Жыліцкі палац – “другі Нясвіж” – амаль гатовы адсвяткаваць сваё 200-годдзе, фота

Жыліцкі палац, “другі Нясвіж” , “жамчужына Магілёўшчыны”, палац Булгакаў – помнік архітэктуры позняга класіцызму, гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі ў Кіраўскім раёне амаль падрыхтаваны да святкавання свайго 200-годдзя. Актыўная фаза рэканструкцыі ўжо завершана. 

Зараз залі комплексу – а іх 100 – паволі напаўняюцца антыкварнай мэбляй, сучаснымі копіямі мэблі XIX стагоддзя, карцінамі. Нанова ствараецца аранжарэя і капліца. Экскурсіі па залах ужо праводзяцца.

Mogilev.media працягвае адсочваць ход рэканструкцыі палаца.

Раней гістарычныя  крыніцы ўказвалі дату пабудовы палаца –  1825 год, зараз на сайце палацава-паркавага ансамбля даецца больш ранейшая дата – 1823. 

Архітэктурны комплекс дзівіць прыгажосцю і маштабамі: будынак рознай паверхавасці, з вежай, складаецца са 100 памяшканняў агульнай плошчай 4 000 кв. м. Побач парк плошчай каля 20 гектар, рака. 

Жылічы – рэзідэнцыя заможнага шляхціца, бабруйскага павятовага маршалка Ігната Булгака (1798-1848) у аграгарадку Жылічы на рацэ Добасна. Пабудаваны палац па праекце архітэктара Караля Падчашынскага.

Да галоўнага П-падобнага корпуса ў 1864-1876 гадах прыбудавалі, пры ўладальніку Эдгары Булгаку, доўгае двухпавярховае крыло з палацавай царквой і дадатковымі жылымі памяшканнямі. Такое архітэктурнае рашэнне ўтварыла напаўадкрыты ўнутраны двор. Заходняя частка палаца была дабудавана ў 1914 годзе.

Пасля рэвалюцыі ў палацы размяшчаліся дзіцячы дом,  заатэхнічны тэхнікум. У час Вялікай Айчыннай вайны месціўся нямецкі шпіталь.

Пасля вайны ў палацы працавала Бабруйская агранамічная школа. 

Першыя спробы рэканструкцыі палаца зроблены ў 1973 годзе архітэктарам Я. Куртам.

У наш час у палацы размешчаны краязнаўчы музей і музычная школа.

Фота: mogilev.media

У Мсціслаўскім раёне згарэў жылы дом

У вёсцы Сутокі Мсціслаўскага раёна па вуліцы Цэнтральнай адбыўся пажар – гарэў дом. Пасля прыбыцця ратавальнікаў да месца здарэння ўвесь дом быў ахоплены агнём. Гаспадар на момант надзвычайнага здарэння знаходзіўся на вуліцы. У выніку пажару знішчаны дах, перакрыццё і маёмасць у доме. Прычына пажару высвятляецца – паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло Кастрыніка”. 

Фота: “Святло Кастрыніка”

Затое са скідкай – вось такія яйкі прадаюць у Касцюковічах

Жыхарка Касцюковічаў падзялілася фота сваёй пакупкі ў мясцовым “Еўраопце”. 

“Заўсёды купляю не адзін дзясятак яек, гатуем і выпечку, амлеты і іншыя стравы, але сёння не атрымалася нават глазуньі. – піша гаспадыня ў сваёй сацыяльнай сетцы – Скупы плаціць двойчы! Вось і я пагналася за скідкай. Усе як адно.”

Як можна пабачыць на фота, пакупка была зробленая ў краме “Еўраторга” па вуліцы Камсамольскай, 23 у Касцюковічах. Самі яйкі вырабленыя ў Гомелі.

Фота з адкрытых крыніц

Пад Чавусамі паводка змыла ўнікальны падвясны мосцік

Па ўсёй Беларусі падвясных мосцікаў налічваецца ўсяго некалькі адзінак. Чавускі нават трапляў у разнастайныя рэйтынгі турыстычных цікавостак. Вось так ён выглядаў першапачаткова. Экстрымальны, далёкі ад цывілізацыі, ён мог бы і далей прыцягваць турыстаў.

У сацыяльных сетках беларусы дзеляцца выявай зрынутага чавускага мосціка, што быў перакінуты над ракой Басяй у вёсцы Сушчы Чавускага раёна. Паведамляецца, што ён не вытрымаў паводкі.

Фота: з адкрытых крыніц

Пад Быхавам бачылі мядзведзя – відэа

Відэа з мядзведзем на полі каля дарогі апублікаваў Тэлеграм-канал “ЧП Магілёў”. Паглядзіце з гукам абавязкова

Не так даўно mogilev.media разбіраліся, чаму мядзведзяў сталі так часта бачыць на Магілёўшчыне.

Мемарыяльныя дошкі старшыням калгасаў адкрылі ў Дашкаўцы Магілёўскага раёна.

Мемарыяльныя дошкі былым старшыням калгасаў адкрылі ў аграгарадку Дашкаўка – паведамляе “Прыдняпроўская Ніва”. Па ініцыятыве раённай ветэранскай арганізацыі, іх устанавілі ў гонар Герасіма Бабакова і Навума Майсеева.

Навум Майсееў (1897-1959) быў старшынём калгасаў “Чырвоны спаборнік” і “Армія працы”, намеснікам старшыні Дашкаўскага сельвыканкама, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР трох скліканняў. Да гэтага служыў у царскай, Чырвонай арміі, удзельнічаў у грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнах. 

