Міліцыянт, які біў жанчыну на пратэстах, адсудзіў у чэрыкаўскага сацыял-дэмакрата 1000 рублёў

Чэрыкаўскі прадпрымальнік і дэмакратычны актывіст Дзмітрый Іваноў неаднаразова затрымліваўся і атрымліваў штрафы – пісалі. За каментарый, пакінуты пад відэа са сцэнай дзе жодзінскі міліцыянт Мікалай Бараноўскі наводмаш б’е жанчыну па твары, ён атрымаў паўтара гады “хатняй хіміі” і абавязак заплаціць “маральную шкоду” ў 1000 рублёў. 

Інцыдэнт са збіццём жанчыны адбыўся ў Жодзіна 13 верасня 2020 года. На акцыі пратэста маёр міліцыі Мікалай Бараноўскі пабачыў жанчыну, якая здымала яго на мабільны тэлефон. Адным ударам ён выбіў у жанчыны тэлефон з рук, а другі нанес у твар так, што жанчына рухнула на зямлю. 

Следчы камітэт Мінскай вобласці адмовіў у крымінальнай справе супраць Бараноўскага, абгрунтаваўшы гэта тым, што “выкананы ўмовы і не перавышаны межы прымянення фізічнай сілы, а прычыненая шкода суразмерана сіле пераадольванага процідзеяння, у тым ліку меркаванага”, а Бараноўскі “дзейнічаў ва ўмовах абгрунтаванай прафесійнай рызыкі або крайняй неабходнасці”.

Вось як апісваў інцыдэнт сам міліцыянт на судзе, падчас камунікацыі з адвакатам.

– Вы свидетельствовали в показаниях, что видели женщину, у которой в руках был предмет и вы приняли решение его…

– Выбить.

– Выбить? Ну и как, выбили?

-Так.

– И какой это был предмет?

– Телефон.

– Выбили из руки, а по лицу попадали?

– Вас какой удар интересует? Правой ладонью выбил предмет, который посчитал возможно опасным для своей жизни и здоровья, а левой ладонью применил задержание.

– Задержание по лицу?

– Ладонь пошла вскользь по ушной раковине и к шее, насколько я помню. Я планировал просто схватить.

– Схватить за что? За ушную раковину?

– За воротник.

 

Жанчына ў Чэрыкаве катавала падчарацу, пакуль муж быў у камандзіроўцы

Пракуратура ўзбудзіла адміністрацыйную справу супраць 30-гадовай жыхаркі раённага цэнтра. Выявілася, што ў адсутнасць мужа, яна прымяняла фізічны і маральны гвалт у дачыненні да яго дачкі – паведамляе пракурор Чэрыкаўскага раёна Аляксандр Маісееў на старонках “Весніка Чэрыкаўшчыны”. Жанчына крычала на непаўналетнюю дзяўчынку, хапала яе за твар, выказвала пагрозы. Пра падобнае абыходжанне праваахоўнікам паведаміла біялагічная маці непаўналетняй, якая пазбаўленая бацькоўскіх правоў. 

Фота носіць ілюстратыўны характар

Чарговая смерць ад неасцярожнага курэння адбылася ў Клічаве

Ноччу 20 кастрычніка аператыўная служба МНС атрымала паведамленне аб пажары прыватнага жылога дома ў г. Клічаве. Да моманту прыбыцця работнікаў МНС дах дома гарэў адкрытым полымем, адбывалася гарэнне ўнутры, утварылася шчыльнае задымленне. Са слоў суседзяў, у хаце мог знаходзіцца чалавек.

На падлозе ў памяшканні кухні аботнікі МНС знайшлі гаспадыню дома без прыкмет жыцця. Агнём знішчаны дах і маёмасць у доме. Меркаваная прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

Як паведамлялі Магілёў.media, днямі два чалавекі ў Магілёве загінулі ад пажару ў выніку неасцярожнага курэння.

