Пад Быхавым паставілі помнік скраблу неандэртальца

У лесе непадалёк ад Быхава ва ўрачыстай атмасферы чыноўнікі адкрылі помнік зробленай 65 гадоў таму знаходцы – скраблу першабытнага чалавека.

Калісьці, у 2019 годзе магілёўскі праўладны гісторык з вялікай прагай да ўлады Ігар Марзалюк, будучы так званым дэпутатам “палаткі”, пераразаў чырвоную стужку на адкрыцці парэнчаў у спальным раёне Магілёва.

Быхаўскія чыноўнікі яўна яго пераплюнулі. Яны адкрылі цэлы помнік у лесе, ва ўрочышчы Красная Горка, які ўвекавечыў знаходку – крамянёвае скрабло, якім неандэртальцы скраблі шкуры забітых жывёл. Знайшоў яе ў 1960 годзе археолаг Леанід Побаль.

На адкрыцці помніка былі не толькі мясцовыя чыноўнікі на чале са старшынёй райсавета Вячаславам Сідарэнка, але да іх яшчэ прыехаў т.зв. дэпутат з той самай “палаткі”. Праўда, не Марзалюк, што здавалася б лагічным, а Аляксандра Міхеенка, якая, мякка кажучы, на гісторыі не спецыялізуецца, а большую частку свайго жыцця займае розныя пасады ва ўладных кабінетах.

Не выключана, паветра ў тых мясцінах настолькі чыстае, што можа лёгка ўскружыць галаву, якая прызвычаілася дыхать пылам ад папер і дакументаў, але Міхеенка на поўным сур’ёзе заявіла, што гэты помнік з’яўляецца “для Быхаўскага края таксама дадатковай магчымасцю развіцця турызма”. З гэтага можна зрабіць выснову, што чыноўніца аднолькава дасведчана як у гісторыі, так і ў турызме.

Дарэчы, каб паглядзець на гэтае скрабло, трэба ехаць не ў лес пад Быхаў, а ў Мінск, у Нацыянальны гістарычны музей. Там турысты і даведаюцца, дзе знайшлі яго, а таксама іншыя археалагічныя каштоўнасці.

Фота: bykhov.by

← Усе навіны Магілёва