Чырвонакніжны вадзяны арэх вяртаецца ў вадаёмы на Магілёўшчыне – фотафакт ад нашых чытачоў

Гэтая расліна цяпер рэдка сустракаецца на Беларусі, таму паяўленне незвычайных калючак устрывожыла нашых чытачоў. Між тым, вадзяны арэх – альбо чылім – вядомы на нашых землях з глыбокай старажытнасці. Луску ад такога арэха знаходзяць аж у стаянках чалавека каменнага веку. 

Неўтаймаваны промысел на чылім, а таксама забруджанасць беларускіх рэк прывялі да таго, што ўжо і старэйшае пакаленне з цяжкасцю прызнае гэтую расліну. Аднак, апошнія гады арэх стаў зноўку засяляць вадаёмы на Магілёўшчыне. Найперш, у пойме Дняпра і Сажа, і іх буйных прытокаў. А цяпер і вось тут – на беразе невялікай рачулкі Вятлянкі ў Быхаўскім раёне, як засведчылі нашы чытачы.

Арэх прыдатны да ўжывання нават у сырым выглядзе – у тых краінах, дзе яго водзіцца шмат, і ён не знаходзіцца пад аховай дзяржавы. У Беларусі ён сустракаецца рэдка, і ў асноўным у паўднёвых рэгіёнах краіны. Пачынаючы з 2014 года чылім (яшчэ адна назва – рагульнік плыткі) уваходзіць у Спіс раслін, якім пагражае знікненне. 

Акрамя харчовай вартасці, ён таксама спрыяе ачышчэнню вадаёмаў ад нітратаў і добра працуе як сігнальшчык – паяўленне вадзянога арэха ў рацэ, гэта надзейная прыкмета, што вада ў ёй чыстая.