 

Мост у Чэрыкаве закрылі напалову, хоць альтэрнатыўнай пераправы так і няма

У Чэрыкаве вядзецца праца па рэканструкцыі маста праз Сож. Як пісалі Магілёў.media, працы павінны завяршыцца ў 2024 годзе. З 20 кастрычніка на мосце абмежаваны рух  – па адной дзейнай паласе па ім могуць праязджаць транспартныя сродкі да 10 тон, таксама будзе дазволена пераходзіць мост пешкі. 

Вялікагрузы адпраўляюцца ў аб’езд – па бліжэйшых мастах праз Сож у Крычаве і Слаўгарадзе. Такая арганізацыя руху будзе дзейнічаць да моманту ўладкавання пераправы праз Сож, а калі яе наладзяць – невядома, пішуць cherikovnews.by. 

 

Дзяцей у школу прапанавалі вазіць праз забруджаную зону – з-за рамонту маста пад Чэрыкавам наспявае крызіс

Усю зіму жыхары будуць без маста і без пантоннай пераправы, а судна на паветрранай падушцы можа перавезці максімум дзесяць чалавек.

Вёска Гронаў знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад Чэрыкава на левым беразе ракі Сож. Вёска не малая, апошнія перапісы паказвалі каля 300 жыхароў у населеным пункце. Рамонт чэрыкаўскага маста праз Сож, пра які пісалі Магілёў.media, стварыў цэлы шэраг праблем для вяскоўцаў. Днямі прайшоў сельскі сход грамадзян па гэтых праблемах – паведамляюць cherikovnews.by.

Найперш са складанасцямі сутыкнуліся бацькі, дзеці якіх выхоўваюцца альбо вучацца ў раённым цэнтры. На працягу ўсяго перыяду, калі праз раку не будзе функцыянаваць пераправа, яны не змогуць ездзіць у Чэрыкаў у дзіцячы садок альбо школу. Аб’езд праз Слаўгарад альбо Крычаў займае дзве гадзіны ў адзін бок. Адным са спосабаў вырашэння гэтай назручнасці вяскоўцам было прапанавана на час зімніх рамонтных работ перавесці дзетак на выхаванне і вучобу ў найбліжэйшую ўстанову – «Майскі КПК яслі-сад-базавая школа». Адлегласць ад Гронава да Майскага складае 25,5 кіламетра.

Дарога да Майскага, аднак, пралягае праз забруджаныя тэрыторыі з адселенымі вёскамі, на некаторых участках дарогі адсутнічае мабільная сувязь.

Іншай праблемай стала забеспячэнне Гронава работай экстрэнных служб. Не зразумела, як да вяскоўцаў будзе дабірацца хуткая дапамога альбо пажарная машына. З моманту, калі па мосце праз Сож спыніцца пешаходны рух, на пераправе будзе працаваць судна на паветранай падушцы. Аднак яго грузапад’ёмнасць абмяжоўваецца 8–10 чалавекамі. Пантонны мост жа мясцовыя ўлады абяцаюць узвесці толькі ўвесну.

Сход грамадзян завяршыўся нявызначанасцю для грамадзян – піша пра пасяджэнне раённая газета –  якія хацелі б пачуць больш дакладныя адказы на пытанне аб тым, як не адчуць сябе адрэзанымі ад жыцця пустэльнікамі на іншым беразе Сожа.

 

Пьяны бяспраўнік разбіўся ў Чавускім раёне, пасажыр загінуў

Каля вёскі Пуцькі Чавускага раёна жыхар раённага цэнтра на аўтамабілі Mazda з’ехаў з дарогі і ўрэзаўся ў дрэва. 44-гадовы пасажыр машыны не быў прышпілены і сканаў ад атрыманых траўмаў. Трагедыя адбылася 12 кастрычніка каля 16.30.

Экспертыза паказала 1,3 праміле алкаголю ў крыві кіроўцы. Ім быў 31-гадовы жыхар Чавус, які не меў і ніколі не атрымліваў правоў на ваджэнне – паведамляе Тэлеграм-канал абласнога УУС.

Мост праз Сож у Чэрыкаве закрыюць на рэканструкцыю на два гады

Грошы на рамонт выдзяляў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, але з-за санкцый прыйшлося перайсці на бюджэтнае фінансаванне.

