У Магілёве сталі сустракацца Z-людзі. І гэта адзінкавыя назіранні

Маладая дзяўчына ў цішотцы з літарай “Z” і надпісам “Поддержим наших” была заўважаная ў скверы каля магілёўскага чыгуначнага вакзала. Камплект з падобнай майкай і бейсболкай, напрыклад, прадаецца ў адным з папулярных расійскіх онлайн-маркетаў.

Варта адзначыць, што ў горадзе такія футболкі не прадаюцца, але лёгка дасягальныя праз інтэрнэт-крамы.

Яшчэ адзін лядовы каток, рэстаран, міні-гольф – старшыня гарвыканкама расказаў пра парк у Падміколлі

Уладзімір Цумараў распавёў, як будзе развівацца парк у Падміколлі ў бліжэйшай перспектыве. 

У інтэрв’ю парталу Mogilove.by ён сказзаў, што ў першую чаргу плануецца зрабіць асвятленне на асноўных паркавых дарожках, працягваць насычаць парк малымі архітэктурнымі формамі. Пры гэтым ён заўважыў, што вызначанай канцэпцыі парка дагэтуль няма:

“Я думаю – заявіў старшыня гарвыканкама – што над канцэпцыяй мы яшчэ будзем працаваць”.

З бліжэйшых планаў у кіраўніцтва горада – рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве невялікай гасцініцы з рэстаранам на набярэжнай Дняпра. 

Старшыня гарвыканкама апантаны ідэяй размясціць у Падміколлі круглагадзічны лядовы каток, палі для міні-футбола і міні-гольфа.

Трэба адзначыць, што ў Магілёве ўжо некалькі гадоў функцыянуе поле для міні-гольфа, якое размяшчаецца каля Палаца культуры вобласці і практычна не бывае запоўненым наведвальнікамі.

 

 

Каляровы Дзень гораду. Разбіраемся, чаму Магілёў упрыгожылі чырвонымі і жоўтымі сцягамі

Магілёў некалькі год запар упрыгожваюць вялікай колькасцю сцягоў. І гэта сцягі не гораду і не афіцыйная сімволіка краіны. З развешвання сцягоў пачынаецца падрыхтоўка да святкавання Дня гораду. Яго адзначаюць сёння, 28 чэрвеня.

 

Чыноўнікі: спадзяемся, што сцягі гарманічна ўпішуцца ў гарадское асяроддзе

На слупах, мастах і адмысловых падстаўках пераважаюць чырвоныя і аранжавыя сцягі. Спалучэнні чырвонага і зялёнага таксама выкарыстоўваюцца, як напрыклад, на плошчы Леніна. Белымі і сінімі ўпрыгожаная плошча Адзінства.

Афіцыйнага тлумачэння, чаму для аздаблення Магілёва ўзятая чырвоная і аранжавая каляровая гама няма. Адсутнічае інфармацыя, чаму масава не выкарыстоўвацца на Дзень гораду яго сімволіка – сцяг і герб.

Летась паведамлялася, што  20 тысяч сцягоў ўпрыгожаць Магілёў.

Тое прадугледжвала канцэпцыя, распрацаваная службай галоўнага архітэктару. Паводле яе сцягі расквечвання замацоўваюцца ў адмысловых канструкцыях і на апорах мастоў. Тканіну для сцягоў мелася даць акцыянернае таварыства «Магатэкс».

«Святочнае афармленне гораду спрыяе стварэнню ўрачыстай атмасферы, – даводзілі чыноўнікі. – Спадзяемся, што ўсё створанае і ўсталяванае гарманічна ўпішацца ва ўжо існуючае гарадское асяроддзе з яго архітэктурнымі і ландшафтнымі асаблівасцямі».

Праект рэалізоўваўся з тым, каб сцягі можна было выкарыстоўваць шматразова.

