Галоўныя падзеі 2022 года на Магілёўшчыне

Галоўныя падзеі 2022 года на Магілёўшчыне – наш дайджэст

Падзеяй года, без усялякіх альтэрнатыў, стала злачыннае ўварванне расійскай арміі ва Украіну.

І, нажаль, яно адбывалася ў тым ліку і з выкарыстаннем Магілёўшчыны ў якасці плацдарма, чаму міністр замежных спраў Украіны прама назваў Беларусь суагрэсарам, а жыхары нашага рэгіёна мусілі канстатаваць – у такіх зверствах, як трагедыя ў Бучы, вінаватыя таксама і мы.

Аднак ёсць і прыклады супраціўлення гэтай крывавай заруцы. Адной з падзей года смела можна назваць учынак бабруйскіх рэйкавых партызан, якіх са стралянінай затрымлівалі ў красавіку 2022 года.

Эканамічныя санкцыі, удзел Беларусі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны прывялі да масавага скарачэння замежных інвестыцый у нашым рэгіёне, сыходу брэндаў і вытворчасцяў. Так, У красавіку 2022 года скарачэнне штату на 800 чалавек абвясціла магілёўскае “ВМГ індустры”, а ў чэрвені заснавальнік зусім закрыў вытворчасць. З Магілёва сыйшоў Jusk, H&M, з “Ольсай” перасталі супрацоўнічаць замежныя кампаніі.

Па Магілёўшчыне пракаціўся цэлы каскад банкруцтваў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія адыгрывалі значную сацыяльную ролю ў рэгіёне. Збанкрутавалі “Магілёўхлебапрадукт”, “Магілёўсаюздрук”, закрыўся быхаўскі завод прадукцыі пад брэндам “Хозяин-Барин”

Летам 2022 года адбываўся суд над палітыкам з Магілёўшчыны, лідарам БНФ Рыгорам Кастусёвым, які адпрэчыў усе абвінавачванні, але быў асуджаны на 10 гадоў. 

У абласным цэнтры змяніўся старшыня гарвыканкама – замест Уладзіміра Цумарава гарвыканкам узначаліў Аляксандр Студнеў. Таксама з новым мэрам пазнаёміўся Бабруйск.

Ліпень 2022 года праходзіў пад выразным акцэнтам цукровай панікі, што пракацілася па ўсёй краіне.

У Магілёве каля лесвіцы на Падміколле паставілі помнік Георгію Каніскаму.

Таксама, сярод галоўных навінаў можна назваць звестку, што пачалося праектаванне новага музея на Буйніцкім полі, хоць з першых жа крокаў праект апынуўся ў палоне гігантаманіі і пафасу.

У Клімавічах на пяць месяцаў закрылі мост, у Чэрыкаве – на два гады, а ў Магілёве вагоны сыходзілі з рэек.

У чэрвені на Быхаў абрынуўся жуткі град, галоўны сцяг Магілёва ў ліпені навальніцы ператварылі ў анучу, а перад Галоўпаштамтам у абласным цэнтры паставілі чамусьці віцебскую ратушу

“Сіліконавая Барбі” з Магілёва станавілася “Міс Масквы”, а ў Горках вырасцілі гіганцкі памідор.

Яшчэ ў 2022 годзе мы сачылі за лёсам дзяўчынкі што немаўляткай захварэла на каранавірус і доўга рэабілітавалася, а таксама чакалі ў магілёўскім БРУ скандальна вядомых расійскіх вундэркіндаў.

Гэта не ўсе навіны года, якія хацелі б асвяціць mogilev.media – чакайце далей наш дайджэст добрых навінаў, антыдайджэст і спіс тых, з кім мы развіталіся ў 2022 годзе.