Магілёўскі “Базальтум” выпусціць 400 тысяч кубоў уцяпляльніка ў год. І куды яго дзяваць?

Магілёўшчына вырабіць уцяпляльнік, але наўрад ці выйдзе з ім на сусветныя рынкі – максімум Расія.

У Магілёве адкрыўся завод «Базальтум»: базальтавы ўцяпляльнік, ветрапарк, 89 рабочых месцаў. Магутнасць прадпрыемства 400 тысяч кубаметраў уцяпляльніка ў год. Грошы даў дзяржаўны Банк развіцця Беларусі.

Праект пададзены як крок да імпартазамяшчэння і выхад на знешнія рынкі. Разбярэмся, наколькі гэта рэальна.

З імпартазамяшчэннем усё сумленна. Беларускі рынак уцяпляльнікаў сапраўды перанасычаны расійскімі брэндамі – Тэхнаніколь, Rockwool, Isover. Уласная вытворчасць у Беларусі таксама ёсць – гомельскі «Белцеп»,але канкурэнцыя шчыльная. «Базальтум» у гэтую нішу ўпісваецца.

А вось экспарт… У матэрыялах завода асабліва падкрэсліваецца: ветравая энергія робіць прадукцыю прывабнай для краін, дзе важны «зялёны след». Чытай – Еўропа. Але тут загваздка:

Расіі экалагічная чысціня прадукцыі да лямпачкі. Там важная цана. А значыць, аргумент пра экалагічную ветравую вытворчасць як канкурэнтную перавагу на экспартных рынках – гэта хутчэй маркетынг для ўнутранага карыстання.

Рэальная карціна прасцейшая: завод будзе працаваць на ўнутраны рынак і на Расію. Гэта нядрэнна – Беларусь актыўна будуе ў расійскіх рэгіёнах, беларускія будаўнікі ўзводзяць жылыя кварталы ў Бранску і Пецярбургу, і ўцяпляльнік там патрэбны. Проста называць гэта «выхадам на сусветныя рынкі» – відавочнае перабольшанне.

89 рабочых месцаў для Магілёўшчыны – карысць рэальная. Астатняе? Куранят па восені лічаць.

Фота: “Беларусь Сегодня”.

“Пацерпяць жыхары бліжэйшых населеных пунктаў” – прайшло абмеркаванне новага завода па Слаўгарадскай шашы

У Магілёўскім гарвыканкаме прайшло грамадскае абмеркаванне экалагічнага ўздзеяння новай вытворчасці пад Магілёвам. Тут запланаванае будаўніцтва прадпрыемства па вырабе базальтавага ўцяпляльніка. 

Па Слаўгарадскай шашы ў Магілёўскім раёне, каля вёскі Палетнікі і пасёлка Вейна запланаваная рэканструкцыя закансерваваных памяшканняў, якія раней планаваліся пад вытворчасць электрарухавікоў для ліфтаў. Мяркуецца, што прадпрыемства “Газасілікат Магілёў” будзе ствараць тут новую імпартазамяшчальную вытворчасць – завод “Базальтум” на кітайскім абсталяванні. Завод будзе выпускаць базальтавы ўцяпляльнік.

Грамадскія слуханні новага аб’екта сабралі вялікую колькасць заўваг спецыялістаў што наконт уздзеяння новай вытворчасці на навакольнае асяроддзе. Так, удзельнік абмеркаванняў Валерыя Яфрэмава выказала наступныя заўвагі:

  • Чаму неабходна вырубаць велізарную колькасць дрэў пад новую вытворчасць? Няўжо няма іншага, незанятага ўчастка?;
  • У Беларусі ўжо быў сумны вопыт па эксплуатацыі кітайскага абсталявання. Калі ў гэтым выпадку таксама будуць парушаныя нарматывы тэхналагічных працэсаў, то пацерпяць жыхары бліжэйшых населеных пунктаў;
  • Падчас падрыхтоўкі дакументацыі пра экалагічнае ўздзеянне ініцыятар будоўлі ў вялікай колькасці выпадкаў выкарыстоўваў няпоўныя, недастатковыя альбо недакладныя дадзеныя.

Адзначым таксама, што новая вытворчасць запланаваная ў непасрэднай блізкасці ад населеных пунктаў і жылой забудовы – у 60 метрах ад вёскі Палетнікі – у водаахоўнай зоне воднага аб’екта.

Па выніках пасяджэння, матэрыялы грамадскага абмеркавання было вырашана накіраваць на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

Фота ілюстрацыйнае