«У далейшым, – абяцалі чыноўнікі, – колькасць элементаў святочнага ўбрання гораду будзе павялічвацца і дапаўняцца новымі цікавымі і больш сучаснымі варыянтамі».

 

Гараджанка: сцягі – стылістыка 50-х гадоў

Сёлета ўпрыгожваць сцягамі Магілёў да Дня гораду пачалі пару тыдняў таму. Як і летась яны паўсюдна. Не звярнуць на іх увагу не магчыма. Асабліва праязджаючы праз масты.

Падобнае ўпрыгожванне гарадскіх вуліц можна пабачыць у фільмах пра савецкае жыццё ў 1930-х гадах. Багата іх выкарыстоўвалі і ў пазнейшы савецкі час, напрыклад, на важныя ідэалагічныя святы.

«Гэта стылістыка 1950 гадоў і на Дзень гораду музыка бярэцца ў асноўным 1940-70 гадоў. Гэта сведчыць пра тое, у якім часе жывуць ідэолагі. Песні, якімі прызнаюцца ў любові да «сінявокай», сітуацыі не ратуюць, а толькі наганяюць смутку», – дзеліцца ўражаннямі ад святочнай абстаноўкі адна з гараджанак.

Рознакаляровыя сцягі прыйшлі ў Магілёў, настойваюць мясцовыя жыхары, пад уплывам такой «моды» у сталіцы. Паводле іх там засілле падобнага аздаблення яшчэ большае, чым у Магілёве.

 

Пабачце, як у Магілёве праходзіла веласьвята. Фотарэпартаж

26 чэрвеня цэнтр Магілёва забрала моладзь. Улада дазволіла правесці ёй веласвята.

Як вынікае з афіцыйных паведамленняў апекавацца сходам раварыстаў даручылі гарадской арганізацыі БРСМ. У мінулыя гады ініцыятыва правядзення такіх фэстаў сыходзіла з незалежных ад улады суполак. Паводле заўсёднікаў такіх імпрэзаў грамада раварыстаў тады была большай.

З плошчы Леніна стартаваў велаквест з элементамі гарадскога арыентавання «У рытме горада». У ім мог узяць удзел любы ахвотны. Праўда, тым каму не споўнілася 16-ці меўся быць з дарослым калегам.

У дзень на плошчы Яднання былі прадстаўленыя велабайкі на любы густ. Велааматары падавалася звезлі ў цэнтр гораду ўсё напрацавала велаіндустрыяй за апошняе дзесяцігоддзе. Ровары былі розных памераў і канструктарскіх думак.

Адбылося ўзнагароджанне пераможцаў літаратурнага конкурсу «Залатое пяро». Асобную зону «Чытайсквер» прадставіла гарадская бібліятэка. У перапынках можна было паглядзець брэйкданс.

Увечары тут жа стартавала маладзёжнае свята вулічнай культуры MOGILEV STREET SUMMIT, а завершыла Тыдзень моладзі і студэнцтва дыска-праграма.

Што значыць юрыдычны тэрмін “беларускі народ?” У Магілёве дыскутавалі гісторыкі і краязнаўцы

Ці былі неандэртальцы на Магілёўшчыне, калі ўзнік Шклоў, што рабіць з «санямі Напалеона», што ёсць генацыд беларусаў і якім быць музею Вялікай Айчыннай вайны на Буйніцкім полі, якім уяўляўся Магілёў замежным спецыялістам у 1970-я гады – гэтыя і многія іншыя пытанні абмяркоўвалі краязнаўцы ў Магілёве.

Як паўставаў краязнаўчы музей

На канферэнцыі «Гісторыка-культурная спадчына Падняпроўя» у Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Раманава абмеркавалі гісторыю стварэння краязнаўчага музею.

Гісторыкі Аляксандра Буракова і Алесь Петухоў акрэслілі вехі стварэння музею. Выявілася, што ён раней месціўся ў ратушы, у бібліятэцы, у будынку пазямельнага банку і ў будынку на Ленінскай 60 (цяпер 40). Было прапанавана стварыць галерэю партрэтаў дырэктараў музею і нарысы іх біяграфій.

