Начальніца аддзела ў крычаўскай бальніцы прыпісвала сабе рабочы час, скраўшы амаль 700 рублеў

Загадчык аддзела прававой і кадравай работы крычаўскай раённай бальніцы ўносіла недакладныя звесткі ў табель уліку працоўнага часу, учыніўшы такім чынам крадзеж амаль у 690 рублёў.

Падчас расследавання ўстаноўлена, што жанчына з карыслівых памкненняў, каб завалодаць грашовымі сродкамі, выкарыстоўвала службовыя паўнамоцтвы па складанні графікаў працоўнага часу і табеляў уліку працоўнага часу і з канца студзеня па канец ліпеня 2022 складала графікі і табелі, у якіх пазначала загадзя ілжывыя звесткі аб адпрацаваным ёй працоўным часе.

Такім чынам яна ўчыніла крадзеж на агульную суму 689,7 руб.

А каб схаваць ад супрацоўнікаў міліцыі гэты крадзёж, унесла загадзя ілжывыя звесткі ў загад галоўнага доктара ўстановы аб аб’яўленні ёй працоўных дзён і адгулаў – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Суд пастанавіў прызначыць работніцы раённай бальніцы пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады са штрафам у памеры 50 базавых велічынь і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі абавязкамі, тэрмінам на 5 год з адтэрміноўкай на адзін год.

Фота ілюстрацыйнае

П’яная магілеўчанка перавозіла маленькіх дзяцей

32-гадовая жыхарка Магілёўскага раёна кіравала аўтамабілем у нецвярозым стане, пры гэтым у салоне свайго аўто яна перавозіла дваіх маленькіх дзяцей.

Жанчыну затрымалі супрацоўнікі дзяраўтаіснпекцыі і даставілі на агляд, які паказаў наяўнасць у яе 1,7 праміле алкаголю – паведамляе прэс-служба УУС Магілёва.

Фота: скрыншот УУС

З 4 жніўня перакрыюць рух транспарту па вуліцы Міронава

Забарона закране ўчастак па вуліцы Міронава — ад вуліцы Першамайскай да вуліцы Піянерскай. Па бульвары Леніна рух перакрыюць ад вуліцы Лепяшынскага да вуліцы Міронава. З 8:00 4 жніўня да 24:00 13 жніўня ў гэтым раёне будзе абмежавана паркоўка, стаянка, а таксама перакрыты рух транспартных сродкаў.

Гэта звязана з правяздзеннем II Гульняў краін СНД.

Фота з адкрытых крыніц.

Этнакультурнае свята “У госці да радзімічаў” прайшло ў Радамлі

Ужо 10 год запар у аграгарадок Радамля аматары старажытнай культуры з’яжджаюцца, каб згадаць часы летапісных Радзімічаў.  Сёлетні этнафэст парадаваў наведвальнікаў тэатралізаванымі дзеяннямі з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі, абрадамі, рытуаламі, здабычай жывога агню і паказальнымі баямі рэканструктараў.

Радамля – паселішча ў Чавускім раёне. Лічыцца, што яно тысячу гадоў таму было адным з радавых цэнтраў славянскага саюзу радзімічаў, якое адыграла важную ролю ў фармаванні беларусаў. Сведка тых даўніх стагоддзяў – помнік археалогіі Радамльскае замчышча.

Этнафестываль «У госці да радзімічаў» упершыню адбыўся ў 2014 годзе.

Фэст ужо стаў мясцовым брэндам.

Фота: суполка Этнофест “У госці да радзімічаў”

Магілёвец вырваў з рук у кандуктара праязныя і ўцёк

Пра незвычайны крадзеж у адным з аўтобусаў Магілёва паведаміла прэс-служба МУС . Мужчына звярнуў увагу на кандуктара, які пералічваў квітві. Калі аўтобус спыніўся на прыпынку на вуліцы Крупскай, магілёвец падышоў да жанчыны і выхапіў праязныя білеты на агульную суму каля 500 рублёў.

Мужчына не ведаў, што рабіць з праязнымі і проста перакінуў скрадзеныя білеты цераз плот аднаго з прыватных дамоў.

