Дрэнны 2022 год на Магілёўшчыне

Дрэнны 2022 год на Магілёўшчыне – антыдайджэст

У 2022 годзе на Магілёўшчыне працягваліся палітычныя звальненні і пераслед. 

Так, з магілёўскага драматычнага тэатра быў звольнены знакаміты тэатральны дзеяч, актор і рэжысёр Уладзімір Пятровіч, а ў Бабруйску са школы звольнілі настаўніцу за жоўта-блакітныя стужкі ў валасах. 

У Мінску затрымалі “архітэктурнага назіральніка” за Магілёвам Уладзіслава Чаховіча, у Чэрыкаве затрымлівалі сацыял-дэмакрата Дзмітрыя Іванова, у Бабруйску – галоўнага рэдактара “Бабруйскага кур’ера” Анатоля Санаценку, а таксама чалавека, які паставіў лампадкі, у Магілёве – каталіцкага святара Віталя Чабатара. 

Не без палітычнага падтэкста спыніла выхад газета “УзГорак”.

Палітычныя падзеі ў свеце штурхалі магілёўскіх клоўнаў таксама на акцыі перад Польскім домам, а ў Крычаве нібыта сігналізуючы пра неабходнасць спыніць далейшае існаванне Беларусі замалявалі легендарнае графіці

Магілёўскі рэгіён цягам усяго года быў з найменшымі заробкамі ў краіне і ў антылідарах па ўзроўні жыцця

У Чэрыкаўскім раёне ў 2022 годзе прастойвала буйнейшая ў краіне сонечная электрастанцыя, а ў магілёўскай свабоднай эканамічнай зоне запланавалі будаўніцтва яшчэ адной экалагічна небяспечнай вытворчасці.

У Магілёве знішчылі гістарычную забудову першай гарадской бальніцы, экскаватарная археалогія была заўважана ў раёне Падміколля, у Мсціславе патаемна быў знішчаны будынак апошняй сінагогі а ў Бабруйску зруйнавалі знакаміты “храм Бахуса”.

У Магілёве неўпрыкмет зачынілі польскія класы для школьнікаў, і нягледзячы на пагрозу міжнароднага скандалу – яўрэйскую школу.

П’яную цяжарную жанчыну на восьмым месяцы на мотаблоку затрымлівалі пад Бабруйскам, у Магілёў вяртаўся дух дваравых боек сценка на сценку, трэшаком года смела можна назваць стварэнне атрада апалчэнцаў у Клімавіцкім раёне, альбо гісторыю пра магілёўца, які заваліў кватэру бутэлькамі ад “Coca Cola”. 

У Магілёве ў мінулым годзе затрымалі педафіла, што гвалтаваў уласных дзяцей.

У глыбінцы на Магілёўшчыне абдываліся хлебныя войны, у цэнтры Магілёва паставілі знакі платнай паркоўкі, якія так і не запрацавалі, а чыноўнік-карупцыянер у абласным цэнтры атрымліваў павышэнне

Паражэннем года ў спорце стала невыразная гульня магілёўскага “Дняпра”, які так і не змог падняцца з ніжэйшага радка першынства краіны па футболе.

У Бабруйску пад пагрозай знішчэння апынуўся дуб-волат.