У Бабруйску 58-гадовая жанчына атрымала апёкі

29 жніўня ў Бабруйску была шпіталізавана 58-гадовая пенсіянерка з апёкамі 80 працэнтаў цела – паведамляе МНС.

Жанчына па памылцы кінула недакурак цыгарэты ў бутэльку з бензінам, якая выкарыстоўвалася для запраўкі газонакасілкі. Успышка лёгкай на загаранне вадкасці прывяла да ўзгарання адзення і атрымання апёкаў. Сын жанчыны падручнымі сродкамі ліквідаваў гарэнне.

Фота: МНС

Жыхарка Бабруйска памерла ад атручвання сінтэтычнымі псіхатропамі

У кватэры 52-гадовага бабруйчаніна памерла яго 47-гадовая знаёмая. Смерць наступіла ад атручвання асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам альфа-PVP – гаворыцца ў паведамленні УУС.

Супрацоўнікі наркакантролю высветлілі, што ўладальнік жылля напярэдадні ўладкаваўся кур’ерам у наркашоп. Атрымаўшы першае заданне, ён прысвоіў “тавар”, ужыў яго сам і падзяліўся з жанчынай, ад чаго тая і памерла.

Следчым Камітэтам узбуджана крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў, які пацягнуў па неасцярожнасці смерць чалавека. Мужчыне пагражае пакаранне да 25 гадоў пазбаўлення волі.

Фота ілюстрацыйнае

У Бабруйску прадалі два будынкі крэпасці – па адной базавай за кожны

17 жніўня ў Бабруйску прайшоў аўкцыён па продажы будынкаў крэпасці, пабудаванай у 1810-1836 гадах. На аўкцыён былі выстаўлены два склады крэпасці, на 243 і 206 квадратных метраў. Стартавы кошт складаў адну базавую велічыню за кожны будынак.

На абодва склады прэтэндавалі па адным пакупніку, якія і сталі ўласнікамі. Паведамляецца, што гэта жыхар Бабруйска.

Па ўмовах аўкцыёна, новыя ўласнікі на працягу паўгода пасля пакупкі павінны звярнуцца ў Міністэрства культуры па дазвол на рэстаўрацыю. Самі працы пакупнікам трэба будзе выканаць на працягу трох гадоў пасля рэгістрацыі дамовы куплі-продажу. Зямельныя ўчасткі, на якіх стаяць будынкі, новыя ўладальнікі атрымаюць у арэнду на 50 гадоў.

Фота: Дзяржмаёмасць РБ

Мінчук спрабаваў даць хабар інспектарам ДПС

Кіроўца аўтамабіля Audi A8 на аўтадарозе Р-31 “Бабруйск-Мазыр” здзейсніў абгон на скрыжаванні і быў спынены супрацоўнікамі ДАІ Бабруйскага РАУС.

37-гадовы жыхар сталіцы паспрабаваў даць хабар інспектарам за непрыцягненне да адказнасці. На неаднаразовыя папярэджанні міліцыянераў аб крымінальнай адказнасці вадзіцель не рэагаваў.

Мужчына затрыманы. Узбуджана крымінальная справа за дачу хабару – паведамляе УУС.

Фота ілюстрацыйнае.

У Магілёве і Бабруйску затрымалі арганізатараў двух порнастудый

У Магілёве была затрымана 41-гадовая магіляўчанка, якая арганізавала студыю па вытворчасці парнакантэнту. За аналагічныя дзеянні быў затрыманы 33-гадовы бабруйчанін, які здымаў інтымнае відэа ў Гомелі, дзе часова пражываў.

Зняты кантэнт яны распаўсюджвалі ў інтэрнэце. Доступ да порнакантэнта каштаваў ад 20 да 100 рублёў.

СК ўзбуджаны крымінальныя справы за выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў.

Фота ілюстрацыйнае.

Каровы пасліся на дзіцячай пляцоўцы ў Бабруйску

У Бабруйску ля дома №83 па праспекце Будаўнікоў блукаў статак кароў.