15 кастрычніка мост цераз Сож у Чэрыкаве будзе цалкам закрыты для транспарту. Вялікагрузным і легкавым аўтамабілям прыйдзецца карыстацца мастамі ў Крычаве і Слаўгарадзе – да таго часу, пакуль у Чэрыкаве не пабудуюць пантонную пераправу. Але часовы наплыўны мост дазволіць перабрацца на другі бераг ракі толькі транспарту вагой да 10 тон. Больш важкім прыйдзецца шукаць іншыя шляхі. Рамонтныя работы разлічаныя на два гады – да кастрычніка 2024 года.

Пантонную пераправу плануецца ўзвесці ў Чэрыкаве да канца 2022 года. Зараз вядуцца працы па пракладцы пад’яздных дарог да пераправы. У самім Чэрыкаве аб’яздная дарога на час рамонту маста пройдзе па вуліцах Карла Маркса, Чырвонарэвалюцыйнай, Пралетарскай і Міра. На гэтым участку ўжо праведзена пашырэнне праезжай часткі, чакаюць матэрыялаў, каб пакласці асфальт. 

Аб’яздная дарога на левым беразе Сожа будзе гравійнай. У перыяд, калі мост праз раку будзе ўжо зачынены, а пантонная переправа яшчэ не ўзведзеная, паміж берагамі будзе курсіраваць судна на паветранай падушцы для транспарціроўкі аўтамашын.

Рамонт маста быў запланаваны яшчэ на летні перыяд 2022 года – паведамляе Cherikovnews.by. Грошы на гэта былі выдзелены Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. Аднак санкцыі ЕС замарозілі паступленне гэтых сродкаў. Пазней на рэканструкцыю маста сродкі былі выдаткаваны з рэспубліканскага бюджэту.

Прастойвае Чэрыкаўская сонечная электрастанцыя – найбуйнейшая ў Беларусі

Чаму яе электрычнасць не патрэбна “Магілёўэнерга”? Пакуль спецыялісты станцыі спрачаюцца з дзяржаўным манапалістам, аб’ект не працуе ўжо 4 месяцы.

Гонар альтэрнатыўнай энергетыкі краіны, Чэрыкаўская сонечная электрастанцыя была запушчана ў эксплуатацыю ў лютым 2022 года. Магілёў.media пісалі пра пачатак яе працы, але выявілася, што станцыя папрацавала толькі тры месяцы. Ужо ў маі яна прыпыніла выраб электраэнэргіі і прастойвае чацвёрты месяц, бо якасць яе электрычнасці аказалася нездавальняючай для “Магілёўэнерга”. Як паведамляюць мясцовыя жыхары, пачалося скарачэнне персаналу.

Некалькі гадоў таму Чэрыкаўскі раён стаў пляцоўкай для развіцця энергіі будучыні. Задума была выдатнай – размясціць фотаэлектрастанцыі на землях, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС і непрыдатныя да выкарыстання ў сельскай гаспадарцы. У выніку сёння на Чэрыкаўшчыне пабудаваны ўжо дзве сонечныя фотаэлектрастанцыі. 

Станцыя ў Рэчыцкім сельсавеце самая магутная ў Беларусі. Яна размешчана на адселенай тэрыторыі. Паміж лясамі і невялікай ракой Воўчас у раёне выселенай вёскі Блізкая Рэчыца на плошчы 220 гектараў зямлі размешчаны сонечныя панэлі. Пуск сонечнай электрастанцыі стаў для Беларусі сапраўдным прарывам у развіцці “зялёнай” энергетыкі. 

