Мсціслаўская міжраённая прыродаахоўная інспекцыя затрамала каля аграгарадка Леніно Горацкага раёна рыбака на лодцы і з двума сеткамі. Усяго мужчына вылавіў сем карасёў і аднаго рака, прычым лоўля ажыццяўлялася не толькі забароненымі сродкамі, але і ў перыяд нераста. Інспектары налічылі рыбаку штраф у 151,5 базавую велічыню, альбо 5 605 рублёў штрафа – піша “Горацкі веснік”.
10-гадовы хлопчык у Горках атрымаў удар каменем у твар падчас гульні з сябрамі. Камень у яго без усялякай прычыны кінуў мясцовы жыхар, які стаяў побач – піша звязаны з сілавікамі Тэлеграм-канал.
Як высветлілася, кампанія дзяцей гуляла ў двары з мячом, калі да іх прывязаўся 60-гадовы мясцовы жыхар. Мужчына адабраў у дзяцей мячык, а потым праз нейкі час кінуў яго ўбок. Калі дзеці забралі мяч і працягвалі гуляць, мужчына спачатку стаяў збоку, назіраючы за імі, а потым кінуў у групу хлопчыкаў камень. Той патрапіў пад вока аднаму з дзяцей, пакінуўшы траўму.
Праваахоўнікі затрымалі мужчыну. Раней ён быў судзімы за злоснае хуліганства. Прычын свайго цяперашняга ўчынку жыхар Горак патлумачыць не змог.
Казус з рамонтам аварыйнага дома адбыўся ў аграгарадку Леніно Горацкага раёна. Падчас сустрэчы кіраўніцтва Горацкага райвыканкама з жыхарамі пасёлка выявілася, што запланаваны на 2023 год капітальны рамонт дома №33 па вуліцы Ленінскай быў аднабакова адменены камунальным прадпрыемствам – піша “Горацкі веснік”.
Вялікія расколіны сцен у пад’ездзе, абсыпаная тынкоўка фасада, разбураны ганак і пастаяннае заліццё кватэр пасля дажджу – пра гэтыя і іншыя праблемы жыхары дома не аднойчы паведамлялі спецыялістам УКПП «Камунальнік». У 2020 годзе на фасадзе ўстанавілі маячкі, якія ўжо далі расколіны, пазней паабяцалі правесці капітальны рамонт. Ён быў запланавана на 2023 год, але чамусьці са спісу аб’ектаў, якія падлягаюць грунтоўнаму рамонту, дом прыбралі.
Адзінае, што зрабілі камунальнікі – адбілі віслыя кавалкі тынкоўкі з фасада, так і пакінуўшы іх пад вокнамі.
Як растлумачыў намеснік дырэктара УКПП “Камунальнік” Андрэй Новікаў, аб’ект сапраўды быў запланаваны для капрамонту. Але, паводле дзейнага заканадаўства, у першую чаргу рамантуюць дамы, у якіх людзі гатовыя фінансава ўдзельнічаць ва ўцяпленні фасадаў.
Але ж справа ў тым, што жыхары гэтага дома таксама былі гатовыя заплаціць за ўцяпленне. Спецыялісты ж камунальнага прадпрыемства прыйшлі да высновы, што фасад будзе пакрывацца пенаполіўрэтанавай сумессю, даволі вялікі пласт якой павінен забяспечыць уцяпленне фасада. Атрымалася, што за саміх жыхароў вырашылі, што іх грошы на гэты від работ не патрэбны, таму рамонт будзе весціся на іншых аб’ектах.
“Горацкі веснік” піша, што старшыня райвыканкама паручыў унесці прапановы па рамонце дома.
Абодва беспрацоўных маладых чалавека хацелі зарабіць на онлайн-продажах, свядома падманваючы пакупнікоў.
У магілёўскі аддзел міліцыі звярнуліся адразу сем чалавек з розных рэгіёнаў краіны, якія распавялі, што сталі ахвярамі махляра. Следчыя высветлілі, што пакупнікоў падманваў 19-гадовы магілёвец, які нідзе не працуе.
На онлайн-пляцоўках ён размяшчаў аб’явы аб продажы арыгінальнай прадукцыі, прымацоўваючы да абвестак пераканаўчыя фатаграфіі брэндавых рэчаў. Як толькі людзі пераводзілі прадаўцу грошы, ён альбо пераставаў ім адказваць ці дасылаў пасылкі з незамоўленымы і бескарыснымы рэчамі – паведамляе упраўленне ўнутраных спраў Магілёўкага аблвыканкама.
У дачыненні да маладога магілёўца ўзбуджана крымінальная справа.
Другім фігурантам свядомага махлярства стаў малады жыхар Горак, які таксама нідзе не працуе. Ён нібыта прадаваў шалік-снуд, якога насамрэч у яго не было. Сам прадавец прызнаўся супрацоўнікам міліцыі, што на ўчынак ён вырашыўся свядома, хацеў такім чынам зарабіць. На інтэрнэт-пляцоўцы па продажы рэчаў ён правёў аналіз тавараў і вызначыў для сябе, што будзе онлайн “прадаваць” снуд, бо ён карыстаецца попытам у моладзі.
