У вёсцы пад Магілёвам адзначылі Юр’еў дзень

У вёсцы пад Магілёвам адзначылі Юр’еў дзень

У вёсцы Галынец Магілёўскага раёна работнікі культуры правялі рэканструкцыю святкавання Юр’ева дня – варажылі на яйках, вадзілі карагод.

Юр’еў дзень – адно з галоўных святаў беларускага народнага календара. Адзначаюць яго традыцыйна 6 траўня. Менавіта ў гэты дзень «адкрывалі» сезон вясенне-летніх песень, усталёўвалі арэлі, упершыню пасля зімы выганялі жывёлу на пашу і купаліся ў расе. Юр’еўскія абрады напярэдадні свята ў вёсцы Галынец Магілёўскага раёна правялі работнікі мясцовага сельскага клуба і раённага Цэнтра культуры – паведамляе “Прыдняпроўская ніва”.

Раніцай гаспадар, узяўшы з сабой каравай, выпечаны напярэдадні, адпраўляўся ў поле, засеянае жытам. Гаспадар параўноўваў: калі каравай вышэй сцяблінкі маладога жыта – ураджай будзе добрым. Пакуль гаспадар гнаў жывёлу, дзяўчаты варажылі – хто першай замуж выйдзе. Для гэтага яны падкідвалі фарбаваныя яйкі пад ногі жыўнасці і назіралі: чыё яйка будзе растаптана – тая і пойдзе замуж.

Работнікі і работніцы сельскага клуба зладзілі таксама рэканструкцыю Юр’еўскага карагода. Цікава, што Юр’еў дзень у Галынцы адзначалі загадзя, за некалькі дзён да ўласна Юр’ева дня, які прыпадае на 6 мая.

Фота: “Прыдняпроўская ніва”