Герасім Бабакоў (1919-2006) – ураджэнец в. Лыкава Магілёўскага раёна. Удзельнік вайны. Працаваў ў Дашкаўцы ветэрынарам, старшынёй калгаса «Чырвоная зорка». Пры ім у калгасе былі пабудаваны новыя фермы, вырасла пагалоўе жывёлы, ураджайнасць культур, гаспадарка стала адной з лепшых у вобласці.

Фота: “Прыдняпроўская Ніва”

У вёсцы пад Магілёвам адзначылі Юр’еў дзень

У вёсцы Галынец Магілёўскага раёна работнікі культуры правялі рэканструкцыю святкавання Юр’ева дня – варажылі на яйках, вадзілі карагод.

Юр’еў дзень – адно з галоўных святаў беларускага народнага календара. Адзначаюць яго традыцыйна 6 траўня. Менавіта ў гэты дзень «адкрывалі» сезон вясенне-летніх песень, усталёўвалі арэлі, упершыню пасля зімы выганялі жывёлу на пашу і купаліся ў расе. Юр’еўскія абрады напярэдадні свята ў вёсцы Галынец Магілёўскага раёна правялі работнікі мясцовага сельскага клуба і раённага Цэнтра культуры – паведамляе “Прыдняпроўская ніва”.

Раніцай гаспадар, узяўшы з сабой каравай, выпечаны напярэдадні, адпраўляўся ў поле, засеянае жытам. Гаспадар параўноўваў: калі каравай вышэй сцяблінкі маладога жыта – ураджай будзе добрым. Пакуль гаспадар гнаў жывёлу, дзяўчаты варажылі – хто першай замуж выйдзе. Для гэтага яны падкідвалі фарбаваныя яйкі пад ногі жыўнасці і назіралі: чыё яйка будзе растаптана – тая і пойдзе замуж.

Работнікі і работніцы сельскага клуба зладзілі таксама рэканструкцыю Юр’еўскага карагода. Цікава, што Юр’еў дзень у Галынцы адзначалі загадзя, за некалькі дзён да ўласна Юр’ева дня, які прыпадае на 6 мая.

Фота: “Прыдняпроўская ніва”

У Крычаве з’явілася разметка для веласіпедыстаў і першая таблічка для сляпых

Новая аптэка № 160 пятай катэгорыі Магілёўскага ўнітарнага прадпрыемства “Фармацыя” нядаўна адкрылася ў Крычаве. Яна размешчана вельмі зручна – побач з аўтавакзалам і рынкам. Знаходзіцца аптэка на першым паверсе двухпавярховага цаглянага будынка. 

Пры ўваходзе ў фармацэўтычную краму размешчана таблічка з графікам работы і найменнем аптэкі, на якой пазначана інфармацыя таксама на шрыфце Брайля – рэльефна-кропкавы тактыльны шрыфт, прызначаны для чытання невідушчымі і людзьмі, якія дрэнна бачаць. 

У некаторых частках горада таксама з’явілася разметка на ходніках для раварыстаў, аднак пакуль такіх участкаў мала, каб казаць пра нейкую тэндэнцыю. Адзначым, што часцей ўладальнікі ровараў ездзяць у Крычаве па ўзбочыне праезджай часткі, пагэтаму пытаннне веласіпеднай зоны ў горадзе актуальна.  

Фота: mogilev.media

Парушэнні санітарыі на кожным трэцім аб’екце – санслужба

Прэс-служба Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя канстатуе, што парушэнні санітарыі выяўлены на 28% з усіх правераных аб’ектаў, а колькасць звалак не менее.

За чатыры месяцы 2023 года санітарнымі службамі абследавана 22 274 тэрыторыі, аб’екты, парушэнні выяўляліся на 6 247 аб’ектах – гэта 28%. 

Па выніках нагляду за выяўленыя парушэнні, у тым ліку паўторна, вынесена 79 пастаноў аб накладанні штрафу. Для ўстаранення парушэнняў кіраўнікам арганізацый выдадзена 975 прадпісанняў, рэкамендацый. Ліквідавана 207 несанкцыянаваных звалак. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 51 вінаватая асоба.

Як і ў прапярэднія гады парушаюцца правілы ўтрымання кантэйнерных пляцовак, прылеглых да іх тэрыторый, несвоечасова вывозяцца адкіды.

Фота: “Голас Касцюкоўшчыны”

Кіраўніцтва сельгасарганізацыі Хоцімскага раёна сапсавала больш за 30 тысяч тон зерня

Вінаватымі ў псаванні збожжа прызналі некалькі чалавек – кіраўніка, супрацоўніка, які выконваў абавязкі дырэктара, а таксама загадчыка зернасклада, галоўнага агранома і агранома па насенняводству.

Падчас маніторынгу захаванасці ўласнасці аграпрамысловых прадпрыемстваў на адным са складоў сельскагаспадарчай арганізацыі Хоцімскага раёна было знойдзена 33,5 тон фуражнай зерневай сумесі. Яе вонкавы выгляд сведчыў аб непрыдатнасці зерня. Яно пахла прэласцю і цвіллю, а зверху парасло дзесяцісантыметровай травой. Спецыяльны аналіз таксама паказаў, што фуражнае зерне дэфектнае і непрыдатнае для выкарыстання паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА.

Пракуратура палічыла, што агульная сума ўрону, прычыненага прадпрыемству, складае 8,7 тыс. беларускіх рублеў. Аднак суд улічыў матэрыяльнае становішча віноўных. У выніку падсудным прад’яўлены іск на сплату больш як 5,6 тысяч беларускіх рублёў учыненай шкоды прадпрыемству. 

Фота з адкрытых крыніц