У Горацкім раёне правядуць грамадскае абмеркаванне трох кустоў

Горацкі райвыканкам прыняў рашэнне пра грамадскае абмеркаванне наконт выдалення трох кустоў ядлоўцу.

Грамадскае абмеркаванне адбудзецца  1 жніўня па адрасе: Горацкі раён, Даброўскі сельскі савет, 17, каля аўтадарогі Р-7. Пачнецца мерапрыемства а 9-й гадзіне.

У гэты дзень будзе вырашана, як паступіць з трыма кустамі ядлоўца, якія растуць каля запраўкі “Беларуснафта. Згодна заключэнню аддзела архітэктуры і будаўніцтва мясцовага райвыканкама кусты маюць “неналежны якасны стан” – паведамляецца на сайце Горацкага райвыканкама.

Прыняць удзел у абмеркаванні гэтага пытання запрашаюць усіх жадаючых. Для ўдзелу, аднак, трэба мець з сабой пашпарт ці іншы дакумент, які пацвярджае асобу.

Нагадаем, што гэта ўжо не першае падобнае абмеркаванне, якое здзіўляе дробнымі масштабам і рашэннем нязначных пытанняў грамадскага жыцця. Дагэтуль райвыканкам у Горках ініцыяваў грамадскае абмеркаванне адной бярозы, пра што пісалі mogilev.media. 

Фота ілюстратыўнае