У Крычаве адкрылі “парк гістарычнай памяці”, а на Леніна рука не паднялася

Помнік Леніну ў самым цэнтры горада насупраць Свята-Уваскрасенскай царквы даўно выклікаў у месцічаў змяшаныя пачуцці. Скульптура і культавае збудаванне нагадвалі двух супернікаў, якія замерлі адзін перад адным ў нямым супрацьстаянні. Госці горада, а часам і мясцовыя жыхары толькі кпілі з гэтай карціны: “Паглядзіце, Ленін ідзе ў царкву”.

Аднак зусім нядаўна Леніна з пастамента знялі, а сам пастамент быў разбураны. Гэта ж адбылося і з цаглянай дошкай гонару, на версе якой красаваўся надпіс “Наши маяки”. Замест гэтага з’явіўся так званы сквер гістарычнай памяці, дзе цэнтральным стаў памятны знак “Якар”, які складаецца з валуна і непасрэдна самога якара. Да камяня прымацавана мармуровая таблічка, на якой пазначана, што памятны знак усталяваны ў гонар 237-годдзя Крычаўскай суднаверфі і аддзялення Херсонскага адміралцейства Чарнаморскага флота. 

Зусім блізка размясцілася невялікая вежа ў некалькі метраў вышынёй, якая з’яўляецца правобразам двух’яруснай вежы Крычаўскай суднаверфі XVIII стагоддзя з высокім шпілем, што быў упрыгожаны выявай карабля. Побач з вежай і якарам з’явіўся фантан, дзве каваных лавы і малая архітэктурная форма “КРИЧЕВ”

А вось «правадыра сусветнага пралетарыята» вырашылі не прыбіраць. Помнік паставілі зусім блізка з мясцовым Домам культуры, на новазробленым невысокім цэментным пастаменце. Павернуты да будынка ён бокам, паралельна цэнтральнай гарадской шашы.

Новы гістарычны сквер сведчыць, што ў горадзе актыўна прасоўваецца і папулярызуецца гісторыя Крычава ў складзе Расійскай імперыі. Шмат год у мясцовым гістарычным музеі праводзяцца мерапрымествы з удзелам актораў у выглядзе Пацёмкіна і Кацярыны ІІ. Адзначым, што Крычаўская суднаверф працавала не на карысць мясцовага насельніцтва тагачаснага Крычаўскага староства, а для вайсковых і гандлёвых патрэбаў Чарнаморскага флота Расійскай імперыі. 

У Крычаве пабудавалі экалагічны гарадок каля небяспечнага кар’ера з відам на цэментна-шыферны камбінат

У Крычаве ўрачыста адкрылі экалагічны гарадок недалёка ад берага возера Маладзёжнае. Па задумцы мясцовых чыноўнікаў гэты культурны аб’ект павінен стаць зонай адпачынку для гараджанаў. 

На тэрыторыі гарадка на сённяшні момант зроблена шэсць драўляных альтанак для адпачынку, усталяваны дзве біяпрыбіральні, кантэйнеры для смецця, ёсць асвятленне і дзіцячая пляцоўка. Таксама абсталявана месца для палення вогнішчаў. 

Мясцовыя жыхары адзначаюць, што комплекс з чатырма драўлянымі лавамі і шасцю валунамі размешчанымі па коле, у цэнтры якога знаходзіцца месца для вогнішча, нагадвае язычніцкае капішча. 

Уваход на тэрыторыю экалагічнага гарадка пачынаецца з плутара дзясяткаў валуноў розных парод, якія размешчаны лініяй, што пазначае межы аб’екта адпачынку. Кампазіцыя крыху нагадвае мінскі парк-музей камянёў, створаны ў 1985 годзе навукоўцамі-геолагамі.

Пабудавана была і аглядная пляцоўка, агароджаная жалезнымі парэнчамі па перыметру. З пляцоўкі адкрываецца прыгожы выгляд на водную роўнядзь сённяшняга возера Маладзёжнае, а ў далечыні бачны карпусы старога цэментна-шыфернага камбіната і розныя будынкі двух гарадскіх раёнаў (т.зв. “Вакзал” і “Цэмзавод”).

Адзначым, што возера Маладзежнае – гэта былы кар’ер, у якім здабывалі сыравіну для  вытворчых патрэбаў цэментнага завода. Глыбіня кар’ера больш чым 30 метраў, што аўтаматычна робіць яго дастаткова небяспечным водным аб’ектам для адпачынку.

На тэрыторыі старога цэментнага завода хоць і спынілі вытворчасць з 2015 года, аднак праз год ТАА «Кровельные материалы Беларуси — Восток» стала арандаваць у цэментнікаў вытворчую лінію. Цяпер бліжэйшыя планы кампаніі заключаюцца ў тым, каб мадэрнізаваць шыферную вытворчасць. А гэта ў сваю чаргу не ўвязваецца з ідэяй “экалагічнага гарадка” як месца адпачынку мясцовых жыхароў, бо хутчэй за ўсё вытворчасць не будзе экалагічнай. Дарэчы, дзейнасць цэментнага завода, які пачаў працаваць з 1933 года, доўгі час забруджвала экалогію Крычава і ваколіц.   