Размясціў аб’яву, дадаўшы фатаграфію шаліка з інтэрнэту. У той жа дзень на аб’яву адгукнуўся пакупнік, які захацеў набыць снуд за 65 рублёў. Дамовіліся аб адпраўцы тавару поштай. Аднак, замест неіснуючага тавара прадавец адправіў поштай старую спадніцу сваёй дзяўчыны –пішуць пра гэты выпадак “Магілёўскія ведамасці”.
Пасля адпраўкі пасылкі ён заблакаваў акаўнт пакупніка на онлайн-пляцоўцы, каб той не змог звязацца з ім. Аднак гэта не дапамагло – маці непаўнагадовага пакупніка з Пінскага раёна своечасова звярнулася ў міліцыю з просьбай прыцягнуць да адказнасці несумленнага прадаўца.
У выніку горацкага махляра прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Грошы падманутаму пакупніку прыйшлося кампенсаваць.
Могілкі ў вёсцы Коцелева Горацкага раёна трапілі ў поле зроку выдання horki.info. Чытачы рэсурса падзяліліся сумнымі назіраннямі – на могілках наогул адсутнічае кантэйнер для смецця. Няма таксама пяску, які бывае патрэбны сваякам для папраўкі магіл родных, і які абавязкова павінен прысутнічаць на могілках. Таксама няма агароджы, затое ёсць куча наваленых дрэў – на фота. Пры гэтым падыйсці да могілак можна толькі праз нізіну, у якой пастаянна стаіць вады па калена.
Mogilev.media паведамлялі, што цэлае грамадскае абмеркаванне было прызначана горацкім райвыканкамам на 3 красавіка па поваду бярозы, што расла на вуліцы Якубоўскага. Вопыт масштабнай падзеі быў, відаць, прызнаны станоўчым, пагэтаму на 26 красавіка ў Горках прызначылі грамадскае абмеркаванне яшчэ адной бярозы – што расце на вуліцы Пагодзінскай. Адзначаецца, што дрэва “перашкаджае эксплуатацыі будынкаў, збудаванняў і іншых аб’ектаў, бо расце на адлегласці менш за 5 м. да восі аб’екта”.
Усю зіму мост на вуліцы Савецкай у Горках быў праблемай для аўтамабілістаў. З-за велічэзных ямін на ім гнуліся дыскі на колах – пісалі mogilev.media, а мясцовае начальства толькі разводзіла рукамі. Чыноўнікі канстатавалі, што ўжо некалькі разоў за зіму ладзілі ямачны рамонт на мосце, але яго хапала кожны раз не больш чым на некалькі дзён.
Цяпер жа ў Горках з’явілася спецыяльная тэхніка, якая дазваляе зрабіць якасны рамонт і доўгачаканыя працы нарэшце пачаліся – пішуць horki.info.
22-гадовы жыхар Горак быў затрыманы за распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў. Як высветлілася, ён наладзіў бізнэс-схему на порна – спампоўваў ролікі з інтэрнэта, а потым выдаваў іх за прыватны кантэнт, які прадаваў на сваім Тэлеграм-канале. У залежнасці ад відэа, доступ да аднаго роліка каштаваў ад 15 да 60 рублёў. Узбуджана крымінальная справа – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.
Дзіцячае свавольства стала прычынай пажару ў аграгарадку Паршына Горацкага раёна.
Як пішуць “Магілёўскія ведамасці” пасля школы два хлопчыка адправіліся на гарышча пуні, размешчанай на тэрыторыі домаўладання, у якім жыве сям’я аднаго з іх. У пуні школьнікі пачалі гуляць са знойдзенай запальнічкай: паліць і тушыць салому. Дарослых у гэты момант з імі, натуральна, не было.
Калі “эксперыментатары” пакінулі сваё сховішча то, як аказалася, не да канца патушылі салому. Пагэтаму праз пэўны час, мясцовыя жыхары выявілі як агонь пачынае паглынаць дах пуні і выклікалі ратавальнікаў.
У выніку пажару знішчаны дах пуні, пашкоджаны перакрыцці. Пацярпелых няма.
У раённым музеі ў Горках прайшла па-сапраўднаму народная выстава і конкурс твораў.
“Выстава-конкурс «Катавасія-2023» – гэта прастора для ўсіх, хто неабыякавы да загадкавых, бязмежна абаяльных стварэнняў з асаблівым магнетызмам – да котак. – распавялі пра мерапрыемства арганізатары – Гульня фарбаў, фантазіі і майстэрства ўдзельнікаў выставы-конкурсу выклікалі захапленне ў шматлікіх наведвальнікаў нашага горада і раёна.”
Малюнкі і работы ў жанры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадставілі майстры ад 5-гадовага да 62-гадовага ўзростаў.
Дзясяткі малюнкаў і падзелак – натхняльная выстава аматараў котак стала яркай падзеяй у раённым цэнтры.