У Крычаве адкрылі “парк гістарычнай памяці”, а на Леніна рука не паднялася

Помнік Леніну ў самым цэнтры горада насупраць Свята-Уваскрасенскай царквы даўно выклікаў у месцічаў змяшаныя пачуцці. Скульптура і культавае збудаванне нагадвалі двух супернікаў, якія замерлі адзін перад адным ў нямым супрацьстаянні. Госці горада, а часам і мясцовыя жыхары толькі кпілі з гэтай карціны: “Паглядзіце, Ленін ідзе ў царкву”.

Аднак зусім нядаўна Леніна з пастамента знялі, а сам пастамент быў разбураны. Гэта ж адбылося і з цаглянай дошкай гонару, на версе якой красаваўся надпіс “Наши маяки”. Замест гэтага з’явіўся так званы сквер гістарычнай памяці, дзе цэнтральным стаў памятны знак “Якар”, які складаецца з валуна і непасрэдна самога якара. Да камяня прымацавана мармуровая таблічка, на якой пазначана, што памятны знак усталяваны ў гонар 237-годдзя Крычаўскай суднаверфі і аддзялення Херсонскага адміралцейства Чарнаморскага флота. 

Зусім блізка размясцілася невялікая вежа ў некалькі метраў вышынёй, якая з’яўляецца правобразам двух’яруснай вежы Крычаўскай суднаверфі XVIII стагоддзя з высокім шпілем, што быў упрыгожаны выявай карабля. Побач з вежай і якарам з’явіўся фантан, дзве каваных лавы і малая архітэктурная форма “КРИЧЕВ”

А вось «правадыра сусветнага пралетарыята» вырашылі не прыбіраць. Помнік паставілі зусім блізка з мясцовым Домам культуры, на новазробленым невысокім цэментным пастаменце. Павернуты да будынка ён бокам, паралельна цэнтральнай гарадской шашы.

Новы гістарычны сквер сведчыць, што ў горадзе актыўна прасоўваецца і папулярызуецца гісторыя Крычава ў складзе Расійскай імперыі. Шмат год у мясцовым гістарычным музеі праводзяцца мерапрымествы з удзелам актораў у выглядзе Пацёмкіна і Кацярыны ІІ. Адзначым, што Крычаўская суднаверф працавала не на карысць мясцовага насельніцтва тагачаснага Крычаўскага староства, а для вайсковых і гандлёвых патрэбаў Чарнаморскага флота Расійскай імперыі.