Выканалі толькі тры паказчыка з адзінаццаці – у Чэрыкаве падвялі вынікі года

З адзінаццаці паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Чэрыкаўскага раёна па выніках 2022 года выкананы тры – піша “Веснік Чэрыкаўшчыны”.

Не дасягнуты неабходны ўзровень сярэднямесячнай намінальнай налічанай заработнай платы, не выкананы заданні па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак і ў сельгаспрадпрыемствах раёна. У прыватнасці – па экспарту тавараў і паслуг, аб’ёме будаўніча-мантажных работ, рознічным тавараабароце, энергазберажэнні.

Такія вынікі былі агучаныя на паседжанні райвыканкама па падвядзенні вынікаў мінулага года. Сярод паказчыкаў, выкананне якіх Чэрыкаўскім раёнам дасягнута – інвестыцыі ў асноўны капітал, сукупныя паступленні даходаў кансалідаванага бюджэту і ўвод у эксплуатацыю агульнай плошчы жылых дамоў. Па астатніх васьмі паказчыках заданне не выканана. 

Фота: vetliva.by

З кім развіталася Магілёўшчына ў 2022 годзе – наш сумны дайджэст

Сярод самых гучных страт года – смерць магілёўца, танцора і спевака Барыса Маісеева.

Таксама ў 2022 годзе ў Магілёве памёр руплівец беларушчыны, шматгадовы дэкан філалагічнага факультэта МДУ імя А. Куляшова, пісьменнік і навуковец Яраслаў Клімуць.

На каталіцкае Раство не стала нашага калегі, рэпрэсаванага магілёўскага журналіста, навукоўца, пісьменніка Віталя Еўмянькова.

У 2022 годзе развітваліся з палымянай дзяячкай адраджэнскага руху Ліліяй Кузьменка.

Памёр слынны на Магілёўшчыне праваслаўны святар архімандрыт Кірыл.

Дрэнны 2022 год на Магілёўшчыне – антыдайджэст

У 2022 годзе на Магілёўшчыне працягваліся палітычныя звальненні і пераслед. 

Так, з магілёўскага драматычнага тэатра быў звольнены знакаміты тэатральны дзеяч, актор і рэжысёр Уладзімір Пятровіч, а ў Бабруйску са школы звольнілі настаўніцу за жоўта-блакітныя стужкі ў валасах. 

У Мінску затрымалі “архітэктурнага назіральніка” за Магілёвам Уладзіслава Чаховіча, у Чэрыкаве затрымлівалі сацыял-дэмакрата Дзмітрыя Іванова, у Бабруйску – галоўнага рэдактара “Бабруйскага кур’ера” Анатоля Санаценку, а таксама чалавека, які паставіў лампадкі, у Магілёве – каталіцкага святара Віталя Чабатара. 

Не без палітычнага падтэкста спыніла выхад газета “УзГорак”.

Палітычныя падзеі ў свеце штурхалі магілёўскіх клоўнаў таксама на акцыі перад Польскім домам, а ў Крычаве нібыта сігналізуючы пра неабходнасць спыніць далейшае існаванне Беларусі замалявалі легендарнае графіці

Магілёўскі рэгіён цягам усяго года быў з найменшымі заробкамі ў краіне і ў антылідарах па ўзроўні жыцця

У Чэрыкаўскім раёне ў 2022 годзе прастойвала буйнейшая ў краіне сонечная электрастанцыя, а ў магілёўскай свабоднай эканамічнай зоне запланавалі будаўніцтва яшчэ адной экалагічна небяспечнай вытворчасці.

У Магілёве знішчылі гістарычную забудову першай гарадской бальніцы, экскаватарная археалогія была заўважана ў раёне Падміколля, у Мсціславе патаемна быў знішчаны будынак апошняй сінагогі а ў Бабруйску зруйнавалі знакаміты “храм Бахуса”.