Месца размяшчэння экалагічнага гарадка ставіць пад сумнеў таксама ажыўленая шаша, што пралягае побач. Пры гэтым не менш прыгожыя і досыць ціхія месцы для адпачынку ў Крычаве існуюць на беразе ракі Сож, што цячэ ў старой частцы горада, насычанай багатай гісторыяй.

“Табакеркі” апанавалі глыбінку, у Крычаве іх ставяць ужо побач адна ад адной

Чарговы тытунёвы кіёск з’явіўся ў Крычаве ў раёне т.зв. “Маскоўскай”, дзе знаходзіцца гарадская аўтастанцыя – і гэта пры тым, што асобная “Табакерка” размешчана ўсяго ў некалькіх дзясятках метрах ад новага прыпыначнага комплексу. 

З’яўленне новага прыпынка з кіёскам па продажу тытунёвай прадукцы адбылося на фоне закрыцця па ўсяму Крычаву шапікаў “Белсаюздрук”, якія прапаноўвалі мясцовым жыхарам разнастайную друкаваную прадукцыю і ў першую чаргу айчынныя газеты і часопісы. Магілёў.media шмат пісалі пра гаротны стан і банкруцтва дзяржаўнага прадпрыемства дробнага гандлю. 

Адзначым, што ў Крычаве “Табакеркі” ўжо ёсць практычна па ўсім горадзе, а ў раёне аўтастанцыі іх цяпер будзе цэлых дзве. Выглядае, што следам за абласным цэнтрам, па ўсёй магілёўскай глыбінцы адбылася змена манапаліста ў галіне дробнага гандлю. Такія тэндэнцыі ў горадзе наўрадці спрыяюць падтрымцы здаровага ладу крычаўлянаў, выклікаючы адваротныя працэсы. Пры тым, што ў розных частках гораду развешаны банеры, якія прапагандуюць спорт і здаровы лад жыцця.  

Забаўляльны комплекс з васкавой фігурай Пуціна з’яўвіўся ў Крычаве

У Крычаве з’явіўся цэлы перасоўны забаўляльны комплекс у мясцовым парку Перамогі, які знаходзіцца ў цэнтры горада. Гэты комплекс быў прывезены з Расіі і ўключае ў сябе выставу васкавых фігур, розныя дзіцячыя каруселі: машынкі, якімі можна кіраваць, слонікі, на якіх можна пакатацца. 

Асабліва прыцягвае ўвагу выстава васкавых фігур пад назвай «Империя». Прычым на знешнім баку адной сцяны выставачнай пляцоўкі можна ўбачыць фота тых палітыкаў і гістарычных асобаў, фігуры з воску якіх прадстаўлены: Пётр І, Кацярына ІІ, Ленін, Сталін, Гарбачоў, Пуцін. Больш за тое, забаўляльны комплекс мае і музычнае суправаджэнне ў выглядзе рускай і савецкай папулярнай музыкі. Штовечар песні рускай эстрады чутны на прасторах цэнтральнага парку Крычава.

Адзначым, што вялікага ажыятажу сярод мясцовых жыхароў забаўляльны комплекс не выклікае, нават у выхадныя дні. Тым не менш знаходзіцца ў крычаўскім парку ён будзе да 15 лістапада.  

Крычаўскі райвыканкам проста атфутболіў просьбу пра нармальную дарогу для інваліда-вазочніка – відэа

Скарга жыхаркі Крычава наконт нездавальняючага стану дарогі, што вядзе да дому інваліда першай групы, атрымала цынічны адказ з райвыканкама. 

“У ходзе абследавання дарожнага палатна па зав. Піянерскі выяўлена, што дарога мае грунтавое пакрыццё, ушчыльненае шчэбнем. Дарога знаходзіцца ў здавальняючым стане – гаворыцца ў адказе за подпісам намесніка старшыні Крычаўскага райвыканкама М. Асмалоўскага –  Капітальны рамонт дарогі ў 2022 годзе не запланаваны.”

У сацыяльных сетках з’явілася відэа, з якога можна зрабіць выснову, у якім стане насамрэч знаходзіцца дарога, якая вядзе да дому калясачніка.

 

 

Масачны рэжым і абмежаванні на масавыя мерапрыемствы ўведзены ў Крычаўскім раёне

Абмежаванні ўведзены з-за ўздыму захворвання COVID-19.

Сродкі аховы органаў дыхання павінны выкарыстоўваць работнікі пасажырскага транспарту, аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, у арганізацыях бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Ва ўстановах адукацыі выкарыстоўваць ахоўныя маскі павінны работнікі і навучэнцы.

Пры наведванні месцаў з вялікай колькасцю людзей цяпер дзейнічае абавязковае захаванне наведвальнікамі бяспечнай дыстанцыі не менш за 1-1,5 метра і выкарыстанне ахоўнай маскі.