Пра вяртанне нацыянальных рэліквіяў

Краязнавец Алег Дзячкоў актуалізаваў пытанне вяртання тых музейных прадметаў, якія зніклі пад час вайны.

Дырэктар абласнога краязнаўчага музею Віктар Аненкаў патлумачыў, што вяртаць можна тое, што дакладна належала музею і вядома, дзе цяпер знаходзіцца. Прыкладам, так званыя сані Напалеона, які аршанскі памешчык перадаў музею яшчэ да 1917 году, верагодна знаходзяцца ў маскоўскім музеі Айчыннай вайны 1812 года. Цяпер яны ўключаны ў рэспубліканскі спіс каштоўнасцяў, якія краіна паспрабуе вярнуць. Знаходжанне іншых страчаных прадметаў пакуль невядома.

Абмяркоўваліся археалагічныя здабыткі. Археолаг Аляксандр Коласаў з аднаго боку паставіў пад сумнеў прыналежнасць крэменю з Клеевіч да эпохі мусцье, а значыць і да неандэртальскай спадчыны, а з іншага наадварот паказаў, што неандэртальцы дакладна жылі на тэрыторыі Беларусі. Мусцье – гэта археалагічная культура, якую пакінулі пасля сябе неандэртальцы. Дагэтуль было вядома пра адзін артэфакт дадзенай культуры на Беларусі, гэта скрабло з урочышча Красная горка пад Абідавічамі Быхаўскага раёна. Крэмень з Клеявіч пэўны час таксама прэтэндаваў на прыналежнасць да неандэртальскай спадчыны.

Узнікненне Шклова

Горад тры разы пераязджаў. Гэтым разам спрэчка разгарнулася вакол таго, ці можна менавіта археолага Вольгу Ляўко лічыць адкрывальніцай Шклова-2. «А куды падзець вынікі вывучэння шклоўскай мінуўшчыны даследніцай Марыяй Тапольскай, ці шклоўскага краязнаўцы Аляксандра Грудзіны?» – пыталіся апаненты.

Генацыд беларускага народу

Праблеме генацыду беларускага народу падчас Вялікай Айчыннай вайны было прысвечана як мінімум тры даклады. Асабліва шмат пытанняў задалі прадстаўніку пракуратуры, які распавёў пра вядзенне справы ў пошуку злачынстваў нацыстаў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. 

Большасць знаходак новых пахаванняў тычылася знішчэння яўрэяў і цыганоў. Узнікла пытанне, якое вылілася ў дыскусію: «Што разумецца ў юрыдычным сэнсе пад тэрмінам «беларускі народ»? Уцямнага адказу ад супрацоўніка пракуратуры не прагучала.

Якім быць музею на Буйніцкім полі?

Дырэктар музею Віктар Аненкаў распавёў пра планы стварэння музею вайны. На Буйніцкім полі плануецца размясціць 15 умоўных раздзелаў ад даваеннага да сучаснай пошукавай працы.

Будучы музей дакладна не будзе філіялам нацыянальнага музею Вялікай Айчыннай вайны. Ён будзе або гарадскім, або абласным музеем. Гэтае пытанне яшчэ вырашаецца.

Магілёў вачыма замежных спецыялістаў

Ігар Пушкін распавёў, якім уяўляўся Магілёў замежным спецыялістам у 1970-я гады. Многіх прысутных уразіла, што горад тады падаваўся замежнікам поўным злодзеяў і жанчын лёгкіх паводзін. Яшчэ аказалася, што нават многія краязнаўцы прызабылі, што 1970-1980-я гады былі гадамі татальнага савецкага дэфіцыту тавараў, а замежныя спецыялісты гэта добра адлюстроўвалі.