Неўзабаве злодзея затрымалі. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае.

Гісторыкі з Крычава знайшлі беларускамоўныя дакументы 1938 года і апублікавалі найгрышы нямецкіх мелодый мясцовага жыхара

Крычаўскія гісторыкі знайшлі шэраг цікавых дакументаў, а менавіта некалькі даваенных дакументаў, пасведчанне аб шлюбе 1945 года, а таксама апублікавалі найгрышы карэннага крычаўляніна, які ў час акупацыі навучыўся граць на губным гармоніку ад нямецкіх жаўнераў

Даследчыкі знайшлі ў прыватным архіве тры цікавых даваенных дакумента, два з якіх аказаліся беларускамоўнымі і датуюццца 1938 годам. Два аднатыпных дакумента напісаны жыхаркай Крычава Гнедко (у дзявоцтве Рэйда) Наталляй Кандрац’ёўнай, дзе яна на беларускай мове звяртаецца ў раённы аддзел з просьбай уладкаваць яе на працу ў дзіцячыя яслі. Прычым яна тлумачыць, што скончыла пяцімесячныя курсы па падрыхтоўцы ў педінстытут і нават была прынята на першы курс універсітэта, але “па сямейным абставінам не змагла паехаць на вучобу”. 

А вось яе маці Рэйда Васса таксама напісала ліст, але крыху пазней, у лютым 1940 года. Яго змест не менш цікавы, бо ён ілюструе як няпроста жылі людзі перадваенны час, хоць ніхто і не думаў, што можа быць вайна. У лісце 78-гадовая жанчына на руска-беларускай трасянцы звяртаецца да намесніка крычаўскага райкома каб  з яе прыбралі падатак на будынкі  і абгрунтоўвае гэты тым, што непрацаздольна, яе муж памёр, а сама яна не мае нават “тридневнаго пропитания” – паведамляе інстаграм-старонка “Невядомы Крычаў”.

Даволі цікавым таксама з’яўляецца пасведчанне аб шлюбе, якое датуецца красавіком 1945 года, калі яшчэ нават не скончылася Другая сусветная вайна, хоць Беларусь была вызвалена. Але ў Крычаве ў гэты час ва ўсю ўжо гулялі вяселлі.

Аднак вішанькай на торце стаўся апублікаваны запіс двух нагрышаў нямецкіх мелодых карэнным крычаўлянаным Крыжэвічам Васілём 1929 года нараджэння. Яго гісторыя ўнікальна тым, што будучы 11-12 падлеткам ён навучыўся граць на губным гармоніку ад нямецкіх жаўнераў і пранёс сваё музыкальнае захапленне праз усё жыццё. Ён з легкасцю мог найграць нямецкую папулярную песню “Lilli Marleen” і нават напець нямецкімі словамі, а таксама выканаць нямецкі вальс, не кажучы ўжо аб народных танцавальных мелодыях ці папулярных савецкіх песнях.

Толькі паслухайце гэтыя найгрышы на Soundcloud:

Olek · Найгрышы Крыжэвіча Васіля Фаміча (1929 г.н.) (mp3cut.net)

А яшчэ пачытайце нетыповы ўспамін пра вайну нашага героя: 

“Дык у мяне іх не адна [маецца на ўвазе губная гармошка], у мяне былі іх чорт знаіць: і двайныя гармошкі, у немцаў купляў. Карты купляў,  прадаваў розную ерунду. Прі немцах краску браў, соду прадаваў на базарі, маркі сабіраў. У мяне марак прапала большэ тышчы марак нямецкіх… – Так што маркі хадзілі тут у нас? Хадзілі маркі. Наша дзесятка, дзесяць рублей сталінскіх – адна марка нямецкая, замешчала дзесяць рублей”.

Фота “Невядомы Крычаў”.

