З Магілёва да Чэрыкава будзе чатырохпалосная шаша

У чацвёртым квартале 2023 года плануецца пачаць будаўніцтва чатырохпалоснай дарогі ад абласнога цэнтра да раённага Чэрыкава. Пра гэта паведаміў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка на сустрэчы з актывам рэгіёну.

Ён адзначыў, што зараз «вядзецца актыўная праца па яе праектаванні. Будзе прадоўжана рэканструкцыя моста цераз р.Сож у Чэрыкаве. Запланаваны і шэраг іншых мастоў і пуцеправодаў у абласным цэнтры, Бабруйску, Крычаве, Чавусах».

Планы пабудовы чатырохпалоснай дарога да Чэрыкава выклікае цікавасць, бо такой дарогі няма на такіх стратэгічных транспартных накірунках як Гомель-Віцебск, Магілёў-Бабруйск.

Адлегласць ад Магілёва да Чэрыкава 77 км. Чэрыкаў – малы горад на рацэ Сож, вядомы з 1460 года, з насельніцтвам меней за 8 000 чалавек і без значных прамысловых прадпрыемстваў. 

Будаўніцтва любой дарогі можна толькі вітаць, а гэтая далей вядзе ў напрамках Крычаў – мяжа з Расійскай Федэрацыяй, Краснаполле-Касцюковічы, але пакуль незразумелым застаецца эканамічны сэнс магістралі., бо гэты накірунак не адносіцца да разраду напружаных па груза- і пасажыраперавозках.

Фота ілюстрацыйнае