Па інфармацыі cherikovnews.by, інвестыцыйная дамова на будаўніцтва фотаэлектрычнай станцыі для вытворчасці электрычнай энергіі была складзена ў 2014 году. Непасрэдна будаўнічыя работы пачаліся ў верасні 2018 года. Генеральным падрадчыкам выступіла ЗАТ “Белзамежбуд”, заказчыкам – ТАА “Солар Лэнд”, а інвестыцыі ў гэты праект уклала ірландская кампанія “Камеліасайд Лімітэд”. 22 верасня 2021 г. быў падпісаны акт уводу аб’екта ў эксплуатацыю. А першым месяцам камерцыйнай эксплуатацыі стаў люты 2022 году. За ўвесь перыяд рэалізацыі інвестпраекта сума інвестыцый у асноўны капітал склала 372.510.000 беларускіх рублёў. “Зялёную” энергію выпрацоўваюць 388 090 фотаэлектрычных модуляў. За год тут планавалася выпрацоўваць 137,79 мільёнаў кВт/г. 

 Нягледзячы на ​​тое, што маштаб створанай альтэрнатыўнай крыніцы энергіі ўражвае, у ТАА “Салар Лэнд” працавала толькі 22 чалавекі. Прычым, персанал можа працаваць аддалена і не знаходзіцца ўвесь час на аб’екце. На тэрыторыі фотаэлектрастанцыі ўстаноўлена інтэлектуальная сістэма перыметральнага назірання, якая дэтэктуе рух: калі на тэрыторыю пранікае чалавек або буйная жывёла, аператару прыходзіць апавяшчэнне.

Здаецца праблем не павінна было быць. Сучаснае абсталяванне, замежныя інвестары, дадатковыя рабочыя месцы і папаўненне бюджэту гарантавала падтрымку ўладаў і бестурботную рэалізацыю праекта. Але ў маі “Магілёўэнерга” перастала прымаць электрычнасць станцыі з-за яе нізкай якасці. 

Звычайны чалавек і не здагадваецца, колькі параметраў якасці электрычнасці трэба вытрымаць вытворцы, перш чым яна патрапіць да спажыўца. 

Што такое якасць электрычнасці? 

Прывядзем караценька асноўныя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да якасці электрычнай энергіі :

-адхіленне значэння асноўнай частаты напругі электрасілкавання ад намінальнага значэння, Гц; 

-ваганні напругі і флікер, %;

-павольныя змены напругі, %;

-несіметрыя высілкаў у трохфазных сістэмах, %;

-несінусоіднасць напругі, %.

Для тых, хто зразумеў, што такое якасць электрычнасці, і хоча пашырыць свае веды рэкамендуем пачытаць “Нормы качества электрической энергии. Гармоники тока.”

Звычайным жа чытачам варта зразумець карані праблемы. Калі гэта тэхналагічныя часовыя складанасці, то чаму сучаснае абсталяванне на Чэрыкаўскай станцыі паказвае адпаведную нарматывам якасць яе электраэнергіі, а прыборы  “Магілёўэнерга” фіксуюць іншую нездавальняючую якасць? 

Пакуль спробы работнікаў станцыі выправіць сітуацыю не далі плёну. Па іх дадзеных усё добра. Адсюль узнікае і наступнае гіпатэтычнае меркаванне: “А ці няма тут злоснага намеру з боку дзяржаўнага манапаліста, дадзеныя якога ні праверыць ні абвергнуць ніхто не можа?”  

Пакуль прыватныя спецыялісты станцыі спрачаюцца з дзяржаўнымі спецыялістамі, аб’ект прастойвае ўжо 4 месяцы. Кіраўніцтва фірмы спрабуе ўтрымаць высокакваліфікаваныя кадры, але ў верасні пачалося скарачэнне абслугоўвага персаналу. 

Няўжо найбуйнейшая ў Беларусі сонечная электрастанцыя стане самым правальным нацыянальным праектам развіцця “зялёнай энергетыкі”? 

 

Капітальны рамонт праблемнага дома ў Чэрыкаве ператварыўся ў фарс

Гнілыя трубы выдаюць за новую сістэму ацяплення, новага даху няма пяць месяцаў. У доме няма гарачай вады, а газавыя абагравальнікі загадалі прыбраць.