У Магілёве неўпрыкмет зачынілі польскія класы для школьнікаў, і нягледзячы на пагрозу міжнароднага скандалу – яўрэйскую школу.

П’яную цяжарную жанчыну на восьмым месяцы на мотаблоку затрымлівалі пад Бабруйскам, у Магілёў вяртаўся дух дваравых боек сценка на сценку, трэшаком года смела можна назваць стварэнне атрада апалчэнцаў у Клімавіцкім раёне, альбо гісторыю пра магілёўца, які заваліў кватэру бутэлькамі ад “Coca Cola”. 

У Магілёве ў мінулым годзе затрымалі педафіла, што гвалтаваў уласных дзяцей.

У глыбінцы на Магілёўшчыне абдываліся хлебныя войны, у цэнтры Магілёва паставілі знакі платнай паркоўкі, якія так і не запрацавалі, а чыноўнік-карупцыянер у абласным цэнтры атрымліваў павышэнне

Паражэннем года ў спорце стала невыразная гульня магілёўскага “Дняпра”, які так і не змог падняцца з ніжэйшага радка першынства краіны па футболе.

У Бабруйску пад пагрозай знішчэння апынуўся дуб-волат.

Добрыя навіны за 2022 год на Магілёўшчыне, якія вы маглі прапусціць

Не толькі сум, боль і горыч прыносіў 2022 год для жыхароў рэгіёна. Зрэдчас здараліся і прыемныя навіны, якія натхнялі іншых і радавалі дасціпнага чытача.

Так, на волю выйшла магілёўская журналістка Дар’я Чульцова.

Пасля 35 гадоў змагання, у мінулым годзе магілёўская дзіцячая паліклініка №1 пераехала нарэшце ў прыстойны і прыдатны будынак.

Гістарычны цэнтр Магілёва пачалі ачышчаць ад навязлівай рэкламы, у гарадах рэгіёна ствараліся новыя муралы – у Магілёве, Бабруйску, а на месцы “Магілёўскага цунамі” 1942 года паявілася інфармацыйная таблічка.

Грамадскія актывісты стварылі сваю валанцёрскую каманду і пачалі адно за адным рэстаўраваць помнікі на гістарычных могілках у Магілёве – Лютэранскіх, Петрапаўлаўскіх, Яўрэйскіх.

Жыхары Горак зладзілі збор сродкаў на аднаўленне помніка ахвярам вайны, абрынуты бурай магілёўскі помнік ахвярам Халакосту аднавілі, хоць выглядала гэта дзіўнавата, а ў Шклове на грошы мецэнатаў рэстаўравалі “Чысцец”.

У Крычаве стварылі парк гістарычнай памяці.

Магілёўшчыну сталі больш азеляняць – рэгіён па гэтым паказчыку аказаўся ў лідарах па Беларусі, лясы рэгіёна запаланілі мядзведзі, а ў вадаёмы вобласці стаў вяртацца чырвонакніжны вадзяны арэх.

Магілёўскі гурт “Akute” пасля трохгадовага перапынку зноў стаў запісваць музыку і выпусціў новы альбом.

Нямецкія каталікі падарылі Шклову арган а ў Магілёве паявілася беларускамоўная гульнявая пляцоўка.

У Клімавіцкім раёне пачалі будаваць супер-свінаводчы комплекс, у Магілёве стартавала будаўніцтва электрычнага мікрараёна, разлічанага на энергію з БелАЭС, у Бабруйску з’явіліся станцыі зарадкі электратранспарту

Ілья Карнавухаў з Дрыбіна пабіў нацыянальны рэкорд.

Хоць і вельмі нядоўга, але таксама па Магілёве катаўся пазітыўны аўтамабіль-басейн.

Без асаблівай помпы ў Магілёве перапахавалі прах знакамітага паэта Ігара Шклярэўскага, якога не стала ў 2021-м.

