Праваабаронцам стала вядома аб катаваннях у магілёўскай калоніі №15 палітвязня-інваліда са зламаным хрыбетнікам Яўгена Гурыновіча.
Зламаны хрыбетнік – не перашкода для цяжкай працы?
Былы супрацоўнік мытнай службы Яўген Гурыновіч знаходзіцца за кратамі з красавіка 2022 года. Падчас затрымання сілавікі жорстка збілі мужчыну. Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», менавіта тады яму зламалі пазванок.
Гурыновіч доўгі час не мог самастойна хадзіць, карыстаўся інвалідным вазком, пазней – мыліцамі. Моцны боль прымушаў неаднаразова звяртацца па медыцынскую дапамогу, а часам ён проста падаў і не мог самастойна падняцца.
Спачатку лекары адмаўляліся прызнаваць інваліднасць, аднак пасля дадатковага абследавання ў Магілёве яе ўсё ж афіцыйна ўстанавілі. Але нават пасля атрымання інваліднасці, паводле праваабаронцаў, ужо ў калолніі №15 яго працягваюць прымушаць удзельнічаць у ранішняй зарадцы і хадзіць на працу.
Для чалавека са зламаным пазваночнікам і мыліцамі гэта азначае не проста выкананне рэжымных патрабаванняў, а штодзённае пераадоленне болю. І, як сцвярджаюць крыніцы, менавіта ў гэтым адміністрацыя калоніі бачыць яшчэ адзін спосаб узмацніць пакаранне палітвязня, якое ўжо даўно выйшла за межы судовага прысуду.
Судзілі проста ў следчым ізалятары
Праблемы са здароўем былі настолькі сур’ёзнымі, што суд над Яўгенам прайшоў не ў будынку суда, а непасрэдна ў мінскім следчым ізалятары на Валадарскага. Мужчына не мог працяглы час знаходзіцца ў становішчы седзячы або стоячы.
Першапачаткова, восенню 2023 года Гурыновіча судзілі разам з яшчэ двума былымі супрацоўнікамі мытнай службы – Віктарам Новікам і Уладзімірам Журомскім. Пазней яго справу вылучылі ў асобную вытворчасць.
У выніку суд прызнаў Яўгена вінаватым паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку аб «здрадзе дзяржаве», неправамерным завалоданні камп’ютарнай інфармацыяй і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. У 2024 годзе яму прызначылі 13 гадоў і шэсць месяцаў пазбаўлення волі. Адбываць пакаранне Гурыновіча адправілі ў Магілёў.
Мытная гісторыя
Паводле інфармацыі dissidentBY, Гурыновіч і яго калегі займаліся выяўленнем схем кантрабанды беларускіх цыгарэт у краіны Еўрапейскага саюза, у якіх, як сцвярджаюць праваабаронцы, маглі быць задзейнічаны прадстаўнікі дзяржаўных структур.
Менавіта гэта, на думку аўтараў расследавання, і стала сапраўднай прычынай іх крымінальнага пераследу.
Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”