На форуме краязнаўцаў прагучала шмат іншых цікавых фактаў і высноў. Жывы смелы характар абмеркаванняў адрозніваў гэтую канферэнцыю ад многіх іншых досыць сумных задужа акадэмічных навуковых форумаў.

 

Фотаальбом Магілёў.media. Цэнтральны батанічным сад вачыма магілёўца

Жыхар Магілёва наведаў у Мінску Цэнтральны батанічны сад і так уразіўся ўбачаным, што даслаў у Магілёў.media серыю фотаздымкаў. Яны папоўнілі калекцыю фотаальбому.


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Так павялося, што іхныя аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы [email protected].


Пра мясціну, аўтар ліста піша, што гэта найбуйнейшы ў краіне цэнтр захоўвання біяразнастайнасці. Батанічны сад – помнік прыроды рэспубліканскага значэння і ландшафтнай архітэктуры. У гэтай установе займаюцца навуковай дзейнасцю, звязанай з вывучэннем раслін. Тут створаны генафонд раслін з больш чым 15 тысячамі найменняў. Ён — нацыянальны набытак Беларусі.

Магілёвец батанічны сад называе аазісам, які ратуе ў спёку. На ягоную думку, прыцягальным для наведнікаў у такую пару будзе Лебядзінае возера. У ім забаронена купацца, папярэджвае чытач. Колькасць птушак ды рыб, якія добра бачныя ў тоўшчы вады, не пакінуць абыякавым нікога, перакананы ён.

Уразяцца наведнікі цяністымі алеямі з нябачанымі ў беларускай прыродзе дрэвамі і кустамі, піша далей аўтар ліста.

Прадстаўлены, адзначае ён на заканчэнне, у Батанічным садзе свет тропікаў Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі ды Азіі. У гэтым кутку растуць ліяны, фікусы ў суседстве з гіганцкай бананавай травой ды кактусамі. Расліны дапаўняюць прадстаўнікі фаўны – чарапахі, папугаі ды рыбы.

Сем чалавек атруціліся алкаголем на Магілёўшчыне з пачатку года

У крыві 37-гадовага мужчыны ў Чавусах было шасціразовае перавышэнне смяротнай дозы метанола. Дзве жанчыны ў Магілёве, узростам 46 і 73 гады, таксама загінулі пасля ўжывання метылавага спірта. Гэтыя выпадкі адбыліся ў маі бягучага года – распавяла інфармацыйнаму агенцтву БелТА спецыяліст Камітэта судовых экспертыз Ірына Рачкоўская.

“Часцей за ўсё такія выпадкі адбываюцца з-за ўжывання вадкасцяў, якія ўтрымліваюць метанол. – паведаміла спецыяліст – Як правіла, гэта аўтамабільныя шклоамывальныя вадкасці кантрафактнага паходжання, набытыя з рук, або фальсіфікаваныя спіртныя напоі”.

У хатніх умовах адрозніць смяротна небяспечны метылавы спірт ад этылавага немагчыма. Таму, спецыялісты раяць пазбягаць ужывання алкагольных напояў невядомага паходжання, без акцызных марак, у неарыгінальным посудзе, набытых з рук.

Бесплатный мастер-класс по сальсе в обмен на лакомства для бездомных животных пройдет в Могилеве

Волонтеры учреждения по защите животных “Остров добра” совместно со студией социальных танцев “SALSA LIBRE” проведут 25 июня в Могилеве благотворительную акцию по сбору средств для помощи животным. Начиная с 17.00 в Комсомольском сквере (напротив кинотеатра “Родина”) будет проходить бесплатный мастер-класс по сальсе. 

Мастер-класс рассчитан на участников любого пола и возраста, организаторы просят побеспокоиться только про удобную одежду и обувь. 