Акрамя гэтага, дзейнічае зараз і абмежаванне на правядзенне спартыўных, культурна-масавых, іншых відовішчных мерапрыемстваў.

У памяшканнях устаноў павінны стаяць дэзінфектары для рук.

Да гэтага першым у Беларусі пасля афіцыйнага заканчэння пандэміі масачны рэжым вярнулі і абмежавалі масавыя мерапрыемствы ў Баранавіцкім раёне. 

Таксама масачны рэжым з канца верасня ўведзены для супрацоўнікаў магілёўскай сеткі крам “Санта”, некаторых іншых гандлёвых кропак.

 

Паглядзіце, як выглядае вулічнае асвятленне ў Крычаўскім мікрараёне “Сож”

Ліхтары працуюць толькі на тэрыторыі прыватных арганізацый.

Кароткі відэаролік пра гэта з’явіўся ў сацыяльных сетках з каментарыем ад мясцовага жыхара:

 “Краіна якая пабудавала АЭС не можа забяспечыць нават мінімальнае асвятленне”.

На відэа – крычаўскі мікрараён “Сож” у 20:25.

Бомба на вакзале ў Крычаве аказалася акумулятарнай батарэйкай

3 кастрычніка на пульт дзяжурнага Крычаўскага РАУС паступіла інфармацыя аб верагодным мініраванні  чыгункі ў межах горада Крычава. Работнік чыгункі пад час абходу заўважыў на рэйках нейкі прадмет з электрычным дротам і мігаючай лямпачкай.

З тлумачэнняў начальніка РАУС Андрэя Лазаковіча вынікае, што пасля выезда на месца супрацоўнікаў міліцыі і правядзення аператыўных мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што прадметам, падобным на выбуховае, аказалася простая акумулятарная батарэйка.

фота: tury.club

У Крычаве чакалі ацяплення, а людзей пакінулі яшчэ і без вады – шчымлівае відэа

Днямі крычаўлян своеасабліва “абрадавалі” мясцовыя камунальнікі: жыхары чакалі цяпла, а ім яшчэ і ваду адключылі. 

«Шчасліўчыкі» па некалькі разоў адстойвалі ў чарзе з вёдрамі да трактара з цыстэрнай, каб набраць пітной вады.

Відэа пра надзвычайныя ўмовы ў адным з мікрараёнаў горада паявілася ў сеціве.

А тым часам ішоў сёмы дзень ацяпляльнага сезона па краіне. 

Як паведамлялася яшчэ 21 верасня, “у Беларусі ацяпляльны сезон … пачаўся з прычыны … прахалоднага пачатку восені… з 20 верасня ў Магілёўскай вобласці ўключылі ацяпленне ў дзяржустановах…, дзіцячых садках, школах, паліклініках, шпіталях…. Далі цяпло і ў Мінску… У  Віцебскай, Брэсцкай пачалі падаваць цяпло з 21 верасня. “На Гомельшчыне аб’екты сацыяльнай сферы пачнуць атапліваць пазней іншых абласцей краіны – з 22 верасня”.

Магілёў.media ужо павядамлялі пра кліматычна-камунальныя дэфармацыі на Магілёўшчыне.  

У Крычаве робяць экалагічны гарадок і мадэрнізуецца сквер, але будаўнікі не спраўляюцца

Падарунак на Дзень горада імкнуцца здаць хаця б да першага снегу. 

У райцэнтры мадэрнізуюцца гарадскі сквер на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Ленінскай і ўзводзіцца экалагічны гарадок – паведамляе афіцыйны сайт Крычаўскай адміністрацыі. Пры гэтым кіраўніцтва раёна прызнае , што будаўнічыя работы ідуць нізкімі тэмпамі. “Будаўнікі не спраўляюцца” – піша сайт райвыканкама.

– Трэба паскорыцца і здаць аб’ект да таго часу, пакуль не пачнуцца праліўныя восеньскія дажджы і тым больш ляжа снег. – крытыкаваў на працоўнай нарадзе старшыня райвыканкама Андрэй Седукоў – Крычаўляне павінны гуляць у гэтым месцы, мамы з калясачкамі, падлеткі.

Дзень горада прымеркаваны да даты вызвалення Крычава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і святкуецца 30 верасня 1943 года.

Экалагічны гарадок у Крычаве – падарунак крычаўлянам ад лясніцтваў краіны. На яго тэрыторыі ўжо ўстаноўлены альтанкі, абсталявана пляцоўка для вогнішча.

Акрамя гэтага, прадугледжана азяляненне гарадка, узвядзенне аглядальнай пляцоўкі, дзіцячай гульняевой пляцоўкі са спартовымі элементамі.

Будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі спансіруецца РУП «Белмытсервіс», генеральны дырэктар якой Вадзім Бабарыкін з’яўляецца ўраджэнцам Крычаўшчыны.