Жывёлы гулялі па паркоўцы, дзіцячай пляцоўцы і шчыпалі траву ў зялёнай зоне. Каму належаць каровы і дзе іх гаспадар, невядома.

Фота: promogilev24

Наркакур’ераў з альфа-PVP затрымалі ў Магілёўскай вобласці

Праваахоўнікі Магілёўшчыны знайшлі больш за 3,5 кг сінтэтыкі ў двух братоў – 40-гадовага і 34-гадовага жыхароў Бабруйска, а таксама 31-гадовай жыхаркі Магілёва. Пра гэта паведамляе Пракуратура Магілёўскай вобласці.

Падчас вобшуку па месцы жыхарства бабруйчан праваахоўнікі знайшлі і канфіскавалі больш за 3,5 кг асабліва небяспечных псіхатропаў – 4-СМС, МДМА і альфа-PVP, якія прызначаліся для далейшага збыту дробнымі партыямі праз іншых наркакур’ераў. Адным з такіх распаўсюджвальнікаў аказалася магіляўчанка.

Жанчына забрала партыю псіхатропаў, пакінутых некалькімі днямі раней братамі ў тайніку ў Магілёўскім раёне. Зрабіўшы некалькі “закладак”, яна была затрымана на месцы злачынства. У яе знойдзена і канфіскавана 20 грамаў забароненых рэчываў.

Заведзена крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае.

 

На “Арт-Жыжалі” пад Бабруйскам прайшоў галоўны абпал – глядзіце, што спалілі

Позна вечарам 26 ліпеня ў межах традыцыйнага пренэра па кераміцы “Арт-Жыжаль” прайшло галоўнае мерапрыемства – урачысты абпал фігуры, над якой працавалі ўе ўдзельнікі сімпозіўма.

“Арт-Жыжаль” – гэта адзіны ў Беларусі міжнародны пленэр па кераміцы. Пачынаючы з 1998 года яго ініцыятарам і натхняльнікам з’яўляецца знакаміты бабруйскі скульптар Валерый Калтыгін.

Ужо заўтра, 28 ліпеня ў гарадской галерэі Бабруйска кожны ахвочы зможа ўбачыць вынік ХVIII Міжнароднага пленэру па кераміцы, сустрэць аўтараў работ – піша “Бабруйскае жыццё”. Пачатак а 16-й гадзіне.

Фота: “Бабруйскае жыццё”

У Бабруйску пабудуюць дзіцячы садок з ліфтам

У бабруйскім мікрараёне Кісялевічы пачалося будаўніцтва дзіцячага садка на 240 месцаў. Праект будучага садка падрыхтаваў Інстытут “Магілёўжылпраект”, а будаўнічыя працы вядзе Бабруйскі завод КПД.

Адметнасцю садка будзе тое, што ў ім прадугледжаны ліфт і басейн – піша “Камерцыйны кур’ер”. Вышыня пабудовы – тры паверхі. Цікава, што раней максімальная колькасць паверхаў у дзіцячых садках, устаноўленая будаўнічымі нарматывамі яшчэ ў савецкія часы, не павінна была перавышаць два паверхі. У сучаснай Беларусі гэтыя нарматывы перагледжаны і садкі ў тры паверхі ўжо не рэдкасць.

Фота: “Камерцыйны кур’ер”

Восем з паловай гадоў за данаты далі жыхару Бабруйска

Жыхар Бабруйска, 35-гадовы Дзмiтрый Слук 25 ліпеня быў асуджаны на восем з паловай гадоў – паведамляюць праваабаронцы. Згодна з матэрыяламі справы, мужчына 20 жніўня 2021 года, “быўшы дасведчаным аб тэрарыстычнай накіраванасці дзейнасці арганізацыі з уваходнай у яе ініцыятывай, ажыццявіў яе фінансаванне”. У прыватнасці, ён зрабіў арганізацыі перавод у крыптавалюце. 

Дзмітрый Слук быў затрыманы 10 лютага 2023 года і ўтрымліваўся ў Мінску, у СІЗА на вул. Валадарскага. Ён прызнаны палітзняволеным.

Фота з адкрытых крыніц