Каля 2 гадзін ночы сям’я ў вёсцы Пралятарскае Касцюковіцкага раёна – гаспадыня 1957 года нараджэння і яе сын – прачнулася ад трэска, падаў і лопаўся шыфер. Гарэла іх веранда, і агонь ужо падбіраўся да жылых пакояў. Жанчына і мужчына змаглі самі выратавацца. Прычынай пажару стаў фумігатар ад камароў, пакінуты на ноч у разетцы – паведамляе прэс-служба МНС.
Недалека ад дамоў густанаселенага квартала ў Клімавічах з’явіліся вялізныя ямы, якія ўяўляюць небяспеку для людзей, і ў прыватнасці для дзяцей.
На вуліцы 50 гадоў СССР, праз дарогу насупраць дома №16, у зялёным насаджэнні можна ўбачыць некалькі вельмі глыбокіх ямак у зямлі. Некаторыя з іх ледзь бачныя з-за травы і тым яшчэ больш небяспечныя. Нават у светлы час сутак ёсць верагоднасць партапіць у такую пастку. Прычым, сярод ямаў ёсць і адтуліна каналізацыйнага калодзежа, якая не мае крышкі –паведамляе клімавіцкая газета “Родная ніва”.
На вялікія і глубокія ямы ўжо звярнулі ўвагу мясцовыя жыхары і адрасавалі праблему ў адпаведныя службы. Калі не паправіць сітуацыю з упарадкаваннем тэрыторыі, якая лакалізуецца некалёка ад дамоў, то наступствы могуць быць сур’ёзныя і нават драматычныя.
Арыштаваны вядомы магілёўскі бард Аляксандр Баль – паведамляюць праваабаронцы. Вядома, што арышт адбыўся ў чацвер, 15 чэрвеня. Падрабязнасцяў здарэння не паведамляецца, у тым ліку і прычыны затрымання.
Аляксандр Баль – бард з вялікай колькасцю прэмій, былы супрацоўнік магілёўскага драматычнага тэатра, з якога яго звольнілі пасля падзеяў 2020 года. У тым жа годзе пасля масавых рэпрэсій з боку сілавікоў музыка напісаў песню “На радзіме маёй бяда”.
На гарадзішчы Замкавая гара ў Крычаве знаходзіцца не толькі драўляная Свята-Мікалаеўская царква, але і малапрыкметны помнік абарончай архітэктуры, зроблены з цэглы-пальчаткі. На сённяшні час ён у занядбаным стане, патрабуе належнага дагляду спецыялістаў, да таго ж ахоўны статус у яго адсутнічае.
Даволі ўнікальным помнікам на прасторах Магілёўшчыны з’яўляецца цагляная пабудова, што ўваходзіць у комплекс абарончых збудаванняў на Замкавай гары ў Крычаве. На гарадзішчы Замкавая гара няблага захаваўся абарончы вал і фрагменты ўмацаванняў, зробленыя з цэглы-пальчаткі. Аб’ект з’яўляецца помнікам абарончай архітэктуры прыблізна XVI-XVII стагоддзяў эпохі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пры гэтым у пазнейшыя часы цаглянае збудаванне магло выкарыстоўвацца як ляднік, дзе захоўвалі запасы харчавання.
Гэты помнік ужо “пабіты” часам, хаця яшчэ з дзясятак гадоў таму ўяўляў сябой суцэльную цагляную пабудову. Цяпер жа пад уздзеяннем часу і прыродных ападкаў ён пакрысе развальваецца і патрабуе неадкладнай кансервацыі, а ў далейшым і рэстаўрацыі. На жаль, ніякага ахоўнага статусу збудаванне не мае.
Згодна з гарадскімі легендамі, цагляныя скляпенні маркіруюць уваход у патаемны падземны ход, што вёў праз Сож. Помнік згадваецца таксама ў рознай гістарычнай літаратуры ХІХ стагоддзя кшталту “Опыт описания Могилевской губернии”.