Обращаем внимание, что место мероприятия перенесено в Комсомольский сквер


Всех участников и всех желающих призывают оказать помощь волонтерам и принести на мероприятие сладости для питомцев, ошейники, шампуни, лекарственные средства, миски, игрушки, поводки и ошейники – все то, что пригодится для животных на передержке.

Во время акции также можно будет оставить свои пожертвования для защиты бездомных животных.

Учреждение “Остров добра” проводит подобные благотворительные акции каждый месяц, стараясь разнообразить их программу. Узнать подробности о прошедших мероприятиях и об отчетности за минувший период можно на странице учреждения во ВКонтакте

У адным з дамоў Магілёва «пайшоў» дождж. Камунальнікі доўга думалі, ці ратаваць жыхароў

Жыхары дому ў мікрараёне «Саломенка» выклалі ў сацыяльныя сеткі відэа з затапленнем пад’езду. На ім бачна, што вада льецца цурком па сценах і дажджом з паверху вышэй. 

У допісе гаворыцца, што пад’езд заліты з 9 па 1 паверхі. Тым часам, супрацоўнікі ЖЭУ-9, якое месціцца на вуліцы Крупскай, на тэлефанаванні адказвалі, што праблеме дадуць рады цягам сутак.

Жыхары пішуць, што ў пад’ездзе нядаўна зрабілі капітальны рамонт і цяпер бядуюць, што нанесеныя страты не будуць кампенсаваныя.

Ваду ўсё ж камунальнікі адключылі. Праўда, як кажуць жыхары, пасьля “патопу” не працуе ліфт. Нібыта, каратнула. Дом, у якім адбылася “непрыемнасць” вядомы ў ваколіцах тым, што яго рамантуюць гадоў з пяць і ніяк працы ня скончаць.

 

«Магілёўсаюздрук» прадае кіёскі. Кіраўніцтва кажа пра фінансавыя цяжкасці

Арганізацыя хоча, каб яе прызналі банкрутам. Эканамічны суд Магілёўскай вобласці атрымаў адпаведны зварот яшчэ 16 чэрвеня.

Пра тое, што рэгіянальны манапаліст продажу газетаў і іншай прадукцыі мае фінансавыя праблемы стала вядома, калі ў Магілёве на кіёсках пачалі з’яўляцца надпісы, што яны прадаюцца.

«Цяпер ААТ «Магілёўсаюздрук» мае фінансавыя цяжкасці. Для таго, каб мінімізаваць затраты, мы вымушаныя пайсці шляхам закрыцця нашых гандлёвых аб’ектаў у шэрагу райцэнтраў» – тлумачыць сітуацыю газеце «Веснік Магілёва» дырэктар арганізацыі Алена Котава.

Па яе словаў у вобласці працуе 43 аб’екты гандлю ў Магілёве Бабруйску і Чавусах. Яна кажа, што зачыненыя кіёскі адновяць працу па нармалізацыі сітуацыі на прадпрыемстве.

Закрываюцца кіёскі ў Горках. Там загаварылі пра праблемы ў мясцовым філіялам «Магілёўсаюздруку» паўгода таму. Тады пачалі затрымліваць выплату заробкаў супрацоўнікам. Не было чым аплачвацца нават камунальныя паслугі офісу. Збіраліся адключаць ваду. Калектыў стаў звальняцца.

«З Магілёва прыйшоў загад адправіць нас і некаторых іншых супрацоўнікаў, якія засталіся, на прастой да ліпеня. Што будзе далей не ведаем», – расказалі ў мясцовымі філіяле арганізацыі газеце «Узгорак».

У сакавіку на знікненьне кіёскаў звярнулі ўвагу жыхары Бабруйску. У каментары газеце «Вечерний Бобруйск» супрацоўніца арганізацыі Галіна Пыткіна патлумачыла, што «Магілёўсаюздрук» мае страты і ўтрыманне кіёскаў стала нерэнтабельным.

«Да жалю, даводзіцца іх прадаваць», – канстатавала яна.