У большасці раёнаў Магілёўшчыны ўведзены абмежаванні на наведванне лясоў

17 раёнаў Магілеўскай вобласці патрапілі пад абмежаванне на наведванне лясоў – вынікае з мапы забарон Міністэрства лясной гаспадаркі. Падчас абмежаванняў лясы наведваць можна, але забараняецца праводзіць масавыя мерапрыемствы, паліць касцёр і тым больш – пакідаць пасля сябе недапалкі. У паўднёва-заходніх раёнах – Асіповіцкім, Бабруйскім, Глускім і Кіраўскім усялякія абмежаванні знятыя.

Фота ілюстрацыйнае

Наркакур’ераў з альфа-PVP затрымалі ў Магілёўскай вобласці

Праваахоўнікі Магілёўшчыны знайшлі больш за 3,5 кг сінтэтыкі ў двух братоў – 40-гадовага і 34-гадовага жыхароў Бабруйска, а таксама 31-гадовай жыхаркі Магілёва. Пра гэта паведамляе Пракуратура Магілёўскай вобласці.

Падчас вобшуку па месцы жыхарства бабруйчан праваахоўнікі знайшлі і канфіскавалі больш за 3,5 кг асабліва небяспечных псіхатропаў – 4-СМС, МДМА і альфа-PVP, якія прызначаліся для далейшага збыту дробнымі партыямі праз іншых наркакур’ераў. Адным з такіх распаўсюджвальнікаў аказалася магіляўчанка.

Жанчына забрала партыю псіхатропаў, пакінутых некалькімі днямі раней братамі ў тайніку ў Магілёўскім раёне. Зрабіўшы некалькі “закладак”, яна была затрымана на месцы злачынства. У яе знойдзена і канфіскавана 20 грамаў забароненых рэчываў.

Заведзена крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае.

 

Цёпла, але з дажджамі і навальніцай – прагноз надвор’я на пачатак жніўня

На першыя дні жніўня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць цёплае, але воблачнае з дажджамі і навальніцай надвор’е.

Працягласць дня скарачаецца па 3 хвіліны на суткі. 1 жніўня сонца ўзыйдзе а 5:13, зойдзе а 20:58, працягласць дня складзе 15:46.

У аўторак прагназуецца пераважна воблачнае надвор’е. Месцамі па вобласці чакаецца дождж, навальніца. Тэмпература ўноч да +15°С, удзень +25°С, увечары +20°С.
Вецер на працягу сутак паўднёвы, паўднёва-заходні, хуткасць 3-5 м/с. Поўня. Геамагнітнае поле спакойнае.

2 жніўня, у сераду, на большай частцы тэрыторыі вобласці на працягу сутак прагназуюцца дажджы, месцамі дажджы моцныя. Уранні +15°С, днём слупок тэрмометра падымецца да +23°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы паўднёвых напрамкаў, к вечару – з захаду, хуткасць вятроў да 6, месцамі пры парывах да 10 м/с. Магнітнае поле неўстойлівае.

У чацвер і пятніцу чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. Месцамі пройдзе дождж. Днём да +25°С. Ранні сход.

У суботу, 5 жніўня, прагназуецца воблачнае надвор’е, на большай частцы вобласці чакаюцца дажджы. Удзень паветра прагрэецца да +27°С. Усходнія і паўднёва-усходнія вятры хуткасцю да 4 м/с.

У нядзелю прагназуецца пераважна сонечнае спякотнае надвор’е да +32°С.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

Як Магілёў перажыў стыхію – падборка відэа

Днём 27 ліпеня з 13.00 да 18.00 на Магілёў абрынуўся лівень. Паглядзіце падборку відэа з розных крыніц – ад соцсетак да афіцыйнага відэа МНС.

У выніку стыхіі адбылося падтапленне 11 падворкаў у Магілёве на вуліцах Струшня, 2-гі Струшанскі Яр, Мурманскай. Былі падтоплены ўчасткі аўтамабільнай дарогі на вуліцах Сіманава і Касманаўтаў.

Падраздзяленні МНС здзейснілі 2 выезды на ўборку паваленых дрэў – у вёсцы Баўсевічы Круглянскага раёна дрэва ўпала на праезную частку дарогі, у вёсцы Бакатоўка Магілёўскага раёна дрэва ўпала на дах прыватнага жылога дома, паведамляе прэс-служба МНС.

Відэа: mogilev.media, падборка