Нязграбны на першы погляд аб’ект з’яўляецца даволі значным помнікам для Крычава і ўнікальным збудаваннем па ступені захаванасці. На вялікі жаль, уэкскурсійныя маршруты па старому Крычаву гэты аб’ект не ўваходзіць. Калі ж брацца за захаванне помніка, то патрэбна будзе папрацаваць: зрабіць кансервацыю аб’екта, пашукаць інфармацыю пра яго ў гістарычных крыніцах, а магчыма і археалагічна даследаваць.
Акрамя таго, ён пазбавіўся залатога кулона, пашпарту і вадзіцельскага пасведчання
Жыхар вёскі Шамаўшчына Мсціслаўскага раёна знаходзіўся ў гасцях у знаёмай.
Падчас гасцявання мужчына згубіў барсетку, у якой знаходзіліся 20 000 расійскіх рублёў, 10 500 беларускіх, 1800 долараў, залаты кулон, пашпарт, вадзіцельскае пасведчанне, тэхпашпарт на аўтамабіль – паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”. Цяпер барсетку шукае міліцыя.
У вёсцы Гамарня Быхаўскага раёна правялі рытуал па выкліканні дажджу – піша “Маяк Прыдняпроўя”. Удзельніцы абраду, захапіўшы з сабой саматканае вузкае палатно, адправіліся да крыніцы. Палатно ткалі на працягу некалькіх дзён “самыя паважаныя ў сяле жанчыны” – сцвярджае выданне. Палатно падчас рытуала сімвалізавала бесперапынныя струмяні дажджу.
Потым у ваду апусцілі дробку маку, які сімвалізуе дождж, з просьбай аб пасланні дажджу. А таксама крыжападобна асвяцілі крыніцу дробкай чацвярговай солі з малітвай да ўсіх святых.
Напрыканцы мінулага тыдня на Магілёўшчыне ўжо выклікалі дождж. Пра рытуал у Клімавіцкім раёне з распашкай берага ракі плугам пісалі mogilev.media. Што цікава, у мінулую суботу ў многіх раёнах Магілёўшчыны сапраўды прайшоў дождж – адзіны за доўгія тыдні засушлівага надвор’я.
16 і 17 чэрвеня ў Горках пройдзе рэгіянальны фестываль дзіцячай творчасці “Славянскі карагод”. Чакаецца насычаная праграма першага дня і гала-канцэрт у другі дзень фэста.
У першы дзень фестываля можна будзе наведаць выстаўкі вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дзіцячых малюнкаў, бібліятэчныя выставы і фотазоны. Неад’емнай часткай фестывалю з’яўляецца творчая пляцоўка майстроў, дзе будуць адбывацца майстар-класы па салома- і лозапляценні, кераміцы, разьбе па дрэве, мастацкай апрацоўцы бяросты, вырабе народных лялек-абярэгаў, валянні з воўны.
Дзеці ў першы дзень фэста таксама знойдуць чым заняцца, бо для будзе арганізаваны конкурс дзіцячага малюнка на асфальце і дзіцячы плэнэр “Мой родны горад”. Як і ў папярэднія гады будуць пляцоўкі для гульняў і атракцыёны, а таксама продаж разнастайных сувеніраў, цацак і слодычаў.
Менавіта ў асноўны дзень фестываля на тэрыторыі розных ўстаноў адукацыі з 12-й да 18-й гадзіне пройдзе прагляд конкурсных праграм у розных намінацыях: па інструментальным і тэатральным жанры, па вакалу і харэаграфіі, у выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.
Разынкай першага дня фестывалю будзе прадстаўленне дзіцячай студыі батлеечных лялек “Дзіва”, а таксама фестываль фарбаў “Белхолі”, што пройдзе з 16-й па 18-й гадзіне ў гарадскім амфітэатры. Адбудзецца таксама квэст-кульня і вечаровая дыскатэка – паведамляе інфармацыйны рэсурс horki.info.