“Чаго вы перажываеце? Залье – страхоўку дадуць” – так супакойваюць жыхароў дома №5 па вуліцы Ракасоўскага ў Чэрыкаве супрацоўнікі арганізацыі, якая займаецца рамонтам, паведамляе cherikovnews.by. Капітальны рамонт дома пачаўся яшчэ вясной, а завяршыцца павінен быў у верасні 2022 года, як гэта прадпісвае рашэнне раённага выканкама. Але ў восеньскія залевы дом увайшоў з драўляным  каркасам замест даху. У выніку жыхары верхніх паверхаў назіраюць у сваіх пакоях пастаянныя разводы пасля дажджоў.

Дажджы, вільгаць, галубіны памёт

– Можаце сабе ўявіць, як мы чакалі гэтага рамонту. – распавяла выданню гаспадыня кватэры на пятым паверсе – І зараз мы чакаем, калі ж усё гэта нарэшце скончыцца, таму што няма сіл трываць такое нядбайнае стаўленне да справы. Надвор’е было такое: сонечнае, сухое… Чаму б не зрабіць дах?! Усё так зацягнулася, што зараз, калі ідзе дождж, мы з мужам нават па начах дрэнна спім: хвалюемся, ці атрымаецца выратаваць мэблю ў выпадку затаплення. Я не кажу пра пранікненне вільгаці ў кватэру, пра смурод ад галубінага памёту, які гадамі запасіўся на даху і які ніхто не збіраецца прыбіраць. 

Арганізацыя-генпадрадчык – Чавускі рамбуд – узяў на сябе абавязацельства прыступіць да капітальнага рамонту без авансавых выплат. І ў выніку не змог забяспечыць набыццё будаўнічых матэрыялаў. Гэтую сітуацыю пракаментаваў намеснік старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама Дзмітрый Клімянкоў:

– Наколькі мне вядома, прадпрыемства неаднаразова штрафавалася за несвоечасовае выкананне работ на аб’екце. Тыдзень таму дзяржтэхнагляд аштрафаваў Чавускі рамбуд на 25 базавых велічынь. І надалей будзе вырашацца пытанне аб праходжанні імі атэстацыі і выдачы ліцэнзіі на ажыццяўленне дзейнасці.

Гарачай вады няма, а газавыя гарэлкі забаранілі

Другая праблема, акрамя даху – сістэма ацяплення. Дом не падключаны да гарачай вады. Гэтую праблему жыхары першапачаткова вырашалі пры дапамозе газавых воданагравальных калонак. Аднак, як высветлілася пазней, устаноўка гэтых прыбораў была не прадугледжана тэхнічнымі характарыстыкамі дома, і жыхароў абавязалі іх дэмантаваць. У выніку жыхарам дагэтуль прыходзіцца грэць ваду ў рондалях і чайніках.

Праектам капітальнага рамонта прадугледжана падключэнне дома да гарачага водазабеспячэння. Аднак і тут жыхары сутыкнуліся з новай праблемай.

Гнілыя трубы замаскіравалі пад новыя

– Учора спусцілася ў падвал. – распавяла выданню яшчэ адна жыхарка шматпакутнага дома – Мала таго, што там бардак развялі, дык гляджу, ржавая труба з уцяпляльніка тырчыць, а на яе кранік новы закручаны. Хоць перад гэтым у работнікаў пыталася, мяняць трубу будзеце? Сказалі, так. А па выніку, атрымліваецца, што не.

Нават майстар на аб’екце Аляксандр Быкаў, прадстаўнік Чэрыкаўскаго ЖКГ, які выступае субпадрадчыкам і адказвае за правядзенне сістэмы ацяплення, быў у замяшанні, калі ўбачыў, што зрабілі яго падначаленыя.

– Пераробяць. – толькі і змог сказаць ён.

У Чэрыкаве затрымалі сябра сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Дзмітрыя Іванова

Гэта не першае затрыманне, ён ужо адбываў суткі арышту і атрымліваў штрафы.

Відэа, выкладзенае ў тэлеграм-канале партыі паказвае, што Дзмітрыя Іванова затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. З яго таксама вынікае, што чэрыкаўскага сацыял-дэмакрата абвінавацілі ў рэгістрацыі ў плане “Перамога”.