Пачынаючы з 6 верасня ўведзена забарона на наведванне лясоў у Горацкім і Дрыбінскім раёнах. Ва ўсіх астатніх раёнах Магілёўскай вобласці ўводзіцца абмежаванне на наведванне – гэта значыць, што самі лясы наведваць можна, але нельга праводзіць у іх масавыя мерапрыемствы і распальваць вогнішча. Поўную інтэрактыўную мапу забарон можна знайсці тут.
Памідор вагой 738 грама вырасціла жыхарка Горак на ўласным агародзе. А яшчэ на сваёй кухні стварыла памідорна-кветкавую кампазіцыю.
Канешне, гэта не адзіны тамат, які з’явіўся сёлета на яе градках, аднак самым вялікі памідор вырас больш за 700 грам.
Больш за тое, ураджай памідораў у жанчыны з Горак наогул атрымаўся вельмі салідным. З гэтай нагоды яна нават стварыла спецыяльную памідорна-кветкавую кампазіцыю, якая ўпрыгожвае кухню і стварае добры настрой уладальніцы рэкордная агародніны – паведамляе інфармацыйны рэсурс horki.info
А мы нагадаем, што пакуль трымаецца рэкорд пенсіянеркі з Чавус Вольгі Хічэўскай, якая вырасціла памідор вагой у 1,6 кілаграмы – пра што раней пісалі mogilev.media.
На працягу ўсяго жніўня ў аграгарадку Рэкта Горацкага раёна з вадапровада цякла жоўтая, іржавая вада – піша рэсурс horki.info. Жыхары вуліцы Рабочай і суседніх скардзяцца выданню: “
– З-за гэтага, каб памыцца, напрыклад, даводзіцца ехаць у Горкі да сваякоў ці сяброў. А каб прыгатаваць ежу ці проста папіць, трэба ехаць у краму і купляць некалькі бутэлек чыстай вады.
Жыхары Рэкты ўжо тэлефанавалі на нумар 115 яшчэ ў пачатку жніўня са сваімі заяўкамі, але камунальнікі папрасілі пачакаць, пакуль заяўка будзе разглядацца. Да канца жніўня сітуацыя з вадой у аграгарадку не палепшылася.
З поля паблізу вёскі Вялікая Каралеўка Горацкага раёна рабочы сельгасарганізацыі спрабаваў выкрасці больш за 3 тоны збожжа насеннага ячменю – паведамляе МУС.
Устаноўлена, што днём механізатар на грузавой аўтамашыне, якая не належыць гаспадарцы, пад’ехаў да збожжаўборачнага камбайна, на якім працаваў, і ссыпаў у кузаў збожжа. Пасля спрабаваў выехаць з поля з грузам, аднак быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.
3160 кг збожжа насеннага ячменю агульным коштам больш за 1300 рублёў канфіскаваны і перададзены на захоўванне гаспадарцы.
Раніцай 23 жніўня трагічны інцыдэнт здарыўся на станцыі Пагодзіна ў Горках. Работнікі чыгункі заўважылі на рэйках немаладога мужчыну, які выпіваў спіртное. Супрацоўнікі станцыі папрасілі яго сыйсці з рэек і пенсіянер паслухаўся. Але як толькі на станцыю прыбыў цягнік “Ворша-Крычаў”, мужчына кінуўся пад калёсы. З траўмамі яго шпіталізавалі, але выратаваць не ўдалося – паведамляе “Горацкі веснік”.
16 жніўня ў Дняпры каля в. Паляшчыцы Горацкага раёна патануў 22-гадовы жыхар Горак. Ягонае цела знайшлі толькі 20 жніўня – паведамляе МНС.
У в. Падлужжа Кіраўскага раёна на Чыгірынскім вадасховішчы нырнуў мужчына і больш на паверхні вады не з’яўляўся. Праз 2 гадзіны пошукаў работнікамі МНС было знойдзена цена жыхара Расійскай Федэрацыі 1961 г.н.
Яшчэ два мужчыны патанулі ў рацэ Свіслач у Асіповіцкім раёне – пра гэта мы пісалі раней.
Горацкі райвыканкам прыняў рашэнне пра грамадскае абмеркаванне наконт выдалення трох кустоў ядлоўцу.
Грамадскае абмеркаванне адбудзецца 1 жніўня па адрасе: Горацкі раён, Даброўскі сельскі савет, 17, каля аўтадарогі Р-7. Пачнецца мерапрыемства а 9-й гадзіне.
У гэты дзень будзе вырашана, як паступіць з трыма кустамі ядлоўца, якія растуць каля запраўкі “Беларуснафта. Згодна заключэнню аддзела архітэктуры і будаўніцтва мясцовага райвыканкама кусты маюць “неналежны якасны стан” – паведамляецца на сайце Горацкага райвыканкама.
Прыняць удзел у абмеркаванні гэтага пытання запрашаюць усіх жадаючых. Для ўдзелу, аднак, трэба мець з сабой пашпарт ці іншы дакумент, які пацвярджае асобу.
Нагадаем, што гэта ўжо не першае падобнае абмеркаванне, якое здзіўляе дробнымі масштабам і рашэннем нязначных пытанняў грамадскага жыцця. Дагэтуль райвыканкам у Горках ініцыяваў грамадскае абмеркаванне адной бярозы, пра што пісалі mogilev.media.