У Горках хлопчыку-інваліду зрабілі пандус… праз пяць гадоў просьбаў.

А фермер з-пад Клічава аказаўся самым экалагічным у Беларусі.

Далей сачыце за навінамі, якія нас раззлавалі, расчаравалі і абурылі.

Галоўныя падзеі 2022 года на Магілёўшчыне – наш дайджэст

Падзеяй года, без усялякіх альтэрнатыў, стала злачыннае ўварванне расійскай арміі ва Украіну.

І, нажаль, яно адбывалася ў тым ліку і з выкарыстаннем Магілёўшчыны ў якасці плацдарма, чаму міністр замежных спраў Украіны прама назваў Беларусь суагрэсарам, а жыхары нашага рэгіёна мусілі канстатаваць – у такіх зверствах, як трагедыя ў Бучы, вінаватыя таксама і мы.

Аднак ёсць і прыклады супраціўлення гэтай крывавай заруцы. Адной з падзей года смела можна назваць учынак бабруйскіх рэйкавых партызан, якіх са стралянінай затрымлівалі ў красавіку 2022 года.

Эканамічныя санкцыі, удзел Беларусі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны прывялі да масавага скарачэння замежных інвестыцый у нашым рэгіёне, сыходу брэндаў і вытворчасцяў. Так, У красавіку 2022 года скарачэнне штату на 800 чалавек абвясціла магілёўскае “ВМГ індустры”, а ў чэрвені заснавальнік зусім закрыў вытворчасць. З Магілёва сыйшоў Jusk, H&M, з “Ольсай” перасталі супрацоўнічаць замежныя кампаніі.

Па Магілёўшчыне пракаціўся цэлы каскад банкруцтваў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія адыгрывалі значную сацыяльную ролю ў рэгіёне. Збанкрутавалі “Магілёўхлебапрадукт”, “Магілёўсаюздрук”, закрыўся быхаўскі завод прадукцыі пад брэндам “Хозяин-Барин”

Летам 2022 года адбываўся суд над палітыкам з Магілёўшчыны, лідарам БНФ Рыгорам Кастусёвым, які адпрэчыў усе абвінавачванні, але быў асуджаны на 10 гадоў. 

У абласным цэнтры змяніўся старшыня гарвыканкама – замест Уладзіміра Цумарава гарвыканкам узначаліў Аляксандр Студнеў. Таксама з новым мэрам пазнаёміўся Бабруйск.

Ліпень 2022 года праходзіў пад выразным акцэнтам цукровай панікі, што пракацілася па ўсёй краіне.

У Магілёве каля лесвіцы на Падміколле паставілі помнік Георгію Каніскаму.

Таксама, сярод галоўных навінаў можна назваць звестку, што пачалося праектаванне новага музея на Буйніцкім полі, хоць з першых жа крокаў праект апынуўся ў палоне гігантаманіі і пафасу.

У Клімавічах на пяць месяцаў закрылі мост, у Чэрыкаве – на два гады, а ў Магілёве вагоны сыходзілі з рэек.

У чэрвені на Быхаў абрынуўся жуткі град, галоўны сцяг Магілёва ў ліпені навальніцы ператварылі ў анучу, а перад Галоўпаштамтам у абласным цэнтры паставілі чамусьці віцебскую ратушу

“Сіліконавая Барбі” з Магілёва станавілася “Міс Масквы”, а ў Горках вырасцілі гіганцкі памідор.

Яшчэ ў 2022 годзе мы сачылі за лёсам дзяўчынкі што немаўляткай захварэла на каранавірус і доўга рэабілітавалася, а таксама чакалі ў магілёўскім БРУ скандальна вядомых расійскіх вундэркіндаў.

Гэта не ўсе навіны года, якія хацелі б асвяціць mogilev.media – чакайце далей наш дайджэст добрых навінаў, антыдайджэст і спіс тых, з кім мы развіталіся ў 2022 годзе.