеры.

У Старых Дарогах яму стаіць помнік.

2001 год. Памёр Валерый Маслюк.

Рэжысёр, актор, драматург, паэт.

Галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога тэатру, Рускага драматычнага тэатру імя Горкага, рэжысёр-пастаноўшчык, дырэктар драматычнага тэатру імя Якуба Коласа.

Аўтар тэатральных пастановак і п’есаў.

2006 год. Памёр Іван Чыгрын.

Літаратуразнавец, паэт, крытык.

Працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР.

Аўтар літаратурна-крытычных артыкулаў. Даследаваў станаўленне беларускай прозы, творчасць абʼяднанняў «Маладняка», «Узвышша», а таксама гісторыю беларускай савецкай літаратуры.

2021 год. Памёр Алесь Разанаў.

Пісьменнік і перакладчык.

Паэт-наватар, аўтар новых паэтычных формаў, новых жанраў, стваральнік новай паэтыкі.

У 1968 годзе стаў адным з арганізатараў збірання подпісаў пад лістом у ЦК КПБ з патрабаваннем вярнуць беларускамоўнае навучанне ў БДУ. Пасля гэтага і наведвання Ларысы Геніюш, выключаны з БДУ.

Член Беларускага ПЭН-цэнтра.

Аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў, некаторыя з якіх лічацца этапнымі для беларускай паэзіі.

Перакладаў з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскахарвацкай, чэшскай, англійскай моваў.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Беларусь зноў аплаціла працэнты па еўрааблігацыям беларускімі рублямі

У чэрвені ўрад заявіў, што Беларусь будзе выконваць знешнія даўгавыя забавязанні ў рублях, а не ў валюце, у якой размяшчаліся аблігацыі. Адпаведную пастанову прынялі Савет Міністраў і Нацыянальны банк краіны 6 красавіка 2022 «Аб часовых мерах па выкананні знешніх дзяржаўных даўгавых забавязанняў».

Неўзабаве рублямі Беларусь і разлічылася. У канцы чэрвеня яна мела выплаціць утрымальнікам еўрааблігацыяў 22,9 мільёны долараў.

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s тады расцаніла рублёвыя выплаты па дзяржаўным доўгу як невыкананне краінай забавязанняў, што азначае дэфолт, нагадвае рэсурс Myfin.

Выданьне, спасылаючыся на Міністэрства фінансаў, піша, што 24 жніўня Беларусь ўноў зрабіла плацеж у рублях па працэнтах еўрааблігацыяў з тэрмінам пагашэння ў 2026 і 2031 гадах – яго сума склала 38,6 мільёнаў у эквіваленце.

Беларускі бок тлумачыў сваю пазіцыю немагчымасцю выконваць забавязанні па каштоўных паперах у замежнай валюце, бо замежная разлікова-клірынгавая інфраструктура не можа забяспечыць пераказ сродкаў утрымальнікам праз санкцыі супраць краіны.