З 17 па 27 ліпеня акадэмія праводзіць дадатковы набор на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці для тых, хто жадае заключыць мэтавую дамову.
У такіх абітурыентаў будзе магчымасць стаць студэнтамі наогул без здачы ўступных іспытаў або без прадастаўлення сертыфікатаў па хоць якіх-небудзь навучальных дысцыплінах – паведамляе сайт Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.
У гэтым выпадку хлопцы або дзяўчаты змогуць атрымліваць гарантаваную штомесячную даплату да стыпендыі пры ўмове своечасовай здачы ўніверсітэцкіх іспытаў.
Відавочна, што такі дадатковы набор паказвае незапатрабавальнасць шэрагу прафесій сельскагаспадарчай акадэміі, а таксама негатыўнае стаўленне вялікай колькасці маладых людзей да мэтавай дамовы, згодна якой выпускніка непазбежна чакае двухгадовая адпрацоўка.
У выхадныя дні ў Беларусі адзначалася ўстойлівае спякотнае надвор’е. Людзі масава накіраваліся да вады, каб правесці свой вольны час. На жаль, адпачынак прынёс 11 смерцяў за выходныя ў Беларусі, сур’ёзныя траўмы пры купанні атрымаў падлетак – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Трагедыі адбыліся ва ўсіх абласцях краіны, у Віцебскай – адразу 5, трагедыя здарылася і на Магілёўшчыне. Увечары 36-гадовая ўраджэнка Горацкага раёна са сваім сужыцелем ужывала спіртныя напоі на беразе возера Аршанскае. У нейкі момант жанчына вырашыла выкупацца. Яна зайшла ў вадаём і знікла. Праз некаторы час труп у вадзе знайшоў рыбак, які знаходзіўся на беразе.
Адразу два чалавекі загінулі на Магілёўшчыне за панядзелак, 17 ліпеня – паведамляе МНС. У вёсцы Залахвенне Быхаўскага раёна загінуў пенсіянер 1952 года нараджэння.
У вёсцы Каменка Магілёўскага раёна патануў хлопчык 2015 года нараджэння з вёскі Брылі.
Маці хлопчыка, занепакоеная тым, што дзіця доўга не вяртаецца дадому, адправілася яго шукаць. Убачыла адзенне сына на беразе і патэлефанавала ратавальнікам. Як высветлілася, хлопчык купаўся ў возеры разам з сябрам. Калі ён пачаў тануць, дзеці, што купаліся разам, разбегліся.
13 ліпеня ўчынак сямнаццацігадовай дзяўчыны з горада Горкі шырока разляцеўся па СМІ. Паведамляецца, што дзяўчына выклала ролікі у сваім Тэлеграм-канале, і з іх можна было зразумець, што яна забіла хатнюю жывёлу, а потым зварыла яе галаву.
Пазней стала вядома што кот, відаць, не быў ёю забіты, а знойдзены мёртвым. Гэта, аднак, мала паўплывала на шок, выкліканы абыходжаннем з парэшткамі. Таксама скандальнасці навіне дабаўляла знешнасць дзяўчыны з Горак, апранутай і з макіяжам у стылістыцы субкультуры готаў.
У СМІ агучваюцца версіі, што падобны ўчынак быў здзейснены для хайпа. Дзяўчына паведаміла праваахоўнікам, што збіралася выкарыстаць чэрап у аздабленні свайго пакоя, а расчляненне цела патлумачыла “даследчыцкімі мэтамі”, быццам бы яна хоча стаць доктарам ці ветэрынарам.
Нам удалося знайсці адзін падобны ўчынак у масавай культуры ў апошнія гады, і прычым звязана гэта было зусім не з містычным ці вядзьмарскім рытуалам, як меркавалася першапачаткова.
Вядомая амерыканская рэп-спявачка Азілія Бэнкс агаломшыла публіку ў 2021 годзе фотаздымкамі свайго выкапанага (так, ён памёр у папярэднім, 2020 годзе, быў пахаваны, а потым выкапаны Азіліяй) ката Люцыфера. Таксама спявачка паведаміла, што зварыла яго галаву і размясціла ў своеасаблівым алтары разам з іншымі прадметамі, на першы погляд выпадковымі – бутэлькай шампанскага, стодоларавай банкнотай, паўлінымі пер’ямі і г.д.
Фота выклікала вялікі розгалас – рэпершу западозрылі ў вядзьмарскіх рытуалах, паяданні цела свайго хатняга гадаванца. Пазней спявачка патлумачыла, чаму яна выкапала труп ката – і гэта быў не дзіўны кулінарны эксперымент ці містычны рытуал. Аказалася, яна хацела зрабіць з чэрапа ката ўпрыгожванне.
– Як вы маглі падумаць, што я стану есці мёртвую котку, – напісала Азілія Бэнкс у Інстаграме – калі я ледзь магу з’есці мёртвую карову? Гэта называецца таксідэрміяй… Дзякуючы ёй паляўнічыя вешаюць на сцены аленевыя галавы. Вы, хлопцы, паводзіце сябе як расісты, і гэта вельмі не падобна на ідэалы black lives matter.
Паводле яе слоў, у рондалі з астанкамі жывёлы быў наліты не булён, як меркавалі карыстальнікі сацсетак, а раствор перакісу для ачысткі касцей.
Пакуль няясна, ці ведала падлетак з Горак пра імпазантны ўчынак амерыканскай спявачкі, але гэтага нельга выключаць.