На наступны дзень гарадское свята працягнецца выставай прац пераможцаў фестываля і акцыяй пажадання фестывалю. Працягнуць таксама працаваць выстаўкі вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і горад майстроў, а таксама пляцоўкі з атракцыёнамі і гульнямі, продаж сувеніраў і слодычаў. Завершыцца двухдзённае свята цырымоніяй ўзнагароджання пераможцаў X рэгіянальнага фестывалю дзіцячай творчасці “Славянскі карагод” і заключным гала-канцэртам.
5 чалавек з розных гарадоў краіны сталі ахвярамі інтэрнэт-махляра і згубілі 2 460 беларускіх рублёў – паведамляе прэс-служба УУС.
Аператыўнікі высветлілі, што іх падманваў непрацуючы 22-гадовы магілёвец. Ён размяшчаў на адной з гандлёвых пляцовак аб’явы аб продажы камплектуючых дэталяў да камп’ютараў, дапаўняючы аб’явы фатаздымкамі дэталяў.
Аднак гэтыя здымкі былі проста спампаваныя з інтэрнэту і выкарыстоўваліся, каб пераканаць патэнцыйных пакупнікоў у рэальнасці тавара. Як толькі людзі пераводзілі яму грошы, прадавец спыняў перапіску, а атрыманыя грошы ўносіў у анлайн-казіно. Узбуджана крымінальная справа.
Вашай увазе агляд матчаў 5-га тура другой лігі зоны “Захад” і “Усход” Магілёўскай вобласці з нечаканымі вынікамі і ўпартай барацьбой.
Самы буйны лік тура быў зафіксаваны ў матчы паміж маладзёжнай камандай “Дняпро-Юні”, якая на сваім полі прымала футбольны клуб “Быхаў”. Барацьбы ў гэтым матчы не атрымалася. Магілёўскія футбалісты з першай да апошняй хвіліны валодалі ініцыятывай і дабіліся максімальна ўпэўненай перамогі – 12-1. Праўда, у першым тайме быхаўскія футбалісты супраціўляліся гаспадарам і прапусцілі толькі тры галы. Але ў другім магілёўскія юнакі проста разграмілі быхаўцаў 9-1, паказаўшы ўсю моц каманды.
Іншыя матчы зоны “Захад” скончыліся менш вынікова, аднак з больш упартай барацьбой. Кіраўскія футбалісты не змаглі дома супрацьстаяць глускаму “Пцічу”. Хоць гаспадары стараліся перад сваімі заўзятармі паказаць вынік, аднак госці ўсё ж валодалі ініцыятывай і пагэтаму заканамерна выйгралі 1-3.
Яшчэ большы па ўпатрасці і нечаканым па выніку атрымаўся матч паміж шклоўскім “Спартаком” і круглянскай “Зарой”. Гульня была роўнай у першым тайме, хоць гаспадары спачатку моцна наваліліся на браму гасцей, але паступова круглянскія футбалісты змаглі выраўняць гульню і нават момантамі навязаць свой малюнак. Аднак шанцавала ў гэтым матчы больш гасцям, якія змаглі не проста вытрымаць атакі шклаўчан, але нават выграць. Гэта нечаканы вынік, бо два папярэднія матчы заканчваліся з разгромным лікам на карысць шклоўскага “Спартака” – 6-0 і 4-0. Пагэтаму вынік гэтага матча з’яўляецца добрым прагрэсам для круглянскіх футбалістаў.
Чатыры матча адбыліся ў зоне “Усход” і некаторыя з іх таксама мелі нечаканыя вынікі. Самым буйным па ліку матчам атрымалася сустрэча слаўгарадскіх і чавускіх футбалістаў. Гаспадары ўжо другі раз запар прайграюць гасцям, прапусціўшы шэсць мячоў у сваю браму. На гэты раз слаўгарадскія гульцы не змаглі пазмагацца з футбалістамі з чавускай “Нівы”. На працягу матча госці глядзеліся больш моцна, навязвалі гаспадарам сваю гульню, заканамерна выйграўшы – 1-6.
