наркакур'ер з суседняй краіны

На Магілёўшчыне затрыманы наркакур’ер з наркотыкамі з “суседняй краіны”

Калі наркакур’ер прывёз наркотыкі з Расіі, то беларуская міліцыя не будзе называць яе.

Паводле версіі праваахоўнікаў, 45-гадовы мінчук працаваў па ўказаннях куратара, які звязваўся з ім праз месенджар. Ён атрымліваў буйныя партыі ўжо расфасаванага псіхатропу ў суседняй краіне, пасля чаго прывозіў іх у Беларусь і пакідаў у тайніках для дробных распаўсюднікаў у розных беларускіх рэгіёнах.

Якая менавіта гэта была «суседняя краіна», у паведамленні МУС не ўдакладняецца. Падобная фармулёўка ўжо стала звыклай для сілавых ведамстваў Беларусі. Калі гаворка ідзе пра Расію, яе назву ў афіцыйных паведамленнях нярэдка замяняюць абстрактным выразам «суседняя краіна». Такая рыторыка асабліва кідаецца ў вочы на фоне таго, што ў іншых выпадках краіны паходжання фігурантаў або тавараў звычайна называюцца адкрыта.

Затрыманне адбылося на тэрыторыі Магілёўскай вобласці пры падтрымцы байцоў АМАПа. Падчас агляду аўтамабіля і ўжо падрыхтаваных тайнікоў праваахоўнікі выявілі каля двух кілаграмаў асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва альфа-PVP.

Паводле следства, працаваць наркакур’ерам мінчанін паспеў менш за два месяцы. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту. Яму пагражае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Фотаздымак: ТГ “МУС Беларусі”

← Усе навіны Магілёва