З такім жа буйным лікам краснапольскія футбалісты дома перайгралі дрыбінскіх гульцоў. Краснапольцы моцна пачалі матч і трымалі перавагу над супернікам на працягу двух таймаў. Дрыбінскія футбалісты, у сваю чаргу, глядзеліся слаба і змаглі гаспадарам забіць толькі адзін мяч, прапусціўшы ў адказ шэсць галоў.
А вось матч паміж касцюковіцкімі і клімавіцкімі футбалістамі атрымаўся вельмі напружаным, з шматлікай барацьбой у цэнтры поля. Каманды глядзеліся роўна, перахопліваючы адзін у аднога ініцыятыву на працягу ўсяго матча. Тым не менш небяспечны момант змаглі рэалізаваць толькі клімавіцкія футбалісты, абыграўшы ў выніку гаспадараў з мінімальным лікам 0-1. Пасля гэтай перамогі клімаўчане падняліся на першы радок турнірнай табліцы зоны “Усход” Магілёўскай вобласці.
Напружным матчам таксама была сустрэча, бадай, самых моцных каманд зоны “Усход” Магілёўскай вобласці – “Сервалюкс Агра” з Мяжысетак і футбольнага клуба з Горак. Гаспадары паказвалі неблагі футбол, але госці таксама адказвалі небяспечнымі контравыпадамі. Адзначым, што гульні паміж гэтымі камандамі заўсёды з багатым наборам барацьбы, стандартнымі палажэннямі і невялікай колькасцю галоў. На гэты раз футбалісты “Сервалюкс Агра” змаглі вырваць перамогу з лікам 2-1 у горацкіх футбалістаў, хоць на працягу гульні госці гулялі не горш за гаспадароў.
Адным з самых нечаканых вынікаў цэлага тура стаўся ў сустрэчы паміж мсціслаўскай “Віхрой” і крычаўскім “Сожам”. Гаспадары з’яўляліся аўтсайдэрамі, што знаходзіліся на апошнім радку турнірнай табліцы, а крычаўляне, у сваю чаргу, уяўляюцца моцнымі сярэднячкамі. Матч быў багаты на галы, калі абедзве каманды праводзілі шмат небяспечных і галявых момантаў. На дзіва, мсціслаўскія футбалісты на працягу двух таймаў змагла супрацьстаяць гасцям, у некаторы момант нават перахапіўшы ініцыятыву. Вынік матча нечаканы – 3-2 на карысць гульцоў “Віхры”.
Фота: golk.by, slavgorod.by, fc-dnepr.by і з адкрытых крыніц
Рашэннямі мясцовых адміністрацый у маі 2023 года на Магілёўшчыне вызначана 61 месца адпачынку з арганізацыяй купання на водных аб’ектах – пісалі mogilev.media.
Па стане на 15 чэрвеня пашпарты гатоўнасці пляжаў падпісаны для 60 зон рэкрэацыі. Не падпісаны такі дакумент толькі для пляжа на вуліцы Казлоўскай у горадзе Асіповічы – паведамляе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
За апошні тыдзень праверана 173 пробы вады вадаёмаў для купання. Не адпавядаюць гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках – 15 вадаёмаў для купання.
Эпідэміёлагі прапануюць абмежаваць купанне дзяцей на пляжах на р. Дняпро ў Палыкавічах, на затоцы ў раёне вуліцы Фаціна, на Пячэрскім вадасховішчы ў Магілёве, на Чыгірынскім вадасховішчы каля в. Падлужжа.
А таксама – забараніць купанне дзяцей, дарослых на сажалцы Броды, на Святым возеры ў Магілёве, на Дняпры ў раёне Шклоўскага гарадскога пляжа, на сажалцы вёскі Путнікі Шклоўскага раёна.
Пры гэтым, нагадаем, што ў Горацкім раёне здымаецца абмежаванне купання дзяцей на базе адпачынку “Мярэя” ў Леніно.